На падворку здаволена брахнуў Жук, хтосьці здушана войкнуў і бацька, з хамутом у руках, кінуўся ў сенцы.
— Куля?! Ты?!
— А людцы мае... а што ж гэта... а пранясі, Гасподзь... — цётка Куліна, Чэсева маці, убілася ў кухню, тройчы перахрысьцілася на абраз.
— Ды скажы ты... што здарылася? — прасіпеў бацька, адкінуўшы ўбок хамут.
— Патыкаў высылаюць! Прыйшлі во зараз з вучыцелькай... Тры гадзіны на зборы... Патычыха самлела, сьнегам адціраюць.
На ганку бомкнулі вёдры – маці хадзіла да студні — і ў пройме наросхліст адчыненых дзьвярэй матлянулася яе сутулая постаць.
— Пра Стася што ўведала?!
— Патыкаў высылаюць, — выдыхнула цётка Куліна, а бацька, незадаволена крэкнуўшы, пайшоў зачыняць уваходныя дзьверы.
У хату белым туманком уварваўся мароз, скалыхнуў фіранкі на вокнах.
— Як ты, Куля, мяне напужала, — маці прыпала на калена, укінула ў печ пару бярозавых аскабалкаў.
— А як і мяне высяляць?.. — цётчын голас сарваўся і хата напоўнілася здушанымі ўсхліпамі.
— Ды хрысьціся ты, далібог... Патыка палясоўшчыкам быў, са стрэльбаю хадзіў. Брошка ў солтысах круціўся... А ты што? — бацька падхапіў хамут: — Усё жыцьцё ў зямлі адпоркалася.
— Дык асаднікі ж... — усхліпнула цётка Куліна і зноўку, аж дзевяць разоў запар перахрысьцілася.
Цётка Куліна брала шлюб у касьцёле, і ў сваёй хаце жагналася па-польску. Калі ж завітвала да сястры, дык хрысьцілася па-праваслаўнаму, сьпехам прамаўляючы доўгія малітвы і нізка ківаючы галавой.
Маці зь цёткаю пашапталіся аб нечым на кухні і неўзабаве, не сказаўшы ні слова, падаліся на двор. У хаце стала ціха, адно тахкалі ходзікі ды раз-пораз рыпела суворая нітка: гэта бацька зашываў стары хамут.
Зьмітрок ляжаў на печы, салодка пазяхаў. Лагоднае цяпло і замарачныя зыкі краналася павекаў, рабілі іх цяжкімі; павекі пачалі зьліпацца і ўваччу заблішчэў сьнежны пыл. Пыл ападаў з высокага неба, казытліва кранаўся твару і сярод сяйва бліскучых іголак дрыжэла, працінаючы нябесную ясноту, апошняя зорка. Усё наўкол: высокае неба, неабсяжны, зацярушаны пульхным сьнегам абшар, і нават зорка над галавою здаваліся чужымі, нетутэйшымі; і велічная ціш панавала над сьветам, здушыўшы шорхат сьнежнага пылу і грукат сэрца ў грудзіне. І сярод гэтай велічнай цішы прагучалі, немаведама скуль узяўшыся, сабачы брэх ды ўладны воклік:
— Эй, хозяин, запрягай лошадь!
На падворку кашлянулі, мацюкнуліся на Жука, які заходзіўся ад брэху і, крыкнуўшы: — Подъезжай к клубу! — патупалі да весьніц.
Зьмітрок са сьмяшком на вуснах назіраў, як бацька падхапіўся на ногі, войкнуў, пачаў дзьмуць на палец — укалоўся, відаць, шаршаткай, — і, з хамутом на карку, прыпаў да акна.
— Во прынесла нячысьцікаў, — прамармытаў бацька, углядаючыся ў цемру, потым уздыхнуў і, апрануўшыся, пайшоў запрагаць Зорку.
Страшна аднаму сярод ночы. Вецер гудзе ў коміне, у цёмным куце нехта пішчыць і шкрабаецца, а на гарышчы чуваць стоеныя крокі ды парывістыя ўздыхі.
Газы ў бутэльцы засталося на палец, але Зьмітрок запаліў усе тры лямпы, а пачуўшы, як у коміне заенчылі, а потым заплакалі, упусьціў у хату Жука.
Жук — чорны, зь белай мецінай на шыі, дварняк, — збрахаўся да сіпу, але і тут, у хаце, ня даў сабе спакою: падбег да акна і здушана, з падвываньнем, заекатаў.
— Жук! — крыкнуў хлопец, ляпнуў рукой па калену і дварняк, скавытнуў наастачу, скруціўся абаранкам на каберцы, але нос у хваста ня ўбіў — ляжаў, прыўзьняўшы голаў, нюхаў паветра.
“Дзе ж маці?” — думаў хлопец, неадрыўна пазіраючы на цёмную столь. За бацьку ён не хваляваўся — таго ўжо раз выклікалі сярод ночы вазіць на станцыю нейкае майно. А вось маці такою парою... — Зьмітрок зірнуў на ходзікі, спрабуючы ўгледзець — колькі зараз часу, — ... заўсёды была ў хаце. Кульнуўшыся зь левага боку на правае, і наадварот, хлопец падумаў было, што яна засталася начаваць у цёткі Куліны, але тут жа ўявіў, як маці, зьбіўшыся з дарогі, блукае па цёмным лесе, і ліхаманкава скаціўся зь печы. Ён выхапіў з загнету валёнкі, падхапіў кажушок і застыў у непаразуменьні. Бацька, выяжджаючы са двара, загадаў сядзець у хаце... ды і цётчын засьценак стаяў у полі, у вярсьце ад мястэчка: блудзіць не выпадала.
Дзесьці непадалёку — ці не на суседнім падворку — голасна крыкнулі, на падворку рыпнуў сьнег і Жук, падляцеўшы да акна, здаволена махнуў хвастом.
— А Зьмітрачок, а сыночак жа ты мой... адчыняй жа хутчэй, — ад самых весьніц залямантавала маці, Зьмітрок пабег адчыняць, і зімовы холад, што вырваўся з сенцаў, крануўся хлапечай грудзіны.
З таго самага імгненьня, калі маці — расхлістаная, амярцьвелая, з узьбітымі на вочы валасамі, — уляцела ў хату, нібыта ліпкае павучыньне завалакло вочы. Хлопец стаяў, няўцямна назіраючы, як маці зрывала зь цьвікоў старыя кажухі, скідвала на падлогу падушкі ды зьвязвала іх, прыдушыўшы каленам, як распаляла дрыжачымі рукамі печ, і пры гэтым цяжка было зразумець — што здарылася, куды гэта зьбіраюцца гнаць Чэся (“За сьвет, Зьмітрачок, гоняць нашага Чэську-у!”) і матчына галашэньне сьцюдзёным скавышом казытала пяткі.
Потым яны, не разьбіраючы дарогі, беглі да клюба. Маці — яна цягнула на сьпіне аграмадны хатуль — колькі разоў падала, Зьмітрок, плаксіва шморгаючы носам, дапамагаў ёй падняцца; са спавітага анучкай сагана, які ён нёс, кожнага разу выплюхвалася гарачая капуста, і Жук, круцячы носам, падскокваў адразу на чатырох лапах і зморана дзяўкаў.
На чорным небе сноўдала палымніца, адбіваючыся на верхавінах высокіх хвояў, на спусьцістым царкоўным даху, на рашотчатых вокнах. Яны абмінулі царкву, завярнулі направа і тут жа прыцішылі крок. На пляцы перад клюбам злавесным барвовым агнём гарэлі вогнішчы, мільгалі чырвоныя людзкія твары, плылі ў марозным тумане аб'інелыя конскія храпы; там бязладна гаманілі, крычалі, галасілі і сярод гэтага вэрхалу прарываўся дрыготкі Цыбавы голас: