Лёнік выйшаў за брамку свайго дворышча ў лёгкай кашулі з кароткімі рукавамі — і ў даволі паношаных джынсах. Ён спадзяваўся мінуць некалькі суседніх дамкоў і загароддзем, абыходзячы выган, прайсці паўз самы лес да возера. Туды вяла ўтаптаная сцежка. Але не паспеў хлопец зрабіць і дзесятка паспешлівых крокаў, як яго аклікнула некалькі галасоў з супрацьлеглага боку вуліцы. Хоцькі-няхоцькі, але ён адгукнуўся, запаволіў хаду і павярнуў, на першы погляд, да нябачнай людской купкі. Разгалісты стары вяз хаваў іх ад цікаўнага чужога вока.
— Куды гэга ты навастрыўся, сябрук? — пазнаў Лёнік голас Жэнькі Кузьміцкага.— Клуб, здаецца, у другім баку. Ці ты забыўся ўжо?
— Не, ён любіць кругі наразаць,— хмыкнуў Віктар Кавалёў.— У горадзе ж па прамой ніхто не ходзя. Там больш за ўсё зігзагамі ўвіваюцца. Я праўду кажу, Лёнь?
Лозік змоўчаў. Адно павітаўся з вяскоўцамі за руку. Дастаў пачак цыгарэт, пстрыкнуў запальнічкай.
— Ого,— пацягнуўшы носам да сябе выпушчаны Лёнікам тыгунёвы дым зацяжкі, загаманіў плюгавенькі Сяргейчык Маньчын.— Хлопцы, ён курыць нянашанскія цыгарэткі, дым зусім не смярдзіць, а пахне дарагім дзікалонам. Дай і мне адну, Лёнік.
— Любіш ты, Сяргейчык, дармавое,— штурхануў яго локцем Кузьміцкі.— Мы вось вырашылі трошку падагрэцца перад клубам, вінцом пабалавацца,— гэта ён тлумачыў Лёніку.— Пагаворваюць, што сёння прыедуць шчупаць нашых дзевак ельненцы. Мы і хочам учыніць ім гарачы прыём. Сербані трохі і ты,— ён працягнуў Лёніку бутэльку.— Разгані згусцелую за дзень кроў. Няхай яна шпарчэй пабяжыць па жылах. Нашы ўсе дамовіліся сабрацца ў клубе гадзін у дванаццаць, калі самы разгар будзе.
Лёнік зрабіў некалькі глыткоў. Усярэдзіне пацяплела.
— Не саромейся, пі,— надахвочваў Віктар Кавалёў,— у нас яшчэ непачатых тры «фаўсты».
— Хопіць з мяне, хлопцы,— аднекваўся Лёнік.
— Давай, давай, цягні,— не адставаў і Жэнька.
— Глядзіце, а то вам застанецца мала,— сам сабе ўсміхнуўся Лёнік і добра-такі прыклаўся да рыльца.— Ух, праняло,— аддаючы бутэльку Віктару, выдыхнуў Лозік.
Хлопцы зарагаталі.
— Ну, мне грэба бегчы.
— Баішся, што тваю козачку другі ў кустах пакрые? — з’яхіднічаў Сяргейчык.— Не бойся, мы яму тое-сёе на вузел завяжам.
Усе зноў прыцішана гагатнулі ад дасціпнага жарту сябра.
— Бярыце па цыгарэце, а я пабег.
Хлопцы моўчкі апалавінілі пачак, задымілі.
— Глядзі, не пазніся!
— Твой кулак не лішні будзе!
Словы сяброў ляцелі ўслед за Лёнікам.
Колькі сябе памятае Лёнік, нават яшчэ з бясштаннага, як гавораць, дзяцінства, а міру паміж моладдзю Шышкаўкі і Ельні ніколі не было. Варта толькі прыехаць ельненцам да іх у клуб — адразу разборкі і бойкі. Мо ўсё з-за таго, што ў Шышкаўцы было напалову больш хлопцаў, чым дзяўчат, і яны раўніва аберагалі іх. А тыя, наадварот, льнулі да чужакоў, заводзілі сабе кавалераў-ельненцаў, тым самым грэбуючы сваімі. А каму такое даспадобы прыйдзецца?
Лёніку, крыху захмялеламу, прыгадаўся мінулагодні прыезд ельненцаў. Было гэта ці не ў такі ж сяродлетні час. Лёсікава Кацярына, ёмкай косткі дзяўчына, была яшчэ не замужам. За ёй убіваўся шышкаўскі Андрэй, а з Ельні ўлягаў за дзяўчынай стаматолаг-зубнік. Вось ён, як потым уведалі, падгаварыў, перад гэтым добра напаіўшы ельненскіх хлопцаў-забіяк, правучыць Андрэя, адбіць у яго ахвоту заляцацца да Кацярыны. Слова за слова, і пачалася «кулікоўская бітва». Усім хапала, але бедалагу Андрэю найбольш. I калі Кацярына заўважыла, што зубнік ледзь не скача па змэнчаным ад рук ельненцаў яе Андрэю — не вытрымала. Схапіла яна ацынкаванае вядро прыбіральшчыцы і ўварвалася ў самую гушчэчу бойкі. Праз дзве хвіліны ўсё было скончана. Кацярына так сплюшчыла вядро аб галовы і целы ворагаў і сваіх, што яго прыйшлося выкінуць на сметніцу. Вось так яно — ведай нашых. А недзе праз месяц Кацярына з Андрэем згулялі вяселле і забыліся на дарогу да клуба.
