А Віцёк усё нешта марудзіў: некага ўшчуваў, палохаў кандзеем, адганяў ад печы з апухлым шкляным тварам дахадзягу. Ён засынаў і тыцкаўся тварам аб гарачую бляху, на шчоках цямнелі апёкі, там, дзе пазлазілі струпы, ружавела скура і сачыліся болькі. Відаць, чалавек дажываў апошнія дні. Гэта быў некалі славуты на заводзе імя Варашылава ўдарнік і рабкор Іван Іванавіч Казлоў. Яго імя грымела на мітынгах і ў друку, ён сядзеў у прэзідыумах і стаяў на трыбунах, цяпер ашклянелы, апалены, амаль непрытомны дагараў каля бляшанай печы ў халоднай палатцы за тысячы вёрст ад дому пад гул таежнай завірухі. Барані божа дайсці да такога стану. Лепш загінуць адразу без зняважлівых пакут.
Пакруціўся Мілашачкін каля нас і ўскочыў на верхнія нары. «Ну як, мужыкі? Хоць хранова, а жыць можна: замка і парашы няма, і то добра. А ты, пахан, — звярнуўся ён да Мяжэвіча, — відаць, на волі фартовым хмыром быў? Га? — Мяжэвіч маўчаў. — Слухай сюды. Шмоткі твае уркі адразу памыюць. Давай махнём кліфт, правілку, шкары на зменку і чатыры пайкі. Ну, лады?» — «На якой вы мове гаворыце? Я нічога не разумею». — «Цьфу ты, ахламон. Мала ж цябе вертухаі ганялі, што па фені не ботаеш. Хрэн з табою. Сам прыбяжыш і залямантуеш: «Ой, ратуйце, раздзелі, абакралі. Давай па-людску, у накладзе не будзеш. Я ўсё магу. А там і ў прыдуркі ўваткну». Мяжэвіч закруціўся ў паліто і прыкінуўся, што спіць. «Ну, аглаед, ты ў мяне яшчэ паскачаш». — Нарадчык лёгка саскочыў з нараў і выскачыў з палаткі. На праходзе ўсё яшчэ сланяліся і штурхаліся каля печы цёмныя здані: нешта мянялі, адмервалі махорку запалкавымі карабочкамі, сварыліся, валтузіліся. Гайдаўся і ляскаў па апалубцы брызент палаткі, з шчылін цягнула холадам, было вільготна і мулка.
Неўзабаве на вахце ўдарылі жалязякаю па вагонным буферы: ад-бой. Хочаш не хочаш, лажыся. Калі пашанцуе, — сон — адзінае збавенне ад усіх пакут і страшных дум. Чалавек ужо прызвычаіўся, што ён нікому не патрэбен, што яго могуць расцерці, як муху, але ўсё ж чапляецца за жыццё, на нешта спадзяецца, верыць, што яго голас нехта пачуе і выратуе з гэтага пекла. Цяжкі і трывожны сон — і збавенне і пакута. Зноў прыходзяць кашмары допытаў, начныя «стойкі», «канвееры» па трое сутак. Нарэшце знясіленага цягнуць у адзіночку. Адзіны паратунак — зваліцца на тапчан і заснуць, але дзе там заснеш: да адбою класціся забаронена. Садзішся на ўмураваны ў сцяну зэдлік, падпіраеш рукою шчаку, павекі заплюшчваюцца самі. Стук у жалезныя дзверы — не спаць! I так да вечара. Адбою чакаеш, як збавення. Толькі прылёг, праваліўся ў бездань, адчыняецца жалезнае акенца, стук ключом: «На «Гэ» — на допыт. Жыва! Жыва!» Адразу не ўцяміць, дзе ты, што з табою, а дойдзе — дрыжыкі працінаюць наскрозь. На ўсё жыццё запомніўся пах пракураных «Беламорам» калідораў следчага корпуса, перасвіст «вывадных», каб не сустрэліся арыштанты, як прывіды, упаўзаюць у памяць шэрыя ад папяроснага дыму і злосці, калюча-сухія, здзекліва-ўсмешлівыя і сытыя абліччы следчых, і жах апаноўвае зноў. Шчасце, што гэта сон, што допыты — у мінулым.
