— Нічога ня памятаю, а вось немца запомніла, — казала Соня, сёрбаючы адвар зьверабою, — выцягнуў з-пад лаўкі медніцу і піхае ў яе нагу — паказвае, як трэба парыць. Была б здаровая — зарагатала...
Сястра яшчэ нешта казала, але яна ня слухала: дрыготкая рука сыпала ў медніцу цёмны парашок, бліскучыя драбочкі фарбавалі ваду ў бурачковы колер і ў глыбіні сьветлай барвы прывідна калыхаўся ўсьмешлівы твар маладога немца.
А дзесьці праз тыдзень — ад самага ранку — да іх завітаў Таўпіла і ўпалым голасам паведаміў:
— Усё, дзеўкі, апошні раз вязу дровы. Немчура партызан баіцца, будуць лес пілаваць у іншым месцы, бліжэй да Азярышча.
Словы такія ўсхвалявалі: яна і сама не магла зразумець — чаму абмерла сэрца, — і толькі калі за Таўпілам зачыніліся дзьверы і пад вокнамі зашаргацелі і аціхлі дзедавы крокі, згадала пра немца. Бэртрам па-ранейшаму штодня езьдзіў на лесасеку і яна кожнага разу з хмельным сумам у вачах паглядала на хлопца, мружылася ад сонечных бліскаў, што гралі на роварных колах і гулкае сэрца кожны раз абмірала, сьціснутае, як здавалася, нечымі цёплымі далонямі. Сэрца абмёрла і цяпер, і сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталі:
— Немцу падзячыць трэба...— і Соня, ступіўшы левай нагой на падлогу, згаджальна кіўнула галавой.
Перад тым, як панурыцца ў лес, бальшак добры кілямэтр пнуўся пад гару, густа парослай алешнікам і там, у кустах, яна й вырашыла дачакацца Бэртрама. Чакаць давялося нядоўга, бо не пасьпела яна ўбіцца ў алешнік, як на дарозе суха зашамацелі роварныя скаты і пачулася таропкае шамаценьне — гэта білася аб лістоту руля Бэртрамавай стрэльбы. У першае імгненьне яна не магла зварухнуцца ад хваляваньня, а калі, нарэшце, зварухнулася і выкулілася з кустоў, немец з перапуду крутнуў руль і заехаў пярэднім колам у прыдарожную канаву. Пакуль небарака выцягваў ровар на дарогу і папраўляў зьбітую набакір пілётку, яна блытана распавяла, што сястра, дзякуючы лекам, амаль ачуняла, ступае на хворую нагу і просіць шаноўнага пана сёньня ж зайсьці ў адведкі. Тлумачэньне давялося паўтарыць, яна нават прайшлася, прыпадаючы на левую нагу, дэманструючы, як ачунялая Соня ўпраўляецца па гаспадарцы і немец, гойкнуўшы: — Зоніа! — махнуў рукой спачатку ў бок лесасекі, а потым, дробна перабіраючы пальцамі, у бок вёскі.
Дахаты яна бегла нацянькі, спатыкаючыся на кожным кроку і маракуючы — чым яшчэ можна пачаставаць госьця. Стол быў падрыхтаваны ад ранку — на стале, у адзінай ацалелай талерцы, грувасьціліся кіславатыя папяроўкі, на сурвэціне ляжаў парэзаны тонкімі лустамі хлеб – той, што Таўпіла прынёс за сабраныя паганкі,— а ў печы смажылася цэлая патэльня сьвінога сала, якое яна выменяла падчас Соньчынай хваробы на бацькавы шынель. Але чагосьці ўсё ж такі не хапала і вось, чарговым разам спатыкнуўшыся, яна ўгледзела цэлую плойму летніх апенек, якія кусьціліся на пні і сьпехам стала зьбіраць іх у хвартух.
...Грыбы сквірчэлі і стралялі тлушчам, калі ля весьніц бзынкнуў ровары званок. Яны з Соняй разам страпянуліся, сталі выхопліваць адна ў адной аскалёпак люстэрка, абцягнулі гаматныя, прапахлыя цьвільлю сукенкі, нарэшце паправілі валасы на скронях і застылі ў нерухомасьці.
Немец увайшоў не адразу: доўга тупаў у прысенку, зь лёгкім шоргатам шнарыў рукою па сьценцы, шукаючы дзьверы, нарэшце адчыніў іх і таксама зьнерухомеў.
Першай ачулася Соня.
