— Па хатах ходзяць, падсабачнікаў зьбіраюць, — прасіпеў Яська Хадаронак, смачна плюнуў, і ўсе, хто стаяў поруч, зьнямела аціхлі. —Падсабачнікамі ў мястэчку называлі савецкіх актывістаў.
Палітрук з настаўніцай увайшлі ў клюб, і ў той жа міг на адкрытай клюбнай вэрандзе паўстаў чырвонаармеец з даўжэзнай вінтоўкай у руках. Чырвонаармеец хукнуў у далонь, ускінуў вінтоўку на плячо і востры багнет мякка ўехаў у нізкую столь. Уехаў даволі глыбока, бо ваяку давялося прысядаць, тузаць за рулю і гэта выклікала вясёлы сьмех дзятвы.
— Вот... щас яйцы вырежу! — крыкнуў ваяка, адкінуў крысо шыняля і падшыванцы — а іх было вакол як мурашак, — кінуліся ўроссып.
Зьмітрок з Чэсем таксама адбеглі, але недалёка. “Пужае, а ў самога, відаць, і ножыка няма”, — падумаў Зьмітрок, сьціснуўшы рукою тронкі сьцізорыка. Трохлязовы, са штопарам і шылам, сьцізорык, ён знайшоў летась на дарозе, і цяпер зь ім не разьвітваўся. Нават ноччу клаў пад падушку.
— Ну што, падшыванцы, зьмерзьлі? — пачулася з-за сьпіны, і паветра скалануў хваравіты кашаль.
Дзед Мартуль, у хаце якога кватаравала настаўніца, доўга, з усхліпам кашляў, нарэшце сумеўся, страсянуў галавою:
— Чаму ня ў школе?
— Адпусьцілі... з-за марозу, — адказалі падшыванцы і дзед дакорліва хмыкнуў.
— Хэк-х... за партай сядзець — холадна, а па вулцы гойсаць — цёпла?
Дзед ізноў кашлянуў, падчапіў кульбай зьмерзлы конскі яблык.
— Ну, а дзе лепей вучыцца — у польскай школе, ці ў гэнай... савецкай?
— У по-ольскай! — парна выдыхнулі хлопцы, — там каву давалі.
Пры паляках, пад час вялікай пярэрвы, вучням давалі па шклянцы ячнай кавы з лустай хлеба, а цяпер на вялікай пярэрве Цыба прымушала вучняў нагінацца, цягнуць угору рукі і ўсё гэта называлася гімнастыкай.
Хлопцы ўжо рушылі ўпрочкі, ды дзед Мартуль ізноў падаў голас:
— Ад бацькі нічога няма?
Чэсь на імгненьне спыніўся і, замест адказу, панурыў долу заінелыя вейкі.
Мінулым летам тутэйшых асаднікаў пабралі ў польскае войска і ніхто зь іх назад не вярнуўся. Згінуў недзе і Чэсевы бацька — шыракаплечы і віславусы пан Станіслаў. Чэсю цяпер даводзілася дапамагаць маці па гаспадарцы, таму, пагрэўшыся ля вогнішча, ён рушыў да хаты, а Зьмітрок яшчэ доўга марозіў нос і дахаты заявіўся сінім адвячоркам.
Кінуўшы ля рукамыйніка заінелую кайстру з кніжкамі, хлопец доўга піў квас з гладыша, потым, ня зьняўшы шапкі, куснуў салёнага гурка і пачуў здушаны матчын шэпт:
— Ой, баюся я гэных Саветаў. Людзі надоечы казалі: лесьнікоў і асаднікаў высяляць будуць... А куды ж Куліна паедзе... з Чэсем на руках?
Бацька штосьці прабурчэў у адказ і, падвысіўшы голас, запытаўся:
— Зьмітрок, ты?!
— Я-а, — азваўся хлопец, чмякаючы на ўсю кухню і расшпільваючы азалелымі пальцамі кажух.
— Чаму так позна? — запыталася ў сваю чаргу маці, і сын, ізноў прыклаўшыся да гладыша, прагугнеў: — Пяць урокаў было.
Маці дастала зь печы чыгунок з капустай, накроіла хлеба.
— Ну... што там людзі кажуць?
Перад тым, як есьці капусту ці поліўку, Зьмітрок звычайна кроіў сьцізорыкам хлеб на дробныя кавалкі, а тут адразу куснуў самую тоўстую скібу і, жуючы, няўцямна прамармытаў:
— Казалі… мужыкоў на фронт адправяць... у Фінляндыю.
— Авохцімне! — прашаптала маці, спалохана перахрысьцілася, а бацька, кінуўшы на падлогу штосьці мяккае і важкае, наструнена запытаў: — А дзе пачуў?
— Наста Амяльянчыкава казала.
— О-от! Знайшоў, каго слухаць, — з трывожнай весялосьцю азваўся бацька са сьвятліцы, а памаўчаўшы, дадаў: — Пад’ясі, дратву навошчыш… хамут зусім падзёрся.