— У Заполлі я жыву,— працягваў далей Міхась. - Хоць і другі гэта раён, але мы, лічы, суседзі. Нас жа ўсяго чатыры кіламетры аддзяляе. Год ужо, як з войска прыйшоў, цяпер шукаю жонку.
Дуняша заўважыла, як хлопец, не саромеючыся, зірнуў на яе правую руку. Відаць, што шукаў заручальнага пярсцёнка, якога, вядома, не было.
Міхась заўважна пасмялеў.
— Бяры мяне,— немаведама як вырвалася ў Дуняшы.
— А ты пойдзеш? — сур’ёзна паглядзеў на дзяўчыну Міхась.
— Пабачым,— гулліва адказала яна.
XI
— Сёння зноў на заняткі не хадзіў? — адразу з парога запытаўся ў Лёніка Валодзька Кухар, сусед па пакоі.— Далежышся, што турнуць з інстытута, вось тады і задумаешся па-сапраўднаму. Захочаш локаць грызануць, а не ўдасца. Папоўніш рады беларускага пралетарыяту.
— Заткніся,— няхоцькі агрызнуўся Лёнік.
— Мне няцяжка і памаўчаць. Толькі ж хто цябе, пустадомка, розуму вучыць будзе? Смешна падумаць, што ты, хлопец не толькі з рукамі і нагамі, а яшчэ і з неблагой галавою, прычынай найвялікшай трагедыі ў свеце зрабіў дзяўчыну. Цьфу на цябе! — Валодзька шпурлянуў на свой ложак дыпламат з канспектамі і, грукнуўшы дзвярыма, выйшаў з пакоя.
Лёнік зноў застаўся адзін і моўчкі глядзеў у патрэсканую столь. Яму анічагусенькі не хацелася рабіць ці на злом галавы некуды спяшацца. Вось ужо з месяц ён не можа сустрэцца з Веранікай. Звоніць кожны дзень, а ў яе адны пустыя адгаворкі.
Часта спрабаваў тэлефанаваць вечарам, толькі ж ніколі не мог застаць яе дома. Бацькі альбо сястра гаварылі, што яна пайшла да сябровак, з’явіцца позна. Лёнік адным разам не вытрымаў і пад’ехаў да яе інстытута, па раскладзе заняткаў даведаўся аўдыторыю і высачыў усё ж Вераніку. Яна здзівілася, пабачыўшы хлопца.
— Ты што тут робіш? — выдыхнула першыя словы.
— Цябе шукаю,— вінавата прамовіў Лёнік.
Калі пабачыў Вераніку, злосць на яе адразу ж некуды знікла, выпарылася. Сэрца зашчаміла ад радасці. Яны адышлі ў закутак калідора, прытуліліся каля падаконніка.
— Якое ж ты яшчэ дзіцё, Лёнічак,— іскрыста ўсміхнулася дзяўчына.— Сотню разоў тлумачыла па тэлефоне, што зараз у мяне спраў па самую макаўку. Ні дня, ні ночы не ведаю. Дужа цяжкі семестр. Прадыхнуць няма калі, адно ў галаве бібліятэкі і заняткі.
— Ну хоць бы разкі з два, тры мы можам сустракацца ў тыдзень? 3 гадзіну пагуляць, некуды зазірнуць, пагаварыць альбо проста моўчкі паглядзець адно аднаму ў вочы,— Лёнік вінавага зыркнуў на каханую.
— Да цябе, як да слупа, нічога не даходзіць! — засердавала дзяўчына.— Я ж тлумачыла, што ў нас наперадзе цэлае жыццё. Трэба крыху счакаць, пакуль паменее спраў і клопатаў. Вось пасля ўжо і будзем любавацца.
— Я адчуваю, што ты, Вераніка, пахаладзела да мяне. Стала не такой, як раней. Быццам бы мы зусім чужыя.
— Ды люблю я цябе, дурненькі мой хлопец! — Яна хуценька дакранулася губамі да шчакі Лёніка.— Уласнік ты непераадольны. Паглядзіш — праз нейкі час паспеюць надакучыць да помараку ў галаве і размовы, і сустрэчы. А пакуль набярыся цярпення, і ўсё будзе, як у самых лепшых і шчаслівых казках. Цяпер едзь да сябе. Мне трэба яшчэ на адну лекцыю. Больш сюды не прыходзь. Праз некалькі дзён я сама заскочу да цябе ў інтэрнат.
