Фільній — вядомы венгерскі палкаводзец. Канечне ж, марыў сёння выйграць бой, замест ваяўнічага i грознага Данілы (а такім валынскі князь стаў для Еўропы i Папы Рымскага ў 1237 годзе, калі ён ушчэнт разбіў крыжакоў-набрыднікаў каля Драгічына) пасадзіць тут на пасад паслухмянага сына чарнігаўскага князя, але вось цяпер клыпаў не як пераможца над славутым князем i тайны ўладар гэтага краю, а як пабіты i запалонены няўдачнік. Усяслаў бачыў яго разы два, дык пазнаваў знаёмае аблічча: пажылы, на гадоў сем старэйшы за Данілу, смуглявы, з вялікімі чорнымі вусамі i выгаленым падбародкам, з кароткімі валасамі i ў дарагой бліскучай стальной кipace, па версе якой быў шаўковы бурачковы плашч.
— Ну што, барон? — калі дружыннікі падвялі яго сюды, уджаліў Даніла.— Добра падсыпалі мы табе?
— Каб не Мендог i не яны,— павёў той вачыма па Усяславе,— дык, можа, герцаг, не я тваім, а ты быў бы маім палонным.— Апусціў галаву, зірнуў на мёртвага княжыча.— А ты, ваявода, дарэмна прынёсся са сваіх лясоў памагаць: герцаг Даніэль — не толькі наш, але i ваш, навагрудскі ды літоўскі, вораг. Мы, каб перамаглі сёння, на вашы землі не пасягалі б, а вось герцаг пасягаў i будзе пасягаць...
— Змяя ты, барон,— ухмыльнуўся Даніла.— Калі ўсходні тыгр Батыга[7] падыходзіў да Кіева, я сам прыехаў да вас, прасіў-маліў: памажыце адбіцца ад бязлітаснага звера. Вы ж спачувалі, ахалі ды охалі, але не пакраталі нават пальцам. Мабыць, думалі: Батыга паб'е Данііла[8], а да нас праз Гарбы не палезе. Не выйшла. па-вашаму, той знішчыў старажытны i слаўны наш Кіеў, віхурай пранёсся па галіцка-валынскай зямлі, пераваліўся праз горы i паразганяў вас, як мышэй. Цяпер вы акрыялі, дык рашылі пажывіцца, лічачы, што ў нас ужо няма сілы даць здачы. Ажно, бачыш, знайшлі яе. І не ўдасца вам сутыкнуць нас, праваслаўных, ілбамі...
Усяслаў добра разумеў Данілаву злосць: нядаўна ён сватаў свайго старэйшага сына, Льва, да дачкі караля Бэлы, але з гэтага нічога не выйшла. Бэла не хацеў умацоўваць уладнага ды славалюбівага суседа-суперніка, насуперак яму парадніўся з беглым сынам чарнігаўскага князя — як ca сваім наёмнікам i стаўленнікам на гэтых во землях.
— Здаецца, гэты юны герцаг — апошні сын герцага з Навагрудка? — запытаў Фільній ва Усяслава, як чутно было, маючы неблагія звесткі пра бліжэйшыя славянскія землі.
— Не пляці інтрыг, барон,— абсек яго Даніла.— Яшчэ раз скажу: пасварыць нас табе не ўдасца. Цяпер сам час змушае нас i ноўгарадцаў быць разам.
— Вам i разам не ўстояць супраць воінаў веры Хрыстовай i мангольскага тырана,— ухмыльнуўся той.— Выбар для цябе, герцаг, невялікі: альбо немінучая пагібель, альбо быць пакорлівым васалам Батыя! Які ты не горды, але станеш перад ім на калені, як той жа вялікі князь уладзімірскі Яраслаў, які літаральна выпрасіў у сталіцы Залатой Арды ярлык на княжанне ў сваёй зямлі. Так вымольваў, такую падакляраваў багатую даніну, што Батый падкінуў яму з міласціны яшчэ i руіны вашага славутага Кіева!..
