Чамусьці саромеючыся, ён адхінуў край прасцірадла і, бачачы зморшчанае, чырванаватае, не сказаць, каб цяпер вельмі прыгожае дзіця, «засмуціўся»:
— Хлопчык!
— Сын! — усцешліва прамовіла Марыля, добра ведаючы, што ён, маючы ўжо дачку, канечне ж, жадаў мець i сына.
Усяслаў зноў, нават яшчэ больш «замаркоціўся»:
— Які непрыгожы!
— Скажы, хлопча, такому «нядобраму» бацьку: буду прыгожы! — «падакарала» Усяслава Марыля.— Скажы, бачыш, цьфу-цьфу, усё на месцы, усё гожае: вочкі, вушкі, роцік, ручкі, ножкі, стручок! Моцненькі, хунтаў[78] каля дзесяці будзе! Воін! Баярын i, можа, новы наш ваявода! Будзе дарабляць тое, што яго дзед пачаў, што бацька рабіў!
— Дай Бог,— усміхнуўся Усяслаў, адвярнуўся, плюнуў тры разы: сёння была серада, а той, як кажуць людзі, хто народзіцца ў гэты дзень, мае самую нечаканую долю: можа абагацець, быць здаровым i шчаслівым, а можа аднойчы ад самых розных выпадкаў страціць усё ўміг, памерці ў беднасці i цяжкіх напасцях. Вось ён, Усяслаў, нарадзіўся ў сераду на самым прыканцы травеня ці, як кажуць лацінцы, мая, што ў гонар іхняй багіні зямлі Mai...
— Паглядзеў, усцешыўся шчаслівы татка, а цяпер ідзі адгэтуль, бо ў нас тут яшчэ нямала бабскай работы,— ведаючы сваё права, загадала яму Марыля.— Зараз пададзім табе паслед, закапай яго пад кутом хаты, каб дзіця любіла родны дом...
5
Пасля таго як прайшла досыць кароткая, але натужлівая, раніцай i ўвечар з камарамі-крывапіўцамі, удзень з потам i млоснасцю, сенакосная часіна, калі тое, што нарасло за цёплы i дажджлівы травень ды налілося сокамі ў чэрвені, скасілі, высушылі i паклалі спаць да зімы ў стагі, застаронкі i абарогі, калі дзеці ўволю накупаліся i здаволілі ахвоту лавіць рукамі ды таптушкамі рыбу, наласаваліся суніцамі, а жанчыны, вяртаючыся з лесу з лубкамі чорных ягад, прыносілі ў прыполе i адны-другія прыгаршчы жоўценькіх лісіц, калі потым у самую гарачыню зацвілі i паволі адкрасавалі мёдапахкія ліпы, мацавалі крылцы маладыя птушкі, ды асабліва тады, калі пачалося залатое жніво, на якім найперш маладыя дзяўчаты зведалі нямала болю ў руках i паясніцы, але, здаецца, як ніколі, радасна-засмучана-шчасліва абспявалі поле i свой жаноча-жнейскі лёс,— дык вось, калі залацілася ржышча, адліў сваё, адгрукаў громам i адсвяціў маланкамі Ілля, калі прайшлі рабінавыя ночы, пачаўся яблычны Спас i, пакаштаваўшы праснакоў, ужо наважваліся сеяць новае жыта, спякотнае лета пакацілася на спад. Паволі паслабелі блакіт на небе i сонечная яркасць, усё часцей i часцей заяўлялася засмужанасць, а на дрэвах усё болей жаўцела лістота, а пахаладнелая вада ў рэчках міжволі страчвала вясёласць, цяжэла i змрачнела, плыла туды, куды ёй трэба было імкнуцца, задуменная i самотная. Пачасціліся нізкія, густыя, а пазней i суцэльныя ад зямлі да неба сырыя i зябкія ад халоднай расы, а то i першай замаразі туманы, а днём, калі яны рассейваліся, віселі на кустах, гайдаліся на дрэвах ці плавалі ў паветры, блішчучы срэбрам ад сонца, доўгія ніці павуціны, не затрымліваючыся, плылі i плылі ў небе ўжо не зусім белыя, як улетку, воблакі — калі з поўначы на поўдзень, то на адно надвор'е, a калі наадварот, то на іншае: то на цёплае i сухое, то на непагадзь. Над навагародскімі ваколіцамі высока ў небе ўсё часцей закружылі буслы, нізка залёталі чароды невялікіх, можна сказаць, прыхатніх птушак — шчабятлівыя ластаўкі ці шумлівыя шпакі нечакана аднекуль усхопліваліся, плоймай абсядалі высокія дрэвы, галасамі выціліньквалі, мабыць, славілі прыязны гэты край, натхнялі сябе ў далёкую дарогу, а затым нібы па чыімсьці знаку, у імгненне, разам успырхвалі, знікалі, каб, мусіць, пакланіцца i іншай роднай мясціне.
