— Гэта, сын, можа, сястра твайго кулегі?
Нават на першы позірк было відаць: гэтая Леаніла — «наша», а вось вузкавокі, з шырокімі сківіцамі чарнявы Рафіль — чалавек «не з нашага боку», «здалёку», што i пацвердзіў Уладзік:
— Не, маманя. Она — моя законная жена. Брак наш зарегистрирован, о чем имеется соответствующий документ.
Леаніла, здаецца, была майго ўзросту, можа, самае вялікае толькі на год старэйшая. Емельяновічыха не кінулася, не павітала яе так, як трэба сустракаць жаданую нявестку, яшчэ раз зірнула на дзяўчо, як на штосьці зусім нечаканае i неверагоднае, а пасля запрасіла ўсіх у дом.
Калі там Уладзік кінуўся вітацца з «папанем», дык той, па-сапраўднаму рослы i плячысты, з яшчэ большымі, чым у жонкі, рысамі твару, спаважны, не даў прытуліцца да сябе свайму адзінаму сыну:
— Ну што? «Здзівіў» вёску?
— Папаня,— не вельмі збянтэжыўся той, немігатліва пазіраючы бацьку ў вочы,— кто сказал, что земля имеет форму чемодана?!
Строга-стрыманы Емельяновіч, але, бадай, аталапеў ад паводзін i чужых для янкавінцаў па духу сынавых слоў: сын — дарослы ўжо, не схопіш, не сагнеш i не апячэш яго мяккае месца сваёй далоняю! А той пераможна i нахабна скаліўся: прымайце, маўляў, мяне такога, які я ёсць! Ды я ж вам не чужы! Адзін!
Емельяновічыха — хітраватая i, бывае, для сваёй патрэбы часамі i ліслівая жанчына,— бачачы, як холадна сустрэў бацька сына, паспрабавала ўсё ўлагодзіць, паслаць мужа ў пограб па бульбу, але той так апаліў яе позіркам, што яна адскочылася i сама борздка выскачыла з хаты.
— Смотри, отец,— не разгубіўся Уладзік i, распакоўваючы клункі, пачаў даставаць з ix дарагія хусткі, кашулі, свэтры, шапкі, а таксама нямала шырокіх з прыгожымі наклейкамі i з надпісамі на замежных мовах бутэлек.— Единственный сын твой — не шалапут, не свистун, как ты думаешь, а богатый молодой человек! И это еще не всё!— I ў дадатак выклаў на стол перахопленыя паперкамі з рознакаляровымі палосамі пачкі грошай.— Здесь хватит и на мою свадьбу, и на тачку!
Емельяновіч не здзівіўся i не ўразіўся, як, да слова, я, але здаўся, утаймаваў сваю непрыязнасць да сынавых выбрыкаў.
Карацей, Емельяновічы мусілі зрабіць Уладзіку вяселле (на ім, што дагэтуль яшчэ ніколі не здаралася ў нашай вёсцы, не было бацькоў маладой: Уладзік, вяртаючыся дадому, заехаў з сябрам у смалявіцкую вёску, дзе тыя настаўнічалі, i за некалькі дзён ачмурыў іхнюю дачку, клубную бібліятэкарку, i яна паехала ca спакуснікам насупраць іхняй волі). Мы, «кавалеры», як жартавалі ў вёсцы з нас такіх, як я, гэта значыць старшакласнікаў, ці тых, хто ўжо толькі што вярнуўся з вайсковай службы, цяпер пасля школы ці работы пачалі вечарамі, a нядзелямі па цэлым дні таўчыся ў ЕмельянОвічаў, дзе да ачмурэння рэзаліся ў карты, жартавалі i кпілі адзін з аднаго, але, здаецца, усе цягнуліся не толькі да Уладзікавай прыхільнасці, але па той прычыне, што тут была Леаніла, якую ў вёсцы перахрысцілі на Лёдзю.
Я тады таксама не быў зацяты сарамлівец, але ўсё роўна не мог рабіць таго, што дазвалялі сабе некаторыя іншыя. Бачачы, што ix лагодна сустракаюць Емельяновічы, a Уладзік i Леаніла-Лёдзя прагнуць нашай, маладой кампаніі, дык вось той-сёй пры першым жа зручным выпадку нападаў, ціскаў Леаніду — канечне ж, не з грэшных намераў, а з буйнасці маладых сіл, юру, нават нібы з таварысцкасці, а яна, само па сабе зразумела, адбівалася, але не зласліва, нават весела. Я ж стрымліваўся гэтак даваць волю сваім рукам i таму, што Леаніла была жонкай майму сябру, i таму, што яна мне больш чым спадабалася, я адчуваў перад ёю, асабліва калі мы апыналіся сам-насам, незразумелае хваляванне да таго, што не мог зірнуць ёй у вочы, хоць любіў акідваць яе позіркам — русявую галоўку з праборам пасярэдзіне i з кароткімі, па танкаватую i гожую шыю, павіўкамі па абедзве скроні, нібы велаватыя, але не сонныя i не пазямныя, a ўважлівыя, запытальныя i цёплыя вочы, худаватыя плечыкі, рукі, вастраватыя грудочкі пад сукенкаю, што прыгожа звужвалася на стане,— да паясніцы яна была яшчэ кволая, юная, нібы дзяўчынка, а вось ніжэй паўшар'і клубоў i акругленасць лытачак паказвалі ў ёй ужо жанчыну. Уладзя, бывала, перахопліваў мой позірк на Леанілу, калі яна ішла стройна, легка крыху пагульваючы клубамі, i радасна ўсміхаўся-цешыўся: «Ну, Ваня, как моя зазноба? Тебе нравится? Ты желал бы иметь такую?»