— Гэта не твае, барон, а нашы, славянскія, клопаты,— ускіпеў у душы, але стрымана працадзіў скрозь зубы Даніла.— Нам самім рашаць: ці ісці на пагібель, ці... З кім-кім, a з табой, вераломным, не буду раду трымаць, што рабіць. Ды ты, барон, цяпер пакланяешся мне, станеш перада мной на калені, каб я не кінуў цябе ў загарадзь да галодных псоў. Злы я на цябе вельмі: шмат ты патаптаў маёй зямлі, пабіў маіх людзей. Нават параненых вояў не шкадаваў, даколваў i дарэзваў!
— У Марса свае законы, герцаг,— скурай адчуў Фільній, што жорсткі Даніла сваіх слоў проста так не кіне на вецер.
— Я не горш за цябе, барон, ведаю гэта. Але да параненых павінна быць у пераможцы літасць i спагада. Ты ж парушаеш i чалавечую спагаднасць, i законы сваёй веры, звыш меры неміласэрны.— I да дружыннікаў: — Вядзіце i бярыце на ланцуг! Вока з яго не спускайце! Я пагляджу, як цяпер са мной будзе гаварыць гардавус[9] Бэла! I ляхам ды крыжакам няхай гэта будзе ўрок! — Прытуліў Усяслава, давёў да ягонага каня.— Разам мы, ваявода, сіла!
Даніла падаў знак — дружыннікі падкінулі Усяслава на мяккае лямцавае з сярэбранай акантоўкай сядло; ён як трымаў на сагнутай левай руцэ свой бліскучы шлем з узорыстай насечкай, так i не падымаў яго; чацвёра гоных навагародскіх дружыннікаў — два спераду i два ззаду — паднялі i паняслі на карзне забітага княжыча. За імі панурыста пакрочыла княжычава i яго, Усяславава, варта.
З-пад Гары цягнуліся i цягнуліся параненыя; здаровыя вялі на павадах альбо конна гналі перад сабой сваіх i чужых скакуноў — сталыя, абабітыя ўжо ў сечах коні крочылі стомлена, але паважліва, нібы знатныя, не скораныя i ў палоне воі, а вось іхнія маладыя, ашалелыя ад нядаўняга пабоішча, крыкаў, стогнаў i паху крыві суродзічы — найперш венгерскія i польскія выпешчаныя ды свавольныя жарэбчыкі — мітусіліся, таўкліся адзін з адным ды з перапуду стрыглі раз за разам вушамі.
Князь Даніла, седзячы на пазалочаным сядле, ехаў на любімым арабскім белым скакуне побач, але ўжо моўчкі. Мінулі рыхлы ад тысяч конскіх ног жвірысты пляц, а потым перамяшаны з зямлёй прыбярэжны луг, што сённяшняй раніцай быў яшчэ зялёны ад травы. На бела-жоўтым пясчаным беразе, дзе звычайна грэюцца на сонцы, корпаюцца ў пяску дзеці, Даніла запыніўся — ягоныя маладыя дружыннікі адразу ж падбеглі, памаглі спешыцца яму i Усяславу. Грузнучы ботамі ў мяккім i сыпкім рачным пясчаніку, яны пайшлі да броду, кудой перапраўляліся на гэты бок; Даніла, зняўшы шлем i перадаўшы яго дружынніку, першы ступіў у ваду, апаласнуў рукі, твар, валасы i шыю.
— Ух! — усцешыўся, выпрастаўшыся.— Вада — жыватворная!
З шумам, узбіваючы пырскі вады, увайшлі i ўбеглі з-за іхніх спінаў у раку сасмяглыя коні, але ім не давалі шмат піць, толькі дазволілі некаторым з ix упасці i закачацца, падняць угору ногі з бліскучымі падковамі на капытах, змыць з сябе пот i пыл, ад чаго вада ў Сане стала зусім мутнай.
Канечне, падумаў Усяслаў, добра было б i ім, людзям, скінуць з сябе цяжкія даспехі, скажам, вось яму — зіхоткую, сям-там апырсканую чужой крывёй кальчугу, шырокі скураны пояс з сярэбранымі бляшкамі, на якім вісеў падараваны князем Ізяславам прыгожы i трывалы меч (падарунак гэты быў яшчэ гадоў дзесяць таму, калі князь, Рада i веча блаславілі яго быць навагародскім ваяводам), а заадно мяккую, але потную паддзеуку, нырнуць да халоднага дна, каб змыць з сябе ўсё непрыемнае i набрацца ад зямлі i жывой вады новай сілы. Ды цяпер не да гэтага.
— Хадзем, ваявода,— прамовіў Данiлa і, паглыбляючыся па калені, запрасіў яго на той бераг, у свой стан.
Усяслаў пакрочыў за ім — імклівая халаднаватая вада зносіла ўбок, але заадно асвяжала ногі, а пасярод ракі i паясніцу.
— Цёплай вады, свежую апратку i шацёр ваяводзе,— на беразе адразу загадаў сваёй чэлядзі галіцка-валынскі валадар.
— Дзякуй, князь,— сказаў яму Усяслаў,— але я не магу застацца тут нанач. Мушу, як толькі пасвяжэе, падацца ў дарогу. Шлях няблізкі, дні спякотныя — трэба давезці княжыча як мага ў лепшым выглядзе.
— Разумею цябе,— сёння, як ніколі, той быў памяркоўны.— Зараз жа мае людзі паскачуць у Яраслаў, зробяць ладдзю[10] i прывязуць з пограбаў старога лёду, потым пачаруюць мае лекары — княжыча адправіш, як i хочаш, уночы. Але сам затрымайся, дарога твая доўгая, дагоніш сваіх яшчэ на Берасцейскай зямлі.— I, наблізіўшыся, каб ніхто не пачуў, прашаптаў: — Хачу аддзячыць табе шчыра i шчодра. Баяры мае казалі: князь Ізяслаў гардавусам стаў, не прыйдзе памагчы i цябе не пусціць. Але ты прыйшоў i Міндоўга прывёў.
— Мендог сам прыйшоў,— адказаў Усяслаў, не хочучы нагаворваць на суседа-саюзніка, якога даўно ўжо недалюблівае Даніла, а то i лічыць за аднаго з самых небяспечных ворагаў: былі на тое свае прычыны.
— Хоць вы ўступілі ў бой пазнавата, але ваш прыход добра падняў наш дух i ашаламіў уграў ды ляхаў,— прызнаў горды Даніла.
— Ты, князь, хораша сказаў Фільнію: цяпер нам трэба быць разам супраць ворагаў, што абкружылі з усіх бакоў,— прамовіў негаваркі Усяслаў i тое, пра што думаў, i для таго, каб усыпіць Данілаву насцярогу да ix, навагародцаў.
— Дзякуй, Усяслаў,— сказаў Даніла, усцешыўся.— Мой сябар маленства, кароль Бэла, бач, палічыў: мы цяпер зусім слабыя, дык ён возьме мяне голай рукою i пасадзіць на маё месца зяцька Расціслава. Свярбіць яму ўсё ж дадаць да свайго тытулу «рэкс Галіцыэ эт Ладамірыэ»[11], хоць яшчэ яго бацька ведаў: не ўдасца ім гэта. Вось чаму мы i невялікай сілай, у тры тысячы конных i пяць сот пешцаў, стаялі насмерць. A калі ўгры i ляхі, прадчуваючы перамогу i спажыву, кажу, угледзелі пыльную хмару ад ног вашай конніцы, дык разгубіліся i пабеглі.— I зусім шэптам: — Шчыра дзякую, Усяслаў, i за мой паратунак. Вельмі ж ціснулі ўгры, мае дружыны пачалі адступаць — мусіў сам кінуцца ў гушчу бою... Каб не твая падмога, дык, можа, i паланілі б, аддалі б на згубу Расціславу...— Прыхіліў i пацалаваў.— Я твой вечны даўжнік, дружа!
Іншым разам Усяслаў, можа, i ўсміхнуўся б: што бывае вечнае ў людзей, тым больш у князёў? Сёння, калі рады i вясёлы, той-сёй з ix дзякуе, a заўтра...
Усяслаў добра ведаў Данілу яшчэ з часоў першай сутычкі з мангольскімі набежнікамі на Калцы, калі яны, маладыя, былі як след пабітыя i ледзь выратаваліся ўцёкамі (параненага ў грудзіну Данілу выімчаў верны конь); за апошнія дваццаць гадоў яшчэ болей пазналі адзін аднаго ў розных баях i спрэчках — не раз плячо ў плячо хадзілі на яцвягаў, на Конрада Мазавецкага, адбівалі крыжакоў i нават прыйшлося сутыкнуцца ў баі адзін з адным. Да слова, тады, калі яны, навагародцы разам з літоўскімі князямі, рашылі памагчы Пінску, калі той сабраў досыць вялікую кааліцыйную сілу супраць Данілы: пінянам надакучыла ўжо зацяжное пасяганне паўднёвага суседа. Праўда, сталыя i хітрыя галіцка-валынскія верныя баяры падказалі маладому Данілу, як раз'яднаць іхнія сілы, зноў падпарадкаваць Пінск[12], але з таго часу піняне затаілі помету i тайна саюзяцца з Навагародкам i з Міндоўгам, дазваляючы таму i іншым літоўскім князям набягаць праз іхнія землі на Данілавы ўладанні. Праўда, піняне ў той жа час не замінаюць Данілу i яго брату Васільку ісці ў пагоню за літоўцамі, а пасля «святкуюць» разам з паўднёвым уладаром перамогу. Палітыка. Яны — употай змоўленыя навагародцы, ваўкавысцы, свіслачане, слонімцы, піняне, тураўчане i берасцейцы — былі пільныя i добра сачылі, каб i Данілу аслабляць, i літоўцаў не ўмацоўваць, каб спакваля набірацца моцы самім. Адным словам, Даніла i Усяслаў няблага ведалі, хто мае якія звычкі i нораў, сілу i спрыт, развагу i рашучасць. Што да Данілы, той лагодны i шчодры, калі ўсё выходзіць так, як ён хоча, але калi штосьці не па ім, дык тады гнеў i жорсткасць ягоныя не ведаюць межаў. Хіба не пра гэта гаворыць тое, як ён у свой час абышоўся з цесцем Мсціславам: той са сваёй сілаю памог выгнаць чужаземцаў, асядлаць некаторых непакорлівых i мяцежных баяраў, узвысіў над Галіцка-Валынскай зямлёю, вадзіў яго на Калку, а ён адплаціў таму чорнай няўдзякай — праўда, потым, пасля Мсціслававай смерці, наракаў, што ix перасварылі некаторыя зламысныя баяры: маўляў, уладны цесць хацеў яго мець толькі за васала...
— Затрымайся, Усяслаў,— прамовіў Даніла.— Хачу штосьці сказаць табе, а пра штосьці запытаць i пачуць ясны адказ...
2
[7] Маецца на ўвазе тое, што Батый меў пайцзу (вярыцельную грамату) з вышэйшым у манголаў рангам — з адбіткам галавы раз'юшанага тыгра.
[8] У летапісах i ў гістарычнай, мастацкай літаратуры рознае найменне тых асоб: Данііл-Даніла, Бату-Батыга-Батый, Міндоўг-Мендог, Войшалк-Войшаль... Тут i далей аўтар выяўляе свой погляд на гэтыя імёны.
[9] Ганарлівец.
[10] Князёў-нябожчыкаў у старажытнасці везлі на санях альбо неслі ў ладдзі
[11] «Кароль Галіцыі i Валыні» (лац.).
[12] Гэтыя падзеі гісторыкі пазначаюць 1228-ым, 1229-ым, а то i 1230-ым годам.