Пад канец жніўня зрабілі засеўкі новага жыта, затым пасеялі яшчэ i вераснем, пад Баўтрамея; праз тыдзень паклапаціліся пра ячмень. Верасень не менш жніўня ўсцешыў людскія сэрцы багаццем з поля i гародаў — збажыной, вялікімі сакавітымі буракамі i морквай, а пазней — ёмкімі, ледзь падняць, тугімі белымі качанамі капусты; з лесу навагародцы нанасілі грыбоў, з нізкіх, прыамшарных мясцін — ярка-чырвоных, з сокам нібы кроў калінавых гронак, з балот — буйных чырвона-бурых журавінаў.
На Багача ўжо ўсё прыбралі з поля i гародаў; буслы адляцелі — значыць, зіма сёлета магла быць ранняя i халодная; жанчыны пачалі даставаць верацёны, патроху прасці; на Здвіжанне амаль ніхто не асмельваўся паткнуцца ў лес: казалі, там ужо спаўзліся ў клубкі гадзюкі i вужы перад тым, як зашыцца ў карчы ці норы на зіму. Калі хто ўпотай ад людскіх вачэй падкрадваўся да тых змяіных скопішчаў, дык толькі са злымі намерамі: абсачыць сярод ix змяінага цара, лупянуць па ім, ухапіць з яго галавы залатую карону i збегчы — гэтая залатая карона спрыяе чарадзеям i злодзеям. За такое злыдушцаў заўсёды каралі. Вось i сёлета, як былі чуткі, у адным паселішчы злавілі такога зламысніка, i старэйшыны прысудзілі яму смерць: яму звязалі рукі за спіной, прычапілі камень да шыі i, разгайдаўшы, шпурнулі ў раку... Біскуп Кірыла не задаволіўся такім судом, пабурчэў, што не прывялі заблуднага да яго, але тых старэйшын не зачапілі...
Сёлетні кастрычнік, як i часта тут бывае, удаўся зменлівы: то гусціліся туманы, а пасля ix дабірала сваё сонца, то слязіўся ці ўжо нудна ліў ды ліў дождж, то нечакана зямля пакрывалася марозлівай белізною, але на Бабскае лета ночы сталі з высокім зоркавым небам, a ўдзень зіхацела ўжо не гарачае, але ўсё ж цёплае сонца, наваколле ажно гарэла ад жаўцізны i чырвані дрэў, а да ўсяго пачала ўжо цешыць на полі густая, дружная i вясёлая зелянота маладой руні.
Усё гэта паўтаралася з году ў год, але кожны раз было нібы па-новаму, ніколі не надакучваючы. Наадварот, абнаўляла, узбагачала i змушала па-добраму хвалявацца душу ўсімі, часамі нават зусім незразумелымі адценнямі пачуццяў, калі ты пачынаў адчуваць, што ўсё гэта, ты таксама, не проста так, само па сабе, што ўсё вакол вечнае i ты вось крыху далучыўся да яе, гэтай вечнасці...
Не толькі княгіні, але i некаторыя баярыні (да слова, Расціславава Раксана, яе дачка) не заўсёды давалі грудзі сваім дзецям, знаходзілі ім карміцелек сярод маладых, здаровых i ахайных смердак. Любка ж, калі Усяслаў загаварыў пра гэтую завядзёнку знаці, рашуча адмовілася аддаваць сына, названага ў гонар яго бацькі Баярам, у чужыя рукі. «Ды я сама не адно, а двое дзяцей магу ўволю насыціць»,— запаліста, нават крыўдліва сказала яна, без ніякага збянтэжання абедзвюма далонямі падважваючы праз сарафан свае папаўнелыя пасля родаў грудзі.
Усяслаў i сам гэта добра бачыў, дык не настойваў. Тым больш што ён думаў гэтак жа, як i яго маладая жонка: маці павінна карміць сваё немаўля сама. Ён толькі папрасіў, каб цяпер Любка не тулілася ў лёкайскім пакоі, а "па праве гаспадыні дому, баярыні перабралася на Заночую палову нябожчыцы, a ў свой былы куток пусціла новую пакаёўку, якую ўзялі памагаць глядзець за дзіцем: гушкаць, мяняць мокрыя полачкі на сухія, падносіць галоднае хлапчаня да маці. Любка на гэты раз паслухала, дык пачала ўжо ўмацоўвацца як гаспадыня, цяпер нават сталая ўсёведайка Марыля часамі прыходзіла параіцца з ёю, што i як рабіць. Ды больш — стаўшы маці сына-баярына, Любка спакваля адчула сваё права i сваю моц. Не, яна не біла чэлядзь i нават не крычала на тую за нейкі промах, не зневажала, як Расціславава дачка ці Баляславава Ядвіся, але займела свой голас: трэба гэта i тое, ты зрабі так, а ты вось гэтак. I ніхто не аспрэчваў яе гэтыя права i моц, усе яе слухалі: чалавек, бывае, часамі нават не можа, пакутуе, што яму няма каму падпарадкавацца. Такая ўжо душа ў слуг i лёкаяў. Нават i ў некаторых баяраў. Хоць не бывае i без таго, што некаторыя з ix услугоўваюць з хітрыкай, з карысцю для сябе i чакаюць таго часу, калі ім можна паквітацца. Пагэтаму, да слова, Усяслаў гэтак асцерагаўся «любові» Расціслава i яго Раксаны. Тут трэба вялікая пільнасць, хоць, як ні намагайся, усяго недагледзіш, не ўсё зразумееш, a калі i адчуеш, дык усё роўна памылішся ці паступішся...
