Дуняша ўскочыла ў веранду, схапіла з шуфляды камода яркі купальны касцюм, доўгі мяккі ручнік і, як вясенняя мачанка, шуганула за вароты на вуліцу.
VI
Андрон пад дрывотняй перабіраў пні-смалякі, якіх нацягаў мінулым летам з дзялянак. Іх цэлая брыгада падрыўнікоў дынамітам выдзірала з зямлі для раённай смалакурні. Ці не з месяц у вёсцы толькі і чуліся прыглушаныя вухканні ўзрываў. Спачатку Андрону, мо дні з тры, было ніякавата і жахліва. У памяці адрадзіліся, здавалася, ужо даўно забытыя адгалоскі вайны. Але пакрыху прывык і ўжо праз які тыдзень не ўздрыгваў ад лясных узрываў, а вечарам, узяўшы тачку-двухколку, ішоў на дзялянку і з вялікіх яршыстых грудаў пнёў выбіраў самыя ядраныя і, як гусіны тлушч, жоўтыя смалякі. Зімою на падтопку ў печы лепшага і не прыдумаеш. Сякерай тоненька наскяпаеш некалькі жменяў і жыві прыпяваючы. Не трэба табе ані газета ці папера нейкая. Ды і адкуль яму, Андрону, узяць тую паперу: дзяцей або ўнукаў-школьнікаў няма, спісаных і непатрэбных сшыткаў ці кніжак — таксама. Газет жа ён і падаўней не выпісвае — дорага. На пенсію па цяперашнім часе дужа не нараскашуеш. Вось тут смалячкі і прыдадуцца, выручаць.
Андрон упарадкаваўся ўжо з пнямі-смалякамі, лепшыя адклаў на зіму, а тыя, што жывіцаю напоўнены не вельмі, пакінуў бліжэй пад рукамі. Яны пойдуць на падтопку летам і восенню. Сыпун выйшаў з-пад паветкі, прысеў на калодзе паўз хляўчук, выцягнуў з кішэні старога, працёртага на локцях пінжака пачак папярос, размерана і павольна, як усё ён рабіў, чыркнуў запалкай па карабку, закурыў. Тут, у цяньку пад страхою, добра сядзелася і вальней дыхалася. Па двары, які зарос густым мурагом, сонна праходжваліся некалькі курыц, яны ляніва, быццам не хочучы, сашчыпвалі траву, грэбаліся ў трэсках, якія Андрон не паспеў прыбраць. Гэта, можна сказаць, і ўся гаспадарка Сыпуна. Да Пасхі трымаў ён яшчэ і парсюка, але перад самым святам закалоў, памагаў яму Іван Гарбацэвіч. Добры, спагадлівы мужчына. Андрон з ім вадзіў сяброўства. Ды і Івану, відаць, падабалася тады-сяды пасядзець са старым, пагаманіць, паслухаць пра ранейшае, тое, што яшчэ жыло ў памяці Сыпуна.
Андрон сабраўся ўжо ісці ў хату, засіліць коўшык хлебнага квасу, які ўвесь час рабіў па сваім рэцэпце, ды прагнаць у горле свербна-гаркавы прысмак ад тытуню. Але нечакана рыпнулі варотцы, і на двор узбеглі цыганяты-падшыванцы. Яны адразу ж заўважылі старога і подбежкам падскочылі да яго.
— Дзед Андрон, мы прыйшлі да цябе па грушкі. Хлопцы казалі, што яны ўжо саспелі. Учора вечарам лазілі праз штыкетнік і дужа хвалілі,— старэйшы, Васька, гаварыў узахлёб.— Ці можна назбіраць нам, дзед Андрон?
— Гаворыш, лазілі ўчора? — задумаўся Сыпун.— Во ўжо калыглуззя неўгамоннае, а я-то кумекаю сабе, хто б гэта мог пацерці так бульбоўнік над грушкаю?
— То ж не мы лазілі, дзед, а хлопцы большыя,— з перасцярогаю пачаў тлумачыць Васька.
