Што робіць бацька? Мо ў абоз забралі...
Паўсталі перад вачыма нямецкія часці, якія ўвайшлі ў маё Страшава ў верасні 1939 года. Арганізаваныя, падцягнутыя. Згуртаваныя адной мэтай, падпарадкаваныя камандзіру і халодна ветлівыя, па-вайсковаму фарсістыя і закаханыя ў зброю...
«Пяройдуць на наш бок? Чакай! Занадта ўпэўненыя і самаўлюбёныя былі яны тады. А пасля занялі Францыю, Бельгію, Галандыю, Балканы...»
Наша каманда з дзіравымі вінтоўкамі здалася да смешнага слабой. Недзе пад сэрцам узрадзіўся і пачаў разыходзіцца па целе жудасны страх.
«Аднак паміж намі і немцамі — сцяна савецкіх войск з танкамі, самалётамі!» — пераконваў я сябе, ведаючы, дзе стаяць нашы часці на працягу двухсот кіламетраў. І хоць гэтыя тысячы вясёлых хлопцаў у шэрых шынялях яшчэ не мог уявіць сабе ў суровых ваенных абставінах, але ўжо адзінкай магутнай арміі адчуваў сябе і я. Калі хто з фашыстаў і прарвецца праз такую сцяну, то няхай лезе на акоп — перад маім кулямётам будуць класціся покатам, як снапы...
Покуль я сабе так разважаў, маладзейшыя хлопцы пачалі ўжо дурэць, ганяць адзін другога па полі. З ноткай зайздрасці пачалі чапляцца і да мяне:
— Толькі зірні на яго!
— Аляксей, яшчэ карані пусціш!
— Чаго маўчыш?
Сябры лічылі мяне крыху фанабэрыстым. На самай справе з-за крыўды я проста быў замкнёны, маўклівы.
— Лепш памаўчаць, калі няма чаго сказаць!
Лёва запусціў у мяне грудай, але я не звярнуў увагі.
Вярнуўся Ложачнік.
Аб ім чамусьці склалася думка як аб хлопцу несамастойным, ніхто да яго сур'ёзна не ставіўся. Каб не блытаўся па полі, Іваноў вызначыў Ложачніка да кулямёта другім нумарам. Занёсшы на хутар рыдлёўку, хлопец цяпер упаў ля торбы з дыскамі, насцярожана і ваўкавата азірнуўся, ці яго не бачаць. Тады дастаў з кішэні чарэшні, пачаў есці. Пасля вагання некалькі ягадзінак працягнуў мне:
— На!
Чарэшні былі зусім няспелыя, а ў Ложачніка рукі — брудныя, з бародаўкамі.
— Не люблю кісляціны.
— Як сабе хочаш...
Зводдаль з чырвоным крыжам на сумцы перакладала бінты Зіна Маслоўская. Яна ўжо служыла санітаркай у нямецка-польскую вайну, і цяпер твар у дзяўчыны быў заклапочаны, сур'ёзны, як у сталага чалавека, які перажыў не адну бяду і вось — чакае наступнай.
Зіне памагала пляменніца нашага Іванова — Люся.
Ля дзяўчат прымасціўся Валодзя Касцюк. Адзін гэты хлопец ведаў мае таямніцы і разумеў.
Зіна з Валодзькам больш чым сябравалі. Цяпер яны нічога не бачылі і адчувалі толькі адно аднаго.
Касцюк, паклаўшы ля сябе вінтоўку, рысаваў Зіну і агрызаўся з хлопцамі, якія цераз яго рукі заглядалі ў блакнот.
Валодзька мяне раўнаваў да Зіны. Дарэмна. Ні Касцюк, ні хто іншы нават не падазравалі аб існаванні асобы, якой была занятая мая душа. Уласная таямніца яшчэ больш паднімала мяне ў сваіх вачах.
З далёкага ровіка Жураўлёў зацягнуў:
Heimat Land, kein Feind soll dich gefehrden!.. [7]
Нямецкія словы надта прыйшліся да густу. На ўроку замежнай мовы, як на тое, вызубрылі іх усе групы вучылішча, і цяпер дзесяткі галасоў падхапілі песню, агорнутыя хваляй патрыятычнага ўздыму.
Каб дасаліць Жураўлёву, Лёва Васілеўскі пачаў з пафасам скандзіраваць:
3
Як толькі змоўклі галасы, я павярнуў галаву.
[7] Широка страна моя родная!., (ням.)