На Андрона, падалося. як быццам нехта нябачны вядзёрны чыгун вару выліў. Ён жвава саскочыў з веснічак і кінуўся да плота, які падзяляў агарод суседзяў.
— Не чапай, гадаўка, коней, а то прыдушу ў баразне і не каўкнеш, паганка ты языкастая. Коні ёй дарогу перабеглі!
— Конетоп, Конетоп,— як саплівае дзіця, даймала Надзюха Андрона.— Што, рыбкі цяперака ўжо не хочаш, бо не з рукі коней тапіць, ды і рэчка абмялела, возера перасохла, га, Конетоп?
Сыпун спрабаваў пералезці ўжо цераз плот, але Надзюха, перабіраючы хуценька нагамі, шуснула ў сенцы.
— Во і сядзі там, шэльма старая, бо калі ўпалюю, то ўжо ў падполле да пацукоў галавой упіхну. Не будзь я Андронам.
Сыпун абапёрся спінаю на плот, зняў з галавы зношаны і выпалены сонцам капялюш, пашкроб лысую макушку. затым павярнуўся, зірнуў яшчэ раз на зачыненыя суседчыны сенцы і паціху патупаў да сваёй хаты.
3 даваенных часоў замацавалася ў Шышкаўцы за Андронам Сыпуном мянушка Конетоп. А ўсё пачалося з таго, што патрапіў Андрон у маладыя гады на далёкую рэчку Аку. Пайшоў ён у тыя мясціны не па сваёй волі, а лёс пагнаў, галадуха ды нішчымніца. Заўсёды ж здаецца, што ў далёкім краі і грыбы вышэйшыя, і ягады буйнейшыя, а хлеб мякчэйшы. Пабыў на далёкіх і лепшых харчах Андрон, а гадкі праз два, якраз за зіму да вайны з немцамі-фашыстамі, прыехаў ён дамоў, у Шышкаўку.
Кожнаму свежаму чалавеку, які з'яўляецца ў вёсцы, Надзюха Перазімчыха расказвала пра Андрона-Конетопа прыкладна так: «Наглядзеўся гэты недавумак чужых звычак ды забабонаў у далёкіх землях і захацеў каб прыжыліся яны ў нас. Гадоў некалькі не вялася ў шышкаўскім возеры рыба, і ў рэчцы яе паменела. Тады ўжо вазамі шчупакоў ды карасёў з плоткамі не вазілі. Колькі мужчыны ні стараліся, а ледзь-ледзь на юшку налоўлівалі. Рыба як усё роўна выпарылася з нашых вод. Усялякія здагадкі хадзілі, а каб нешта путнае прыдумаць, такога не знаходзілася. Вось тут і заявіўся наш Конетоп. Уведаў ён пра бяду, а сам жа быў заядлым рыбаком, і адным вечарам, якраз пад саменькую вясну, сабраў Сыпун мужчын у матчынай хаце і давай ім росказні нагаворваць, раіць, як бяду агораць. Даводзіў ён усім, хто прыйшоў на сходку, што ўсё горачка з рыбаю з-за таго, што ўзлавалі, не залашчылі нашы мужчыны мясцовага азёрнага і рачнога вадзяніка. (У гэтым месцы гаворкі Надзюха весела, па-маладому смяялася, закінуўшы галаву, і хапалася за бакі, калі гаварыла стоячы, ну, калі сядзела пры гамонцы, то абхоплівала рукамі свае худыя, вуглавата-касыя плечы.)
Нашаптаў Конетоп, каб сабралі мужчыны па некалькі рублёў і адправілі яго шукаць цыганоў. А на той час іх і не дужа цягалася па вёсках, новыя законы забаранялі, і міліцыянты палявалі на іх, застрашвалі, на зямлю ўсадзіць хацелі. Ды дзе вы бачылі, каб цыган за плугам хадзіў, а цыганка з сярпом спіну гнула. Дулю пад нос. У страшным сне і то не ўбачыш.