Месячык высвечваў сцежку. Лёніку ішлося добра, на душы было прыемна і ўзнёсла. Ён не задумваўся, ад чаго гэта, мо ад блізкай сустрэчы з Дуняшай, а мо ад выпітага. У галаве злёгку шумела, але ўсё роўна здавалася, што ён ясна чуе, як дробныя хвалі на рэчцы набягаюць, шапочуцца з абгладжанымі вадою каменьчыкамі, лашчацца, любяцца між сабою. А вецер, як сапраўдны бацька ўсясвету, ненавязліва і асцярожна гайдае на сваіх урасянелых крылах гэту святую ідылію вечнасці. Але ж да рэчкі яшчэ далекавата, і цячэ яна крыху воддаль ад сцежкі, што бяжыць да возера. Лёнік успомніў, як мінулай восенню ці не з самага ранку ішоў ён вось па гэтай жа сцежцы, няхітрыя вуды боўталіся на плячы, угіналіся сваёй пругкасцю ў такт хады. Свяціла скупаватае сонца, не, яно не было яшчэ сцюдзёна-халодным, пад яго промнямі, у зацішку, добра было пагрэць плечы, але нечакана на неба вецер нагнаў табунок воблакаў, і на зямлю пырснуў шклянавата-халодны дождж, зацюкаў па рэдкіх, зжаўцелых, агніста-яркіх лістах бялёса-зялёных асін. Чаму гэта зараз Лёніку прыгадалася? Чаму менавіта ўжо даўно забыты той восеньскі дзень? Навошта ён хаваўся ў глыбіні памяці, у падсвядомасці? Можа, прыгадаўся з-за цяперашняга нястрымнага і багатага трымцення лістоты на асінах? Яны дрыжаць, трасуцца пад няўлоўным ветрам. Няма ім спакою з Хрыстова прышэсця на зямлю. Ліхаманіць асіны, прабірае іх няведамы жах, менавіта жах, а не нейкі там лёгкі сполах. I нават чалавеку, так здаецца Лёніку, які ідзе паўз густую сцяну асінніку, на душы робіцца трывожна і вусцішна. Быццам робіш кожны крок у невядомасць. Што чакае там цябе, за наступным паваротам, узгоркам ці лагчынай? Якім будзе слова, сказанае за першым? I чаму ў чалавека пачынае балець без дай прычыны душа сярод асінніку? Няўжо ж такое паганае яно дрэва? Толькі ж зімою для ласёў, а разам з імі і зайцоў яны, асінкі, найлепшая спажыва. Эх, асіны, асінкі...
Лёнік перайшоў неглыбокі роў па хісткіх кладках, абагнуў топкую балацявіну, якая штогод адсвечвае ржавай асакой-разучкаю, і выйшаў на вольнае месца. Адсюль ужо добра бачыліся дубкі, а далей, за імі, цямнела, хутчэй угадвалася шырачэзная азёрная прахалода. Толькі ж прахалода возера ўгадвалася, але сёння не адчувалася. Лёнік ведаў, што возера дыхае цеплынёю, ад вады падымаецца пакуль нябачная яму пара і сцелецца па бліжэйшых кустах лазы і цупкіх сцёблах валяр'янніку.
Калі падышоў бліжэй, то хлопец не адразу заўважыў Дуняшу. Яна, відаць, знарок схавалася за кражысты ствол дрэва. Быццам гаворачы гэтым: «Ага, даражэнькі, ты ўжо тут, а мяне няма, мамка з таткам узялі і не пусцілі». 3 хвіліну Лёнік узіраўся наўкол, вышукваў знаёмую постаць. Дарэмна. Дзіўнавата хмыкнуўшы сам сабе, ляпнуў далонню па кішэні, дастаў пачак цыгарэт, наважыўся прыпаліць, вось тут і вынырхнула Дуняша.
— Ты нягоднік, Лёнік, Лёнік-нягоднік,— капрызліва штурханула яна ў грудзіну хлопца.— Я з паўгадзіны, як чакаю, вочы прагледзела, сэрца тугою скруціла, а яму хоць трава не расці. Вось так мяне ты кахаеш. Можа, гуляеш, як той кот з мышкаю, а калі надакучу...— Дуняша змоўкла, недагаварыўшы, што ж тады будзе.
— 3 хлопцамі парай слоў перакінуўся. Яны збіраюцца ельненцаў сёння таўчы.— Крыху памаўчаўшы, дадаў: — Віном пачаставалі, прасілі, каб і я прыйшоў у дапамогу.
— Псіхі.
— Ну.
— Неспакойна нешта ў мяне на сэрцы, Лёнічак. Клопатна неяк. Увесь час думаю, што з'едзеш ты ў свой горад і забудзеш, што я па табе сохну. Канечне, там у вас дзяўчат, як проса ў мяшку, а што я? Я так сабе...— Дуняша гаварыла ўсё гэта з тайнай думкаю, што Лёнік адразу кінецца пераконваць яе, клясціся і запэўніваць пра сваю адзіную любоў-каханне да яе, Дуняшы. Хлопец жа маўчаў і дыміў прыпаленай цыгарэтай.