На голых нарах храпуць, трызняць, варочаюцца, стогнуць, чухаюцца ад страшэннага свербу няшчасныя людзі. Мы ж месяц не распраналіся, не мыліся, рубцы залубянелай, як бляха, бялізны, як асцюкамі, забіты шэрымі паразітамі. Калі распранемся? Калі памыемся? Пакуль што ніякіх надзей. Палатка заінела з сярэдзіны, мерзнуць рукі, не знятая на ноч шапка прымерзла да брызенту, здранцвела шыя, страшна паварушыцца, а ў шэсць гадзін пад’ём. Колькі ж цяпер? Паўтара года я не бачыў гадзінніка, але беспамылкова дзейнічае біялагічны. Што мяне чакае заўтра, як пачнецца першы дзень лесаруба? Што абую? Што адзену? Куды пагоняць? Што скарачаюць лучковая піла і канадскі тапор, жыццё ці тэрмін?
Так у палоне пытанняў і ў тумане трызнення я нерухома ляжаў на трошкі падсушаных уласным целам нарах. Хацелася забыцца, хто я і дзе я, але трэск замерзлай палаткі, храп, мармытанне, стогны і крыкі суседзяў у сне вярталі ў страшную рэальнасць. Толькі праваліўся ў нейкую глыбокую прорву, адчуў бязважкасць і застыў у палёце, як ударылі на вахце ў буфер: «Пад’ём! Па-а-д’ё-ом!» Днявальны запальваў капцілкі, адразу шэрая маса заварушылася на нарах, нацягвалі яшчэ мокрыя штаны і целагрэйкі, а мы нейкімі матузкамі шнуравалі свае чаравікі, твары здаваліся сінімі з чорнымі праваламі, лесарубы шукалі лапці і парцянкі, за патрэбаю выскаквалі за дзверы палаткі, а следам урываліся клубы белае пары, нібыта воблакі на нябёсах. Вакол палаткі снег быў жоўты, папраточваны чалавечымі струменямі. Трошкі далей адыходзілі, чэрпалі далонямі шурпаты снег, расціралі рукі і твар: ні вады, ні ўмывальнікаў не было. I ўсё бягом, усё «Давай! Давай!». З гэтым «давай» уставалі, пласталіся на лесасецы і звальваліся на нары з адбоем.
Брыгадзіры раздавалі пайкі хлеба. Гэта была сапраўдная латарэя: адзін адварочваўся, брыгадзір трымаў пайку і пытаўся: «каму», той называў прозвішча. Шчасліўцу трапляла гарбушка. З ім спрабавалі памяняцца з прыдачаю на цыгарэту махоркі. Але дзе там! Такая ўдача бывала не часта.
У палатку ўварваўся раз’ятраны Віцёк. «Што ж вы, маць вашу, цераз пень-калоду, контрыкі, сабатаж разводзіце, усё яшчэ мітынгуеце, бляхі, ёдам мазаныя! Ану, вылятай, аглаеды, без апошняга!» — I, стоячы пры расчыненых дзвярах, хрысціў кантовым дрынам кожнага, хто не ўправіўся апярэдзіць суседа. Строем ішлі ў сталоўку, — па вокны ў зямлі засыпны з дошак барак, поўны пары, гоману і тлуму. Упершыню бачу міскі, вытачаныя з бярозавых чурак, набрынялыя, слізкія і кіслыя. Няхай сабе, абы былі поўныя, а ў іх недавараны турнэпс, хвасты і галовы салёнай траскі.
