Хоць, калі быць зусім праўдзівым, сёлета ўсё ж i ў штодзённай звыкласці былі свае свежыя навінкі: да слова, Усяслаў цяпер неяк іначай, болей узбуджаней i радасней, чым раней, сустрэў сакавіцкае адліжнае цяпло, калі i без сонца, у цёплым, нібы парным тумане асеў, паплыў снег, калі нечакана ў Навагародак аднекуль прыляцела плойма гракоў, што зацьміла сабой рэдкіх сарок, якія дагэтуль мігцелі чорнымі хвастамі на сметніках i адляталіся, калі хто адчыняў дзверы i выходзіў з хаты, ці адзінокіх варон, што, насупіўшыся ці ўсё выцікоўваючы, цярпліва i ў халадэчу сядзелі на плоце альбо на кранасной сцяне ці дрэве, гракі ўміг абселі высокія бярозы, ліпы i ўсчынілі такі радасны галас-гвалт, што ад яго аж закладала ў вушах; любуючыся, Усяслаў назіраў за дружнымі i вясёлымі ручаінкамі, за вялікай шумнай паводкаю, а затым, калі яшчэ не ўвесь сыйшоў снег, i за раннімі гэтай вясной бусламі, жаваранкамі, якія незвычайна хораша, клічучы цяпло, заліваючыся, апявалі з вышыні неба i гоні, што ўжо мясцінамі лёгка i весела зацешылі вочы зялёнай рунню, чорнай, а на болей падагрэтых пагорках i шараватай зямлёю, лапікамі паплавоў са старой травою; люд з узрушэннем, нават незразумелай прагаю да работы ўжо ўскапаў градку-другую цяжкога сырнягу каля дому, пасадзіў моркву, буракі, a ў зацішным сонцапёку i капусту на расаду i з хваляваннем пачаў чакаць таго часу, каб выйсці ў поле з сукаваткам!, смыкамі, раламі, разакамі, драпачамі i баронамі. Калі ж прыляцелі i засвісталі каля сваіх дамовак шпакі, дык i зусім павесялела на душы.
Усяславаў настрой быў не толькі ад таго, што вось i яшчэ раз, але па-новаму ці на сталейшыя вочы ды розум ідзе, бярэ сілу вясна, але i таму, што, бачачы змены i навіны (скажам, вось пракурлыкаў ужо высока ў небе жураўліны касяк, ціхенька ўночы прашмыгнулі над Навагародкам качкі да рэчак i азярын альбо вось ужо забухмаціліся коцікі на лазоўі, запахла зямлёй i падскочыла першая, дзікая зелянота, вельмі залівіста ўдзень звіняць дзіцячыя галасы, a ўночы чуецца адмысловы малады рогат ад узбуджанай, захмеленай крыві),— дык вось Усяславаў настрой сёлета падладжваўся i пад чаканне: вось тады i тады, калі тое ці іншае настане, абрадзініцца Любка.
Чым бліжэй да канца ачышчанага дажджамі i маланкамі, абгруканага громам, азелянелага, пахкага ад асыпанага яблыневага i грушавага квету, ад зацвілага бэзу травеня, тым большае яго было душэўнае ўзрушэнне.
Праўда, перад красавіком усё ж адна пабочная навіна змусіла часцей, чым звычайна, забіцца сэрца, а то трошкі i выбіла з каляіны. Гэта ад весткі з Холма: туды з Батыевага стану вярнуўся князь Даніла. Яго самы небяспечны супернік, Міхаіл Чарнігаўскі, не стаў на калені i не ўнізіўся перад манголамі, дык таго забіў ударамі нагі ў грудзіну, у сэрца, мангольскі кат-велікан, а вось князь Даніла (як i Аляксандр Неўскі) скарыўся, выявіў такія паслухмянства i паслужлівасць, што яго не толькі адпусцілі жывым, далі яму ярлык на яго ж вотчыну, але задаволены Батый паабяцаў яшчэ i ў любы час, калі папросіць Даніла, даць яму сваю сілу, каб ён уціхамірыў суседзяў-непрыяцеляў (бацьку Аляксандра Неўскага, вялікага князя Уладзіміра-Суздальскай зямлі Яраслава, Батый адаслаў у Каракорум, на выпрабаванне самога вялікага кагана).
Хоць князь Даніла «велми печален еси» — мабыць, з-за выцерпленых прыкрых уніжэнняў у Ардзе ды з-за нечаканай смерці любімай жонкі,— але тое, што яму падакляравала мангольская ваенная помач для яго карных акцый на карысць сабе i Батыю, насцярожыла i засмуціла Усяслава: Даніла цяпер — не проста галіцка-валынскі ўладар i мангольскі васал, віж, наглядач, ён — i карнік над суседнімі землямі. Над Навагародкам найперш. Будзе, канечне, мець пад пільным назіркам i Літву, Яцвязію, бліжэйшыя польскія, венгерскія землі.
Пад канец красавіка, змірыўшыся ад укленчванняў у Ардзе i ca стратай маці сваіх малых дзяцей, Даніла прыслаў у Навагародак ганца — каб якраз Усяслаў прыехаў у Холм пачуць ягоную волю. Князь Ізяслаў параіў яму не ехаць, не прысягаць на пакору, спаслацца на тое, што жонка «на сносях», а замест сябе паслаць Расціслава, няхай той, іхні ўгоднік i падлізнік, уважна, разявіўшы рот, выслухае ўсё i па-лёкайску запэўніць у вернасці. Расціслаў, праўда, крыху з насцярогай пачуў гэты «давер» сказаць слова за Навагародак, бо душой адчуваў іхні хітры ход, адгаворваўся, што ідзе вясна, хутка араць i сеяць, але ўрэшце падаўся з вялікім початам i падарункамі. Вярнуўся пад канец травеня i князю, яму, Усяславу, ды на Радзе хваліўся, што яго сустракалі з пашанотай (Голубаў чалавек з Холма перадаў іншае: князь Даніла вельмі незадаволіўся, што не прыехаў на паклон якраз ён, Усяслаў, ваявода, доўга не хацеў дапускаць у свой хорам іншага навагародскага пасланца: «Зачем мне этот жирний и ледачий[76] кабан?!», але ягоны дворскі Андрэй усё ж угаварыў зміласцівіцца i сустрэцца з «негарной»[77], але «услужливой нам людиною»), а яшчэ Расціслаў аж з захлёбам гаварыў пра тое, якую вялікую моц цяпер мае Даніла, што той ледзь не Батыеў дарадца па гэтым кавалку Еўропы i што той цяпер больш зоймецца Навагародкам, зноў верне яго пад сваю волю. Калі трэба будзе, дык i сілаю, нават i мангольскай. «Так i сказаў князь Даніла,— выпінаў Расціслаў,— Навагародак — вотчыну дзяцей Яраслававых — не адпушчу i Hiкому не аддам! Гэта — мае, толькі мае ўладанне!» Адным словам, Расціслаў фанабэрыўся, што ён зноў у сіле, ён нават па Данілавым наказе становіцца першым пасля князя Ізяслава. «Паехаў бы баярын Усяслаў у Холм, дык, можа, яму б была Данілава міласць,— не тоячыся, пераможна, нават дурнавата ў сваёй штучнай смеласці цешыўся Расціслаў.— Але баярын Усяслаў — адшчапенец-гардавус, яе захацеў накланіцца нашаму вярхоўнаму ўладару. Вось за гэта ён i пакараны, мусіць саступіць тут сярод баяраў i на Радзе першынство мне».
Hi Усяслаў, ні іншыя не аспрэчвалі i не супынялі Расціслава, пільна выслухалі ягоную ўсцешлівую, нібы ў дзіцяці, пахвальбу. Праўда, толькі стары i хітры ахоўнік пячаткі, Звеніслаў, адчуўшы, што падзьмуў новы вецер, заліслівіў перад Расціславам, ужо не так аддана зазіраў у вочы Усяславу, Бяляну i айцу Кірылу, пачаў уголас хваліць князя Данілу: «О то леў! Цар звяроў!» Пасля гэтага рабілі тое, што ішло ад князя i што перадаваў Усяслаў, Расціслава цярпелі як назойную муху, каб ён ее абураўся i лішне не нагаворваў на ix праз свайго чалавека ў Холм, з ім нават нібы раіліся, слухалі яго доўгія i нудныя павучанні, але спаўнялі ўсё па-свойму, a халі назойны Расціслаў настойваў, дык слухалi яго ў нейкай дробязі, а заадно намагаліся i лішні раз-другі пахваліць за што-небудзь князя Данілу, Андрэя-дворскага, Расціслававу Раксану за яе цяперашнюю строгасць да баярскіх жонак i дачок.
