Цяпер Вераніка ішла з букецікам жаўтлявых нарцысаў у руцэ. Яны здаваліся халоднымі і пругка-дзябёлымі, як толькі з маразільні. Дзіўна, чаму ў вясновай гарачыні яны не набіраюцца цяпла і пяшчоты ад прамяністага сонца, ад подыху ветру, які лашчыць усё жывое. I не толькі. Нарцысы — нібы мёртвыя, ашклянелыя кветкі, якія Лёніку ніяк не хацелася б трымаць у сваёй далоні.
— А ты сам адкуль? — зірнула арэхавымі вачыма Вераніка.
— 3 Магілёўскай губерні.
— Вучышся тут, у Мінску?
— Ага.
— Калі не сакрэт, то дзе?
— У політэхнічным.
— Які курс?
— Чацвёрты.
— Хутка ўжо скончыш. Зайздрошчу,— дзяўчына непадробна ўздыхнула.
— Ты пра мяне ўсё ўведала. Цяпер мая чарга. Ты згодная?
— Давай.
— Пункт першы: вучоба і курс?
— Інстытут культуры, трэці курс.
— Адкуль, з якога роду і племя?
— Мінчанка карэнная, з вуліцы Пляханава. А далей каб не пытаўся, то скажу шчыра. Мая сям’я такая: маці, тата, сястра і я. Кватэра двухпакаёвая, так што, бачыш, нявеста я не дужа завідная. Але маем яшчэ і дачу з дзесяццю соткамі. Праўда, на яе не рвуся.
Лёнік не ведаў чаму, але, ідучы разам з Веранікай, гледзячы на расквечаныя тратуары рознакаляровымі, лёгкімі жаночымі сукенкамі, маладой лістотай на каштанах і, урэшце, кідкімі плямамі клумбаў паўз вуліцы, пачуваў сябе лёгка і вольна. Хацелася вось так ісці і ісці, не зважаючы на таўханіну і шматлюддзе тратуараў, на прыдушліва-спёртае, да казытання ў горле, паветра — машыны смуродзілі празмерна. Толькі ж і ў іх няспынным бегу і гуле, рыпенні тармазоў, вохканні і шыпенні каля святлафораў бачылася невыказная шчырасць радасці вясне.
То была першая сустрэча Лёніка з Веранікай, іх першы дзень. Яны доўга хадзілі па горадзе, няспешна блукалі па невялічкіх скверах, прысаджваліся на крэселцах пад вялікімі парасонамі каля кавярань, пілі фанту і колу, разы два смакавалі густую чорную каву і цешыліся сустрэчай (ва ўсялякім разе так здавалася Лёніку).
Далёка за поўдзень яны дайшлі да вуліцы, дзе жыла Вераніка. Даўгавагы пяціпавярховік хаваўся ў двары, на якім густа раслі гонкія бярозкі. Некаторыя з іх выцягваліся аж да апошняга паверха. Тут было суцішна і прахалодна, а калі не лічыць трох мальцоў на дзіцячай пляцоўцы, то і бязлюдна.
— Давай прысядзем на лавачцы, вунь пад тым адзінокім клёнікам,— папрасіў Лёнік.— Не хочацца разыходзіцца, а карціць пабыць разам яшчэ хоць хвілінку.
— Можна пасядзець і тут,— Вераніка сарамліва адвяла позірк,— але ў мяне дома нікога няма. Я ж табе гаварыла, што мае паехалі на дачу, то чаму б не зайсці ў кватэру, паспрабуеш, як гатую я каву.
Лёнік не чакаў такой прапановы, на нейкую хвіліну разгубіўся, а сэрца моцна затахкала ў грудзіну, быццам пасля спрынтарскай стометроўкі.
Вераніка была першай з дзяўчат, з якімі ён сябраваў і якая вось так проста, у першы дзень знаёмства, запрашала да сябе.
Яны няспешна падняліся на чацвёрты паверх, ключ шчоўкнуў два разы ў замку, і ласкавая прахалода кватэры агарнула іх, закалыхала, залашчыла, прытуліла адно да аднаго.
V
— Лярва ты бяздумная, шэльма непрытульная! — загаварыла з парога Вольга Гарбацэвіч.— Ці ў цябе мазгі градам адбіла, ці ўжо ў няцерпіцу зашлыкатала між ног, каб так родную матку ганьбіць! Калі ўжо смыліць бязмерна шлунне тваё, я знайду, чым лячыць, махнаткі ў мяне пад рукамі шторання, выхаплю і ўпіхну ў тваю кумагерку, за адзін уздых усё выпаліць дашчэнту. Выгадавала сабе на галаву дачушку, лепей, чым ты адна, няхай бы ў мяне пяць хлопцаў гадавалася, погань ты паршывая, гадаўка! А ну прызнавайся, да каго ноччу на злучку бегала! — Вольга бяссільна села на табурэтцы каля чапельніка, звялай рукой сцягнула з галавы лёгкую хустку і цярнула ёй памакрэлыя вочы.
— Шышкаўка гудам гудзіць, быццам выдраны мядзведзем рой, бабы на мяне глядзяць, як на залатушную. А я ж, дурышча, гавару ім пра тое ды сёе, гаманю, як штодня, пячонкай адчуваючы няладнае, а яны смяюцца ў вочы, зубы сушаць на сонцы, няхай бы іх косці высушыла. Скуль мне знаць, што дачушка мая скурвілася.— Гарбацэвічыха перавяла дых, машынальна цярнула з барады тыльным бокам вольнай рукі няспынна набеглыя слёзы, глуха выдыхнула, як быццам з плячэй скінула гнёткі мех.— Пытаю апошні раз — з кім ноч была, блудніца? Маўчыш? Ну-ну, памаўчы... Гэта ж каб не кума Наста, так і хадзіла б я, ліха не ведаючы, а бабы нашынскія цешма б цешыліся. Ці ж я дабра табе не хацела ці не хачу? Лялькай у мяне жывеш, як яечка, берагу цябе, парушынкі здзімаю, а яна наравіць, каб ад горкіх дум у мяне, маткі. каўгун завёўся. Кажы, дзе і з кім была! Перазімчыха ўсіх «абзваніла» каля калодзежа, усім данесла пра гвае гульбішчы-любішчы.— Вольга задыхана ўсхапілася з табурэта, падскочыла да прыціхлай Дуняшы, якая ляжала з кнігаю на невялічкай рыпучай канапцы паўз дзверы, што вялі ў чысты пакой-залу, і хусткай затрапала па светлавалосай галаве дачкі. Дуняша не абаранялася, а толькі прыкрыла твар далонямі. Ды і якую шкоду магла зрабіць лёгкая хустка маці? Сагнаўшы крыху злобу, Вольга прысела побач:
— Дачушка мая, ці ж я табе вораг? Як самой сабе верыла, а што цяпер? Мо ты нічога бяздумнага і не зрабіла, а бачыш, што людзі гавораць, як у вочы мне смехам-соллю сыпяць. Не дай бог, у вушы бацьку ўвядуць, ён жа цябе на вуліцу і светлым днём не выпусціць, не кажучы ўжо пра вечар.— Вольга зноў памаўчала, наставіўшы локці рук на калені, а далонямі абхапіла галаву, захітала ёю, нібы старалася абтрэсці з валасоў, зачэсаных на патыліцу, нябачную павуціну ўедлівага суму, пякучага дакору, што сціскаў яе, мацярынскую, душу і цела.
Так прайшло некалькі хвілін. У куце пад іконаю, там, дзе стаяў стол, пакрыты саматканым, яшчэ свекрыві, белым абрусам з мудрагелістымі карункамі на сподзе, мірна і заспакоена цікаў нядаўна куплены будзільнік. Па шыбінах двух акон стомлена, але настойліва зумкалі некалькі мух, парываліся вырвацца на двор. Хатнім яны пакуль што дужа не дакучалі, гэта ж табе не спасаўскія і не восеньскія мухі, што джгаюць, прыліпаюць да цела і кусаюць пякучым агнём.
— Прызнайся, дачушка, і мне палягчэе, буду хоць ведаць, каго за сватоў лічыць, з кім у першую чаргу на вуліцы вітацца. Мо пабярэцеся з гэтым хлопцам? — Вольга ўстрапянулася.— Ён хоць наш, шышкаўскі? — Адчувалася, што Гарбацэвічыха паспакайнела, стала больш разважлівай і ўдумлівай.