Лагпункт толькі асвойваюць. Няма яшчэ электрычнасці, каля вахты і вакол зоны гараць зыркія вогнішчы. Ад полымя снег і твары арыштантаў чырвоныя, як на пажары, і навакольны замецены і заінелы лес здаецца ружовым і хісткім. Наш брыгадзір камандуе па-вайсковаму: «Брыгада Селязнёва стр-р-ро-й-ся!» У водбліску вогнішчаў панура ідзём на вахту. Рукі і ногі ўжо адубелі, а што ж будзе да вечара? У суседнім невялічкім бараку стаіць страшэнны гвалт і гармідар, крыкі, шматпавярховы мат, жаночы віск, лаянка, якой зроду не чуў. Старыя лагернікі жартуюць: «Выводзяць брыгаду Машкі — «зялёнага пракурора». Нарэшце адна за адною выскакваюць маладзенькія дзяўчаты, амаль падлеткі, у стракатых пальцечках, хустачках і берэціках, а з вуснаў ляціць такі слоўны бруд, што я тузаю сябе за вуха, ці не сніцца гэта мне. Павольна з барака выходзіць у міліцэйскім шынялі і шлеме з казыркамі спераду і ззаду кірпатая, з мангольскімі вочкамі і адкапыленаю ніжняю губою «зялёны пракурор» — Машка Прошкіна і сыпле такую віртуозную лаянку, што рагочуць усе брыгады. Яна не выгаворвае палову алфавіту, і яе мацюкі становяцца яшчэ каларытней. А я думаю: «Божа, божа, да чаго давялі самую чыстую істоту — жанчыну; як яна апусцілася і дзе? У нашай перадавой дэмакратычнай краіне». Палохаюся сваіх думак і гляджу, як нарадчык і дзяжурнякі валакуць да вахты гэты жаночы «батальён смерці», а Машка закасвае левы рукаў шыняля, правую далонь падстаўляе пад локаць і трасе рукою ў наколках: «Мы табе, гражданін начальнік, в-о-о намантулім. Наша спіціяльнасць вясёлая. Закарціць, прыходзь на дзялянку, мы табе пака-жам хранцузскія прыёмчыкі». Усе рагочуць, а Машцы толькі таго і трэба. Начальнік нібыта нічога не чуе. З лямантам, віскам і крыкам выпіхваюць жанчын за вахту, не сунімаецца толькі «зялёны пракурор».
Брыгады вывелі за вахту, а нас затрымалі. Стаім, чакаем. Павольна падышоў начальнік, рыхлатвары, з чырвонымі, трахомнымі павекамі, у белым казловым кажусе, фетравых бурках і чорнай кубанцы. Агледзеў нас, пакруціў галавою: «Ну і рабацяг падкінулі! Дзе толькі набралі такіх? Вы ж у сваіх шціблеціках, як прусакі, памерзнеце. А ты, ваяка, як трапіў у гэтую хеўру контрыкаў?» — спытаў у высокага і худога, як тычка, у доўгім кавалерыйскім шынялі і будзёнаўцы лейтэнанта Ягорава. «За падмочаную радню, гражданін начальнік». — «Тады давай, падмочаны, з брыгадзірам у капцёрку па лапці і парцянкі. Скажаш, я загадаў». — А мы ўжо выбіваем чачотку і ляпаем сябе па настылых плячах.
Два былыя вайскоўцы прынеслі бярэма ануч з мешкавіны і ліпавыя лапці. «Разбірай! Азувайся!» — загадвае брыгадзір. Хапаем, каму што дасталося, садзімся на снег і ўспамінаем пастушкоўскае дзяцінства: абкручваем чаравікі анучамі, нацягваем лапці, а яны не лезуць, ззаду тырчаць абцасы, так-сяк зацягваем аборы, ідзём як спутаныя. Нас прыспешваюць: «Давай! Давай! Варушыся весялей!» О, гэтае «давай», яно дзень у дзень, ад пад’ёму да адбою да вызвалення або да магілы, як бізун хвошча кожнага лагерніка. Некаторыя ад злосці самі сабе мармычуць: «Давай хрэнам падавіўся». А ён жывучы — «давай», і мацюкі — асноўны слоўны запас любога лагернага начальніка. Варта іх засвоіць, і можаш кіраваць чым захочаш.
Каля інструменталкі брыгадзір раздае папярочныя пілы і калуны. А дзе ж тыя, лучковыя, што скарачаюць шлях да вызвалення? Відаць, іх яшчэ трэба заслужыць. Нясу на плячы хісткую і звонкую пілу, мой напарнік Валодзя Мяжэвіч — сякеру. Яго яшчэ не паспеў раскурочыць Віцёк Мілашачкін. Валодзя, бадай, адзін з усяе брыгады не мерзне, але ў доўгім паліце цяжка адольваць высокія сумёты. Мы ўваходзім у густы лес. Яшчэ толькі пачынае шарэць, у небе растаюць і знікаюць зоры, вобмацкам цаляем у сляды папярэднікаў. Ідзём моўчкі, нібы на ўласных хаўтурах. Правальемся вышэй калень у гурбы сыпкага снегу. Крыссе брыгадзіравага шыняля плыве па сумётах, а стралок прыспешвае: «Давай, давай, варушыся, не адставай!» Ён злосны, бо, відаць, недаспаў, і ён, як і мы, грузае па снезе і будзе да самага адбою стаяць на сцюжы і на ветры, ратавацца каля кастра. Таму і лаецца, бо болей няма на кім спагнаць злосць, бо верыць, што пільнуе «ворагаў народа», а ён і ёсць той самы народ і мае права пры парушэнні строю страляць без папярэджання, і ахвотна стрэліць, дай толькі зачэпку, і аддзячыць начальства за пільнасць і класавую непрымірымасць. Чаго толькі не перадумаеш за гэтую доўгую і цяжкую дарогу?
