«Ну і што, калі дачка прыйшла дамоў разам з маладым сонцам, якое пабудзілі гарластыя пеўні? — падумала сабе.— Ці мала дзе магла дзяўчына затрымацца, заседзецца? Гэга ж яшчэ не канец божага свету. Гады ў яе такія: няхай адпачне і палашчыцца, толькі б галавы не губляла. А яна, Дуняша, у яе, Ольгі, кемлівая і наравістая, у крыўду сябе ніколі не дасць, радзілася такой, пайшла характарам у Івана, бацьку свайго.
Тое, што старая пляткарка Перазімчыха вярзе, дык няхай ёй скула на языку ўскоча. Сваіх дзяцей ніколі не мела, то за чужымі і цікуе, небыліцы розныя ўзводзіць, без агню дыму шукае. Не, не буду я Вольгай, калі не перацягну старую па спіне кіем. Хай ужо і грэх на душу вазьму, толькі ж хто абароніць роднае дзіця, калі не я, матка... А бабы нашанскія ўжо такія цацкі, смехам душацца, колка пазіраюць. Няхай не забываюцца, што кожная, лічы, сваю незамужнюю дачку мае, во за імі няхай і прыглядаюць, кволяцца. А то ж Шаўчыха, даруй ёй Божа, два гады таму дапякала Кацярыну Перагудаву, у якой дачка зацяжарала ад прыблуднага шафёра, што, калі б мая дачка такое зрабіла, то яна б, Шаўчыха, ні хвіліны не думаючы, паклала б даччыну галаву на парог і сякерай па шыі. Праз гадок жа і яе донечка-дзесяцікласніца ў падоле двойню прынесла — хлопчыка і дзяўчынку. Шкода, што мёртвымі нарадзіліся. Няхай бы раслі дзеткі, усім месца на матухне-зямлі хопіць».
Вольга цяжкавата паднялася з канапы, на якой моўчкі так і ляжала Дуняша, адвярнуўшыся тварам да сцяны.
— Як крыху спадзе жара, выберы на градах гуркі, замачы іх гадзіны на дзве ў выварцы, а вечарам разам упарадкуем. Сама пайду на дальні гарод, пагляджу, ці счэзлі жукі з бульбоўніку, бацька ўчора труціў іх тамака. Ты мяне чуеш? Анямелай ляжыш! Перш чым зрабіць нешта, падумаць трэба, во тады і ладам усё ісці будзе. Глядзі, гуркоўніку не пакамеч, а то ён і так жаўцець пачаў.— Вольга начапіла сваю, здаецца, нязменную лёгкую хустку, якую ўсё трымала ў руках, і, лёгка націснуўшы клямку дзвярэй, выйшла ў двор.
«Ну ўсё, здаецца, абышлося і ўляглося крыху». Дуняша ўсхапілася з канапы, задаволена пацягнулася, прыгладзіла далонямі кароткія светлыя валасы на галаве, зірнула на сябе ў старое цьмянае люстэрка, што вісела на сцяне паміж двума вокнамі, і, саўгануўшы ногі ў напаўзношаныя тапкі маці, выскачыла з прахалоднага пакоя хаты ў дзённую спякоту.
Сонца напаліла паветра так, што калі яго ўдыхаеш. то здаецца, апякаеш лёгкія. Не раўнуючы, як у лазні, калі заходзіш у парыльню са студзеньскага марозу.
Дуняша прысела на лаўцы каля ўзорыстай веранды. Добра, што тут яе ніхто не мог бачыць. Бацька абгарадзіў двор высокімі дошкамі з разнымі варотамі. I будзь ты хоць два метры ростам, але нічагусенькі не ўбачыш, што робіцца на двары у Гарбацэвічау.
Дуняша пасля дзесяцігодкі паступала ў Магілёўскае медвучылішча. Ёй вельмі хацелася хадзіць у белым халаціку, які насіла б абавязкова вышэй калень, а на галаве — высачэзны хрумсткі каўпак. Пры яе сярэднім росце яна мела б яшчэ і туфелькі на высокім абцасіку-шпільцы. Тут ніводзін хлопец не ўстояў бы, зірнуўшы на яе. Але... Вярнулася яна з Магілёва пасля першага іспыту заплаканая і расчараваная.
«Значыць, не лёс, дачушка,— суцешвалі бацька з маці,— знойдзеш сваю яшчэ дарогу ці сцежачку ў жыцці. Толькі рукі апускаць, як тапельцу, нягожа».
Пагаравала Дуняша тыдні са два, а праз месяц нанялася працаваць у кааператыўны кіёск у Маластоўцы, іх раённым цэнтры, які знаходзіўся за пяць кіламетраў ад Шышкаўкі. Гэта ўсё ж табе не вёска, людней і весялей, моладзі і аднагодкаў болей. А яшчэ і тое-сёе модна-дэфіцытнае можна перахапіць, прытрымаць і самой выкупіць. Што крывіць душою, капейчына вальнейшая ў кішэні з’явілася. Гаспадар кіёска Халіл, а ў яго іх было каля дзесятка, не дужа каб улягаў ды сачыў за ўсім.
Дуняшы, можна сказаць, ён заўсёды верыў на слова, абы выручку не загрымлівала, своечасова здавала. Разоў колькі Халіл падлабуньваўся да дзяўчыны. Яна ж адпіхваць не адпіхвала, але вельмі і не гарнулася, не давала празмернай зачэпкі для больш інтымных адносін. Гаспадар ёсць гаспадар, яму ўсміхнешся нават тады, калі сэрца ў грудзіне сукравіцай сыходзіць, а на душы гаркота, мацнейшая за настой палыну.