— Праходзьце, праходзьце,— гукнула яна госьцю, госьць пераступіў парог, паставіў у кут карабін і, ня ведаючы — чым заняць рукі, стаў расшпільваць, а потым зноў зашпільваць верхні гузік мундура.
Ім бы адразу пайсьці да стала, тым больш, што немец павёў носам і прыклаў далонь да вуха, жартаўліва прыслухоўваючыся да сквірчэньня тлушчу на патэльні, але замест таго ўсе трое паселі ў кухні і Соня пачала звонкім голасам апавядаць як яна ляжала, ледзь жывая, а Бэртрам, задзёршы калашыну, паказваў — як трэба парыць нагу.
— Йа, йа,— задаволена ківаў немец, штохвілі паціраючы рукі і калі сястра заскакала на левай назе, ляпнуў у далоні і гучна прамовіў: — Брава, Зоніа!
Госьць гаманіў зь сястрою, абодва весела сьмяяліся і сьмех гэты казытліва адбіваўся пад пахамі. Яна сядзела ў здранцьвеньні, ня ведаючы — як уплішчыцца ў размову, а калі сабралася з духам і хацела запытацца — ці сапраўды закрываюць лесасеку, азалелы язык пралепятаў нешта зусім іншае:
— Сына як назвалі?
Немец спачатку не зразумеў, але Соня хуценька растлумачыла, паказаўшы рукамі — як маці гушкае дзіця.
— Ага-а... Как назфалі... Лётар,— прамовіў госьць, прасьвятлеўшы з твару, палез у нутраны кішэнь, зьбіраючыся нешта паказаць, ды так і застыў з прыціснутай да грудзіны рукою.
Знадворку грукнула, хтосьці ўваліўся ў прысенак і на парозе, наваліўшыся плячом на вушак, паўстаў Міцька Дзенісенка. Імгненьне Міцька стаяў, утаропіўшыся на пакатую Бэртрамаву сьпіну, а што было потым — яна ня бачыла: захінула твар далонямі. І адразу ж цяжка здрыганулася падлога, пранізьліва крыкнула Соня, страшна вылаяўся Міцька.
— О-от с-сука, на нашых дзевак галісься? Зараз, б-ля, зьвяжам ды ў сральні ўтопім... Канавальчык... вяроўку!
На кароткі міг яна адарвала далоні ад вачэй: Бэртрам ляжаў тварам долу, а Міцька Дзенісенка тыцкаў яму ў патыліцу карабінам.
— Што ён вам зрабіў? Адчапіцеся ад яго!— крыкнула скрозь сьлёзы Соня і тут жа віскнула, атрымаўшы кухталя.
— Сала смажыце, п-посьцілкі нямецкія... Нас дык салам ніколі не частавалі!
Каб ня чуць мацюгоў, яна заціснула вялікімі пальцамі вушы і затрэслася ад бязгучнага плачу. У той міг яна прагла аднаго: згінуць, зьнікнуць, праваліцца ў апраметную.
Хоць і заціскала вушы, але пачула, як хтосьці стукнуў у шыбу і здушана крыкнуў:
— Немцы ў вёсцы!
Толькі краем вока глянула на сьвет, уражаная гэтым крыкам, і потым усё жыцьцё дакарала сябе, што не схавала ў той момант вачэй. Бэртрам разьвітаўся зь ёю дакорлівай усьмешкай. Проста пасьміхнуўся аднымі вуснамі і зьнік у цёмных сенях, атрымаўшы прыкладам у сьпіну. Там, у сенях пасыпаліся долу глякі, парахня сыпанула з гарышча, і валацуга Міцька, стукнуўшыся плячом аб вушак, азірнуўся і здушана прагугнеў:
— А з вамі яшчэ разьбярэмся.
Сьціснуўшы далонямі прыадкрыты рот, яна з жахам зірнула ў вакно. Па таўпілавым гародзе, у бок лесу, беглі трое: Канавальчык з трафэйным роварам на карку, Міцька Дзенісенка з двума стрэльбамі ў руках і Бэртрам з узьнятымі да гары рукамі.
— Падумаў, што гэта мы яго... зацягнулі ў пастку,— заплакана прастагнала сястра і ўсе гукі зямныя аддаліліся, ператварыліся ў аднастайны шум і малады немец ізноў пасьміхнуўся ёй аднымі вуснамі, але ня зьнік у сенях, а так і застыў, нерухомы і штосьці халоднае кранулася твару і дзесьці над самым вухам прагучэў асіплы таўпілавы голас: "Матруна, чуеш, уставай..." Яна разьмежыла павекі і ў твар ёй пырснулі халоднай вады.