Неба пачынае сінець, выразней відны камлі сосен, прыгнутыя снежнай навіссю лапы ельніку. Нарэшце неяк дагрэбліся да ачаплення. На некалькі квадратных кіламетраў дзялянка лесу акантавана шырокаю прасекаю, на ёй выцераблена ўсё да былачкі, метраў за сто адна ад аднае стаяць вышкі, каля іх дымяць вогнішчы: калі стралок змерзне — злезе пагрэцца. Кастры распальвае і падкідае дровы былы рэктар нашага Беларускага універсітэта прафесар Рудніцкі. Худы і высокі, як бацян, тоненькія ногі ўкручаны салдацкімі абмоткамі, на галаве прапалены малахай, на пасінелым носе прывязаныя ніткаю да вушэй акуляры з адным раструшчаным шкельцам. Яму многія зайздросцяць — ён на «цвёрдым» акладзе — шасцісотка і другі кацёл, а за іх трэба мантуліць не разгінаючыся.
На вахце начальнік канвою фанернаю дошчачкаю грэбліва адкідае нашы здвоеныя рады, запісвае на фанерцы трыццаць дзве душы і папярэджвае брыгадзіра, што ён за кожнага адказвае галавою. На дзялянцы сустракае дзесятнік, круглавокі, сярэдняга росту і веку мужчына ў новых валёнках і ватных штанах, зграбным чорным паўкажушку, з трошкі заінелымі закручанымі вусікамі. «От твая дзялянка, Селязнёў, расстаўляй сваю брыгаду «ух», толькі так, каб не перабілі адзін аднаго. Паняў? Цяпер слухайце сюды: норма ў нас на сто працэнтаў такая: зваліць, ацерабіць, спаліць сучкі, распілаваць хлыст на паўметровыя чуркі, перакалоць іх, скласці ў штабель вышынёю метр дзесяць сантыметраў, даўжынёю… Колькі, вы думаеце, трэба на тры і тры дзесятых кубаметра?.. шэсць і шэсцьдзесят сотых метра, а на дваіх у два разы болей. Гэта і ёсць сто працэнтаў — шэсцьсот грамаў хлеба, другі кацёл і неабмежавана свежае паветра. Зразумела, мужыкі? Тады — за работу. Улічыце, валіце дзеравіну, крычыце, каб сцерагліся суседзі, а то вы самі сабе смяротныя прысуды вынесеце. Расстаўляй, брыгадзір». Дзесятнік ляпнуў па халяве доўгім кійком з сантыметровымі дзяленнямі і знік у падлеску. Брыгадзір удакладніў: «Невыкананне нормы — трыста грамаў, штрафны кацёл, ноч у кандзеі, а раніцай — на развод». Ён расставіў пары далей адну ад аднае, лейтэнанта Ягорава без напарніка прызначыў «кастражогам», а мы з Валодзем пачалі абтопваць камлі тонкіх бярозак. Пакуль поўзалі па снезе, яшчэ не пілаваўшы, абодва выбіліся з сіл. Дзіва што! Паўтара года без руху, у душных камерах, на пайцы і місцы баланды раз на дзень. Адкуль узяцца той сіле? Але трэба варушыцца. Укленчылі і пачалі пілаваць шурпаты камель тонкай бярозкі. На сярэдзіне, як абцугамі, заціснула пілу. Колькі ні тузалі — ні з месца. Падсеклі, я ўпінаўся плячом і галавою. Валодзя цягне пілу, а яе зноў заціснула. Нарэшце жывасілам звалілі сваю першую бярозку, яна з гулам крышыла падлесак і ўпала ў пульхны снег. Сяк-так абсеклі вецце, паспрабавалі пілаваць, зноў заціскае пілу. Падважваем, круцімся, спатыкаемся, падаем, умакрэлі, змагліся і нічога не напілавалі.
