– Тады я зайду, – пагадзіўся Сямёнаў і плюхнуўся на ложак побач з Марынай. – Во бурбалкі, я ведаю, яны табе зараз патрэбныя болей за ўсё, – і дастаў аднекуль паўбутэлькі ледзяной кокаколы.
Ужо толькі за гэтае яго варта было пакахаць.
Каханне і зубы ў маладых баляць аднолькава.
Пачынаецца ўсё раптоўна: толькі што ты быў чалавек-чалавекам, сядзеў на канапе, глядзеў у акно, пры наяўнасці вольнага часу калупаўся ў носе ці, згодна з патрабаваннем фразеалагізму, лічыў варон, і раптам – жа-а-а-ах! – і баліць. І так баліць, што дах зносіць, здаецца, зараз бы адчыніў вакно і скочыў бы ўніз, туды, куды падаюць, распрастаўшы крылы, вароны, якія ўбачылі на зялёнай траве крывавы кавалак мяса.
Ой, баліць, мамачка, сілы няма. І віруе, і рве, і падымае ўсё знутры, і ты імчыш рабіць хаця б што-небудзь: бачыць яго, дакранацца да кашулі, гістэрычна рагатаць над нясмешнымі ягонымі жарцікамі ці проста сядзець самотна на падаконніку, а ён мімаходзь запытаецца: «Ну што, малыш, засумавала?» – і тут ты павернешся да яго, а вочы такія глыбокія-глыбокія, і ў іх толькі цені ад чорных крылаў… І ты глытаеш анальгін, прыкладваеш да дзясны халоднае сала, завязваеш нітку вакол прыдалоння, а яно ўсё баліць і баліць, і баліць, і здаецца, няма такога доктара, які суцішыць гэтакі боль…
А ўначы ты не здолееш спаць і пойдзеш бадзяцца па калідорах студэнцкага інтэрната, і ля кожных дзвярэй будзе табе холадна, а ля адных – спякотна, і ты станеш свідраваць іх позіркам, зусім як свідруе ў галаве невыносны зубны боль, і ад такога свідравання чэрці вылезуць з пекла, але ж толькі не ён, хаця што яму каштуе выйсці дасмаліць пакінуты з вечара апалак… І ты будзеш енчыць і нэндзіць, і чакаць світанка, і бегчы па доктара куды вочы глядзяць, шукаючы паратунку.
І будзе доктар, і будуць ягоныя суровыя вочы, зусім як матчыны, і будзе ён акуратна, шкадуючы твой боль, бубніць праз павязку: «Ну казалі ж вам, ну колькі раз казалі, ну гэта ж трэба было так зацягнуць…», а ты будзеш мыкаць скрозь слёзы і думаць: «Ага, казалі, хто ж ведаў, што яно так накрые, так пацягне, і ты ж быццам цар звяроў, чалавек, гэта гучыць горда, а спыніць і пераадолець гэтую пакуту – ну ніяк, ні інтэлектам, ні анальгінам».
І раптам боль пройдзе, і ты ідзеш такі па вуліцы – усе твае ўнутраныя скразнякі надзейна запламбіраваныя, і так табе добра, насамрэч добра, і неяк пуста, але ж гэта добра, і ты ідзеш, шчаслівы і здаровы, а ўсё ж сумуеш па тым часе, калі ты і твой боль былі цэнтрам сусвету.
Аднойчы адзін стаматолаг, узрушаны маім занадта эмацыйным успрыманнем працэсу, сказаў мне: «Вы не перажывайце, потым зубы так не баляць. Гэта ў маладых месяц – і зуба няма, а ў сорак будзе ў вас час і на пакуты, і на лячэнне. Тады якраз будзеце паспяваць маральна падрыхтавацца да свідравання і пламбіравання».
Так і здарылася. З узростам і каханне, і зубы сталі балець зусім інакш.
І ты ж ужо, галоўнае, дзяўчына дасведчаная, ты ўжо ведаеш: о, гэты будзе балець. Будзе-будзе. Бо такія вочы і такія плечы ў цябе заўсёды баляць. Недзе ля сэрца здрыганецца тая мышца, якая адказвае за каханне, але ж заціхне, бо няма калі: дзеці, праца, дом. Ноччу прытулішся да падушкі, і перад тым, як праваліцца ў сон, раптам: ух! Як дзергане! Як паўстане перад вачыма ўся гэтая раскоша, увесь гэты чалавек, як шыбане ягоным пахам, сапраўдным, і ты ж ужо ведаеш, калі і як гэты пах абуджаецца, і заные, так заные, што хоць ты бяры які малаток і выбівай гэты зуб, пакуль ён канчаткова не здурэў. І тут ці муж пад бокам усхрапне, а то дзіця закашляецца, і ты ціхенька на пальчыках пабяжыш слухаць ля дзіцячага пакойчыка, і так патроху ён і супакоіцца. Дзякуй богу, пакуль што доктар не патрэбны.
Але ж калі ўжо дазволіш сабе не звяртаць увагі, маўляў, неяк само знікне, калі ты, дарослая жанчына, дазволіш гэтаму свідраванню атабарыцца ў тваім жыцці – усё. Інакш, як праз хірургію, ад гэтай навалы не ўратуешся.
Вось скажыце мне, чаму так: у маладосці ты думаеш, што твой каханы – найлепшы ва ўсім свеце, і таму ты лёгка аддаешся каханню, але і лёгка забываеш. Ужо праз год, а то і раней з’яўляецца новы найлепшы, і ты люляеш у сэрцы мілы ідэал, ажно пакуль ён не пакажа свой доўгі, блішчасты, з шыкоўнай пімпачкай на канцы, чарцянячы хвост. Калі табе пад сорак, ты ўсё бачыш адразу: і хвост, і рогі, і кіпцюры, пад якімі забілася чорным беражком пякельная сажа, – і ўжо не падманваеш сябе верагоднай наяўнасцю ў яго анёлавых крыльцаў пад модным сурдутам, але ж кахаеш так, што толькі скальпелем выразаць.
А то яшчэ бывае – фантомны боль. Здаецца, і няма ўжо чаму балець, а цягне, і цягне, і цягне…
Як мне выказаць гэтую невыносную пакуту – каханне да чалавека, якога больш няма? Здаецца, ну няхай было б яно нешчаслівым, аднабаковым, але каб толькі ён быў, каб посціў зрэдку свае фоткі ў сацыяльных сетках, і нават няхай былі б на іх і жонка ягоная, і дзеці, а ты б разглядала гэтыя родныя, знаёмыя да кожнай змурачкі рысы, малады віхор на макаўцы, тыя самыя плечы, тыя самыя рукі і прыкмячала б сваё, патаемнае – вось гэтыя плямы поту пад пашкамі, ён так лёгка пацее, асабліва калі хвалюецца… Але ён нічога не посціць, яму нельга патэлефанаваць і памаўчаць у слухаўку, і ён не патэлефануе і не памаўчыць, такая была ў іх завядзёнка – тэлефанаваць адзін аднаму і супольна маўчаць. Яго проста няма, і гэтая невыносная пустэча ў часе і прасторы не зацягнецца ніколі і будзе балець, балець, балець, цярпіма, канешне, але ж доўга і працягла, бо можна разлюбіць жывога, але нельга – мёртвага.
Таму і настойваюць людзі дасведчаныя: дзерганула дзе – ідзі і лячыся. Неадкладна. Не чакаючы, пакуль пачнецца сапраўдны боль. Яны так упэўненыя таму, што самі не так даўно з аперацыйнай. Ведаюць, як яно бывае.
Але ж кажуць, што настане час, калі і гэта скончыцца. Старым, кажуць, зубы не баляць. У каго – адпрацаваная звычка да стаматалагічных кабінетаў, у каго – пратэзы.
Крый божа.
2
Чамусьці менавіта гэты дзень яны з аднакурснікамі святкавалі заўсёды, з самага першага курса, калі выпадкова трапілі на адмысловы напаўсамадзейны канцэрт, які ладзілі мясцовыя школьнікі з ласкі нейкай замежнай амбасады (зразумела, ангельскай, але Марына чамусьці любіла думаць, што амбасада была ірландская). На танна аздобленай сінімі і зялёнымі балончыкамі і блішчастым серпанцінам сцэне танчылі, убіваючы пяткамі ў пол сваё хваляванне, даўгалыгія і ненатуральна рыжыя дзеці ў чэшках, музычнае суправаджэнне часам пачынала трымцець і пыкаць, але ж гэтыя валынкі і скрыпкі былі такімі захапляльнымі і зайздросна вясёлымі, што хацелася выйсці ў праход, закласці рукі за спіну і колькі разоў узбрыкнуць, падкідваючы ногі да па-бядняцкі раскошнай люстры Палаца прафсаюзаў.
Былі яшчэ дзве такія культуры, акрамя ірландскай, якія падабаліся Марыне «па ўмаўчанні»: украінская і шатландская. І музыка, і літаратура, і тэатр (кіно і жывапісам Марына асабліва не цікавілася) выклікалі цікавасць адной толькі нацыянальнай прыналежнасцю. У ірландцаў ёй падабаўся нейкі ўнутраны, глыбока схаваны, але ж адчувальны ў музычным рытме ці колькасці вершаваных складоў рух – несупынны, вечны, нескароны, як тыя ногі танцораў, што выкідваюць дзівосныя каленцы пры цалкам нерухомым корпусе і руках. Шатландцы натхнялі глыбінёй і адначасова прастатой: нічога, акрамя галоўнага. Шатландцу, падавалася Марыне, няцяжка паміраць: ніякага шалупіння ў галаве, усё зразумела, прымальна і цалкам лагічна. Менавіта гэтым ёй падабаўся Бёрнс. Ніводнага непатрэбнага слова ці дэталі, толькі галоўнае: яна пакахала, ён абяцаўся, яна прыйшла з дзіцём, а ён здрадзіў, яна памерла, ён зразумеў. Увесь жыццёвы расклад – як на далоні. Ну, што да ўкраінцаў, то тут іншае. Такі стракаты, пярэсты, рознакаляровы свет, такая прага да колеру і гуку, такое багацце знешняга, прыцягнутага, нібы магнітам, да загадкавага ўнутранага, такі клубок з эмоцый, жаданняў, адказнасцяў, уцёкаў і вяртанняў – пакапайся як след у любой украінскай песні і абавязкова знойдзеш там і свой колішні клопат, і сваю запаветную мару.
Дарэчы, Мара – так Сямёнаў пачаў называць яе з таго самага Дня Святога Патрыка, які яны адзначылі разам.
– Фу-у-у, – скрывілася Марына. – Ну гэта ж зусім неяк празрыста. Танны нейкі прыёмчык, Сямёнаў.
– А хто сказаў, што я буду кадрыць цябе дарагімі? Я ж бедны студэнт, які закахаўся ў багатую ледзі. Што я цябе, дыямантамі пацешу? Дыямантаў, ведаеш, табе шмат хто накупляе. А называць цябе Марай я першы прыдумаў. Першы ж?
Багатая ледзі кіўнула – ну першы, так, – захуталася ў пярэсты шалік – паўтара даляра на распродажы ў Беластоку, і яны рушылі на канцэрт.
Раней святы адзначаліся па адной і той жа схеме. Спачатку – той самы канцэрт у Доме прафсаюзаў, гэтым разам – ужо шосты, самадзейнасці ў іх не менела, але хараства і сваёй, звыклай, зразумелай прывабнасці ўсё ж паболела. Вунь і балонікі злева тыя самыя, што ў мінулым годзе, і вянок, толькі перавесілі злева направа, а як вырасла гэтая даўганосая, якая танчыла сола ўжо два гады запар! Зусім ужо дзяўчына на выданні! Потым сто грамаў каньячку паблізу ў якой кавярні ці так, у Панікоўцы на лавачцы, хаваючыся ад міліцыі, – і дадому, у інтэрнат, яшчэ па каньячку і торцік. На Патрыка ніколі не напіваліся: па-першае, пасля 23-га і 8-га і так было цяжка, а па-другое, не хацелася псаваць канцэртны настрой. Гэтым разам інтэрната ўжо не было, дзень назаўтра быў працоўны, кампанію Марыне і Сямёнаву ніхто не склаў – магчыма, усё ж такі з далікатнасці, а не па прычыне працоўнага дня. Таму і каньяк, і торцік чакалі дома, на Ляўкова, у малюпасенькай здымнай кватэрцы на чацвёртым паверсе. Не, Сямёнаў, канешне, мог паехаць да сябе, але ж Марына ведала, што не паедзе. Ці таму, што сапраўды хацеў да Марыны, ці таму, што каньяк і торцік. А можа, у комплексе.
Лічылася, што яны жывуць разам – Марына і Сямёнаў. Калі пасля выпускнога пачалася гонка па Мінску – знайсці жыллё, абысці размеркаванне, напрасіцца хоць куды на працу, сяброўкі нават не ўлічвалі Дамейку ў сваіх раскладах здымаць кватэру ўтрох ці нават упяцёх. Па-першае, нікому не хацелася кожны дзень бачыць Сямёнава, тым больш па-сямейнаму – у майтках, а тое і без іх, ён бы змог; па-другое, гэтая ягоная гвалтоўная беларускамоўнасць; а патрэцяе, дзеля сяброўства можна і гэтага прыдурка пацярпець, але ж перашкаджаць каханкам будаваць адносіны – ну навошта? А будаваць было што, бо адносіны былі надзвычай багатымі на падзеі.
Гэты Сямёнаў усё ж такі быў нейкі ненармальны. Навошта Дамейка з ім звязалася, ніхто не разумеў. Але амаль усе зайздросцілі: не зважаючы ні на што, абодва выглядалі надзвычай ашчасліўленымі адно адным. Насуперак усяму: шалёны тэмперамент Багдана быў, на думку сябровак, невыносным. Сварыліся Дамейка з Сямёнавым па тры разы на тыдзень, і кожны раз як апошні: ён мог выскачыць з таксоўкі наўпрост на хаду, мог сысці ў ноч без капейчыны ў кішэні і без надзеі на грамадскі транспарт, мог знікнуць на тры дні, адключыўшы тэлефон – карацей, гора. Дамейка, канешне, на факультэт не бегала і пары не цікавала, але ж перажывала. Не праз тое, што не вернецца – яна была ўпэўненая, што вернецца, а праз тое, каб не зламаў дзе гэты бэйбус сваёй галавы. Ён вяртаўся заўсёды не пазней трэцяга дня, з вінаватым выглядам, якім-ніякім букецікам і абяцаннем мыць посуд бліжэйшы тыдзень і зранку, і ўвечары. І мыў, прынамсі, у першы дзень – дакладна. У гэтыя дні да новай сваркі Сямёнава можна было прыкладаць да раны, любой, нават гнойнай, і яна б гаілася, зажывала, пакрывалася найноўшай шыкоўнай скурай. Аднойчы, у тое самае паслявыпускное лета, пабачылі, як Сямёнаў выкладаў на пляжным пяску каменьчыкамі «Марыначка каханая назаўсёды», і ўсе дзяўчаты, якія былі сведкамі гэтага надта рамантычнага ўчынку, разам падумалі: усё можна дараваць за такі надпіс, літаральна ўсё.
Карацей кажучы, лічылася, што яны жывуць разам, але два— тры дні з сямі Марына снедала і вячэрала ў адзіноце з прычыны буйнага тэмпераменту і дрэннага характару бойфрэнда. І яшчэ два Сямёнаў недзе бухаў, як гэта і належыць студэнту другога курса філалагічнага факультэта. Зразумела, Дамейка з ім не хадзіла: па-першае, што рабіць у кампаніі нецвярозых малалетак аспірантцы першага года навучання, а па-другое, ёй не падабаўся п’яны Сямёнаў.
Ніхто ніколі не верыў Дамейцы, што яна не перажывае, не злуецца, не крыўдуе. Але знешне так і было: яна не перажывала, не злавалася і не крыўдавала. Якраз гэтай парой яна – цалкам вытлумачальна – захапілася беларушчынай, паступіла ў аспірантуру на кафедру беларускай літаратуры, хоць пяць год да гэтага займалася рускай, яе там падхапілі пад белы ручанькі і пачалі люляць і выпешчваць, бо гадоў з пяць ужо ніхто ў беларускамоўную навуку не ішоў.