— Ведаю, ведаю,— супакоіў малых Андрон,— калі б вы лазілі, то не прыйшлі б прасіць. А хто гойсаў праз частакол? — хітравата прыжмурыў вочы Сыпун.— Ці скажаш мне па-сяброўску, га?
— Мы не ведаем,— спуджана зірнуў хлапчук на брата з сястрою,— проста на вуліцы чулі, як нехта гаварыў. Праўда-праўда, дзед.
— Ну няхай будзе так. Ідзіце збірайце, але дужа не тапчы- цеся, асцярожненька бульбоўнік разгортвайце, а то спляжыце тое, што яшчэ засталося пасля ўчарашняга набегу.
Дзеці пайшлі на агарод. Андрон правёў іх позіркам, уздыхнуў. «Цыганяты. Якія яны цыганяты? Трошкі цямнейшыя ад іншых ды гавораць не зусім так, як усе ў Шышкаўцы. Ведама ж — прыезджыя. Аднекуль з Расіі лёс закінуў. Бацька з маткаю ў чарку ўлягаюць, а яны, бедалагі, на падножным корме лецейка цалюткае. Трэба па скібцы хлеба з цукрам даць ім. Ці не, з паўбатона белага яшчэ засталося з учарашняга». Андрон зірнуў на агарод. Разлапістая і кучаравая груша з рэдкімі ўсохлымі галінамі выпроствалася вышэй страхі хаты. Ранняе і адзінокае ў Сыпуна пладовае дрэва. А яшчэ тры гадкі таму больш дзесяці яблынь, груш, сліў і вішань густа расло на яго агародзе. За адно лета-лецейка ўсе ўсохлі. Быццам пошасць напала на сад. 3 вясны ж і лісточкі на кожным дрэве распусціліся, белай і ружовай квеценню галіны шчодра ўсыпаліся, а праз месяц няўклюдна змізарнелі, яшчэ праз тыдні два ўчарнелі, што вуголле на папялішчы, і стаяў сад голы-галюткі, быццам зіма на вуліцы, а не краснае лета. 3 кім толькі ні раіўся Андрон, што толькі ні рабіў ён, каб выратаваць сад, але ўсё дарэмна. Паадставала кара ад ствалоў яблынь і груш, аблупілася голле на слівах ды вішнях, і стаялі дрэвы над высокім цёплым небам, як абвараныя. Адно што мазолілі вока ды болем адгукалася бяда ў сэрцы. Без патрэбы цяпер заміналі яны на агародзе. Вохкаў і войкаў Сапун, ходзячы па мёртвым садзе, гладзіў шурпатыя дрэвы, там, дзе яшчэ кара засталася, лашчыў вузлавата голыя, як выветраныя на сонцы косткі, ствалы, а ніякай рады даць ужо свайму саду не мог.
Са скупымі слязамі ўчыніў Андрон вядро бражкі, выціснуў-выгнаў трохлітровік самагону і паклікаў пляменніка Віцьку, каб той прыхапіў бензапілу і пазразаў з кораня дрэвы. Было гэта ўжо глыбокай восенню. Каб не бачыць, як ляжа сад аднойчы і назаўсёды на зямлю, Сыпун пайшоў з дому. Узяў кошык і патупаў у лес, быццам назбіраць позніх апенек. А вочы засціла слязівіца-смуга, праз яе не то што грыбоў, сцежкі Андрон не бачыў.
Віцька пасля, калі ўжо сядзелі ў хаце, а белавата-цьмяныя пянькі блішчэлі ў надвячоркавым сутонні, расказваў Сыпуну, як цікавала за ім Надзюха Перазімчыха, некалькі разоў падыходзіла са свайго агарода да плота Андрона і, усміхаючыся, крыху прыкрыўшы бяззубы рот далонню, пыталася:
— Віцечка, ці гэта здурнеў на сыходзе веку Андрон, што наважыўся спляжыць такі сад? Ён мо да наступнай вясны і набраўся б сілы ды моцы, а яго бяздумна пад жалезны ножык пускаеце. Няхай бы пастаяў яшчэ, відаць, год неспрыяльны для Сыпуновых дрэў. Але я помню, такое ж было перад самай вайною ў Пракопа Дуліча. Высах увесь сад, а праз Седміцу і сам Пракоп Богу душу аддаў, то мо і па Сыпуну будзем хутка салодкія бліны есці?