Непадалёк каля вялізнага, замеценага снегам лаўжа рукавом шыняля выцірае слёзы, ад адчаю ці ад дыму, лейтэнант Ягораў і ніяк не можа ўпаліць адсырэлае сучча. Мы трохі аддыхаліся і звалілі яшчэ адну бярозку, і яна патанула ў снезе, і зноў заціскае пілу. Выбіліся з сіл, а выніку ніякага. Значыць — трыста грамаў, ноч у кандзеі, а заўтра і на такую работу не хопіць сіл. Перспектыва адна: да вясны загнёмся. «И никто не узнает, где могилка твоя». Селі на недарэзаную бярозку і заплакалі ад крыўды, ад бяссілля, ад голаду і холаду, ад жалю да сябе і блізкіх. Зноў вярэдзіць неадступнае пытанне — за што? Незаўважна падышоў дзесятнік. «Вось гэта рабатнулі. Ну, стаханаўцы… нічога не скажаш. А я ішоў кубікі прымаць. I той ваяка, — ён кіўнуў на Ягорава, — соплі распусціў. I не сорам, дарослыя мужыкі. Ты кім быў на волі?» — спытаў у Мяжэвіча. «Карэспандэнтам «Известий». — «Ну, і, вядома, пісалі пра стаханаўцаў поля і лесу, як яны лёгка даюць па тры нормы, а паспрабавалі і селі макам у першы ж дзень. Ладна. Хопіць вільгаць разводзіць. Усё роўна Масква слязам не верыць. Хрэн з вамі. Сёння выручу: запішу кантоўку дня ля пня і выведу шасцісотку. I таму бацяну ў шынялі нешта прыдумаю. Неяк трэба ратаваць вас… Ну і брыгадка ў Селязня». Ён памахаў сваім метровым кійком і лёгка і спрытна пайшоў туды, дзе шугалі вогнішчы, падалі дрэвы, грукалі сякеры, чуліся крыкі: «Бера-ажы-ся!» Да нас падышоў замурзаны сажаю, змерзлы Ягораў. Мы яго суцешылі абяцаннем дзесятніка. Гусцеў змрок, дагаралі вогнішчы, пераклікаліся брыгадзіры і лесарубы. Неўзабаве на вахце ўдарылі ў рэйку: «Выходзь строіцца!» Наш першы рабочы дзень закончыўся нічым. Грузаючы па снезе, зусім знясіленыя, мы ішлі на вахту каля доўгіх шурак дроў, штабеляў дзелавой драўніны, датлелых кастроў. Здалеюць жа, умеюць неяк людзі, зайздросцілі мы лесарубам.
«Карацейшы шлях…»
Ніяк не магу ўцяміць, дзе рэальнасць, а дзе трызненне і сон. Ляжу на нарах, чую гаману, сваркі, крыкі: «Укралі! Укралі! Лаві яго, гада!» Пацягнула халодным ветрам. Гляджу — насупраць у брызенце прарэзана вялікая дзірка. Праз яе зніклі дзве торбы з трантамі і пайкамі рабацяг. Пакуль абкрадзеныя беглі праз дзверы, зладзеяў і след прастыў. Глыбей нацягваю шапку, адгінаю на лоб калматы казырок, заплюшчваюся і зноў патанаю ў свет успамінаў. Але што ўспамінаць? Колькі было таго жыцця? Галоднае і пакутнае маленства, кароткае «орабачивание» на бабруйскім камбінаце, захапленне літаратурай, мары пра пісьменніцтва, жаданне служыць літаратуры да скону, зрабіць нешта значнае, стаць вядомым назло зайздроснікам, што ў вочы кпілі з мяне, дражнячы вершаплётам. Я моўчкі зносіў абразы і верыў у свой шчаслівы лёс.