4
Вось паволі i настала ў чэрвені, пасля зацяжной гарачыні, нават некалькіх тыдняў пякельнай спякоты, а пасля выратавальнай вялікай навальніцы, што асвяжыла, напаіла зямлю, траву i дрэвы,— дык пасля гэтага прыйшла часіна, якой так чакаў Усяслаў.
У адну яшчэ зусім ціхую 1 цёмную раніцу ён прачнуўся ад ледзь чутных галасоў i крокаў, што былі чуваць не столькі самі на сабе, колькі ад таго, што ад ix парыпвалі маснічыны. Апрануўшыся, ён выйшаў са спальні i. адразу ўбачыў: на першым паверсе, адсоўваючы сюды змрок, скупа мігціць свечка. Калі пачаў спускацца па лесвіцы ўніз, дык нечакана ледзь не спаткнуўся: з Любчынага пакоя (Любка не захацела перабрацца ў пакой баярыні-нябожчыцы, вярнулася ў свой, дзе яе, тоўстую i цяжкую, як кажуць, ужо на россыпе, апошнія дні i ночы даглядала Марыля) пачуўся адчайны жаночы, канечне ж, Любчын крык. Калі ён асцярожна прачыніў дзверы, каб паткнуцца туды, дзе на ложаку то падхоплівалася, то падала на спіну, як бачыў пры святле свечак, знявечаная болем i страхам яго любіміца ў белай кашулі i з распушчанымі валасамі, дык яго, згледзеўшы, адразу ж выпхнула сюды, у вітальню, Бялянава маці, баярыня Купаліна:
— Табе, Усяслаў, няможна сюды!
Калі тут Купаліна, дык яна прыйшла быць бабкайпавітухай, каб пазней стаць хроснай бабкай, што вялікі шнар для кожнай пажылой жанчыны. A калі тут i родавая бабка, Марыля, дык ясна: сёння Любка павінна радзіць.
— Ёй вельмі баліць?— занепакоіўся ён, моршчачыся ад пранізлівага Любчынага енку.
— Гэта вам, мужчынам, толькі насалода ад таго, а бабе яно яшчэ i болем выходзіць,— пажартавала Купаліна, жанчына бойкая i вясёлая.— Так што такая яе ўжо доля цяпер — енчыць i тужыцца... Але не бялей, усё добра будзе. Мы з тваёй Марыляй ужо адагналі злых духаў i нажом, i ніткай чырвонаю, i абруч з дзяжы здымалі i надзявалі яго тры разы зверху ўніз на Любку...
— Вы ж глядзіце яе,— разгублена папрасіў ён.
— Хіба ты не чуеш, што кажу?— усміхнулася тая, поўная, але яшчэ статная жанчына.— Не першы ж раз буду бабіць немаўля, бо не хачу на тым свеце зайцоў пасвіць... А ты, чалавеча, не слухаў бы гэтай бабскай раўні, як i ўсе, сам сышоў бы з дому. Паенчыць, палямантуе ды i родзіць, як i мы некалі раджалі.
— Не, Купаліна, я пабуду тут.
— Але ёй лягчэй было б, каб тут нікога старонняга не было.
— Ідзі туды, Купаліна, спрыяй ёй неяк.
— Відаць, што любіш сваю Любку,— тая была непарушная i ўрачыста вярнулася да цяжарнай, зачыніўшы за сабой шчыльна дзверы.
