— Ну, не злуйся, не злуйся.— Цыганка скінула дажджавік з плячэй, трасянула яго і навесіла на цвік паверх пінжака гаспадыні, затым ленавата, нібы не хочучы таго, прайшла да стала і прысела на самаробны яшчэ табурэт.
— Слухай. ці не пазычыш на хлеб грошай? Я днямі аддам. Чыстую праўду гавару. Мае дзеці без хлеба і гарчыцы анічагусенькі есці не хочуць, да любой стравы падавай ім хлеб з гарчыцаю. Калі няма — галоднымі застаюцца, а за стол не ідуць і не садзяцца.
— Не брашы, як сучка! — ускіпела Перазімчыха.— Халеры табе ў бок. Грошай на хлеб яна просіць. Гарэлкай бясстыжыя гузікі хочаш заліць. Вунь бельмы аж чырвоныя ад перапою... Хай пасля навальніцы дзеці самі прыйдуць, ім на хлеб не паскуплюся даць. Цябе ж, навалач, сранай мятлою з хаты паганю. Няма пра што нам гамонку весці. Усё. Бяжы па наступных дворышчах. Мо хто і зжаліцца над такой нядайдзіцай, плескане ў шклянку ванючай гары. Дай бог, каб захлынуліся вы, прапойцы! Ці мысліма ж гэга? Раней толькі мужчыны зрэдку пілі, а цяпер і бабы ўпоравень душацца гэтай атрутай. Срамніца ты, срамніца,— захітала галавою Надзюха Перазімчыха.
— Не ерапенься! — гнеўна зірнула на старую цыганка.— 3 радасцю дасі мне грошай. Дасі, а не пазычыш. I не на адну бутэльку.
— Людцы мае! — здзіўлена пляснула далонямі Надзюха.— Дзе ж гэта бачана, каб сярод белага дня рабавалі?! Вон з маёй хаты! — старая ўсхапілася на ногі.— Зараз жа каціся за парог, каб і духам тваім не смярдзела!
— Садзіся! — загадала цыганка.— I ўважліва слухай мяне,— жанчына ўперлася локцямі ў свае калені. схаваўшы Ў лодачцы далоняў сухі і вастраваты падбародак.— Пачнем з таго, як ты неяк купіла за тры літры самагонкі ў хлопцаў, сама ведаеш якіх, а калі забылася, то магу напомніць, два мяшкі салетры. Ну, ці помніш? — Цыганка, звузіўшы вочы, пільна глядзела на Перазімчыху.— Маўчыш? Значыць, помніш. Купіла ты не для таго, каб падсеяць ячмень ці траву на лужку, а з адною думкаю: нашкодзіць Андрону, суседу свайму блізенькаму.
Перазімчыху быццам электрашокерам сцебанула. Яна здрыганулася ўсім целам, аж хустка спаўзла з патыліцы на вочы. Раскрыла рот, каб нешта адказаць, але не змагла і так сядзела, утаропіўшыся ў нязваную госцю.
— Працягнем далей,— зноў загаманіла цыганка.— Ты думаеш, што ніхто не ўгледзіць, як ты, векавуха, той ранняй вясною, зямелька ледзь-ледзь растала, пад сховай ночы, пры месячыку адкопвала карнявішчы саду Андрона і пасыпала, не скупячыся, салетрай. Два мяшкі на дзесятак дрэў хапіла. Я ўсё бачыла свамі вачыма. Вось гэтымі,— цыганка мірганула.— Угробіла ты сад суседа, знішчыла, звяла пад корань. Ведала, чым дапячы Андрону. Ён жа за яблынямі і грушамі, сліўкамі ды чарэшняй глядзеў быццам за роднымі дзецьмі. А ты, цётачка, пад пілу прымусіла сад пусціць... Калі не дасі на гарэлку, то перакажу ўсё не толькі Андрону, а кожнаму шышкаўцу: ад малога да вялікага. Вось тады ўжо точна ў вёсцы табе месца не знойдзецца. Як ад чумной кожны адварочвацца пачне.
У Надзюхі запалалі шчокі і вушы, заламала ў патыліцы. Відаць — падняўся ціск, які шмат гадоў Перазімчыха ўтаймоўвала настойкамі чарнаплоднай рабіны ды прыхопленай марозам каліны.
Што было рабіць старой? Палезла яна ў шыфанерку за занавескай-шырмаю, каб нашчупаць у патаемным месцы вузельчык з грашыма.
— Дзякуй, цётачка,— загаманіла цыганка, беручы скамечаныя паперчыны з рук Надзюхі.— Усе кажуць, што ты скупая, аж не, памагаеш бедным людзям, такім, як я, лепш за родную матку.
Перазімчыха стаяла моўчкі, адвярнуўшы галаву ад нахабнай госці.