Я, падлоўлены на патаемным, чырванеў, чым, здаецца, бянтэжыў i Леанілу, яна таксама пунсавелася плямінамі i намагалася менш пазіраць i размаўляць са мною, але ўсё гэта толькі пабольшвала мае жаданне чым болей побач з ёю, адчуваць нейкую страшнаватую радасць, памыснасць i яшчэ штосьці тое, што ўжо жадала мае сэрца, але чаму яшчэ супраціўляўся мой розум.
Неўзабаве пасля вяселля Уладзя падкупіў аднаго пенсіянера-інваліда, з'ездзіў з тым у сталіцу, у раён, «пагаварыў дзе трэба i з кім ды як трэба», i хутка пад свой вясёлы свіст прыгнаў дадому новенькі «Масквіч». Ды паездзіў, пафарсіў нядоўга. Нёсся аднойчы ўночы п'яны і,свішчучы, слізгануў на лёдзе i наляцеў на слуп — машыну пабіў, сам прытомнасць страціў. Яго ў час падабралі добрыя людзі, завезлі ў бальніцу, а пакалечаную i да ўсяго яшчэ кімсьці хіжым жыўцом абрабаваную машыну (з яе знялі колы, абадралі матор) пакінулі пры дарозе. Не вытрымаўшы, стары Емельяновіч папрасіў суседа-трактарыста, каб адцягнуў яе шкілет далей ад дарогі ўбок, у лес, дзе яго працягвае даядаць іржа i цяпер, праз столькі гадоў. Калі Уладзя вылечыўся i ад'язджаў з Леанілай на Далёкі Усход, Емельяновіч не выцерпеў, даў волю свайму гневу: «Ну што, сын, адзін пшык з усяго твайго выйшаў? Адным словам, свістун ты! Не прасвішчы толькі ўсё сваё далейшае!»
«Кто сказал, что земля имеет форму чемодана?! — не нудзіўся той.— Силы есть, заработаем, все, что надо, купим!»
Уладзя паехаў без журботы, а вось, як здалося, Леаніла падалася ў далёкі свет не зусім вясёлая, з сумам i з патушаным бляскам у сваіх незвычайных вачах. Яны не падавалі знаку гады паўтара. Калі я, ужо студэнт, аднойчы заявіўся дадому, дык уведаў: сюды, да Емельяновічаў, прыехала Леаніла з дзіцем, а наш вясёлы i бесклапотны Уладзя — у турме.
У кожны свой (тады часты) прыезд у вёску я амаль адразу ішоў да Емельяновічаў. Тыя сустракалі мяне радасна, зусім не асцерагаючыся, што я застаюся падоўгу з іхняй нявесткаю сам-насам, нават падахвочвалі: «Добра, Яначак, што ты зайшоў, раскажы Лёдзі пра гарадскія навіны, а то яна замаркоцілася тут»; ветла, нават таксама з радасцю вітала мяне Леаніла, была жвавая, гаваркая, з усмешкай, што харашыла яе i так папрыгажэлую пасля родаў: яе ногі яшчэ болей акругліліся, паўшар'і клубоў яшчэ болей папаўнелі, грудзі пабуйнелі, рукі, асабліва вышэй локцяў, не толькі пагладчэлі, але нібы ix падправіў, аграцыёзіў таленавіты майстра, плечы папакацелі, а стан, што заставаўся амаль без змен, сваёй вузкасдю яшчэ болей ажаночыў яе постаць. Нельга было не ўразіцца, як хутка дзяўчо пераўтварылася ў жанчыну. Да ўсяго я часта мімаходзь бачыў яе то аголенае вышэй калена таямніча i чароўна белае i прыцягальнае сцягно, то больш чым звычайна, расшпілены зверху халат, калі ў яго разрэзе проста зіхацела млечная белізна палавінак бачных са станіка тугіх грудзей, часта лавіў, узрушваўся ад яе то млява-тамлівага, то поклічнага, то ўсмешлівага альбо насмешлівага позірку, а то, бывала, быў сведкам яе задуменнасці i слёз ці, наадварот, бляску ў яе вачах, быццам выпадковых сяброўскіх прытульванняў...
