— Вось ты нічога і не кажаш,— скрушна ўздыхнула і дзяўчына, тулячыся спінаю да шурпатага, парэпанага старасцю ствала дуба.
Памаўчалі. Дуняша загаварыла нершая.
— Людзі ўжо языкамі менцяць, што гуляшчая я. Абы толькі каго ў штанах убачыла, то і гатовая, як курыца пад пеўня прысесці.
— Дуняш,— Лёнік падышоў бліжэй, таксама плечуком упёрся ў ствол дрэва,— бязглуздзіцу ты нейкую гародзіш, у якую і сама не верыш. І чым больш я пачну пераконваць цябе ў адваротным, тым злей пачнеш даказваць сваю праўду.
— Халодны ты сёння, Лёнік.
— Давай абнімемся. Ну, давай, Дуняша,— ён асцярожна абняў дзяўчыну за плечы, прытуліў да сябе, адчуўшы, як па целе прабегла дрыготкая хваля.— Ну, любая, які я, га? Сіберна-халодны ці, наадварот, быццам з лазні?
Лёніку было сорамна за свае бязглузда-пустыя, недарэчна-смешныя словы. Што ж паробіш з сэрцам? Хлопцу больш усяго хацелася быць вось тут, каля возера, пад шацістымі шапкамі гэтых магутных дрэў з Веранікаю. Цяпер пакуль такой далёкай для яго. «А мо Вераніку зараз таксама нехта абдымае, туліць да сябе? Ці яна пад кімсьці ўжо? Божа мой!» Лёнік аж сцепануўся ўсім целам.
— Што з табою? — заклапочана спытала Дуняша, ловячы позірк вачэй хлопца ў месячным скупаватым святле.— Табе блага? — Дуняша, як клапатлівая маці, асцярожна дакранулася да лба хлопца. — Вой, які халодны, а ўвесь успацелы. Не грэба піць было разам з алканаўтамі той атрутнай заразы. Яны звычныя да ўсяго, а табе, сам бачыш, як кепска.
«Не ад выпітага мне блага»,— круцілася на языку ў хлопца. Душа зашчымела ў яго ад жадання хутчэй патрапіць у горад, пабачыць Вераніку, абняць яе, прытуліць да сябе і моўчкі глядзець у глыбіню яе вачэй, адчуць, як б’ецца сэрца пад пругкімі грудзямі ўпадабанай дзяўчыны. Вераніка больш гаваркая і падатлівая. Яна ніколі не азіраецца, не баіцца, што хто-небудзь з суседзяў пабачыць іх разам, данясе бацькам і тыя ўчыняць разборку. Вераніка столькі разоў, без усялякага хвалявання і перасцярог, прыходзіла да Лёніка ў інтэрнат, заставалася начаваць. Праўда, сусед Лозіка па пакоі, Валодзька Кухар, бурчэў, што яму часта прыходзіцца шукаць сабе месца, каб перадрамаць да раніцы. Але ж справы маладыя. I Лёнік тады-сяды кімарыў у пакоях сяброў. Валодзька ж не манах. Сам каханак прыводзіў неаднойчы. Дзіўнавата адно: Кухар шчупленькі, хіленькі, як падлетак, а дзяўчат выбіраў заўсёды ёмкіх, круглатварых, як у вёсках гавораць — дзеўкі-крэмень. А Валодзька з імі спраўляўся. Як? Для хлопцаў усяго інтэрната заставалася тайнай...
— Давай прысядзем? — папрасіла Дуняша.— Тут і пагорак за дзень сонцам прыгрэты. Табе палепшае. I слухай мяне: каб гэтай брыдоты, што жлукцяць хлопцы днямі, нават не тое што ў рот не браў, а не прыгубліваў. Чуеш?
— ЬІгы,— толькі і выціснуў з сябе Лёнік.
«І лядзі ты, ужо і загады аддае. Быццам я законны мужык у яе. Не, так усё можа далёка зайсці. Так далёка, што і выбрацца, скінуць цуглі не змагу. Усё добра тое, якое добра заканчваецца».
