— Падымайся, хутчэй... схаваць трэба, пакуль ніхто ня бачыў...
Яна паспрабавала ўстаць, але здолела, толькі падпаўзьці да парога.
— Забілі... забілі, сволачы... на маім агародзе. Пабеглі, дачушка, пакуль ніхто ня бачыў. А то ж спаляць вёску.
Дзед Таўпіла схапіў за плечы, падняў на ногі, і яна, не ўтрымаўшыся на ватных нагах, ізноў асунулася на падлогу.
— Уставай, йо... адзін не сьцягну! — нягучна, але страшна выдыхнуў сусед і гэта вярнула сілы.
... Немец ляжаў тварам да неба, раскінуўшы рукі, і здавалася, што ён прылёг адпачыць на ўзьмежку таўпілавага гароду.
— Ну, дачушка, дапамагай, пацягнем да калодзежу, — сусед падхапіў немца пад пахі, працягнуў пару мэтраў, упаў на калені.
— Можа жывы? — пралепятала яна не сваім голасам.
— Як жа, жывы... мазгі толькі цякуць, — буркнуў сусед і кіўком галавы загадаў цягнуць немца да калодзежу: — Давай, пакуль немцы не наляцелі!
Бэртрамава рука была яшчэ цёплай. Не азіраючыся, яна пацягнула немца па ўтравелых разорах і зусім ня чула, што ёй казаў дзед Таўпіла.
— Усё з-за мяне,— задыхана бубнеў дзед, цягнучы немца за другую руку. – Крыкнуў, што немцы ў вёсцы... думаў — зьбягуць... а яно во як атрымалася...
Ля самага калодзежу яна ўпала на траву і зайшлася ад млосных курчаў. Ванітаваць не было чым; шлункі, здавалася, лезьлі з жывата і пры гэтым страшэнна балела пад дыхніцай. Штосьці невымерна цяжкое абрынула ў нетры зямныя; зямля здрыганулася, нібыта ад далёкага грому, самотная кропля гучна ціўкнула ў калодзежным прадоньні і слых напоўніўся замарачным звонам.
— Бяжы, дачушка, шукай які мех... Будзем пясок насіць.
Яна зь цяжкасьцю паднялася на ногі, пайшла, не разьбіраючы дарогі, да хаты; з кожным крокам шум у вушах мацнеў, хата плыла ўваччу і, перад тым, як абрынуцца ў чорную зеўру непрытомнасьці, Матруна ўхапілася рукой за паркан...
Пляменьнік зьлез з гарышча блізу абеду. Азызлы, пакамечаны, з жмутком саломы ў валасах. Ён доўга піў ваду — з таго вядра, дзе піла Зьвяздоха, потым сеў на ганак і змучана ўздыхнуў. Бычкоўскія п'янтосы і дзеўкі ўходалі ленінградца і на зьдзеклівае пытаньне — ці пойдзе ён сёньня ў клюб? — небарака страсянуў галавой. Ад абеду пляменьнік напачатку адмовіўся, а паблукаўшы па двары, убіўся ў кухню і сіплым голасам паведаміў:
— Чаго-небудзь гарачага, можа, і зьем.
Матруна наліла пляменьніку міску гарачай капусты, накроіла хлеба і, зірнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпіну, падумала: "Кастрамская парода".
Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькі раз і прыяжджаў на пагасьціны — гадоў дзесяць таму. Хадзіў па двары, зазіраў у кожную шчыліну, штосьці мармытаў сабе пад нос, а калі раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзіўнай мовай: "А яблоки у вас быва-ат? " І за абедзенным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы — калі яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось і Лёшка такі: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.
Пляменьнік між тым агораў адну міску, потым другую, умалоў яечню з патэльні, запіў усё конаўкай сырадою і падаўся на падворак.
— Жыцьцё як у таго Базыля,— аднымі вуснамі прашаптала Матруна, таксама выйшла з хаты і слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукішках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары і кожнай вясны Матруна карміла зь яе маладых гусей.
— І навошта яна табе? Насіць будзеш, ці што? — запыталася Матруна.
— Ну так, насуну і пайду па Лігаўцы, — з усьмешкаю прамовіў пляменьнік, і ўжо сур'ёзна дадаў: — На Ленфільме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.
Матруна таму не дала веры. "Відаць, жартуе, — падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабаціны, — ці ж можа гэта быць, каб за жалезіну давалі два чырвонцы?"
Пляменьнік ізноўку ўзяўся шараваць каску і шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.
— А што, немцы ў вас былі? — выдыхнуў Лёха, падхапіўшы ў далонь жменю вільготнай жарствы.
— Былі, каб на іх немач.
— І што, лютавалі?
— Ды ўсякае было, — Матруна цяжка ўздыхнула, — і немцы лютавалі, і партызаны. Ужо ж нацярпеліся мы з тваёй мамай страху — ня дай Бог... Але і немцы розныя былі, — голас Матрунін міжволі здрыгануўся, — адзін нават лекі прынёс, калі твая мама нагу прабіла.
— Што ж вы, з акупантамі зналіся? — запытаўся пляменьнік, не перапыняючы шараваньня.
— Ды хто зь імі знаўся...— выдыхнула Матруна, — прыйшоў чалавек ды прынёс лекі... Яго потым партызаны застрэлілі. Вунь там, на суседзкім агародзе.