Адным словам, на мае юнае сэрца абрушылася яшчэ большая лавіна жаночых чар, што я пачаў разгублівацца i ад ix, i ад таго, што часамі не толькі займала, але паланіла мой розум, калі мяне пад'юджвала ўжо схапіць Леанілу, сціснуць яе ў абдымках, а потым кульнуць на ложак, што чамусьці заўсёды гэтак блізка каля нас, i захлынуцца ў пацалунку... Ды нейкая магутная сіла стрымлівала мяне ад гэтага, у кожны мой новы прыезд — а яны былі найперш з-за яе, Леанілы — я не мог даць сабе волі. Можа, i таму, што, яшчэ не маючы нічога сур'ёзнага з дзяўчатамі, не мог разабрацца ў жаночай душы, баяўся свайго апошняга рашучага кроку i Леанілінага пратэсту. Нават як след не ацаніў, не перадумаў i не пераіначыўся пасля таго, калі аднойчы ўбачыў: я выходжу з іхняга двара, a Леаніла праз акно пазірае мне ўслед, a калі згледзела, што я гэта заўважаю, мітнулася ўбок...
Неяк на маіх зімовых канікулах пры праводзінах увечар у Емельяновічавых сенцах я спачатку блізенька адчуў Леаніліна дыханне, пасля яе імклівы пацалунак у шчаку, а затым змоўніцкі шэпт: «Давай заўтра сходзім у кіно, добра?» — «Добра»,— шэптам адказаў я.
Не скажу, што не ўс хвал я вал а мяне тое, што Леаніла парыўча прытулілася, пацалавала i запрасіла пабыць удваіх у нашым клубе, але я ў той вечар яшчэ не перабольшыў усяш гэтага, лалічыў, што яна не столькі хоча адлучыцца з дому са мною, колькі жадае паглядзець фільм, на які прыйдзе нямала люду, i яна стараецца трапіць туды не адна, а з мужавым сябрам.
Хоць ужо нястрымна наступала эпоха тэлевізара i ў вёсцы, але яшчэ тады, у хрушчоўскія часы, не толькі дзеці, моладзь, але i пажылыя людзі, прагнучы відовішчаў, прыходзілі раз у тыдзень у клуб, куды кінамеханік з суседняй вес к i (які, між іншым, часта прыязджаў да мяне да хаты, каб пагаварьщь пра навінкі беларускай літаратуры) прывозіў заляжалы ў сталіцы i ў вобласці кіношны друз — больш чым прасцяцкія фільмы пра шпіёнаў. A калі ён вывешваў афішы, што будзе індыйскае кіно, дык тады прывальвалі на яго I жанчыны, каб пад бясконцае мноства песень i танцаў пацешыцца каханнем маладых Яго i Яе, уволю наплакацца, калі зло разлучала тых i хтосьці з ix трапляў у вялікую бяду, a ўрэшце высушыць слёзы i парадавацца, што Яго i Яе ўсё ж знайшло вялікае шчасце.
Вось і мы з Леанілай прыйшлі ў клуб на індыйскі фільм, селi побач. Калі фільмовыя юныя героі сустрэліся, пакахалі адно аднаго, танцавалі вакол дрэў, прыгожых кветак, фанта на ў i спявалі вясёлыя песні, Леаніла, як бачыў, ціхенька, але з бляскам у вачах сузірала, адказвала ласкавай усмешкаю на мой позірк, a калі быў які смешны момант, то яна, разняволена смеючыся, знаёма прытульвалася да мяне плечуком ці каленам, а пасля, кал i багаты бацька героя забараніў сыну бачыцца з беднаю любімай i тая пачала выцерпліваць нястачы i жахлівыя напасці, не проста плакаць, але ліць слёзы ды галасіць песнямі, Леаніла таксама ціха заплакала, а затым схапіла i моцна сціснула пальцы маёй рукі ў адчайным парыве, нібы я мог памагчы той гераійі. Я не так глыбока, як яна, захваляваўся ад той любоўнай гісторыі, дык усміхнуўся ад такой чуллівасці маёй суседкі; кал i героі, вытрымаўшы расстанне i розныя беды, зноў сустрэліся, ажылі, зноў радасна i шчасліва закружыліся ды заліліся песнямі, калі па клубе пайшоў подых палёгкі, Леаніла, нібы апомніўшыся, аслабіла поціск, нават, здаецца, засаромелася, хацела адпусціць мае пальцы, але цяпер ужо я сціснуў яе руку i адчуў, што тая ўздрыгнула. Павагаўшыся, Леаніла не адабрала сваёй рукі, а яшчэ праз хвіліну неяк міжволі нашы рую апынуліся далонь у далонь, а пальцы спляліся. Ад гэтага адразу ж па целе пабегла маладая гарачыня, i мы сцішыліся ад яе, гэтай хвалюючай i елодычнай гарачыні ды, мабыць, ад хмелю, што шыбнуў у галаву.
З клуба ішлі па цёмнай вуліцы спачатку ў гаманкім гурце, а потым удваіх моўчкі.
— Янік,— першая падала голас Леаніла,— ты не павінен больш да нас прыходзіць...
Я ад такой нечаканасці ажно анямеў: што — я яе пакрыўдзіў? Але ж яна першая схапіла мяне за руку, а пасля лашчыла яе!
— Чуеш?
— Чую,— ледзь чутна адказаў я.
— Ты хочаш ведаць, чаму я такое гавару?
— Хачу.