У хатах, дзе Стральчука, інструктара ЦК, хавалі ад паліцыі, кармілі яечняй і скваркамі, нягоднік пакідаў пасля сябе след, каб потым, вярнуўшыся сюды з паліцыяй, было лёгка дзядзьку абвінаваціць, калі той пачне адмаўляцца. Гаспадары пакідалі яго аднаго ў хаце, а мярзотнік запіхваў у шчыліну запіску або перакульваў стол і на дошцы алоўкам выводзіў: сёння, такога дня, тут быў сход камуністаў, на ім прысутнічалі...
Падрыхтаваўшыся гэтак, дэфензіва ў адзін дзень правяла масавыя арышты. Членаў партыі і камсамола забралі з усяе акругі. Толькі Вінцаку Грабцэвічу ўдалося ўцячы.
Арыштавалі мяне, бацьку.
Першую ноч правялі мы ў Кушнерчынага Юліка ў Бялявічах. На падлогу Юлік наслаў саломы, нас паклалі ў радочак, апрануты ў цывільнае паліцыянт з наганам стаў на варту. Пакуль што я не адчуваў бяды. Ляжаў і думаў. З кухні даходзіць цьмянае святло ад газовачкі — там плачуць дзеці. За намі прыглушана шапталіся страшаўскія і бялявіцкія мужчыны. Ля дзвярэй — дрэмле на табурэтцы паліцыянт з наганам. Так і ў Меляшках, кажуць, драмаў ён, а Вінцак цішком дапоўз да дзвярэй і — нырнуў у цемру, толькі яго і бачылі!
Адчыніліся дзверы. Увайшла ўжо старэнькая маміна маці, давай прасіць:
— Пано-очку, навошта вы трымаеце майго ўнука, га? Ну, старэйшых — толькі тае бяды, пацерпяць, але малога?.. Ён жа не цацаліст які і не бандыт, не злодзей, не забіў нікога, не абакраў!
— Матко, ён горшы! — пачаў ёй тлумачыць паліцыянт цярпліва, як малому дзіцяці.
— Чаму?
— Бандыт зарэжа аднаго чалавека, ну, няхай — пяць. Твой жа ўнук замахнуўся на цэлую дзяржаву!
— Ах, бо-ожа, то чаго ён такога там навырабляў, гіцаль?! — не на жарты спалохалася бабка.
Мужчыны зарагаталі.
— Хацеў адрэзаць частку Польшчы і прылучыць яе да бальшавікоў.
— Адрэзаць?..
Бабка развязала вузельчык у хустцы, падала мне залатоўку. Я адмаўляўся ад грошай і аж захлынаўся ад шчасця.
Я, шкет, быў такой важнай персонай для ўрада?
Тып з наганам і не падазраваў, якім кампліментам мяне ўзнагародзіў.
8
У Ялоўцы на пастарунку (так называўся паліцэйскі ўчастак) адбылася расправа.
Укінулі мяне ў халодную з нашым камсамольцам Максімам.
Яшчэ я не мог цвёрда трымаць і касы, а ён ужо быў дужы мужчына. Быў нават самастойным гаспадаром, частаваў мяне ліманадам, калі мы ездзілі на веласіпедах у Беласток. Са мной яшчэ дзяўчаты не хацелі і танцаваць на музыках, ён жа лічыўся відным страшаўскім кавалерам. Да ўсяго быў заядлы паляўнічы.
І вось гэта чалавек вярнуўся з допыту, упаў побач са мной на падлогу, хапіўся за галаву і расплакаўся:
— Навошта, ну, на якую халеру, на якога д'ябла ўсё гэта мне?
— Ты чаго, Максім? — спалохаўся я.
— Каб жа мы ведалі, што так усё скончыцца, хіба ўступалі б у гэтыя праклятыя камсамолія?!
Ад здзіўлення я не знайшоў што і адказаць — паляўнічыя былі сімвалам мужнасці і вытрымкі.
Другім вярнуўся з пастарунка пабялелы Мікалай Лявончык.
— Хлопцы, я падпісаў! — аб'явіў паціху, каб не чуў вартавы.
— Што? — не зразумеў я.
— Паперу, што буду ім дакладваць пра ўсё...
Мікалай нібы выстаўляў сябе на суд: вось які я агідны, рабіце са мной што хочаце.