— Аллес цурук! Аллес цурук![24]
I трэба ж, калі ён, Усяслаў, уцягнуўся ў бой, калі князь Даніла зноў ускочыў на каня i павёў за сабой усіх у наступ, дык вось у гэтую радасную хвіліну Усяслава нечакана ахаланіў старшы яго аховы Цішук:
— Ваявода, княжыч паранены!
На табе! Толькі нейкі міг не бачыў таго, але за гэтае імгненне вось такое. Недагледзеў! Дзядзька! Дай бог, каб княжычава рана была лёгкая. Тады яна будзе радасцю i славай для маладога нашчадка ўладара іхняй зямлі, першым ягоным баявым хрышчэннем. Ды... Як толькі Усяслаў пад'ехаў i ўбачыў на зямлі абкрываўленага i збялелага юнака, сэрца яго рэзка ўстрапянулася, а пасля зайшлося ад болю i адчаю...
...— Ваявода,— дыван каля ўвахода адхінуўся — у шатры пачуўся ціхі Цішукоў голас.
Усяслаў адплюшчыў вочы, вярнуўся ў думках з успамінаў у цяперашні час: у шатры было ўжо цемнавата, з двара сюды праз адхінутую занавеску даляталі ружова-чырвоныя водсветы ад недалёкіх шматлікіх вогнішчаў.
— Я не сплю, Цішук,— падаў ён голас крыху маладзейшаму, але смеламу i кемліваму вою, даўняму сябру i паплечніку з простых смердаў[25].
— Да цябе дворскі Андрэй, сын Іванаў.
Андрэй — дворскі[26] i ваявода князя Данілы, важны чын i знатная асоба Галіцка-Валынскай зямлі, любімец тутэйшага ўладара i ягонага брата Васількі.
Усяслаў падняўся i выйшаў з шатра, у мігатлівай ад блізкіх i далёкіх вогнішчаў паўцемені падаў невысокаму, яму па плячо, худому, але настойліваму, хітраму калегу руку.
— Прымі, ваявода, i ад мяне шчырае спачуванне ў вашым горы,— прамовіў той.— Вялікая бяда i князю Ізяславу, i вам усім.
Яны прытуліліся плечукамі i памаўчалі хвіліну-другую.
На полi, дзе гарэла мноства кастроў, пачуўся тупат i пачалі слацца доўгія цені: вярталіся тыя, хто хадзіў у пагон за пераможанымі. Праз хвіліну-другую сюды падскочыла некалькі вершцаў на задыханых конях. Усяслаў спачатку падумаў, што гэта іхні тысяцкі, якога ён паслаў гнацца за ворагам, але гэта быў навагародскі сусед — князь Міндоўг са сваёй аховай i баярынам Хвалам.
Міндоўг хутка спешыўся i адразу рушыў да Усяслава.
— Якая бяда! Якое гора!— прыпаў да ягонага плечука, прамаўляючы на дрыгавіцка-крывіцкай гаворцы. Спачуваў i заадно нібы апраўдваўся за былое: той-сёй у Навагародку шчыра лічыў, што ён не без патаемных намераў не ўратаваў іхняга серадольшага княжыча ад крыжацкага мяча.
— Што будзем рабіць, Усяслаў?— па праве добрага суседа i павагі да яго запытаў Міндоўг.
— Княжыча хутка адправім з тысяцкім Бялянам,— адказаў Усяслаў,— а нам з табой, князь, трэба застацца тут. Князь Даніла просіць.
— Шацёр для князя Міндоўга гатовы,— уступіў у размову дворскі Андрэй.— Мыйся, князь, пераапранайся — хутка вячэра. Грэх не адсвяткаваць перамогу.
— Як Усяслаў, так i я,— адступіў той, даючы прытуліцца да Усяслава свайму баярыну Хвалу. I ўжо ўсцешана: — Пабілі ўграў i ляхаў, шмат паланілі, a астатніх загналі ва ўсе шчыліны Гары. Шмат даспехаў, коней непрыяцельскіх узялі. Вялікія лупы![27]
Усяслаў міжволі ўсміхнуўся: любіць сусед пажывіцца за чужы кошт. Як i ягоныя дзяды ды прадзеды, не раз i не два дзеля гэтага дзёрзка набягаў на смаленскую, наўгародскую i яцвяжскую землі, на аўкштайтаў, жамойцаў i крыжакоў. Праўда, ca згоды i падбухторвання Полацка, a ў апошні час — i Навагародка ды Пінска, што засланялі яго зямлю з заходне-паўднёвага боку i з якімі ён мусіў саюзнічаць.
— Ваявода,— прамовіў Андрэй, калі Міндоўг i Хвал адышліся,— у нас мала часу, але нам трэба паглаголеці з вока на вока. Ёсць тое-сёе, пра што лепш перамовіцца без Мендога, ці не так?
— Я ўважліва слухаю цябе, дворскі, скупа прамовіў Усяслаў.
— Сарока, ваявода, пачала ўсё часцей i часцей прыносіць нам непрыемныя навіны з Ноўгародка... Андрэй «нача посольство правити».
«Іншым разам гэтую гутарку завялі б за вячэраю, калі пастараліся б напаіць i развязаць язык,— падумаў Усяслаў.— Цяпер ведаюць: сёння шмат піць не буду, дык князь Даніла даручыў прыціснуць мяне да сцяны цяпер».
— Хадзем у шацёр, прысядзем,— прамовіў уголас, рыхтуючыся лішне не прагаварыцца i не ўскіпець перад назольным i няшчадным Андрэем. Ён — як тая блыха: малая, але моцна джаліць.
— Пастаім тут,— сказаў той.— Я хачу сам бачыць, што нас не чуе чужое вуха. Дык чаму, ваявода, гэтыя навіны для нас непрыемныя?
— Я не ведаю, пра што пытае дворскі.
— Ліс ты, Усяслаў,— ухмыльнуўся, чапляючыся, Андрэй, кладучы локаць на кант блізкага шатра.— Такі, якім быў некалі твой цёзка, полацкі князь-ваўкалака!
— Давай, дворскі, не зневажаць продкаў,— нібы папрасіў, а на самай справе незадаволена сказаў Усяслаў.— Скажы, калі ласка, што ж непрыемнае табе настракатала наша сарока?
— Нечысцівае замышляеце вы. Князь Ізяслаў i ты ca сваімі аднадумцамі.
[24] Усе назад! Усе назад! (ням.)
[25] Смерд — селянін.
[26] Дворскi — упраўляючы княскай гаспадаркай.
[27] Лупы — ваенная здабыча.