Успаміналася студэнцтва на трохсотграмным пайку, бутэрброды з гарчыцаю ў студэнцкай сталоўцы, але якія былі спадзяванні, якія ўяўляліся перспектывы, даволі частае друкаванне ў газетах рыфмаванай банальшчыны да свята, да падпіскі на пазыку, пра выратаванне чэлюскінцаў. I гэта па наіўнасці здавалася далучэннем да літаратуры. Успаміналася частае наведванне Дома пісьменніка, шапачнае знаёмства з вядомымі пісьменнікамі і такімі ж, як і сам, калялітаратурнымі хлапчукамі. Не магло прысніцца нават у кашмарным сне, што за наіўную калялітаратурную гульню могуць на самым пачатку так бязлітасна паламаць жыццё і кінуць, як страшнага звера, у каменную дамавіну адзіночкі так званай «амерыканкі». Яе тэрмінова збудавалі па праекце таленавітага архітэктара (казалі, што потым ён сам у ёй сядзеў як шкоднік) у двары самага страшнага наркамата, калі пачалася расправа над «ворагамі народа», калі даваліся заданні і спускаліся планы на арышты і знішчэнне.
Нават на мулкіх нарах у настылай палатцы страшна ўспомніць маю адзіночку, несупынны трохмесячны канвеер — ноч і дзень, зноў ноч і дзень, калі страчана адчуванне часу, рэальнасці, а бяссонне пад невыносным прэсам пагроз, здзекаў, цынічных зняваг некалькіх змен следчых даводзілі да галюцынацый, да страты прытомнасці. «Амерыканка» адразу расплюшчвае чалавека маральна, дзейнічае на псіхіку, ашаломвае незвычайнай таямнічасцю, а бясконцыя месяцы бяссонных допытаў пра нішто нават непакорлівага і трывалага ламаюць як асобу, і ўжо чакаеш смерці, як збавення ад страшэнных здзекаў і нечалавечых пакут.
I ў сонечныя дні ў камеры змрок і магільная цішыня. Сядзі і думай пра свае «злачынствы», якіх у цябе ніколі не было, бо ўся твая біяграфія — тры радкі на старонцы вучнёўскага сшытка, а следчы патрабуе «арганізацыі», «зборышчаў» і дзяўбе адно: «Прызнавайся! Гавары праўду», а праўдаю тут лічаць хлусню, фантазію і самапаклёп. Прыдумляй з расплюшчанымі вачыма, бо нават задрамаць стоячы лічыцца злачынствам, а за яго караюць карцэрам у глыбокім падзямеллі, без святла і чыстага паветра, з цуркамі вады па сценах і на падлозе. Ні тапчана, ні зэдліка. Стой, пакуль не звалішся ў халодную лужыну на бетоннай падлозе.
«Амерыканка» наяве і ў снах трызніцца, як кашмарнае відовішча. Я ў адзіночцы на несупынным канвееры праседзеў тры месяцы. Потым яшчэ туды вяртаўся тры разы. Усё гэта круціцца ў памяці. Сон не бярэ на голых, трохі падсушаных уласнымі бакамі нарах. Жах апаноўвае, што праз некалькі гадзін зноў удараць у буфер і… «вылятай без апошня, умывайся снегам, сёрбай у чаднай сталоўцы поліўку з трасковымі галовамі, дрыжы на разводзе, шэсць кіламетраў мясі снег да лесасекі, выбівайся з сіл каля тонкіх бярозак, ведаючы, што норму ніколі не выканаць. Значыць, тут і загнешся, у хмызняку за конбазаю засыплюць снегам і твой шкілет, бо, як ні старайся, на лучковую пілу і канадскі тапор спадзявацца няма чаго. Лепш было б над гэтымі варотамі напісаць: «Оставь надежду всяк сюда входящий».
Але так ужо створаны чалавек, што да апошняй хвіліны на нешта яшчэ спадзяецца, каб хоць на дзень адкласці апошняе імгненне. Вось і Валодзя Мяжэвіч «махнуў кліфт, правілку і шкары» за некалькі паек хлеба і абяцаную палёгку. Паліто аддаў дзесятніку Папову, яму хутка вызваляцца, затое нам цяпер гарантавана шасцісотка і другі кацёл. У мяне «заганяць» няма чаго, таму адчуваю сябе нахлебнікам свайго напарніка. А ён адразу стаў падобны на датлелага дахадзягу — бушлат трэцяга тэрміну, мультановы малахай, на нагах ватныя бахілы і лапці, а я калачуся ў сваіх неданосках з волі — нікога яны не прывабілі, ніхто за іх і пайкі не дасць.
