— Усё ж напісала! — сам сабе мармытнуў хлопец.— А я думаў, што жартам кажа...
Гэтай вясною пазнаёміўся ён з Веранікай на мітынгу, які праходзіў у парку Янкі Купалы. Людзей тут сабралася нямала, выступалі прамоўцы. У майскім, надзіва цёплым, нават гарачым, паветры для такой часіны, луналі, трапяталі сцягі, людскія галасы падхоплівалі лозунгі, якія гучна выляталі з узмацняльнікаў. Паўсюль бачыліся каржакаватыя постаці міліцыянтаў, ёмкія хлапечыя постаці ва уніформе, там-сям на шыракаватых сцежках-тратуарах стаялі брызентавыя спецмашыны і «уазікі», якія дужа не любяць выпівохі і зладзеі. Усё было як звычайна аношнім часам у сталіцы, але... Але, нягледзячы ні на што, моладзь радавалася вясне і сонцу, кволка-клейкай маладой лістоце на дрэвах, паху разагрэтага асфальту, які яшчэ не паспеў абрыднуць,— хацелася кахаць, шчыра ўсміхацца і па-заліхвацку рагатаць, не шкадуючы лёгкіх і горла.
Пасля выступлення апошняга прамоўцы, калі людзі пачалі паціху разыходзіцца, расцякацца па вузейшых сцежках ручаямі, а па больш шырокіх і ёмкіх — плынню, Лёнік і сутыкнуўся плечуком з Веранікай. Нехта міжволі яго падпіхнуў у натоўпе, і ён, не жадаючы таго, выбіў сумачку з рук дзяўчыны. Яна войкнула і наважвалася падняць з асфальту неад'емны дзявоча-жаночы атрыбут, але дзе там ёй, кволай, справіцца з няспынным і напорыстым людскім гуртом. Лёнік, распіхваючы ўсіх торсам, на нейкае імгненне змог нахіліцца і падхапіць па яго віне выпаўшую сумачку. Да самага праспекта, дзе заканчваўся парк, яны ішлі побач. Лёнік знарок не адставаў ад дзяўчыны, а яна, худзенькая, але з расчырванелым на сонцы тварыкам, здавалася, і не спяшаецца.
Ідучы ўжо не па такой шматлюднай вуліцы, Лёнік адважыўся і папрасіў прабачэння за ненаўмысны штуршок.
— Гэта вам вялікі дзякуй,— адказала дзяўчына,— калі б не вы, то мяне растапталі б разам з сумачкай,— яна прыязна ўсміхнулася.— Вось бы пагуляла сёння.
— А вы на мітынг трапілі выпадкова?..— Лёнік зірнуў у шырокія, колеру арэха, вочы новай знаёмкі.
— Так.
— Зусім выпадкова?
— Ну вядома ж. Прагульвалася па праспекце і пачула голас узмацняльніка, стала цікава, і я шуснула ў сквер. А вы спецыяльна прыйшлі?
— Ыгы.
— Я не адважылася б.
— Чаму?
— Ну самі ведаеце... Такі час цяпер.
— I тым не менш вы былі ў парку.— Лёнік усміхнуўся, калі заўважыў, як устрапянуліся танюткія шнурочкі-бровы над пераноссем у дзяўчыны.
— Была выпадкова,— яна надзьмула пульхненькія, як бутончык ружы, умела падмаляваныя вусны.
— Хай будзе так, навошта крыўдаваць,— заспяшаўся ўлагодзіць дзяўчыну Лёнік.
— Ай, хто вас ведае. Перад тым як нешта сказаць, трэба падумаць.
— I хто такой мудрасці навучыў?
— Сама дайшла розумам.
— Але калі не супраць, давайце знаёміцца. Я — Лёнік, а прозвішча, толькі не смейцеся, Лозік.
— Веранікай усе мяне клічуць. Але давайце лепш без прозвішчаў. Няўжо гэта так важна пры першым знаёмстве?
— Ды не. Як хочаце.
— Не люблю я цырымоній. Мы ж не старыя, каб «выкаць» адно аднаму. Давай прасцей, тады адчуваеш нейкую блізкасць, няма той мяжы, якая аддзяляе і нібы адштурхоўвае. Я нават недзе чытала, што ў вас, беларусаў, увогуле было раней не прыняга адзін аднаго называць на «вы».
— А вы, Вераніка, не беларуска?
— Бацька ў мяне з Украіны, а маці мясцовая, з-пад Мінска. У пашпарце я значуся рускай,— яна дзіўна хіхікнула, падхапіўшы Лёніка пад руку.— Так будзе лепш.
— Што лепш? — не зразумеў хлопец.
— А ўсё, — Вераніка зноў хіхікнула. — Паглядзі, колькі цюльпанаў на клумбах. Яны і нарцысы — мае самыя любімыя кветкі. Кожны год, як толькі з'яўляюцца, то не праходжу міма бабулек, каб не купіць букецік тых ці другіх. Ёсць у іх нешта непараўнальна прыгожае, ненавязлівае, шчырае і праўдзівае. Ты так не лічыш?
— Чаму ж?
— Тады купім у той бабулі, што каля падземнага перахода стаіць.
Лёнік да кветак адносіўся абыякава. Не прывык да іх. 3 дзяцінства помніў, што каля іх дома маці ніколі не садзіла і не сеяла на градках кветак. Яна, як практычная жанчына і гаспадыня, пад вокнамі хаты, на прыгожа і зграбна зробленых градках, высаджвала цыбулю і часнок, моркву ці фасолю. I самае цікавае — глядзелася ўсе гэта міла і люба, лашчыла вока. сагравала душу...