Андрон тады змоўчаў, адно што абыякава махнуў рукою ды наліў у чаркі яшчэ пітва. Віцьку за работу, а сабе, як на памінках па нябожчыку, ва ўспамін аб садзе. Пякучы самагон драў нутро, гарчыў душу, выціскаў з вачэй старога ніцую слязіну. Перажыў Сыпун і гэта гора, адлягло, памякчэла на сэрцы, крыху забылася. Але ўсё роўна, ідучы міма ўчарнелых пнёў на агародзе, ён спыняецца каля кожнага і адчувае ў роце смак баравінкі і цітаўкі, залатой налівістай антонаўкі і мяккага, па яго зубах, белага наліву.
Пакуль памінаў ды ўзгадваў сваё, на двор выскачылі цыганяты. Кішэні ў зашмальцаваных і там-сям падраных штоніках няроўна тапырыліся, і ў руках па некалькі грушак. Самая ж меншая дзяўчынка (Андрон нават не ведаў яе імя) назбірала сакавітых пладоў у прыполле сваёй сукеначкі.
— Дужа не ўлягайце на зяленіва, а то жываты паўздувае,— параіў стары,— хадземце ў хату, хлеба з цукрам дам.
Дзеці зашлёпалі босымі нагамі па масніцах у сенцах, зайшоўшы ў пярэднюю, селі паўз печ на самаробнай разной лаве. Андрон пачаставаў цыганят, і яны, адкусваючы па ладным кавалку прысалоджанага хлеба, увішна жавалі, раз-пораз крадком кідаючы позіркі на стол, дзе застаўся ляжаць акраец батона і стаяла драўляная, зробленая ў даўнія гады Сыпуном, цукроўніца. Стары перахапіў позіркі дзяцей, раскроіў рэшту хлеба, зноў пасыпаў цукрам і, калі яны даелі, падаў па новай лусце.
— Дзеду, а праўда, што ў цябе пад печчу жыве дамавік? — церануўшы рукавом кашулі рот, нечакана для Андрона запытаў Васька.
— Хто вам такога нагаварыў, дзеці? — здзіўлена зірнуў ён на цыганят.
— Баба Перазімчыха страшыла. Казала, каб мы не хадзілі да цябе, інакш твой дамавік нас зачаруе і вушы абарве.
«Во лярва старая,— узлаваў пра сябе Андрон,— ужо дзяцей адпуджвае. Сама век нікога не пачаставала, не прывеціла, а цяпер завідкі бяруць, што цягнуцца да мяне на дворышча мальцы-падшыванцы, не абходзяць бокам. Няхай ад злосці жоўцю сваёй захлібнецца. Дзяцей не абманеш, яны сэрцам, хоць і маленькім, адчуваюць, хто да іх з душою і спагадай ставіцца».
— Не бойцеся, дзеткі. Дамавікі ў кожнай хаце жывуць. I ў вашай таксама. А мой зусім добры, любіць вас, бачыце, сахарку з хлебам прыбярог, каб падсаладзіць у роце.
— Дзеду, раскажы нам пра дамавіка, а то, дзе раней мы жылі, іх там не было.