Але сабралі шышкаўскія рыбакі па рублю і адправілі Сыпуна (Надзюха, усе гэта ведалі ў вёсцы, мо толькі разы са два назвала Андрона па імені. Ёй здавалася, што, завучы яго па мянушцы, яна быццам бы ганіць і помсціць старому) шукаць валачобных цыганоў. Тыдні два яго не было, і ніхто яго не бачыў. Знік Сыпун і грошы знёс. Той-сёй гаварыў, што такой крутнёй-гаманою сабраў ён грошы, каб з’ехаць як падалей у свет белы ды і абжыцца па-людску. Але на трэці тыдзень, пад вечар, Сыпуна ўбачылі ў вёсцы. Ішоў ён, ледзь цягнучы ногі, а на повадзе вёў коніка-дахадзягу. 3-пад конскай скуры адны маслакі тырчэлі. Зірнеш і думаеш: во падзьме большы сіберны вецер і ўзнясе пад хмары і чалавека, і каня. Выкупіў, значыць, дурніла ў цыганоў самую нягодную каняку і, як сам гаварыў мужчынам, без «торгу». Такое правіла быццам бы. Загадаў яшчэ Сыпун усім рыбакам з хатаў прынесці па прыгаршчах ячменю ці аўса, а хто зможа, то і канопляў. А бясхлебіца ж пад вясну, пад кожнай страхой голад скуголіць, дзе тут набярэшся ячменю, не кажучы пра каноплі. Мужчыны ж, няхай яны спруцянеюць (заўсёды бачылася, што ў гэтым месцы свайго казання Надзюха пачынала злавацца, яе сухенькі маршчыністы тварык усыпаўся чырвонымі плямамі, у жвавых, бясколерных вочках успыхвалі гняўлівыя іскаркі, пачынала трэсціся барада з рэдзенькімі сівымі валаскамі), крадком ад жонак з засекаў насеннага зерня нацягалі. Усё для каня-дахадзягі.
Тры дні Сыпун адкормліваў яго. А ў апошні, трэці, вечар павалокся дурніла Сыпун да Яўхіма-медавіка. Той калод пятнаццаць пчолаў меў. У яго і вытаргаваў Конетоп карэц мёду. Змяшалі яго рыбакі з соллю і вымазалі галаву беднай худобе. А ўсё ж рабілі тайком, каб мы, бабы, не бачылі. Ды халера з імі. Усё роўна даведаліся пра іхнія выбрыкі.
Апоўначы, так казаў нябожчык Пятрок, ён разам з усімі мужчынамі быў, павялі гуртам каня да рэчкі, у тое месца, дзе яна ў возера ўпадае. А ўжо крыгаход пачаўся, лёд трашчаў, што палатно, якое на анучы рвуць. Цёмненька вакол, бойся, што вока на галіне павісне. Пазапальвалі яны квачы з дзёгцем і стоўпіліся на беразе. Душагубец Сыпун загадаў звязаць намазанаму каню ногі не толькі пярэдыія, але і заднія. Сам жа стаў ракам і да вады прыслухоўваецца. Доўга ці не так стаяў ён, я не ведаю, але ж, гаварылі мужчыны, раптам усхапіўся, нібы гадаўка балотная яго ўджаліла, і з усяе сілы піхнуў каня з берага ў прорву рзчкі, на паламаны лёд. Конік і голасу не падаў, як вада яго з’ела. Шчубоўкнуўся ён на пачастунак вадзяніку, каб той (Надзюха зноў залівіста смяецца), прачнуўшыся пасля зімы, не мучыў малую рыбу, не разганяў вялікую, а ўлагодзіўся пачастункам-конікам ды сцярог, аберагаў, прыманьваў з другіх, далёкіх, вод да сябе, гэта значыцца ў нашу рэчку і возера, ёмкіх рыбін.
Калі ж вярнуліся мужчыны з рэчкі, то цалюткую ноч брагу жлукцілі. Пераказвалі, што Сыпун спецыяльна яе зрабіў да таго дня. Дзіва, адкуль Конетоп на той час расчыны ўзяў для бражкі?..»
