Майстравыя людзі хутка паставілі драўляныя падпоркі, нацягнулі вяроўкі, абкрылі скурамі, дыванамі — неўзабаве ўжо стаяў шацёр на палавецкі манер для Усяслава.
Ён, распрануты да пояса, мыўся пад струменем цёплай вады, што ліў са збана яму на шыю i рукі ягоны верны дружыннік-ахоўнік Цішук, фыркаў, асвяжаўся, хоць сёння ад асалоды не цешыўся: не мог ні на хвіліну забыць княжычавай пагібелі. Калі зажмурваўся — i на дварэ, i потым у шатры, лежачы на палавецкіх пухавіках,— зноў i зноў, нібы на выяве малявальніка, бачыў карціну сённяшняга бою на той час, на які ён заспеў яго. Вось так, заплюшчыўшы вочы, бачыш увечар грыбы ці ягады, што збіраў удзень.
Калі ягоная дружына пасля полудня перайшла Сан, мінула ўжо досыць ускапычаны луг, дык на жвірыстай раўніне i на камяністым перадгор'і яны ўбачылі стракаты i яркі вялізны людскі i конны мурашнік — у ім вялікія мурашы ў даспехах спляліся па адным i малымі ды вялікімі гуртамі, калолі-дубасілі адзін аднаго коп'ямі, мячамі i сякерамі — нават у тупаце конскіх ног было чуваць, як там крычалі-енчылі-стагналі людзі, як звінела жалеза i сталь, i на вачах падалі на зямлю ўсё новыя i новыя забітыя ці параненыя.
Усяславу было даволі аднаго зацяжнога налоўчанага ваяводскага позірку, каб убачыць: князю Данілу — нявыкрутка. Няма ўжо ягонага рэзерву, няма ўжо яго самога на кіруючым узвышку каля княскай харугвы, усе — i маладыя, i самыя загартаваныя дружыннікі — у баі. Каб вораг не адкінуў i не ўтапіў у Сане, яны біліся зацята i адчайна — як Князевы воі ў бліскучых даспехах, а некаторыя, найбольш выбітныя, i з залатым ланцужком на грудзіне, так i апалчэнцы, прыкарпацкія руснакі ды гуцулы ў белых, вышытых на спіне кашулях, у сініх i чырвоных шараварах i ў шарсцяных панчохах ды чорных мяккіх чунях, узброеныя самым нечаканым чынам — сякерамі з доўгімі тапарышчамі, кінжаламі, лукамі, а таксама i арканамі. На ix насядалі простыя i знатныя венгры — з ix многія былі, здаецца, у палавецкіх аблямаваных шэрсцю каўпаках, у кафтанах ды ў шараварах, нават з палавецкімі шаблямі.
«Ці абрабавалі ўгры палавецкага хана Кацяна, калі той папрасіў у ix паратунку ад Батыгі,— мільганула думка ва Усяслававай галаве,— ці полаўцы сілай змушаныя ісці са зброяй на саюзнага ім Данілу?»[13]
Разам з венграмі лезлі напралом нямецкія рыцары ў вялізных шлемах з адтулінамі для вачэй i рота, у бліскучых панцырах i шчытах з залатой насечкаю, а таксама насядалі крыжакі ў белых мантыях ды манаскія ордэнцы, на харугвах якіх была намаляваная сабачая галава з палаючым факелам у зяпе (можа, i ад таго ix празвалі псамі-рыцарамі). Далей, на ўзвышку, быў стан варожага палкаводца: там узвысілася блакітная харугва з залатой каронаю Стэфана, якую неслі два ангелы. Паблізу харугвы стаяў знатны коннік — мабыць, венгерскі палкаводзец. Можа, i Фільній: чуткі як пра яго храбрасць, так i пра яго жорсткасць даходзілі i да Навагародка. Добра бачачы зверху, як пад бел-чырвона-белымі харугвамі набліжаецца, імкнецца на падмогу Данілу Усяславава конніца, той занерваваўся, штосьці закрычаў, замахаў рукамі — туды-сюды, у розныя бакі, паскакалі яго пасланцы, каб, канечне ж, перадаць старшым дружын ягоную новую каманду i перацягнуць больш сілы сюды: за імі спяшаліся i Міндоўгавы дружыны.
Хоць быў не маладзён ужо, не раз i не два біты, паранены ў баях i сутычках, аднак i цяпер Усяслаў адчуў трывожны прыліў хвалявання i страху перад хуткай сечай — i за сябе, i за моладзь; каб аспакайнець i стаць цвяроза разважлівым, ён, як заўважаў, а за ім услед i ягоныя дружыннікі на хаду залішне бязлітасна білі, аглушалі абчапляных жалезам рыцараў — тыя ці то спрабавалі падняцца на ногі ці, хістаючыся, пляліся на поле бою, каб ударыць галічанам i валынцам у спіны. Усяслаў падаў знак сваім трубачам — пачуўшы баявы кліч навагародцаў, дружыннікі князя Данілы пачалі расступацца, пакідаць ворага перад свежай сілаю; Усяслаў адціснуў княжыча ўбок, а ягоныя дружыннікі галопам уклініліся ў рыцарскі стан i адразу ж молада пацяснілі ашаломленых рыцараў. У бой навагародцаў павёў тысядкі Бялян.