Вось ужо з месяц ён і чакае прыходу Веранікі. Першы тыдзень, ды і другі яшчэ, на кожны стук у дзверы ён падбягаў да іх і з расчараваннем адыходзіў, калі бачыў на парозе зусім іншыя твары. Лёнік стаміўся чакаць...
А слёзныя пісьмы ад Дуняшы з яго роднай Шышкаўкі ўсё ішлі і ішлі. Ён перастаў іх распячатваць. I цяпер канверты ляжалі стосам на яго тумбачцы.
«Навошта ты мне, дурніца,— зірнуўшы на канверты, думаў Лёнік.— Пазабаўляліся крыху, і хопіць. Няхай тое, што было, адыдзе назаўсёды разам з былымі летнімі навальніцамі. Відаць, так нам хацелася на той час...»
Звечарэла. Лёнік не запальваў святла. Ён усё яшчэ перабіраў у памяці тыя шчаслівыя дні і гадзіны, калі з Веранікай быў разам. Іх гарачыя абдымкі і пацалункі, хвіліны саладкавата-беспрытомнай блізкасці. Словы любові, што апякалі душу і часцей прымушалі біцца сэрца, і цяпер гучаць у вушах.
Пстрыкнуў выключальнік. Святло асляпіла. Як праз дрымоту, Лёнік пачуў голас Валодзькі Кухара:
— Ты зусім даўбануўся, смаркач! (Кухар быў старэйшы за Лозіка на два гады.) Распусціў нюні, як баба шклоўская. Мужчына мне называецца! 3-за спадніцы вазьмі ды з акна выкінься. Хацеў маўчаць, не гаварыць табе, але ж вымушаеш. Прастытуткай робіць твая Вераніка. Святую знайшоў. Сам некалькі разоў бачыў яе на «стометроўцы» каля цырка. Шлюха яна!
Лёніка быццам варам аблілі. Ён усхапіўся з ложка, і з вачыма вар'яга падскочыў да сябра, замахнуўся кулаком. Валодзька перахапіў руку Лёніка, моцна сціснуў у запясці:
— Супакойся! Не распускай слюняў. Калі не верыш мне, то набярыся смеласці і схадзі гадзінам к васьмі вечара на тую «стометроўку». Паглядзіш, як твая ненаглядная каханка будзе садзіцца ў іншамарку. А не пасаромеешся, падыдзі бліжэй і паслухай, колькі баксаў яна запросіць. Ну, чаго ж ты абвяў, як малады лісток ад кіпеню? Ці зноў сабраўся легчы на ложак і ўтаропіць вочы ў столь? Што? Духу не стае праўду агораць? — Валодзька адштурхнуў Лёніка да стала, аж звалілася на падлогу лямпа. Шкло рассыпалася пацеркамі па чырвона-цёмных, выцертых пантофлямі дошках. — Знайшоў сабе нявінную цэлку, а на ёй ездзіць любы той, хто ўдосталь мае ў кішэнях зялёненькіх. Даляры ёй патрэбны, а не каханне жабрачнага студэнціка,— гэта Валодзя прамовіў больш прыцішана, выходзячы за дзверы.
Лёнік, не спяшаючыся, быццам паралізаваны, падышоў да вешалкі з адзеннем, зняў паліто, усунуў ногі ў начышчаныя, але месцамі парэпаныя туфлі і, не надзеўшы на галаву шапкі. выйшаў у калідор інтэрната...
Паўгадзіны Лёнік цікаваў з другога бока вуліцы на «стометроўку». Ён і раней чуў пра гэту галоўную ў горадзе панель для прастытутак. Чуць-то чуў, але веры вялікай пачутаму не даваў. I вось цяпер на свае вочы ён бачыць кідка апранутых дзяўчат, якія па адной, па дзве ці тры ленавата прагульваюцца на шырокім тратуары. Тут жа, каля яго, па шашы няспешна праязджаюць легкавікі розных марак. Машыны прытарможваюць каля ўпадабаных «паненак», яны хвіліну аб нечым гамоняць і, калі знойдзена агульнае паразуменне, «начныя мятлушкі» ўпырхваюць у салоны аўтамабіляў.