Надзюха звекавала ў дзеўках. Па маладосці, як гаварылі цяпер ужо старыя жанкі, то была яна на выгляд і не дужа брыдкаю. Куды больш горшых і нягеглых нядайдзіц хлопцы падабралі ў Шышкаўцы, калі не свае, дык з суседніх вёсак ці выпадковыя, наезджыя, якіх было не так і мала. Шышкаўка мясцілася паміж двума райцэнтрамі — Прапойскам і Маластоўкаю. Вось адтуль і набягалі малойцы, падчышчалі ў Шышкаўцы незамужніх, звозілі да сябе, на брукаваныя вуліцы, у святлейшыя хаты. Надзюха ж заставалася жыць з бацькам, па невядомай прычыне абміналі жаніхі дворышча Перазімкаў, як усё роўна там чамярыцы нехта сыпануў.
Сарамацілася напачатку Надзюха, калі яе пагодачкі замуж павыскаквалі, дзецьмі абсыпаліся, а пазней, калі трыццаць гадкоў адгукала, зжылася з думкаю, што прыйдзецца застацца ёй у бацькавай хаце адной-адзінюсенькай. Праўда, у вайну прыбіўся да Надзюхі акружэнец: някідкі такі мужчына, гадоў на дзесяць старэйшы, але руплівы і нязломак. Разам са старым Перазімкам хату за лета ператрэслі, зрабілі новы падрубак пад ніз, на шуллё дубовае паставілі замест падмурка — абнавілі хату. Радавалася Надзюха, цешылася шчасцем. Здавалася, і яе Бог аблашчыў, не забыў, не пакінуў стаптаным быльнягом пры дарозе. Толькі ж прыйшлі савецкія войскі, пагналі немчуру, і знік акружэнец, па сённяшні дзень ад яго і водгаласу няма. Сумавала Надзюха, пісьмы паўсюль пісала, у архівы запыты пасылала, да людзей старых хадзіла, а чалавек быццам скрозь зямлю праваліўся ці, як вада ў чыгунку, на палкім агні выпарыўся і следу не пакінуў. Думала-думала Надзюха і ўрэшце вырашыла, што падмануў яе акружэнец, не сваім імем і прозвішчам назваўся. Калі дайшла розумам Перазімчыха да такой высновы, то і палягчэла на душы, знікла, перагарэла пякучая стрэмка ў сэрцы, лягчэй дыхаць стала і на божы свет глядзець. Не яе, значыць, было гэта шчасце. Пагрэлася крыху душою і целам каля чужога агеньчыка-цяпельца — і досыць. Усяму меру трэба ведаць. Жыццё рэдка дорыць каму адно безагляднае шчасце. Як дзень змяняецца ноччу, так і шчасце — журботаю ды слязамі. Але Надзюха не плакала, здаецца, ніхто з шышкаўцаў не бачыў яе пякучых слёз. Яна, наадварот, стала ўедлівай, з языком, што наточаны серп, а вочы-вужэлкі так і джгалі вакол, выглядвалі, сачылі, прыкмячалі.
IV
Лёнік з бацькам толькі што прыйшлі з лугу, падварочвалі надоечы скошанае сена. Густая, з кветкамі, трава добра падвяла, шархацела пад граблямі, а вакол, у прагрэтым зіхаткім паветры, хмельна пахла зёлкамі, разагрэгым дзёрнам ад купін рудых земляных мурашоў і гаркавай лісготай лазоўніку, які густа і шчодра рос паўз рэчку. Адтуль, ад вады, вецер даносіў да разгарачаных целаў пяшчотныя і лагодныя подыхі прахалоды.
Лёніку здавалася, што ўся гэта шматгранная гама пахаў прынесена ім і бацькам у хату.
— Гаспадынька, ці думаеш карміць парабкаў? — весела гукнуў Сяргей Лозік, Лёнікаў бацька.— Гарачыня на лузе, не прадыхнуць. Калі з дзянёк пастаіць такая пагодзіца, то сена, лічы, у хлеве ўжо ляжыць. Чуеш ты мяне, Маруся?
