Паволі ішлі па лясной дарозе з суседняй вёскі, дзе хрысцілі дзіця ў сваякоў. Сонца ўжо не было, але i тут, у бары, яшчэ не гасла дзённае святло, трымалася чэрвеньская вячэрняя відната. Ясна адсвечваліся сухім, з шэрым бляскам дзве шырокія тупкія каляіны на дарозе, добра бачылася тоўстае мазолістае, абабітае коламі i зацягнутае ўчарнелай смалою карэнне на ёй; паволі слаўся цень каля ядлоўцавага кустоўя i за камлямі старых сосен, але іхнія верхнія ствалы бронзава жаўцеліся; у небе сутоніўся блакіт, а яго заходні край палаў водсветам ад полымя; яшчэ не зусім суцішыліся птушкі, лагодна ціўкаючы сабе ў дзюбу ў гняздзе перад сном; мякка, прыемна струменілася цяплынь i водарна пахла нагрэтай за гарачы дзень смалой i карою, бярозавым лісцем i папараццю, а да гэтага прымешваўся саладкаваты пах сўхога сена — яго вазілі сюдою на калёсах i трактарах, дык яно вырывалася голлем i шматкамі вісела на ім альбо ляжала на доле.
У такую часіну, калі ў лесе ўсё відаць, жыве i падае голас, яшчэ няма на душы страхлівага вусцішу, дык ідзеш спакойны, задуменны, успамінаючы, што i як было сёння, альбо пра штосьці летуценіш. Што да Аляксея, дык на яго душы было яшчэ маладое захапленне, узнёсласць, i ён нібы лунаў увысі. Канечне ж, таму, што побач з ім крочыла яна, Таня, якую ў вёсцы чамусьці называюць Ляляй. Яна на гады чатыры старэйшая, ужо замужняя, невялікага росту, танклявая, дык спераду нібы дзяўчына. Але мае i іншае — светлыя завітыя валасы, круглаваты твар, на якім асабліва выдзяляюцца велікаватыя, жывыя, усмешлівыя вочы, невялікія, але вабна акруглелыя рукі, хораша выпуклыя грудзі, прыемную авальнасць ў паўнаважкіх клубах, спрытныя ногі,— дык усё гэта паказвае ў ёй жанчыну, што ўжо раджала i пачынае зацвітаць жаноцкасцю.
— Пра што ты думает, Лёша? — вось перахапіла ягоны, здаецца, не зацягнуты i не ўчэпісты, a мімалётны позірк, запытала, як заўсёды, смела. Праўда, цяпер без вольных намёкаў i жартаў, што вельмі любіць. Пра яе язык некагорыя ў вёсцы кажуць, што ён з крапівою i перцам.
Ён не ведаў, што адказаць. Мабыць, з сарамлівай усмешкаю паціснуў плячыма.
— Добра на душы, дык i я іду, думаю, але не магу сказаць пра што.
Дабрыня ў яго i ў яе, можа, ад таго, што яны сёння любаваліся чужым дзіцем (як яно спіць, плача альбо есць), што яшчэ гадзіну таму сядзелі за багатым сталом, нязмушана жартавалі, спявалі i танцавалі (у яго i цяпер у вушах словы з песні «На танец! На танец! На танец!»), а цяпер, на лёгкім падпітку, былі ў палоне супакоенай лёгкасці i радасці, да чаго падбіраўся ўжо нейкі смутак — не, не цяжкі, не маркотны ці зажураны, а прыемна мройны, крыху сумотны ад'таго, што ўсё сённяшняе, добрае i шчаслівае, хутка пройдзе. Аляксей спрабаваў думаць, што на днях трэба везці дакументы ў інстытут, а Таня, можа, успомніла сваё двухгадовае дзіця i мужа, які падаўся ў Сібір у заробкі. А можа, думала i пра штосьці іншае.
— Давай пастаім крыху,— ціха прамовіла яна i запынілася каля тоўстай, са свежымі ранамі ад калёсных восей i прычэпаў прыдарожнай хвоі.
У яго аж дых заняло ад таго, як яна вабна абаперлася локцем аб хвою, а на кулачок — галавою, як яшчэ болей выпукліла грудзі, падцягнула жывот i выставіла з-пад чорнай спаднічкі вастраватае калена: столькі грацыі ва ўсім, яснасці i жывасці было ў гэтай невысокай i танклявай жанчынкі, што нельга было не залюбавацца ёю!
— Лёша,— зноў ціха i лагодна дадала яна,— ты ж цяпер мой кум. Дык скажы куме сваю тайну.
Ён здзівіўся: пра што ты хочаш ведаць?
— Ты ўжо кахаеш каго?
Як было ёй адказаць, калі ён, яшчэ нядаўні школьнік, пакуль што адчуваў толькі таінства, слодыч затоенай мары пра каханне: уяўляў сябе кімсьці — ці то смелым, гераічным генералам, нейкім самаахвярным паўстанцам ці спаважным да бедных разбойнікам — i ўяўляў Яе — прыгожую, добрую i адданую яму графіню ці, наадварот, маляваў сабе ў думках у каханыя бедную, але мілую графскую пакаёўку — адным словам, такую жанчыну, якой у іхняй школе была настаўніца біялогіі, асоба пісанай красы i нечуванай дабрыні. Што да зямнога кахання, да вясковых дзяўчат ягонага ўзросту, дык нішто з гэтага не было вышэй яго ўяўлення.