— Так і не было?! — з непрыхаванай сярдзітасцю буркнуў Андрон.— Яны, дамавікі, ні аднаго дворышча не абмінаюць. Вось паслухайце, што я перакажу, ад маіх бацькоў яшчэ чутае, а ім-то верыць трэба, дужа ж праведнымі людзьмі былі, сапраўднымі хрысціянамі, праваслаўнымі, вернікамі. Ды што вам пра гэта гаварыць і пераконваць — верце на слова. Дык вось, дамавік цэлы год жыве смірна і ладна ў любой гаспадарцы, клапоціцца пра ўсё дома і на двары, лепш чым другі мужык-нядайдзіца ці гаспадыня-раскідуха. Глядзіць дамавік за агародам, не дае разгуляцца ў садзе лесавіку, адганяе ведзьмаў ад кароў ды коней. У добрага дамавіка ўсё ў хаце спраўна, ад усяго прыбытак, усім сытна і наедна. А бывае другім разам, што і ўзбунтуецца ён немаведама чаму. У такія часіны, дзеткі,— Сыпун пахітаў перад сваім носам заскарузлым пальцам,— ён злуецца на ўсіх, гатовы разбурыць хату, пазганяць усю жыўнасць на балота, можа коней падперці пад саменькія яслі, а ў кароў адбіць ахвоту да яды — веры не дасцё — перакусае ўсіх сабак, па двары параскідае сані ды калёсы, самому гаспадару, які не ўлагодзіў, падкотваецца пад ногі. А ўсё гэта бывае, каб вы ведалі, не раней, як у канцы сакавіка, калі ў бярозках сок ускіпае, неба сіняй глыбінёю поўніцца, а каля сваіх дамкоў шпакі цвінькаюць. Буяніць раз на год дамавік, як і гаварыў я, звычайна трыццатага сакавіка. Запомніце гэта добра, не пашкодзіць. У гэты дзень пачынае ён сваё гульбішча з ранняй зоркі-зараніцы і да поўначы, як заняюць першыя пеўні. А пасля ўлагоджваецца і зноў дбае пра свайго гаспадара, яго хату і саму гаспадарку.
Многія гаварылі, што на пачатку вясны скідае дамавік старую скуру і ад гэтага так бесіцца, боль жа невычэрпны пераносіць ён, а другія нашанскія старажылы завяралі, што ў той дзень нападае на дамавіка чорная чума, ну хоць бы як і на сабаку ці карову, і ад гэтага ён так сваволіць і шкоду прыносіць на ўсё дворышча. А бацька казаў, што ў гэты дзень прыходзіць расправа дамавікам ад нячыстай сілы на цалюткі год. Матка ж мая, пухам няхай ім зямля будзе, спорыла з бацькам, пераконвала, што глумлівы дамавік трапляецца толькі тым, хто паспрачаўся некалі з вясковым знахарам Гардзеем, вось ён і надзяляе сям’ю такіх сварліўцаў злым і непакорлівым дамавіком.— Андрон зірнуў на цыганят. Яны ціхенька сядзелі на лаве, прыціснуўшыся плечукамі адно да аднаго. Меншая дзяўчынка не зводзіла вачэй з падпечча, каля якога стаяла бляшаная закопчаная засланка. Чорныя вочкі дзяўчынкі сіліліся нешта выгледзець у густой цемры падпечча.
— Ну вось і напужаў я вас,— скупа ўсміхнуўся Андрон,— але вы дужа не лякайцеся. Мой жа дамавік добры, любіць дзя- цей, я пра гэта напачатку гаварыў. Так што не бойцеся прыходзіць. Як толькі чаго захочацца, адчыняйце дзверы ў маю хату, я і падсоблю, чым змагу. Добра, Васька? — Сыпун падняўся.— Бяжыце цяпер пагойсайце, а то заседзеліся разам са мною, байкі слухаючы. Ды і мне не выпадае без справы час церці, плот хачу падправіць, частаколіны мацней прыбіць, а то вашыя дружбакі пашкуматалі яго добра. Эх-хэ-хэ, цяжка папрасіць. Я ж не адмовіў бы, бярыце і ежце ад пуза. Мне ж аднаму ўсё не спажыць, заходзьце, дзеткі, часцей і не слухайце бабу Перазімчыху, яна ўжо з розуму выжыла.
VII
Вечарэла хутка. Натруджанае за дзень сонца скочвалася за вёску паспешліва. Яно імкнулася саступіць нябеснае бязмежжа свайму вечнаму брату-вандроўніку, месячыку. Быццам гэтым гаворачы, што няхай і ён, пасля доўгага дзённага спачыну, паслужыць не толькі сусвету, але і тым людзям, каму яшчэ не спіцца, хто шукае пад яго халаднаватым вокам свайго шчасця і спаталення душы і цела.