— Зноў маўчыш. Я ж цябе нічым пакрыўдзіць не хацела.— Дуняша бліжэй пасунулася да хлопца, прытулілася падстрыжанай галавой да яго пляча, глыбока ўздыхнула: — Сёння, Лёнічак, я не пайду на сенавал. Баюся, што маці сачыць будзе, у колькі гадзін дамоў прыйшла. Трэба нам асцярожней цяпер. I ўсе турботы праз нягодную Перазімчыху.
— Няхай плявузгае, нам жа ад гэтага не свярбіць і не колецца,— Лёнік абняў Дуняшу за плечы.
«I ўсё ж не благая яна дзяўчына. Шкода будзе, калі патрапіць у дрэнныя рукі».
Дуняша быццам адчула думкі хлопца. Яна ласкава, як кошка, цярнулася шчакой аб шчаку Лёніка і прыцішаным голасам спытала:
— Ты мяне не падманеш? Праўду гаворыш, што пасля восені забярэш да сябе ў горад, паможаш уладкавацца на работу? А там, калі ўсё добра складзецца, то пад вясну і пажэнімся. Я так гэтага, Лёнічак, хачу. Заплюшчу вочы і бачу, як мы з табою разам жывем, як я цябе чакаю, гатую вячэру і стараюся, каб смачна было, табе падабалася...
«Во, дурніца, без мяне мяне жаніла. Нават не дадумалася спытаць, ці хачу я гэтага. Ну і разуменне ў дзеўкі, калі з тыдзень крадком паспаў з ёй, то і пад вянец весці павінен, смех ды і годзе. Так, улежнасцю тут больш не свеціць. Трэба неяк рваць когці. А то і на самай справе ажэніць на сабе».
— Скажы ж, што праўду гаварыў, не жартаваў, га, Лёнічак? — Дуняша спаднізу зазірала ў вочы Лозіку. Яна нечым нагадвала запалоханага звярка, які даверыўся чалавеку, а зараз У сумненні: ці правільна зроблена, ці не падвёў прыродны інстынкт самазахавання?
— Прыедзеш. Чаго дарэмна хвалявацца,— неяк занадта абыякава, быццам адмахнуўся ад надакучлівага бомкалы-чмяля, прамовіў Лёнік. I адразу ж спахапіўся. Больш цяплей і лагодней дадаў: — Я ж нікуды не дзенуся з таго горада.
Хлопец ямчэй абняў Дуняшу, наблізіў яе твар да свайго і крыху сасмяглымі пасля выпітага віна губамі намацаў пульхныя і падатлівыя вусны дзяўчыны.
Месячык лашчыў сваім нязмушана мяккім святлом разгарачаную пару на беразе возера. Нагрэтая за дзень вада аддавала цеплыню наваколлю. Яна тумановай павуцінай падымалася над люстраной гладдзю і роўнай суцэльнай паласой напаўзала на кусты і чарот, на ўрасянелую траву і лугавыя кветкі, на Лёніка з Дуняшай. Прырода спрыяла каханню, аберагала яго ад чужых, непатрэбных тут вачэй. У недалёкім кустоўі гаманліва і залівіста спявалі начныя птахі. Іх галасы гарманічна спляталіся са шматграннасцю казачнай ночы. Нават пугач, які сядзеў на старым ссівелым дубе, прыцішыўся, не спяшаўся залапатаць крыламі, а цярпліва чакаў заканчэння рамантычна-ўзнёслых хвілін любові і замілавання тых, хто ў хмельным забыцці кахання зачынаў новае жыццё, жыццё ЧАЛАВЕКА.
