Першым ворагам аказаўся малады атлет, апрануты ў чужога пакрою уніформу, з сярэбраным арлом і свастыкай на грудзях, чатырма чайкамі на лацканах і з бліскучымі жоўтымі папругамі. Паднятая далонь лётчыка крывавіла, спалоханы твар сіліўся ўсміхнуцца.
Іваноў закрычаў:
— Ну, чаго стаіце, абяззброіць!
Касцюк выставіў на немца штык вінтоўкі з прасвідраваным патроннікам.
— Адбірайце пісталет, ну!
На першым курсе вучыўся мужчына са смешным прозвішчам — Нос. Ён скочыў да лётчыка і нязграбна, хвалюючыся, пачаў расшпільваць жоўтую папругу з кабурой. Нос быў з Касцюком з адной вёскі. Валодзя яго супакоіў:
— Коля, не спяшайся!
Па ўзбуджаным голасе Касцюка было відаць — сам ён хвалюецца не менш.
Каля мяне прытаіліся анямелыя дзяўчаты.
— Маслоўская, зірні, што ў яго! — загадаў выкладчык.
Зіна кінулася з насыпу, узяла немца за руку. Люся хапілася адкрываць у Маслоўскай сумку.
— Ы-ых, як разарвала далонь! — паспачуваў нехта.
— Es schmerzt? [8] — скрывілася Зіна, бытта пакалечыла далонь сама.
— О-оў, на-айн! — узрадаваўся немец.
Ад таго, што загаварылі з ім па-нямецку, ён адразу пасмялеў, стаў як бы яшчэ вышэйшым.
— Асцяро-ожна ты яго! — раіў нехта Зіне.
— Яму баліць жа! — закрычалі ўжо з усіх бакоў.
Лётчык прыязна ўсміхаўся, перавёў позірк са штыка на Зіну, на яе рукі, якія з паспешлівасцю бінтавалі далонь, на Люсю. Вакол моўчкі тоўпіліся вучні, у іхніх вачах я заўважыў не толькі здзіўленне, але і захапленне.
Яшчэ я злавіў сябе на тым, што калі мы адышлі ад перапуду і ўсвядомілі — з неба ўпаў нам у рукі жывы нямецкі лётчык,— нам страшэнна захацелася перад ім паказацца, якія мы культурныя, гуманныя і незлапомныя.
— Не тапчыце парашута! Васілеўскі, збяры яго! — закамандаваў Іваноў ды кінуўся з шашы таксама.
Пасыходзіліся ўжо і сяляне. Дзядзькі таксама глядзелі, як Зіна перавязвала немца. Каторыя стаялі бліжэй, шапталіся, нібы не хацелі немца абразіць. Маладая жанчына ў сіняй сукенцы падняла дзяўчынку гадоў чатырох:
— Во, Манечка, немец, глядзі!
— А чаму ён — не-емец?
— Такія людзі, дачушка, так называюцца...
Селянін з бутэлькай алею ў кошыку заўважыў кабеце:
— Ты бачыш, як на ім усё блішчыць?! Халера яго не ўзяла, ладны, нічога не скажаш...
— Але, фа-айны! — згадзілася і маладзіца.
Дзядзька папрасіў Зіну:
— Сястра міласердзя, спытайся ў яго па-нямецку, чаго яны супроць нас вайной ідуць, якога ражна ім трэба?
І тут мяне нібы ўкалолі.
[8] — Баліць?