То была першая ў жыцці горыч ад здрады.
Затое ад мяне паліцыянты не дабіліся нічога. Хопіць, што некалі паказаў паліцыянту, дзе вісіць палотнішча, што падвёў Васю да пагранзаставы!.. Усё жыццё чакаў гэтага моманту, каб давесці сабе, людзям, усяму свету, хто я такі на самай справе. Мне можна даверыць. Можаце давяраць найбольшую таямніцу, вы яшчэ не ведаеце, які я!
Гэты самы паляўнічы на допыце сказаў, што я даваў яму грошы на МОПР. Колькі паліцыянты мяне ні таўклі, я не прызнаваўся. Тады зрабілі нам вочную стаўку.
— Аляксей, ты ж мне даваў дваццаць грошаў, калі мы ішлі ноччу з музык, хіба не памятаеш? — паныла, нібы выпрошваў у мяне прызнанне, увесь у сіняках і драпінах, хлапец.
Як і трэба было, я не прызнаваўся ні пра камсамол, ні пра ўдзел у сходках, мітынгах. Аб мопраўскім узносе я ўжо мог бы прызнацца, гэта не парушала этыкі падпольшчыка, але цяпер справа была ў прынцыпе. Я цвёрда стаяў на сваім.
— Не-а.
— Ну, прыпомні!..
— А што я маю прыпамінаць?
— Во, тады яшчэ за намі ішла босая Ясечкава Манька...
— А-а, у грыбаўскім хвойніку? — нібы раптам дайшло да мяне.
— Во-во!
— Калі ў Манькі на танцах адваліўся абцас?
— Ну.
— А яна яшчэ туфлі ў руках несла?
— Несла.
— Дык ты ж, Максім, не гаварыў мне, што на МОПР іх бярэш! Ты проста папрасіў пазычыць дваццаць грошаў, я табе іх і даў! У мяне якраз яны былі!..
— Ну да?!
— Ну да-а!
Так шчыра і эмацыянальна пераконваў я хлапца, што ён ужо стомлена і абыякава прамовіў:
— Не гаварыў?
— Не-а!
— Праўда, не гаварыў?
— Пра-аўда, Максім, ты толькі прыпомні добра! Ну, падумай, успомні...
— А мо і не гаварыў, чорт яго ведае...
Следчаму давялося здымаць з мяне і гэтае абвінавачанне.
9
Да суда нас адпусцілі на волю. Абавязалі хадзіць па два разы на тыдзень у Ялоўку на рэгістрацыю. Мяне чамусьці вылучылі з кампаніі і загадалі прыходзіць на пастарунак аднаму. Хутка я даведаўся прычыну.
У гэты дзень да Ялоўкі прыехаў я фурманкай. Ля доміка над рэчачкай стрымаў кабылу, прывязаў да плота лейцы і зайшоў, каб распісацца ў рэгістрацыйнай кнізе.
У пакоі застаў цэлы ялоўскі пастарунак — усіх чатырох паліцыянтаў. Не было толькі начальніка.
Паліцыянты атрымлівалі па 360 злотых на месяц, матэрыяльны дастатак прабіваўся нават у іхнім выглядзе. Ладныя цёмна-сінія мундзіры. Бліскучыя, «са скрыпам», боты. Элегантныя манеры. Гладкія панскія твары...