Ды i ўвогуле... Раней, яшчэ гады два-тры таму, ён, жвавы, вясёлы малец, вельмі любіў маці, часта падбягаў да яе, прытульваўся i цалаваў, яна, вабная, добрая i таксама жвавая жанчына, яго радасна галубіла, але затым яны пачалі нібы аддаляцца адно ад аднаго. Мабыць, пасля таго, калі ў яго забалелі набухлыя пупышачкі на грудзіне i пачаў ламацца на болей басавіты голас i калі маці з усмешкай сказала, чаму гэта адбываецца. A калі яшчэ пазней ён пачаў сніць i такое з ім было ў сне, дык ён нечакана нават для самога сябе з порсткага хлапчука пераўтварыўся ў задуменнага i скрытнага, ca сваім светам хлопца, які пачаў больш пільней пазіраць на жанчын i заадно пачаў ix саромецца.
— Дык ты кахаеш каго?
— Не.
— A цалаваўся ўжо з дзяўчатамі? — зноў чамусьці захацела пранікнуць у ягоны тайны свет Таня.
Яго, канечне ж, ужо вабіў юр цёмнай часінаю прытуліць да сябе дзяўчыну, дапасці да яе вуснаў, ён нават спрабаваў аднойчы пазнаць такое з Шумчыкавай Даротаю, але няшмат дабіўся, не зведаў таго, пра што мроіў, нават больш — аканфузіўся.
— У тваім узросце я там, у сваёй вёсцы, ужо ва ўсю цалавалася з хлопцамі,— не дачакаўшыся адказу, даверліва прызналася Таня.— Ніхто ж чужы, а якраз мой мужанёк празваў мяне Ляляй. За тое, што люблю, каб у хаце i на двары было ўсё чысценька, каб i самому быць заўсёды дагледжаным. Каб было прыемна іншым i сабе. Ды... Выбачай, Сяргей — ваш сваяк, але ён — пень неабчасаны. Малады яшчэ, толькі на тры гады старэйшы за мяне, але зусім ужо абмужычыўся. Устаў, працёр вочы, закурыў, перакусіў i да свайго электрапаяльніка, вярнуўся з работы, не абмыўся як след, пад'еў, паглядзеў тэлевізар i ў ложак. З ім не пагаворыш добра, не пагарэзіш. Прылашчуся, а ён «Ляля ты», «Кошка». Я, хоць маленькая, але хачу ўсяго вялікага — шчырасці, ласкі, любові. Ды ён не разумев гэтага, глядзіць на мяне як на патрэбную, але што заўсёды пад рукамі рэч... Якраз моцная тая сям'я, дзе муж i жонка ўважлівыя, далікатныя i пяшчотныя адно да аднаго. Заўваж, калі жонка задаволеная мужам, а муж — жонкаю, дык яны не толькі думаюць, разважаюць, робяць усё заадно, але нават ён становіцца падобны на яе, а яна — на яго. Але...— Уздыхнула.— Ты яшчэ зусім маладзенькі, хлапчук, то тваё пазнанне ўсяго гэтага яшчэ наперадзе.
— Мне васемнаццаты год,— ён заступіўся сам за сябе, самалюбна перажываючы, што i цяпер, калі ўжо не школьнік, некаторыя, як i вось гэтая Таня, лічаць яго яшчэ не зусім дарослым (хоць яшчэ ўзімку маці аднойчы, зірнуўшы на яго, пільна ўгледзелася i пляснула ад здзіўлення далоньмі: «Бацька, глядзі: у нашага Алёшкі вусы большаюць i цямнеюць! Яму ўжо галіцца трэба!» Бацька, які позна вячэраў адзін, падняў на міг на яго вочы, зыркнуў спадылба, але нічога не сказаў. А ён тады ледзь не згарэў ад сораму.).
— Лёша, чаму ты гэтак пазіраў на мяне за сталом i нядаўна тут, у лесе?
— Як? — вырвалася ў яго са збянтэжаннем.
— Кажу ж: гэтак?! — гулліва перапытала Таня.
Ён зноў няўцямна паціснуў плячыма.
— Скажы праўду: я падабаюся табе?
Што з ёй сёння? Яшчэ ніколі з ім вось так, з нейкім паўнамёкам, не размаўляла!
— Скажы, кал i ласка,— узяла яго за руку i лёгка павабіла да сябе.— Не бойся, я не пакрыўджуся i не насмяюся з цябе.
— Падабаешся,— сумеўся ён.
— I ты мне падабаешся,— здаецца, без звыклага жарту, а шчыра сказала яна.— Усім ты ўдаўся: i ростам, i вабнасцю, i розумам. Каб была дзяўчынаю, то нікому цябе не аддала б. Каб ты нават i не хацеў, то ўсё роўна быў бы толькі мой. А Сяргея, ведай, я не люблю.
— Гэта — ужо тайна паміж імі, i яна непакоіць, хвалюе яго. Таніна рука вылучае, перадае яго далоні незнаёмае прыемнае цяпло, што ідзе-бяжыць па крыві.
— Ты хочаш пацалаваць мяне? -— тамліва запытала яна.