...Усяслаў, вярнуўшыся позна ўвечар дадому, спачатку памыўся, абагрэўся пасля лістападаўскай непагадзі, а потым, як заўсёды, не зважаючы на агаладаласць, падаўся аднак не да стала, не да Марыліных прысмакаў, a ў той пакой, дзе быў сын-любімец.
Пачуўшы яго важкія крокі, з сынавага прытулку яму насустрач вымкнулася Любка — у доўгім зялёным сарафане з зашнураваным жоўтай стужкай разрэзам ледзь не да пупа (разрэз такі для таго, каб ёй лягчэй было вызваляць з-пад гарсэта i даставаць грудзі), у хораша завязанай чырвона-сіняй хусціне, зграбная i поўненькая, са свежым, у меру з белым i з хораша разлітым чырванцом тварам, са шчаслівай усмешкаю.
— Краса мая ненаглядная,— прытуліў i пацалаваў яе.— Ну, што робіць малады баярын?
— Малады баярын спаў, а цяпер пачынае варушыцца i крактаць.
Баяр ужо не толькі падаў голас, але i незадаволіўся, усплакнуў.
Любка не кінулася, як раней, да дзіцяці, калі яно толькі віскне ці, наадварот, доўга маўчала («Што з ім? A ці жывы хоць ён?»), a ўжо спакойна, тое-сёе ведаючы, што трэба маці, падалася ў пакой, дзе маладое дзяўчо загортвала дзіця ў сухую белую полачку, каб пасля ўцяпліць яго яшчэ мяккай сабалінай коўдрачкаю.
Усяслаў схіліўся над невялікім, за гэтыя месяцы аблюджаным тварыкам, дзе, як усе казалі, яго высокі лоб, спакойныя вочы i роўны нос, пацмокаў. Малое звычайна пазнавала ўжо яго, адказвала ўсмешкай на ягоную ўсмешку, але цяпер плаксіва зморшчылася.
— Сынок! — паўшчувала яго Любка.— Гэта ж твой татка!
— Усё ж не хоча прызнаваць мяне...— «пакрыўдзіўся» Усяслаў.
Ён усяго недагаварыў пры пакаёўцы. Раней, напачатку, калі Любка па маладосці вельмі чуйна i раніма назірала, слухала, хто i што кажа пра яе дзіця (а за гэта большае перажыванне, чым за сябе), ён, бачачы гэта, часта з жартам пакепліваў: «Здаецца, у яго адно вока меншае i рудое, значыць, не мае, а другое — большае, шараватае, мае», «Здаецца, маларослы будзе, не па мне...».
«Няпраўда!— гарачылася Любка.— Вочкі яго адны. I вушкі, носік як i ў цябе!»
Калі ж ён не саступаў, дык Любка плакала, за што на яго без ніякай цырымоніі, сярдзіта нападала Марыля: «Што ты, стары конь, робіш? Ёй жа цяпер трэба быць спакойнай, іначай малако можа прапасці! А ты...» А Любцы: «Не слухай яго, маладзічка. Дзіця як дзіця. Цьфу-цьфу, здаровенькае i дужанькае. Усё на месцы: вушкі, вочкі, носік, роцік, стручок! I ў яго ўдалося. Як выкапанае. Усе крошкі падабрала».
Усяслаў ад радасці весяліўся, але, сказаць шчыра, яму, сталаму ўжо, нашмат старэйшаму за Любку, часамі было не зусім да жартаў: бывала, з рэўнасцю назіраў, як Любка вырываецца з яго абдымкаў i імчыць на дзіцячы плач ці на зацягненае маўчанне. Ён не мог не замілавацца, што яна гэтак палюбіла малое, але, здаралася, яму вярэдзіла душу іншае, можа, i недарэчна раўнівае: а можа, Любка, як i некаторыя жанчыны, перанесла ўсю сваю любоў на дзіця таму, што як след не кахае мужа i што будзе для яго праз год-другі вялікая небяспека з-за таго, што некалі гэтак паспешліва ўзяў яе?..
Баяр заплакаў.
[78] Гутарка ідзе пра тагачасную вагу каля 4 кіло.