"Уходае мяне гэты малец",— нарадзілася ў галаве падступная думка і першыя, самыя гучныя цыркі, скаланулі даёнку.
Вось ужо тыдзень, як Матруне няма жыцьця з-за пляменьніка. Лёшка, васемнаццацігадовы бэйбус, прыехаў на пагасьціны зь Ленінграду і ў першы ж вечар пабіўся ў клюбе зь Пецькам Халімонавым. Пецька, казалі, ударыў пляменьніка пад дых, зваліў з ног, а пляменьнік, дзіўным чынам крутнуўшыся, заехаў крыўдзіцелю пяткай у лабешнік. Увесь наступны дзень гарадзкі бэйбус ляжаў на гарышчы, гучна аддзімаўся, за ўвесь дзень выпіў толькі конаўку сырадою, а ўвечары пад вокнамі хаты заляскатаў Пецькавы матацыкл. Матруна тады зьнямела, думала зноў біцца будуць, а калі выбегла з хаты, дык убачыла, што мальцы прыязна адно другому пасьміхаюцца і пляменьнік частуе вясковага бандзюка прывезенымі зь Ленінграду цыгарэтамі. "Хто будзе бочкі каціць — адразу паведамляй, — даляцеў да вушэй сіплы Пецькавы голас, — я хутка разьбяруся". Матруна пасьля таго перавяла дых, а пляменьнік скочыў на матацыкл і вярнуўся дахаты толькі на наступны дзень. Халімоніха апавядала — у Азярышча езьдзілі, у рэстаране гулялі, а потым у Кацькі Крываручкі, бойкай азярышчанскай разьвядзёнкі, начавалі.
— Пецю дваццаць гадочкаў усяго, а зблытаўся з трыццацігадовай,— сьлёзна пажалілася прыканцы размовы Халімоніха. — Далібог, паеду ў Азярышча і аблію тую шалахвостку варам.
З таго дня пляменьнік дзень да ночы гойсаў зь Пецькам на матацыкле і Матруна, пачуўшы на золку шалёнае матацыклетнае ляскатаньне, доўга потым не магла заснуць.
Учора, праўда, матацыкл сярод ночы не ляскатаў. Дзесьці а першай гадзіне рыпнулі весьніцы і па стоеным шорганьні падэшваў Матруна зразумела, што пляменьнік заявіўся не адзін. Звычайна Лёшка спаў на хаце, дзе ляжала леташняе сена, цяпер жа крокі суціхлі ля адрыны і кот Базыль, які ўзьнік на тле цёмна-шэрага вакна, доўга потым біў нягнуткім хвастом па падвоканьні.
Гадзіну, а можа і дзьве Матруна ляжала з шырока расплюшчанымі вачыма, слухала начныя зыкі і зьмежыла вочы толькі тады, як у прастакутніку прасьвятлелага вакна праплылі дзьве кудлатыя галавы і кот, бязгучна вякнуўшы, скочыў на падлогу. І адразу ж цяжкая, ліпучая замарач лягла на павекі і прысьніўся малады Каравайчык са стрэльбаю ў руках і яшчэ нехта — мяккі, хмельны, цёплы, чыё аблічча забылася да часу, і калі раніцою, падаіўшы карову, Матруна згадала сон, вочы яе паланіла пенная бель сырадою і адтуль, з глыбіні даёнкі, усплыла разьвітальная ўсьмешка таго самага немца.
...Зьвяздоха, цяжка аддзімаючыся, пайшла да весьніц, а паколькі карова мела звычай класьці ляпехі пасярод двара, гаспадыня рушыла сьледам, прыціскаючы да верху каровінага хваста палку-рагулю.
— Пагналі ўжо,— дакорліва выдыхнуў Канавальчык,— недзе ў Зарэччы рыкаюць, цяпер і не дагоніш,— за сьпінай суседавай па-блазенску голасна азвалася авечка: — М-м-еее...
Хаты іхныя стаялі наводшыбе і кожнай раніцы даводзілася гнаць Зьвяздоху і канавальчыкаву Машку — глумлівую, на дзіва галасістую авечку — да клюба, дзе зьбіраўся статак. На гэтым тыдні радоўку адбываў Канавальчык — таму стары псюк і крывіў гімору — маўляў, праспала, а мне цяпер даганяй статак, гані аж да Зарэчча, і Матруна, не ўзьнімаючы вачэй, ляснула палкай па халяве гумовага бота й голасна крыкнула:
— Пайшлі ў поле!
