— Баярыня,— ветліва зірнула на Любку юная русявая i круглатварая пакаёўка,— дзіця хоча есці.
— Добра,— сказала тая.— Падай яго баярыну, а сама ідзі.
Калі дзяўчо выйшла, Любка, ужо не адчуваючы чужых жаночых вачэй, села на ложак, расшнуравала на сабе стужку, расхінула сарафан, ззяючы белай грудзінай, дзе асабліва снежнага колеру, аж з адценнямі сінізны былі поўныя грудзі, якім было цесна пад гарсэтам. Калі Усяслаў падаў ёй на калені сына, дык яна смела i без сораму i каленi расставіла i дастала для таго правую буйную, як сама казала, «цыцку», да якой адразу ж прагна прыпаў дзіцячы роцік.
— Ой, як смокча!— шчасліва ўсміхнулася Любка.— Маленькі, але гэтакі дужанькі!
Ён не мог не залюбавацца i Любчынай простай, але ад усёй душы шчырай, лёгкай, ззяючай усмешкаю, i тым, як мірна заплюшчыўшы вочкі, набірае ад маці жыватворную сілу яго нашчадак. Нават не пачуў, як сюды зазірнула Марыля. Пачуў ужо тады, калі яна загаварыла:
— Ды хопіць ужо любавацца сваім сыночкам! Гэтак вы так яго распесціце, што потым ён ні хвілінкі не пабудзе адзін, не злезе з нечыіх рук!
— Праўда,— хораша ўсміхнулася яму Любка.— Ідзі, Усяслаў, вячэраць. А то саслабееш.
— Дык i табе трэба мая сіла? — ціха запытаў у яе.
Любка, помнячы, што было ў ix патаемнае начамі, а то i ўдзень гэтым летам i восенню, усміхнулася ўжо з перажытай сарамлівасцю, без якой, аднак, не бывае сапраўднай уцехі i радасці паміж мужам i жонкаю ды асабліва тады, калі яна ажаньчынілася пасля родаў, адчула, чаго пачала жадаць яе плоць i калі яна, гэтая плоць, спатольвалася як след.
— Не затрымлівайся сёння,— шапнуў,— раней прыходзь да мяне. Я ўжо вельмі засумаваў без цябе. Аж тры дні ты не была са мной.
— Добра, — таксама прашаптала яму Любка.— Сёння прыйду.
Усё ж, павячэраўшы, а потым лёгшы пад пухавік, ён чакаў яе доўга. Да глухога вечара ці, лепш сказаць, да ночы. Пакуль яна разам з Марыляй выкупала дзіця, пагуляла з ім (малы пачаў ужо не толькі адказваць на ўсмешкі, але i патроху гудзець), пакарміла i сама паклала ў калысачку спаць. Усяслаў разумеў усе яе мацярынскія пачуцці i клопаты ды, маючы нейкую рэўнасць, загараючыся нецярпепнем, патроху самалюбна крыўдаваў, лічыў, што Любка магла б усё ж хутчэй прыйсці да яго. Калі нарэшце пачуў, як адчыняюцца патайныя дзверы, што ў сцяне пад павешанымі з аднаго i другога боку дыванамі злучалі іхнія спальні, Усяслаў наўмысна засяродзіўся на фаліянце ў новенькіх скураных вокладках — знаёмы крыжацкі купец, калі сказаў таму, што жадае глыбей пазнаць, а Любку навучыць нямецкай мове, прывёз яму некалькі напісаных па-нямецку рыцарскіх раманаў: Гартмана фон Аўэ, Вільфрама фон Эшэнбаха, Готфрыда Страсбургскага. Па ix ён вучыў Любку нямецкай мове, a калі ёй гэтая навука ішла туга, дык па яе просьбе чытаў i тут жа тлумачыў ёй па-свойму пра рыцарскія прыгоды.
— Дык дзе цяпер той рыдзель?— бачачы, што ён чытае, запытала Любка.
— Ён якраз кажа сваёй любімай: «Легэн зі біттэ аб».
— Што? — усміхнулася яна.— Што?
— «Распранайцеся, калі ласка».
— Там якраз так напісана?
— Так.
— А што яна адказвае яму?
— «Ix габэ ніхтс дагэгэн»,— зноў зманіў ён.— Нават больш — «Міт вэргнюгэн!»
— А што гэта значыць?
— «Я не супраць», «З задавальненнем».
— Ты выдумляеш!
— Нічога я не выдумляю: рыдзелева любімая хутчэй спяшаецца да свайго каханага, чым ты да мяне... Яна не кажа яму: «Эс іст нох фруг», «Эс іст шон шпэт...»
— Не разумею.
— Яна не кажа: «Яшчэ рана», «Позна ўжо...»
— Вось цяпер усё разумею,— села каля яго, апусціла яму галаву на грудзіну, хмелячы пахам выкупаных з мятаю, з хваёвымі галінкамі валасоў.— Баяр хацеў гуляць, дык забавілася з ім. Толькі як пасмактаў цыцу, дык заснуў. A карміць часта няможна, усяму свой час.
Супакоіўшыся, ён пачаў расшнуроўваць на яе сарафане стужку.
— Я сама...— прамовіла яна, паднялася. Але пры свечках засаромелася распранацца, дзьмухнула на ix.
Ён паклаў фаліянт на ўзгалоўе, яна, скінуўшы ў цемнаце сарафан i гарсэт, нырнула пад пухавік, прытулілася да яго: