Землякі нас разумелі, спачувалі, а бацьку ўсё гэта злавала. Ён нават не даваўся пра гэта гаварыць і пасылаў усіх да д'ябла.
Не быў бы я яго сынам, каб не рабіў тое ж самае.
Вывезлі нашага асадніка-лесніка. Пачало асыпацца на пні леснікова жыта. Страшаўцы без каманды, па адвечнаму і няпісанаму закону сабраліся грамадой ратаваць тое, што гінула. Мужчыны пабралі косы, жанчыны — збанкі з вадой і рушылі ў лес на дзялянку касіць палетак.
Пакасіўшы, прысеў я на сноп перадыхнуць. Да мяне падышла Настусіна Верка са збанком — у ім для кіслаты плавала скарынка хлеба.
— Алёшка, на, напіса.
— Не хачу!..
— Хало-одная, я пад кустом трымала...
У яе ціхім голасе было столькі гатоўнасці і жадання прыслужыць мне, пашкадаваць, зрабіць прыемна, і ўсё гэта ішло з такой глыбіні, што на хвіліну яна стала блізкай-блізкай, нібы мама (мабыць, каханне і трымаецца на тым, што хлопец у дзяўчыне бачыць нейкія рысы сваёй маці!).
— На, пі!
Выходзіць, і яна ўсё разумела, што адбывалася з нашай сям'ёй?! Пакутую не адзін — разам перажывае блізкі чалавек?
Ад жалю сціснула ў горле, забіла дыханне. І зараз жа загаварыла бацькава гордасць, самалюбства.
— Ты чаго прыстала да мяне?! — ускіпеў я і ўсхапіўся са снапа.
Каб не заплакаць, каб не зараўці, я кінуўся ў фальшывую злосць.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
1
Быў звычайны поўдзень 22 чэрвеня 1941 года — бясхмарны, спякотны і з густым летнім паветрам.
Настаўнік вайсковай падрыхтоўкі нашага педвучылішча ў Навагрудку, яшчэ царскай службы афіцэр, старэнькі і сівы Іваноў, вывеў вучняў за горад і размясціў нас паабапал пыльнай шашы Наваельня — Навагрудак.
Вестка, што на СССР напалі немцы, абудзіла нас раніцой, і, хоць яшчэ не было відочных прыкмет вайны, за палову сутак мы мелі час зжыцца з навіной. Цяпер мы вартавалі нямецкіх парашутыстаў, каб яны не асядлалі важную дарогу, і баранілі горад ад іх з поўдня.
Дзеля гэтага ўсёй нашай групе з ваенкамата далі ручны кулямёт з двума запаснымі дыскамі і тры вучэбныя вінтоўкі з прасвідараванымі патроннікамі. Як з такімі вінтоўкамі ваяваць, ніхто не задумваўся. Усе былі ў палоне рамантыкі. Хацелася зрабіць нешта гераічнае, незвычайнае. У вылоўліванні парашутыстаў мы покуль што бачылі страшэнна цікавы занятак. Калі я сабе ўяўляў, як будзем іх, гадаў, вязаць, забівала дыханне.
Сябры мае акапаліся, выслалі вывернутую зямлю травой і са святочным хваляваннем азіраліся навокал. Я быў з кулямётам і сваю ячэйку абклаў нават дзёрнам, паслаў напарніка — аднакурсніка Ложачніка — на хутар адносіць рыдлёўку, а сам пачаў азірацца таксама.
Перад намі за шашой зелянела дуброва. Адтуль мы чакалі парашутыстаў. Злева ў летнім марыве раставалі ўзгоркі. Справа віднелася панарама Навагрудка. Там на гары ў прысадах бялелі тэрасы дамоў, вежы касцёлаў. Зіхацелі на сонцы пазалочаныя цыбуліны царквы. Выставіў два амшэлыя зубы замак Вітаўта. З жоўтай лысінай пяску на самым версе маўкліва ўзвышаўся курган Адама Міцкевіча. Я адчуў да яго цёплую спагаду, любоў.
Будзьце спакойны, там, у горадзе, парашутыстаў не дапусцім!
Поўны рашучасці і нейкай унутранай сілы ад слушнасці сваёй справы, я зноў павярнуўся да дубровы і шашы.
Была нядзеля.
На хрыбце Наваельненскай дарогі вярталіся з горада па-святочнаму апранутыя сяляне. Тарахцелі на каменнях фурманкі. Ішла моладзь, дзяўчаты мільгалі лыткамі: туфлі і панчохі па адвечнаму звычаю неслі ў руках. Усе вярталіся з горада крыху расчараваныя. Ужо ўсім вядома было пра вайну, людзі спадзяваліся ў горадзе пабачыць яе праявы, а даводзілася вяртацца ў вёску ні з чым. І тут на полі ў ровіках — ні то вайсковыя, ні то цывільныя.
Людзі з прагнай цікаўнасцю вылуплівалі на нас вочы. Мае сябры адчувалі гэтыя позіркі і раслі. Хлопцы стараліся захаваць шык.
Вунь Леве Васілеўскаму прыліпла да калашыны травінка, ён трэпле штаны, папраўляе старанна адпрасаваны кант. Коля Жураўлёў — сірата, уся яго вопратка на ім. Каб не запэцкацца ў сыры пясок і гліну, ён падкладае пад сябе газеты, лісткі сшыткаў.
Тыя, што далей, дражніліся з дзяўчатамі.
Не какетнічалі толькі старшакласнікі. Гэтыя ляжалі групкай недалёка ад мяне і стрымана гаварылі.
— Што робіцца, што робіцца!..— не мог супакоіцца Валодзя Арцюх.