— Ну, а ён што?
— А ён — гардавус! Хмурыцца: кажы ўсё, што табе князь Данііл загадаў сказаць. Я i кажу яму: добры i міласэрны наш уладар, толькі ты — крамольнік i непачцівец. Ворагаў навёў на Бацькаўшчыну! Скажы ім. каб ішлі за Гарбы, а сам упадзі на калені перад царом[30] нашым! Ты ж — яго сынавец! Родная кроў!
Зноў узнёслы Леў:
— А ён?
— А ён фанабэрыцца: скажы свайму князю, што не буду пад яго рукою! I міласціны — Лyчаска — мне не трэба. Яго i Галіч сабе мячом вазьму!
— Акі пёс!— абурана ўсклікнуў княжыч, сёння зусім не асцерагаючыся выскакаць паперадзе бацькі-князя: той звычайна не дазваляў лішняга нават сваім дзецям, пільна сачыў, каб ва ўсім першае слова было толькі ягонае. Цёпла блішчэлі вочы i ў таўстуна Васількі, які быў верны брату i любіў пляменнікаў, як родных дзяцей.
Стары, сівы як лунь Данілаў пястун ваявода Міраслаў не стрымаўся:
— Клятае Альговічава семя!
Кірыла:
— Правучыў князь Данііл неслуха i яго хцівага цесця!
— Не забывайце, другі мае, што нам князь Мендог i ваявода Усяслаў памаглі,— зычліва ўсміхнуўся той, цешачыся i ад сённяшняй перамогі i цяперашніх ушанавання ды ліслівасці.
— Князь Ізяслаў зусім малую сілу прыслаў! — зноў даў волю свайму настрою княжыч Леў.— Гэта — непавага да нас! А князь Мендог вельмі позна прыйшоў!
— Лепш мала, чым ніяк, сын мой,— лагодна прамовіў бацька-князь.— Лепш позна, чым ніколі. Прыйшлі памагчы ў бядзе — дзякуй вялікі за гэта.
Кірыла:
— Ваявода Усяслаў вельмі сумны. Не п'е зусім.
Княжыч Леў:
— Ваявода хітры!
— Не трэба, другі,— сказаў Даніла.— У ваяводы Усяслава гора вялікае. Ды яму перад вачыма грознымі князя Ізяслава трэба паўстаць.— Паклаў важкую руку яму на плячо.— Трэба памагчы табе, дружа.— I дворскаму: — Андрэй Іванавіч, ты не п'еш i мала ясі, дык табе легка пакінуць наш nip i адлучыцца. Будзь ласкаў, знайдзі пісара i складзі ад майго імя грамату князю Ізяславу. Няхай княскі гнеў не ўпадзе на нашага добрага друга.
Дворскі паслухаў, выйшаў.
— Налівай, віначэрп! — зноў загадаў князь Даніла, але на гэты раз сам, як i Усяслаў, а за ім i Міндоўг, толькі памачыў вусны.
— Цар наш,— калі ўсе выпілі, падняў цёмныя вочы на Данілу Кірыла.— Дазволь мне слова сказаць князю Мендогу.
— Гавары, канцлер,— дазволіў той (можа, i па загадзя дамоўленай змове: на піры-балі заўсёды ды яшчэ пры такіх асобах ёсць тайныя замыслы).
— Ты, уладар, добры i шчодры, ты дзякуеш князю Мендогу нават за тое, што ён прыйшоў напрыканцы бою,— сказаў Кірыла.— Мы,— абвёў позіркам сваіх баяраў,— хочам запытаць, чаго прыйшоў сюды князь Мендог? Убачыць нас пабітымі? Ці зазірнуў на разведку?
Міндоўг — рослы, з выцягнутым тварам, атуленым рыжымі доўгімі валасамі i барадой, хмураваты — ажно ўстрапянуўся, падняў вочы на яго, Усяслава, але бачачы стрыманасць, перавёў запытальны позірк на Данілу:
— Брат, ты дазваляеш зневажаць мае добрыя намеры?
— Зусім не,— прамовіў той.— Але,— развёў рукі,— сам бачыш: баяры мае хочуць пра тое-сёе запытаць у цябе. Як у нашага пагрознага суседа. Думаю, ты зразумееш іхні клопат пра нашу бяспеку?
— Хіба мы цяпер, брат мой, не саюзнікі? — толькі Данілу, не пазіраючы на баяр, сваім пытаннем адказаў Міндоўг.
— A іншыя літоўскія князі? — падаў голас Кірыла.
— Я за ix не магу гаварыць,— крыху скасіўшыся на Кірылу, прамовіў той.— Ix шмат, многія з ix альбо не маюць сваёй вотчыны, альбо маюць яе зусім невялікую, дык зыркаюць спадылба нават на мае ўладанні. I не толькi, як ведаеце, зыркаюць. Часта нават ідуць на маю Руту з мячом, спрабуюць захапіць яе. I не раз, i не два захоплівалі, змушалі мяне шукаць паратунку ў Навагародку.
— Што ты, князь Мендог, часта хаваешся ў Навагародку, мы пра гэта ведаем,— гнуў сваё Кірыла.— Мы не супраць гэтага. Але да нас даходзяць чуткі, што ты i князь Ізяслаў сустракаецеся i гутарыце сам-насам больш, чым трэба таго для твайго паратунку ад князёў-супернікаў...
[30] Ужо ў XII стагоддзі асобныя вялікія кіеўскія князі спрабавалі іменаваць сябе якраз так.