— На, падпісвайся ў рэгістрацыйнай кнізе! — паклікаў адзін з іх і паўзіраўся на мяне так уважліва, бытта вобраз мой ён захацеў запомніць на ўсё жыццё.
10
Не здолеўшы нічога дамагчыся такім чынам, Клявітар перамяніў тактыку. Па дарозе дадому загадаў мне падвезці ў Вейкі Бурсевіча.
Бялявіцкі даносчык Ёзік Госцік разам з Бурсевічам быў у Расіі ў эвакуацыі, ён і завербаваў Ёзіка для паліцыі, а цяпер ездзіў да дзядзькі па весткі. Хітранькі. У Вейках дачакаецца цямна, адтуль — у Бялявічы... З насцярожанай цікавасцю прыглядаўся я да паліцыянта.
— Ты не злуй, Кучынскі, і не дзівіся,— загаворваў ласкава, даверліва ён.— Думаеш, нам прыемна людзям рабіць прыкрасці? Чорта з два! Але ж, холера ясна, мусіш часам. Сэрца, разумееш, баліць, сумленне грызе, а ты — мусіш. Бо мы — патрыёты, слугі Польшчы. Няўжо і ты не патрыёт сваёй бацькаўшчыны? Ты ж вучыўся ў школе, быў гарцэжам[5], скончыў сем класаў, пся крэў, адукаваны. Жыды-камуністы муцяць у нас тут ваду, няўжо мы павінны раўнадушна глядзець на гэта?
«А-а, вунь ты як!.. Дулю бачыў? Я табе не Госцік!.. І не ўнук Юды Іскарыёцкага!»
Бурсевіч якраз тры гады таму назад прыязджаў са старым камендантам забіраць у ваўкавыскую турму майго бацьку за забастоўку лесарубаў. Аж задрыжаў я ад радасці, калі гэта ўспомніў:
— А вы майго тату арыштавалі з-за чаго? Мо ён выступаў супраць Польшчы?.. Супраць беластоцкага буржуя, яўрэя Кацмана! Дык чый вы слуга?!
Нечакана для мяне Бурсевіч зарагатаў. Немалады ўжо і дабрадушны таўсцяк адкінуў галаву, паказаў устаўныя зубы і аж затросся ад смеху:
— Хо-олера ясна, ну і чло-овек з цябе! — штурхнуў мяне яшчэ ў бок.
Нарагатаўшыся ўволю, паліцыянт, як роўнаму, пачаў расказваць анекдоты.
Крыўдна было — нясцерпна крыўдна, што нас ніхто не чуе са Страшава. Хоць бы сядзеў тут паліцыянт Лукашэвіч з Гарадка. Або — Ігнатавага Арсэніка Нінка ці Настусіна Верка, наш Валодзька...
...Бацька мяне астудзіў:
— Пра гэта нікому ні слова! — устрывожыўся ён, калі я расказаў пра сцэну на пастарунку.— Памятаеш, што было з Юлікам?! То і маўчы!
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1
Ліквідацыя КПЗБ і КСМЗБ адбылася адразу на цэлым ваяводстве. Каб перасаджаць камуністаў і камсамольцаў, ураду не хапіла б і камер. Прыгаворы з турэмным зняволеннем суддзі выносілі адно сакратарам ячэек і тым падпольшчыкам, якія западозрылі ў забойствах правакатараў.
Бацька не быў ужо сакратаром і атрымаў невялікі тэрмін, да таго ж умоўна. Мяне з-за малалецтва нават не выклікалі на суд. Я расплакаўся. Надта хацелася, каб засудзілі, як Кірылішынага Валодзьку, а потым і пра мяне ўсе гаварылі б як пра героя.
Лепшыя людзі апынуліся за кратамі. Пайшла чутка, што Камінтэрн распусціў КПЗБ і КСМЗБ, бо яго кіраўніцтва быццам бы складалася з адных ворагаў народа.
Ці не зашмат гэтых ворагаў? — пачалі сумнявацца людзі. Ну, Стральчук. Ну, яшчэ было пару шпіёнаў і правакатараў. Але ж нашыя хлопцы ўвесь час на людзях, калі ж маглі прадацца? І за віну аднаго-двух нельга караць усіх.
У польскіх газетах пісалі, што ў СССР арыштавалі шуцбундаўцаў.
— Не ведаю, як вашыя паслы, як тыя аўстрыякі, але наш Іван не мог, не мог прадацца, каб тут невядома што! — упарта цвердзіла сваё мама.— Сцяпан, ты ж яго добра ведаеш, скажы?!
Бацька маўчаў. Толькі курыў цыгарку за цыгаркай. Відаць, задумаўся над гэтым па-сапраўднаму.
Сяляне, да якіх даходзілі адгалоскі падзей, цяпер, як сто, як дзвесце гадоў таму назад, думалі пра сваё — адкуль узяць грошай на запалкі, соль, мыла, падаткі. Паміралі, спраўлялі хрэсьбіны, вяселлі, гналі самагонку, напіваліся...
Вясной сабраўся жаніцца Сляпенькі Іван і прыйшоў прасіць бацьку за свата. Жаніх з яго неважнецкі — бедны, у дзяцінстве выпараў сабе вока, да таго ж яму даўно пераваліла за трыццаць,— страшаўскія дзеўкі выходзіць за яго не хацелі.
У Меляшках нявесце давалі ў пасаг толькі карову.
У Грыбаўцах — яшчэ і парася, авечку. Але ж Сляпенькаму патрэбна была гаспадыня з возам, канём — не толькі з каровай. Падахвочаны мамай, бацька запрагаў кабылу — і адпраўляліся яны з Іванам на цэлую ноч шукаць па вёсках такую князёўну.
Людзям было сумна жыць без мэты.
Мо толькі такія, як Настуся, не мелі расчараванняў і былі далёка ад усяго, што адбывалася.
...Мне мінула шаснаццаць гадоў, я нібы павіс паміж небам і зямлёй.
[5] Грамадская арганізацыя школьнікаў у Польшчы