X
Ужо больш месяца, як з’ехаў Лёнік з Шышкаўкі. Вучыўся і гуляў недзе па шырокіх вуліцах і праспектах вялікага горада. Восень пакрыху, няспешна агортвала зямлю, рыхтавала яе да зімовага спачыну.
Дуняша, як заўважылі бацька з маці, апошнімі тыднямі вельмі замаркоцілася і схуднела. Для іх было нязвычным, што дачка стала абыякавай да яды, нават любімых страў. Кацярына Гарбацэвіч крадком і з падазронасцю глядзела на Дуняшу. Некалькі разоў, калі Івана не было ў пакоі, яна спрабавала пагаварыць з донечкай, распытаць, чаму пры запалых шчоках у яе так круглее жывоцік. Дуняша пры першых жа намёках маці выскаквала з хаты на вуліцу. Крадком плакала, затуліўшыся дзе-небудзь у закутку.
Лёнік не пісаў каля двух месяцаў. З’ехаў і як у густым і непраходным лесе схаваўся. Хоць бы адзінае слоўца даслаў. А ён жа абяцаў ёй, Дуняшы, што забярэ да сябе, падшукае жыллё і будуць яны разам галубіцца ды жыццё ладкаваць. Дуняша ледзь не кожны тыдзень адсылала лісты ў Мінск, ад Лёніка ж ні гу-гу. І як ёй далей жыць? На каго і на што спадзявацца? Як схаваць ад бацькоўскіх і людскіх вачэй цяжарнасць? Хоць ты ў сіло лезь ці ў возера кідайся. Дзе ён і з кім? Няўжо ўсё тое, што было між імі, засталося ў мінулым? Мо яе любы захварэў ці патрапіў у бяду? Не. Пра гэта адразу б пайшла пагалоска па вёсцы. Лозікі ж, бацькі Лёніка, колькі разоў іх Дуняша бачыла, заўсёды вясёлыя, прыветлівыя.
А сны... якія недарэчныя і брудныя яны сняцца. За цэлую ноч хоць і звядзеш, змружыш на імгненне павекі — ніводнага светлага і радаснага моманту.
Гэтым разам, адпрацаваўшы ў кіёску, Дуняша крочыла па маластоўскай дарозе ў бок Шышкаўкі. Пранізліва-едкі вецер даймаў праз скураную куртачку. Па вышчарбленым асфальце кружлялася счарнелая лістота з дрэў, а ўзбоч дарогі, у выпетрана-высахлых кусточках піжмы і палыну, чулася самотная, аж сэрца нудой захліствалася, мелодыя блізюткай зімы, якая вось-вось абрынецца на абшары зямлі і людскія плечы. Хоць было нясцерпна холадна, але Дуняша не спяшалася дамоў. Што новага яна пачуе ад маці, акрамя папрокаў ды вострых і пякучых позіркаў? Як ні старалася Дуняша, але не змагла схаваць ад яе вачэй свой жывоцік. «Гуляшчая». Вось тое слова, якім часцей за ўсё сустракала і праводзіла яе маці.
«Шукай, лярва, пакуль не позна, жаніха. Прыхаваеш, срамніца, сваю ганьбу. Нас з бацькам, дасць Бог, ад пазору зберажэш. Хоць за маленькага, плюгавенькага, але, гуляшчая, пойдзеш! Чым дурнейшым вахлаком будзе, тым лепей табе. Не глядзі: шыла ён ці матавіла, аберуч хапайся, акручвай. Інакш, павер майму слову, з двара зганю. Не хачу да скону свайго веку хамутоўніцай хадзіць!»
Успамінаючы гэтыя словы, Дуняша не заўважыла, як каля яе спынілася машына. Спахапілася толькі, калі пачула сігнал.
— Замерзнеш на дарозе, прыгажуня,— адчыніўшы дзверцы, вызірнула калматая і рудая галава хлопца.— Куды ідзеш? Мо нам па дарозе, то падвязу.
— У Шышкаўку мне трэба,— абыякава прамовіла дзяўчына.
— Сядай, падкіну.
Адразу адчуліся цеплыня і зацішнасць у кабіне машыны.
— У госці да каго? — з усмешкаю спытаўся вадзіцель.
— Ды не. 3 працы дамоў дабіраюся.
— А дзе ж такія красатулі робяць? — хлопец падміргнуў. Дуняша, чырванеючы, адвяла вочы.— Калі сакрэт, то пытацца не буду.
— Кіяскёр я. Сакрэту няма.
— Ого, нядрэнна. Давай знаёміцца. Міхасём бацькі мяне назвалі, а табе якое імечка далі?
— Дуня Гарбацэвіч,— патупіўшы вочы, прамовіла яна.