Зьвяздоха паважна ішла пасярод вуліцы, поруч бегла авечка, трэсла закручаным хвастом; хвост, здавалася, зьвінеў званочкам і галава поўнілася мілагучным звонам — як гэта заўсёды бывае зь недасыпу. Паганяючы скацінку, Матруна чухала пальцам то ў адным, то ў другім вусе, пару разоў страсянула галавою, а дайшоўшы да павароткі азірнулася і з палёгкай перавяла дых. Стары псюк, які звычайна любіў стаяць на дарозе і паглядаць ёй усьлед, гэтым разам падаўся да хаты.
Сорак гадоў, лічы, жывуць яны поруч, а ня горнецца душа да суседа... ня горнецца. Пасьля жончынай сьмерці Канавальчык увесь сьсівеў, схуднеў і галава ўехала ў плечы, але Матруна, як пачуе ягоны голас, так адразу і ўяўляе суседа высокім, маладым, кудлатым вахлаком, і шторазу пакутліва ўздыхае.
Шмат што ў жыцьці забылася, адляцела ў невараць, а тая, іх першая сустрэча, нібыта ўчора надарылася. Матруна нават запомніла колер ніткі, якой была зацыравана канавальчыкава пілётка. Пад час адступленьня — а калі ж яшчэ — з пілёткі выдралі зорку і рваную дзірку няўмела зацыравалі зялёнаю ніткай.
...Яны зь сястрой абіралі бульбу, калі на двары штосьці зашамацела і ў вакне цёмным ценем праплыла нечая вялізная, пазначаная руляй карабіну, постаць. Празь імгненьне ў прысенку цяжка затупалі, закерхалі і Соня, выпусьціўшы бульбіну, зьбялелымі вуснамі прашаптала: "Немцы!"
На парозе, аднак, паўстаў цыганаваты мужчына ў куртатым нямецкім шынялі і ў выцьвілай рускай пілётцы. Мужчына моўчкі кіўнуў, зьняў з плечука карабін, пачэрпнуў вады зь вядра і доўга піў, казелячы вокам на аголенае Соньчына калена.
— Дзе Таўпіла? — запытаўся, нарэшце, няпрошаны госьць, паставіўшы ў кут сваю пукалку.
Таўпіла жыў у хаце насупраць. Надоечы яго прызначылі вясковым старастам і Соня, зыркнуўшы ў кут, дрогкім голасам прамовіла:
— Сын ягоны ў Чырвонай Арміі.
— Ведаем,— буркнуў госьць, таргануў галавою, патрабуючы адказу на сваё пытаньне, а пачуўшы, што немцы пагналі Таўпілу пілаваць дровы, неяк адразу змарнеў, папрасіў пяток бульбін і пайшоў з хаты.
Праз тыдзень мужчына завітаў ізноў. І не адзін, а зь Міцькам Дзенісенкам — акружэнцам, які два гады жыў прымаком у суседняй вёсцы, а ўлетку 43-га, прыхапіўшы з сабой цэлы воз майна, падаўся ў лес. Гэтым разам госьця як падмянілі. Падлабуньваючыся да Міцькі Дзенісенкі, свайго камандзіра, ён загадаў сабраць вячэру, падзёр на бінты дзьве прасьціны, прырэзаў штыхом ярку — апошняе, што было ў гаспадарцы, — і пры гэтым шторазу пытаўся: "Дзе сястра?". Потым госьці пілі самагонку, якую выгнаў Таўпіла, а Соня той парой сядзела бяз духу ў адрыне: хавалася ад партызанскага камандзіра, які ўсё гэтыя два гады чапляўся да яе.
— Захварэла, ці што?! — працяў паветра натужны голас і Матруна ачулася.
Насустрач ёй, махаючы кароткай пугай, трухала Карпачыха.
— А мы пагналі ўжо, ды бачу — Зьвяздохі няма. Пайшла вось напярэймы.