VIII
Андрон збіраў першы ўраджай з незлічоных каліваў свайго тытуню. Ён асцярожна і звыкла абрываў ніжнія лапушыстыя лісты і складваў у кошык. Да гэтага стары паспеў ужо абшчыкнуць на кустах кветкі. Праўда, кожны год ён пакідаў дзесяткі два каліваў нечапанымі. Яны цвілі і спелі да глыбокай восені, да той пары, калі пачыналіся ўедлівыя штодзённыя дажджы. Вось тады Сыпун абрываў карычневыя выспелыя тытунёвыя бомбачкі на насенне, пакуль жа да гэтага яшчэ далёка. Цяпер трэба справіцца з першым ураджаем, затым будзе другі, а пасля і насенне. Радаваўся Андрон, што дачакаўся першага збору, што хутка зможа зрабіць самакрутку са свайго «табачку», а не душыцца папяросамі ды цыгаркамі з крамы. «I як іх толькі людзі штодня кураць? — дзівіўся ён, зацягваючыся «беламорынай» ці «Астрай».— Гэта ж не курыва, а смярдзенне адно». Мінулым годам стары садзіў таксама вялікую дзялку тытуню, думаў, што ніколі не здолее апрастаць ладны, вядры на два, мяшэчак, аж не — разышлося. «Дзякуй Богу,— заўсёды ўсміхаўся Сыпун,— нашы, шышкаўскія, мужчыны падсобілі».
А яно і сапраўды было так. У вясковай краме часта здараліся перабоі з прывозам цыгарэт, ды і ў райцэнтры, Маластоўцы, танныя рэдка былі, а ўсё замежныя, дарагія. Вось шышкаўцы і адведвалі Андрона, прасілі на самакруткі. А ён і рады быў, штодня можна з людзьмі пагаманіць, пра навіны даведацца, якія адбыліся не толькі ў вёсцы, але і далей, на белым свеце. I ўсё гэта ўведаеш, не выходзячы з падворка.
Сёння Андрон цешыўся цёмна-зялёнаму, хрумсткаму ўраджаю. Кожны лісток з куста ўзважваў, аглядаў, абтрасаў рэдкія камячкі зямлі і асцярожна, быццам шкляную цацку, клаў у кошык. Ён не спяшаўся. Засталося некалькі каліваў абарваць. Дзень нагодлівы. Паспее яшчэ насноўдаць шпагатных вяровачак у некалькі радоў пад страхою і паразвешваць пукі тытуню, каб сохлі.
Пракуранымі, як кара алешыны, пальцамі Андрон абрываў на некаторых лістах жаўтлявыя плямкі. Гэта, як ён ведаў, атрымлівалася ад хімічных угнаенняў. Напрыканцы вясны стары «падкормліваў» расаду чырвоным калійным россыпам. Здаецца ж, і асцярожна ўсё рабіў, шчапоткаю сыпаў але дзе-нідзе і недагледзеў, крупіцы патрапілі на лісточкі. Нічога, бяды вялікай няма, а карысць ад «падкормкі» ого якая — тытунь рос, не раўнуючы, як на дражджах.
Сонца ўдушліва прыпякала, нават шолаху ветру нідзе не чутно. Здаецца, што стаіш над дубовай бочкай, у якую для запаркі пад гуркі вылілі вядро кіпню. I ты, нахіліўшыся над яе прадоннем, дыхаеш густою, задушлівай, аж слёзы на вачах выбівае, параю.
Ці не з тыдзень не было ўжо дажджу. Сонца, як прывязанае, з самага ўсходу і да вячэрняга змяркання, нястомна выпальвала, высушвала зямныя сокі, пацямнела, абвяла лістота на бярозках ды ліпах, зжоўкла трава на пагорках, але затое дачасна выспелі чарніцы ў лесе. На небе ж ані аблачынкі.
«Дзіўна ўсё ў прыродзе,— маракаваў сам сабе Андрон,— то непрасветныя дажджы заліваюць, то спёка, што не вытыркнуць галавы з хаты. I чалавеку ніяк нельга ўгадзіць. Усё яму не так. У халады хочацца цяпла, а ў спёку хоць нейкай хмурынкі. Забываемся мы, людзі, што ўсё робіцца па волі божай, што ён адзіны валадарыць над намі. Гасподзь карае за грахі нашы, але ж ён міласцівы, даруе нам і на шляхі праведныя ўзводзіць!»