Застаўшыся ў тыле з княжычам i аховаю, пакрысе ўтаймоўваючы хваляванне, Усяслаў ужо не траціў позірк на ўсё поле бою, a ўчэпіста засяроджваў яго на мечаванні малых i вялікіх гуртоў, вызначаючы, куды трэба перакінуць сваю сілу. Вось цяпер ён ужо ваўсю адчуў стальны звон, конскі храп, людскія енкі i крыкі. Boi, пераадольваючы страх i набіраючыся злосці ды няшчаднасці (не заб'еш ты — заб'юць цябе, пасягнуць на тваю сям'ю i на тваё дабро), лаяліся, абражалі яшчэ адны адных:
— Элёрэ! Батран![14]
— Бжыдаль![15]
— Гидь![16]
— Зобачце: Навагрудэк![17]
— Элёрэ! Батран!
— Фрыш драуф![18]
— Аусгаррэн![19]
— Айн блёфэр кэрл! Айн троттэль![20]
— Гавкай-гавкай, гндь! Нагавкаеш!
— Геть, гидота! Геть, посипака![21]
Абмацваючы вачыма поле бою, Усяслаў вышукваў: дзе ж знаёмая Данілава харугва, дзе яго знаёмае карзно? I нечакана ўбачыў у людской гушчэчы: Данілу з невялікай купкай людзей абкружылі венгры, той ca сваімі дружыннікамі адчайна б'ецца, аглушае, скідвае з коней усё новых i новых ворагаў, але вось некалькі пешцаў злаўчыліся i сцягнулі Данілу за карзно з каня.
— Бачыш, княжыч? — запытаў Усяслаў.
— Што?— з маладым, неўтаймоўным хваляваннем усклікнуў той.
— Угры палоняць князя Данілу,— паказаў мячом туды, дзе з дзесятак венгерцаў спрабавалі абваліць i жывога звязаць разгарачанага галіцка-валынскага ўладара.— Трэба адбіць яго.
— Мілы дзядзька![22] — аж падскочыў у сядле малады княжыч, замахаў мячом.— Дазволь мне выратаваць князя Данілу!
— Паспееш яшчэ праліць нечыю ці сваю кроў,— ужо спакойна прамовіў ён.— Было i яшчэ будзе шмат сечаў ды пабоішчаў.
— Але павінен жа я калі-небудзь праверыць руку не толькі ў гульні, але i ў баі! — не мог спакойна ўседзець у сядле той, з мужчынскай зайздрасцю бачачы, як яго аднагодкі скульваюць з коней рыцараў.
— Князю трэба не толькі твая дужая рука, але i ясная, разумная галава,— усё не дазваляў выхаванцу рынуцца ў атаку Усяслаў.— Глядзі ўважліва за боем, вучыся бачыць, як ён ідзе, думай, што i як рабіць, каб пераламаць яго на сваю карысць. Суцішвай эмоцыі i парывы, развівай здольнасці страціга. Ты ж — наш будучы князь!
— Я так ніколі не пабуду ў баі,— надзьмуўся той.— Да сівых валасоў буду отракам, тваім вучнем,— а пасля нечакана, парушаючы дамову з бацькам, неслух рэзка тузнуў свайго каня, ударыў яго шпорамі i свавольна панёсся туды, дзе на валаску вісеў лёс князя Данілы. Канечне ж, нарэшце хацеў паадолець свой першы, самы вялікі страх перад першым сур'ёзным боем i заадно молада хацеў паказаць усім, што ён смелы i добра ўжо навучаны, варты таго, каб на яго ўсе, найперш равеснікі яго юнай дружыны, а таксама i князь Даніла ca сваімі баярамі, глядзелі ўжо як на харобрага!
«Ну, княжыч, пачакай! Падсыпле табе князь!»— з такой помслівай думкай Усяслаў кінуўся ўслед за выхаванцам-неслухам — каб прыкрыць яго. Той ca сваёй аховаю (а ўзначальваў яе Усяславаў зяць, баярын Васілёк) уклініўся ў непрыяцельскі гурт, сек-церабіў дарогу да князя Данілы; Усяслаў замечаваў i заадно намагаўся бачыць княжыча хоць краем вока, крычаў, каб той вярнуўся ў тыл, ды той не слухаў, задзірыста наскакваў то на аднаго, то на іншага непрыяцеля, i адразу было відаць: у яго яшчэ няма халоднай развагі i лучных удараў, ён зашмат марна траціць энергію i сілу.
Не пайшоў-пабег, а марудна пацягнуўся час нямала ўжо вырвалася i панеслася ў неба мужчынскіх моцных слоў, стогнаў, непрыязнага шалу i ап'япення ад сечы, нямала вылілася поту i крыві, прагучала апошніх, перадсмяротных i звернутых да маці ўскрыкаў, пакуль, нарэшце, не адбыўся адчайны пералом:
— Венгжы ўцекаен!..[23]
[13] Тагачасная жонка Данілы Галіцкага была дачкой былога наўгародскага князя Мсціслава Удалага i ўнучкай палавецкага хана Кацяна.
[14] Наперад! Не бойся! (венг.)
[15] Пачвара! (польск.)
[16] Гад! (укр.)
[17] Глядзіце: Навагрудак! (польск.)
[18] Смялей наперад! (ням.)
[19] Трымацца да канца! (ням.)
[20] Прыдурак! Абэлтух! (ням.)
[21] Прэч, брыда! Прэч, паслугач! (укр.)
[22] Дзядзька (пястун) — выхавацель.
[23] Венгры ўцякаюць!.. (польск.)