— Праспала,— з уздыхам прамовіла Матруна і Карпачыха, вомігам зразумеўшы, што да чаго, даверліва-суцішаным голасам засакатала: — Твой жа ўчора зь лябёдкавай падчаркай сышоўся. Пасьля кіна да Траяна ў сад лазілі, а потым, у абдымачку, у ваш бок пайшлі... Глядзі, зьвядзе твайго мальца... Заўчора іду, гляджу, сядзіць тая падчарка на бярвеньні, лыткамі сьвеціць і піпіроска ў зубах... Агут-ту, п-паскуда...— выдала Карпачыха і тут жа кінулася, тупаючы вялізнымі кірзачамі, спаганяць гнеў на канавальчыкавай авечцы.
— Ці з Казікам пасьвіш? — крыкнула Матруна наўздагон і сяброўка, ужо з ладнай адлегласьці, пракрычала:— Анягож... зь ім, западэнцам праклятым... Учора Мар'і ячмень малацілі, дык толькі раніцой і прытоўкся... з мокрымі штанамі. Ці то ў лужыне спаў, ці то абасцаўся... халера яго ведае.
Звон у вушах не даваў пакою і пакуль яна ўзышла на пагорак, дзе стаяла хата, увушшу пачалі біць званы — маркотна, глуха, цьмяна — і страшэнная стома авалодала целам. Трымаючыся за паркан, Матруна дапяла да весьніц, пастаяла крыху, зьбіраючы сілы, а адчуўшы, што сілаў не прыбывае, бязвольна апусьцілася на мяккую, перакапаную курамі зямлю. "Ад недасыпу",— падумала Матруна, падпаўзла да лаўкі і, паглядзеўшы — ці ня бачыць яе Канавальчык, прытуліла да лаўкі сьсівелую скронь.
Звон паволі аціх, душа і цела зрабіліся лёгкімі, салодкая дрымота падняла Матруну ў паветра, панесла праз мроіва гадоў і апусьціла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. "Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе,"— прагучаў над вухам таўпілавы голас і штосьці халоднае кранулася вуснаў. "Выпей, адразу палягчэе". Зубы стукнулі аб край конаўкі і разам з халоднай вадой грудзі напоўніліся гнятлівай тугою: ёй да млосьці, да сардэчнага болю закарцела кінуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпіла схапіў за руку, правёў шурпатай далоньню па валасах, здушана прамовіў: "Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у іхных аўчарак ад самасаду нюх зусім губляецца..." Голас таўпілавы гучаў прыдушана, усё адно як з-пад зямлі, потым зусім ачах і Матруна разьмежыла павекі. Малады цыбаты певень паважна хадзіў каля лаўкі, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купаліся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямі, а кот Базыль, які й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кіпцюрамі камель старой ліпы. "Авохці мне... я ж малако не працадзіла!"— падхапілася Матруна і хаця ляжаць давялося кароткую хвілю, званы больш ня білі ўвушшу і гарачыя голкі не калолі грудзіну. Жанчына вынесла з прысенку даёнку, плюснула кату сырадою — абліла пры гэтым каціную галаву — і, спыніўшы пагляд на высокім быльніку, які кусьціўся ля паркану, пакутліва ўздыхнула. — Толькі што скасіла — ізноў падняўся,— прашапталі вусны і слых ізноўку напоўніўся ценькім аднастайным звонам.
Была раная раніца, калі знадворку зарыпелі калёсы і пракурана закашляў стары Таўпіла. На ўскрайку вёскі, за могілкамі, немцы зрабілі лесасеку і сусед шторанку вазіў у Азярышча бярозавыя пацурбалкі. Праяжджаючы міма, ён кожнага разу кідаў некалькі цурбакоў у прыдарожную крапіву і ехаў далей. Цяпер жа Таўпіла спыніў каня і цяжка затупаў пад вокнамі.
— Вось, дзеўкі, немцы выдалі за працу,— прамовіў стары, убіўшыся ў хату і паклаўшы на стол акраец бохана. — Калі паварушыцеся, будзеце есьці хлеба ўдосыць.
Сусед сьцярожка ляпнуў па кішэні, пасьля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду і зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такіх расло ў навакольлі процьма і вяскоўцы лічылі іх паганкамі.