Ён, хоць ведаў, што сапраўды цяпер лепш яму, мужчыне, было б пакінуць дом, але не выйшаў, тупаў сюды-туды па вітальні, супакойваўся, калі Любка заціхала, i ажно дранцвеў, дрыжэў, калі яна зноў адчайна i роспачна лямантавала на ўсе свае маладыя лёгкія. I паколькі енк-лямант усё часцеў i мацнеў, Усяслаў адчуваў: набліжаецца тая хвіліна, калі Любка павінна вызваліцца ад дарагога, але цяжкага бярэмя, выпусціць на гэты свет таго, каго клапатліва i з любоўю вынасіла, стаць ужо не толькі паўнацэннай, мілай, але i свяшчэннай жанчынаю — МАЦІ. Калi пасля світання ўжо, калі святло ад свечачкі звузілася да невялікага жоўтага язычка на самой свечцы, Любчын адчай, роспач, боль, енк-лямант зліліся ў адзін зацяжны крык — мабыць, напружыліся аж да парываў яе мускулы i разыходзіліся косці. Усяслаў зажагнаўся i пачаў горача шаптаць: «Памажы ёй, Божа! Памажы ёй, Божа!», сам сабе, у думках, кленучыся, што, калі выйдзе ўсё добра, дык ніколі на Любку-пакутніцу не толькі не падыме рукі, але i не павысіць на яе голас. Калі ж яе крык перашчыкнуўся, замёр усярэдзіне, дык ужо загалакалі Марыля i Купаліна: «Не cпi! Тужся! Крычы!»— i, здаецца, хлісталі яе па шчоках, змушаючы тую зноў абудзіцца i сіліцца.
Усяслаў змалку ведаў, што калi раджае цяжарная, дык усіх выганяюць з дому i ў дом нікога не пускаюць, найперш дзяўчат, a калі якая заскочыць, дык яе змушаюць расплесці касу, а то i даць са свайго роту вады парадзісе. Паколькі ён быў у вітальні, паблізу ўваходных дзвярэй, дык ніхто не мог сюды нават паткнуцца; пасля, абдумаўшы, што яшчэ робяць, ён выйшаў на двор, i калі ўбачыў там Любаміра, які бадзяўся каля варыўні, загадаў таму:
— Бяжы да айца Кірылы i папрасі ад мяне, каб ён у царкве адчыніў царскія вароты.
Той, пачуўшы загад, не прамовіў ні слова, падаўся з двара. Невясёлы, нават пахмурны. Канечне, хацеў бы, каб сёння Любка нарадзіла дзіця ад яго.
Вярнуўшыся ў дом, Усяслаў зноў выйшаў на двор. I гэтак тры разы пераступіў парог. Потым тры разы абышоў стол на кухні, пастукваў нагамі аб падлогу, a венікам у столь — клікаў, прасіў дамавіка, каб той спрыяў Любцы.
Яна ж зноў, але на гэты раз яшчэ болей безнадзейна, нават нібы безвыходна зайшлася немым крыкам ды болем, а пасля зноў быццам праглынула свой лямант. Усяслаў наструніўся, аж холадна ўспацеў ды адчуў, што замірае сэрца: адтуль, з Любчынага пакоя, спачатку пачуўся тоненькі дзіцячы, але досыць звонкі піск, а за ім пачуліся ўсмешлівыя жаночыя галасы-ўсклікі, радасныя воклічы. Выдыхнуў паветра з грудзіны: дзякуй Богу, абрадзінілася, a дзіця жывое! Ён — зноў бацька! Цікава: хто ж у яго? Сын? Дачка?
Даволі хутка адчыніліся дзверы, i сюды вызірнула Купаліна. З усмешкаю ў лагодных вачах i на вуснах:
— Зайдзі, Усяслаў.
Ён, хвалюючыся не меней, чым некалі, калі станавіўся бацькам першы раз, паспяшаўся ў занавешаны i па-ранейшаму асветлены свечкамі пакой: Любка, белая, пакрытая потам, з пакусанымі i падсінелымі вуснамі, ляжала адкінуўшы набок галаву, а каля яе стаяла Марыля, шчасліва трымаючы на руках у беленькім прасцірадле невялікі згортачак.
— Жывая, жывая твая Любуся, праз сонцаварот які зноў будзе вось гэтак крычаць на ўвесь белы свет!..— супакоіла яго тая, бачачы, як ён спасцярожліва азірае парадзіху.— Разгарні прасцірадлачка, пабач, каго вы прыдбалі!
[76] Лянівы, a ў пераносным значэнні паганы (укр.).
[77] Непрываблівы (укр.).