Лёшка пакінуў шараваць і задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынілася сэрца.
— А дзе яго пахавалі?
Напачатку яна прамармытала штосьці няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:
— У калодзеж укінулі.
Словы зьляцелі з вуснаў, і душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзіне. Пляменьнік кінуў шараваць каску, ускочыў на ногі, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньні: дзе месьціўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, ці віселі на мундуры мэдалі? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьці бубніла ў адказ і толькі калі Лёшка пабег са двара і крыкнуў, убіўшыся ў быльнік: — Ці тут? — ачулася і моўчкі махнула рукой.
Увесь дзень Матруна хадзіла прыгаломшаная; у грудзях пасяліўся лёгкі халадок, сэрца парывіста білася, усё валілася з рук і адно пытаньне не давала пакою: ці варта было казаць Лёшку пра магілу? Увечары, падаіўшы Зьвяздоху, яна выправілася да Карпачыхі — хацелася пагаманіць з якой жывой душой, — ды мусіла вярнуцца: сьвятла ў карпачысінай хаце не было і на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкіх лужынах, на кроне старой ліпы, на высокім быльніку, што буяў уздоўж паркану, яна трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабіць і, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхі касу і шпарка, амаль подбегам, рушыла да паркану.
Кусьцісты быльнік лёг пад ногі, паветра напоўнілася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, і барвовая палымніца рухавымі бліскамі адбілася ўваччу. Абапёршыся на касільна, Матруна ўтрапёна зірнула пад ногі і ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьці цяжка і змучана ўздыхнуў. Яна міжволі азірнулася і ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпінаю, з крывой усьмешкай на твары раздзьмухваў прыгаслую цыгарку.
— Што гэта ты проці ночы касіць узялася?
Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьціснулі касільна і Матруне раптам да сьвербу ў пахвіне закарцела махнуць касой ды зьнесьці з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступіла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася і сьціжма халодных іголак кальнула патыліцу.
— Давай пастаім, пагамонім,— гукнуў Канавальчык, але Матруна, перавёўшы дых, ускінула касу на плячук і ціха прамовіла: — Позна ўжо.
Можа таму, што была глухаватая, яна ніколі не магла дачуцца суседавых крокаў. І кожны раз, калі сусед нячутна падыходзіў і дыхаў у сьпіну, Матруну апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвінела і, зайшоўшы ў хату, яна вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, і слухала, як гулка тахкала ў грудзіне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калі пад вокнамі заляскатаў матацыкл і Пецька Халімонаў штосьці крыкнуў пляменьніку на адвітаньне.
Ноччу Матруна кепска спала — сон толькі на золку змарыў вочы і быў ён замарачным, мулкім, неадчэпным. Прысьнілася, як яны зь сястрой цягалі мяхі зь пяском, сыпалі той пясок у калодзеж і дзесьці зусім непадалёку — так ёй здалося ў сьне — бязладна брахалі нямецкія аўчаркі. Можа таму, што мяхі ў сьне былі цяжкімі, на раніцу балелі рукі, ныла паясьніца і яна доўга не магла ўсесьціся на ўслончыку, каб падаіць Зьвяздоху.
Як ні дзіўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзіне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровіным вядры і падаўся ў вёску.
— Ты ж хоць малака папі, — гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнік нават не азірнуўся.
...У хаце мерна тахкалі ходзікі, ля ног, скруціўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвяліла павекі і Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзінку, ды тут на вулцы залапатаў трактар і сон зьляцеў з павекаў. "Каго там чэрці прыгналі?"— падумала Матруна, зірнуўшы ў вакно. Па вуліцы, уздымаючы пыл і матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы "беларус".
— Лётае як шалёны, паратунку няма, — выдыхнула Матруна, ізноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цікаваць левым — чуйным вухам — куды паехаў трактар.
"Беларус" між тым лапатнуў наастачу і загуў лагодна і суцішна, спыніўшыся дзесьці ля канавальчыкавай хаты. Пачуліся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе і трактар ізноў завуркатаў — натужна і перарывіста. Матруна скацілася з ложку, абарвала ў сьпешцы фіранку, што вісела на дзьвярах сьвятліцы і так, з фіранкай на плячы, і выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапіў каўшом груд зямлі, падняў угору і з каўша ценькім струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапіла паветра.
— А што ж... а што ж гэта робіцца? — выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, і сусед Канавальчык, які стаяў на дарозе і дыміў цыгаркай, патлумачыў: — А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.
— Яшчэ тры каўшы — і хопіць... Далей рыдлёўкай, — крыкнуў пляменьнік Пецьку Халімонаву і гэта былі апошнія словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвінела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамі і душу Матруніну спавіла зьнямоглая ціша.
Сакратарка Ія — элегантная саракагадовая кабета з выскубенымі брывамі і з моднай "хіміяй" на галаве — набрала нумар дарожнага ўчастку, прыціснула да вуха слухаўку.
Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залівістым дзявочым голасам: — Алё-о...
— Прыміце тэлефанаграму, — прамовіла сакратарка і, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопіць асадку, прадыктавала: — Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявіцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзіне.
— На закрытае? — перапыталіся на ўчастку, і змучаная такімі пытаньнямі сакратарка па складах паўтарыла: — За-кры-та-е.
Ія выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправіла кудзеркі на лбе і ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлізнуў старшыня спорткамітэту Мурленя.
Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабіў, уздоўж сьцяны, спыніўся пад партрэтам правадыра, запытальна кіўнуў у бок абабітых дэрматынавым матрацам дзьвярэй.
— Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасіў нікога не пускаць, — паведаміла Ія, не адрываючы вачэй ад люстэрка.
— А што... закрытае? — стоена запытаўся Мурленя.
У адказ сакратарка змучана ўздыхнула, замутніўшы люстэрка, і старшыня спорткамітэту, гэткім жа чынам — уздоўж сьцяны — падаўся ўпрочкі. Дзьверы прыёмнай ціхенька рыпнулі і абудзілі тэлефон нутраной сувязі. Тэлефанавала Шура Няўмывакіна з прамысловага аддзелу.
— Іечка... Бюро закрытае?
— Закрытае, — прастагнала сакратарка.