На шашу ўзбіраўся Іваноў. Ён узлазіў на яе задыханы, махаў рукамі і крычаў нам:
— Во-оздух! Во-оздух!..
Гэтае слова стала потым на вайне страшным. Пачуўшы яго, ты аўтаматычна і з усяе сілы кідаўся ў роў ці ў яму. Тады ж яно яшчэ ў нас не вырабіла рэфлексу. Мяне нават здзівіла — што стары мае на ўвазе, які «во-оздух»?
Запанавала напружаная цішыня.
Прыслухаўся і я. Заліваліся жаўрукі. Звонка і на адной ноце звінелі конікі. Ляскацелі колы фурманкі па бруку. І раптам у гэтыя гукі ўварвалася гудзенне.
— Самалёт?— віскнуў нехта з радасным, даўно чаканым здзіўленнем.
Усе ўскочылі з месц, пазадзіралі галовы і з узбуджанай цікаўнасцю сталі дапытвацца:
— Дзе, хто бачыць?
— Во-о, шпарыць!
— Гарыць!
У нервозных галасах хлопцаў адчувалася пераможная радасць — чаго так чакалі цэлым педвучылішчам, убачылі першыя.
— Падбілі, сволачы!
— Нічо-ога, на сваёй тэрыторыі, сядзе!
Нарэшце ўбачыў самалёт і я.
Машына дзіўнай канфігурацыі — тонкая, няскладная, з цёмнай афарбоўкай — імчала проста на нас, валакла за сабой чорны і доўгі хвост дыму. Ад яе раптам аддзялілася якаясьці кропка, пачала аддаляцца.
— О, штосьці выпала!
— Вымпел!
— Лётчык выскачыў!
— Жывы-ы!
Сапраўды, кропка ўжо знерухомела на небе, а над ёю ўзняўся белы парасон.
Самалёт апісаў вялізную дугу і грымнуўся ў дуброву. Там бухнула, бытта разарвалася бомба. Над дрэвамі ўзняўся шэры грыб дыму і ляніва пачаў распаўзацца на бакі.
Да нас спакойна спускаўся парашутыст. Стала ціха, і здалося — мы чуем, як над галовамі шархацяць стропы белага парасона. А яшчэ здавалася, што парашутыст выскачыў тут спецыяльна і спяшаецца да нас, каб нешта пільнае сказаць. Усё было нечаканым, розум не мог звязаць бачанае ў адно цэлае, інакш можна было б падумаць — тады навошта лётчык даў самалёту ўпасці?!
Чалавека ветрам адносіла за дарогу. Калі ўжо можна было разгледзець падэшвы на ботах парашутыста, вучні сарваліся і памчалі да месца прызямлення.
Усё, што звязана з авіяцыяй, для мяне было напоўнена надзвычайнай рамантыкай і прывабнасцю. Мая мара — хоць дакрануцца да самалёта, хоць паўзірацца на яго зблізку. Я разумеў, што павінен заставацца ў ровіку, бо дам лішні повад Марозу лаяцца, але нічога не мог з сабой зрабіць. Нястрыманая сіла падмыла мяне таксама.
Я схапіў «дзягцяр», не адчуваючы нават цяжару, паляцеў за хлопцамі.
Грэбень дарогі перашкаджаў мне бачыць момант прызямлення. Калі я ўзабраўся на шашу, парашут на раллі паволі ўжо патухаў і ператвараўся ў разасланую на траве для прасушкі бялізну. Уражала — не такі ён і белы зблізку. Хутчэй — шэры, як суравое палатно.
Падзівіўшыся з парашута, стаў я разглядаць яго гаспадара.
Вайсковец ужо скончыў адчапляць лямкі. Першыя хлопцы, якія да яго даляцелі, перапалохана рванулі назад.
Лётчык падняў рукі, гэта быў — немец!!!
Мяне таксама агарнуў страх, падагнуліся ногі. Ля мяне застыў Іваноў: і ён быў ашаломлены.