Але ў Дуняшы такое рэдка здаралася. Чаго ў яе гадкі дужа ўбівацца і сумаваць? Усё яшчэ наперадзе, і яе казачны прынц недзе блытаецца, дарогі пакуль не знайшоў да кіёска. Толькі ж Дуняша ўмее чакаць, яна ўпартая і настойлівая — нікуды не дзенецца, прыедзе-прыскача, вось тады яна і пакажа, на што вартая...
Зусім нечакана прынца дзяўчына ўбачыла ў сваёй Шышкаўцы. Колькі гадкоў яна побач хадзіла з Лёнікам Лозікам, у клубе сустракаліся, перакідваліся слоўцам-другім, а гэтым летам быццам усё змянілася, прасвятлела. Калі шчыра прызнавацца самой сабе (хоць Дуняша адганяла гэты ўспамін), то яшчэ два гады таму спазнала яна ласкавасць Лёнікавых рук і прагную, неўтаймаваную любашч ягоных губ.
Было тое на пачатку жніўня, у бункеры жытняй саломы на калгасным полі. Але ёй усё тое падалося недарэчнай дзіцячай забавай, як гавораць у Шышкаўцы, «балаўством». I вось сапраўднае каханне. Ад яго проста-такі дранцвела цела, нічога не хочацца есці, а толькі б знаходзіцца побач з Лёнікам, слухаць яго жартаўлівыя словы, гладзіць па стрыжаным вожыку валасоў, цалавацца, затаіўшы дыханне, аж пакуль не пацямнее ўваччу.
Ужо з тыдзень Дуняша начуе ў Лёніка ў хлеўчуку на сене.
«Усё ладна было б, каб не зоркія (няхай яны зацягнуцца бяльмом) вочы Перазімчыхі. Угледзела. Добра, што хоць не бачыла, адкуль бегла. Лёніку ад пушчаных старой каргой плётак ніякай шкоды не будзе. Дый хлонцу гэтыя пагалоскі ганьбы не нясуць.
Што б прыдумаць такое важнае і бяскрыўднае, каб маці адпусціла сёння вечарам з дому? Лёнік жа будзе чакаць каля возера. Перагавару-ка я з Наташай, яна, як суседка, няхай зойдзе да мяне, быццам каля хаты на лаўцы пасядзець, а там ужо ніхто не зможа ўтрымаць. Палячу да свайго прынца ластаўкай. Добра, што хоць адпачынак цяпер, не трэба ў Маластоўку ездзіць, інакш не ведаю, што і рабіла б... Адно дрэнна — у Лёніка хутка заканчваюцца канікулы, але ён паабяцаў, што прыме мяне ў горадзе пасля восені на зіму. Вось там раздоліца, ні на каго звяртаць увагі не трэба, рабі што хочаш і як хочаш. Хутчэй пачалася б зіма».
Дуняша так задумалася, што не пачула, як на двор зайшоў бацька.
— Ты чаго, дачушка, сядзіш на санцапёку? Пачырванела, што печаны рак. Яшчэ рана косці грэць, сабралася б ды на рэчку ці возера разам з дзяўчаткамі схадзіла. Вада дасюль угрэлася, і жаніха сабе выбрала б. А то я з вамі, бабамі, замучыўся. Удзвёх як уссядзеце, хоць каравул крычы.— Іван Гарбацэвіч аж рагатнуў ад свайго дасціпнага жарту.
Быў ён высакаваты і падцягнуты, шэрыя і выразныя вочы хаваліся над шырокімі густа-чорнымі брывамі, а квадратны, з ямінкай, падбародак, які між тым не выглядаў грувастка-цяжкаватым, здавадася, вытачаны ўмелай рукой майстра. Між брывамі, на нацягнутай скуры лба, пралягала вертыкальна глыбокая баразёнка.
Дуняша зірнула з цёплай любасцю на бацьку. Ён хоць і быў строгім мужчынам, так усе лічылі ў Шышкаўцы, але да яе, дачкі, адносіўся пяшчотна, ніколі не падвысіў голасу, не кажучы ўжо пра славутую папругу, якой звычайна іншыя бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей. Іванава рука ніколі не наднялася на адзіналюбую Дуняшу. Хутчэй маці магла раней перацягнуць неслуха-дачку чым-небудзь па плячах ці галёнках — бацька ж ані разочку.
— Я і пайшла б, толькі маці загадала гуркі выбраць на градах,— неяк абыякава азвалася Дуняша.— Калі не зраблю да яе прыходу, сам ведаеш, колькі папрокаў начую.
— 3 ёю разам мы справімся. Толькі ж куды яна збегла?
— Пайшла на дальні агарод.
— Так-так, інспекцыя па кантролю ў дзеянні, здаецца, гэтак пісалі ў нашай маластоўскай райгазеце.
— Усё ты помніш, тата.
— Ну я ж у цябе яшчэ не сівабароды дзед, і на печ ты мяне пакуль не падсаджваеш. Ці правы я, га?
— Вядома, тата.
— Значыць так: збірайся і ідзі на возера, там вада цяплейшая, а гуркі нікуды не дзенуцца, да суседзяў з градак не перабягуць, плот не пусціць. А я папалудную і зноў у гараж. На рамонце стаю сёння.— Бацька зайшоў у хату.
«Дзякуй табе, Божа, ніякіх плётак не чуў,— з радаснай палегкаю выдыхнула Дуняша.— На рэчку, дык на рэчку. А бабскія нагаворы няхай спрахнуць разам з іхнімі доўгімі языкамі. Я нікога не забіла і нічагусенькі не скрала. Навошта ж сябе зводзіць, па-дурному перажываць!»