— Зараз, пачакайце, мужчынкі, дакончу з халаднічком і настаўлю вам яго на стол,— Маруся вызірнула з-за перагародкі кухні.— Папіце пакуль малака, яно ў лядоўні. Толькі дужа не ўлягайце, а то горла прастудзіце. Кажаш, Сяргей, што праз дзень і грэбці можна сена? Во добра было б. Утрох мы хутка ўправімся, і клопат з галавы зляжа. Але забалбагалася я,— перапыніла на хвілінку гамонку жанчына.— Чуць не забылася. Табе, Лёнічак, там на падаконні пісьмо ляжыць. Паштарка нядаўна прынесла.
— Мам, ты яго хоць не адпячатвала? — з’ёрнічаў хлопец з непрыхаванай весялосцю, а ў душы ўсё ж хвалюючыся. Хто яго ведае, цікаўнасць роднага і блізкага чалавека можа і на такое піхнуць. Але ж у іх сям'і не прынята чапаць лісты, якія адрасаваны пэўнаму чалавеку, нават тыя пісьмы, што прыходзілі ад дзядзькоў ці іх жонак на імя Сяргея ці Марусі Лозік, ніхто іншы ў сям’і не чытаў без дазволу.
— Ды ўжо ж на памяць вывучыла і паспела нераказаць Перазімчысе, каб тая па ўсёй Шышкаўцы разнесла нечаканую навіну. Добра ты пра мяне думаеш, сыне. Ай-яй-яй, не сніла і не гадала, што будзеш мяне, Лёнічак, у нечым падазраваць.
— Я дзеля смеху папытаўся,— пакрыўджана апраўдваўся хлопец.— Ты ў мяне самая лепшая з усіх на свеце мамуль.
Лёнік мітусліва паспяшаўся шукаць пісьмо. Зірнуў на адно падаконне, на другое, але там нічога не было, акрамя бацькавых акуляраў ды старых, зжаўцелых на сонцы газет.
«Мо пажартавала маці? Яна ў мяне такая — любіць сыпануць за каўнер жменьку ячменных вусоў — нечакана, каб паказытала чалавеку, а пасля, ужо разам, скупа і ўсміхнуцца».
— Няма тут нічога,— расчаравана гукнуў Лёнік.— Зноў смяешся з мяне, як з хлапчука бясштаннага.
— Авой, глядзі ты — пакрыўдзіўся,— выйшла маці з кухні,— бацьку перарос, а губы надзімаеш. Чаго яно тут будзе ляжаць? Занесла яго на чыстую палавіну і на першае акно паклала. Галавою думай, хлопча. А почырк на канверце дужа ж зграбны, залюбавацца можна, буквіна ў буквіну выведзена, не тое што твае каракулі. Кумекала я, хто б гэта мог быць, але не дадумалася. Ранейшых перапісчыкаў усіх па почырку пазнавала, а тут хоць застрэлься — не магу ўспомніць. Нехта новы з'явіўся.— Маруся хітравата прыжмурыла вочы. — Няйнакш будучая нявестка піша.
— Бабскі язык, што мятла,— азваўся бацька, седзячы за сталом.— Лёнік яшчэ маладзён, няхай гуляе ды вольнай вольніцы радуецца. Цуглі паспеюць на яго ўздзець, тады не параскашуеш. А яна ўжо нявестку па почырку выбірае. Ты лепей на стол яду нясі, а не мянці языком, ён сам разбярэцца.
Лёнік далей не слухаў гамонку бацькі з маці, а, хуценька адчыніўшы дзверы, шуснуў у залу і кінуў позірк на першае падаконне. Сапраўды, за цюлевай фіранкаю ляжала пісьмо. Ён хуценька, як быццам хто пекануў у спіну, падскочыў да акна і спадыспаду фіранкі выхапіў ліст.
«Почырк Веранікі!» — адразу ж пазнаў Лёнік, на адваротным адрасе, акрамя слова «Мінск», больш нічога не было.