Неяк у зоне нечакана сустрэўся даўні знаёмы — паэт Сяргей Дарожны. Тут ён быў пад сваім прозвішчам — Серада. Мы з ім таварышавалі на волі, часта сустракаліся ў Доме пісьменніка, бываў у яго на кватэры, у «пісьменніцкім мікрараёне» на вуліцы Розы Люксембург. Сустрэліся ў адной камеры мінскай гарадской турмы. Яго раней за нас забралі і раней адправілі на этап. I вось сустрэча. Угледзеў і ледзьве пазнаў. Сяргей заўсёды быў франтаваты: насіў добрыя касцюмы, модныя чаравікі і гальштукі, абавязкова капялюш і з дарагога драпу паліто. I ў турме ён вылучаўся вопраткаю. Цяпер на ім была цеснаватая прапаленая мультановая шапка з падвязанымі кароткімі вушамі, трэцяга тэрміну бушлат, бахілы і так званыя ЧТЗ — вялізныя чаравікі з аўтамабільных пакрышак. Настрой у Дарожнага быў бадзёры: ён, нягледзячы на «контррэвалюцыйны» артыкул, прыстроіўся рахункаводам у бухгалтэрыі: выпісваў на брыгады лапці, парцянкі, целагрэйкі і бялізну. Я пацікавіўся, як гэта яму пашанцавала ўбіцца ў «прыдуркі». Сяргей не вельмі ахвотна расказаў, што начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай часці) Малаканаў даведаўся, што ён паэт, папрасіў напісаць мабілізуючыя частушкі, рыфмаваныя лозунгі і за гэта прыстроіў у кантору. «А хто такі Малаканаў?» — пацікавіўся я. «Ён жа кожную раніцу на разводзе выступае з прамовамі, заклікае выконваць і перавыконваць план, даваць «лес Родине, и она вас простит!». Я думаў, гэта намеснік начальніка такі палымяны прапагандыст, а Сяргей растлумачыў, што Малаканаў — «бытавік», родам з Горкага, яго расканваіравалі і даручылі выхоўваць нас. Цяпер стала ясна, чаму на разводзе, стаўшы на скрынку, ён звяртаецца да нас: «Товарищи заключенные! Родина-мать дала вам возможность честным трудом искупить свою тяжкую вину. Родине нужен лес для великих строек социализма, наш долг — дать его Стране Советов, оправдать доверие партии Ленина — Сталина, сохранившей вам жизнь, чтобы вы исправились, перевоспитались и стали честными гражданами нашей самой счастливой в мире страны. За ударный труд предоставляются зачеты, и вы досрочно возвернетесь в семью строителей социализма. За работу, товар-рищи!» Адно і тое ж кожны дзень.
Малаканаў ходзіць у будзёнаўцы, новенькім бушлаце, зграбных валёнках з закасанымі халявамі, весела жартуе з начальнікам і камандзірам узвода, запанібрата з вахцёрамі, жыве ў асобнай кабінцы, абеды яму проста з кухні носіць днявальны. Пасля штодзённай «малітвы» на вахце Малаканаў падае знак блатнаватаму гарманісту, і той рэжа адну і тую ж мелодыю «Утро красит нежным светом стены древнего Кремля». Пад музыку вахцёр пералічвае пагалоўе брыгад, а стралкі далдоняць адно і тое ж: «Шаг вправо, шаг влево … стреляю без предупреждения».
На адным з разводаў Малаканава не было, а мы так прывыклі да яго зычных «акафістаў», што здалося: нечага не хапае. Думалі, захварэў, аж не, папаўзла чутка: палымяны прамоўца і наш заўзяты выхавальнік… збег. Знік, і знаку няма. Ні аўчарка, ні стралкі так і не ўзялі след, па якім сігануў Малаканаў. А оперупаўнаважаны чэкісцкага аддзела ўсю ноч дапытваў Дарожнага, як ён садзейнічаў уцёкам Малаканава. I той расказаў шчырую праўду: за пасаду ў канторы начальнік КВЧ зняў з яго ўсё, нават бялізну, каб па лагерных пячатках ніхто не пазнаў, адкуль ён. Паліто і шапку пераправіў на конбазу раней, на гарнітур Дарожнага нацягнуў новенькі бушлат, нібыта пайшоў на станцыю Пастой па плакаты, прысланыя з упраўлення. Як пайшоў, так і след прастыў. Схапіліся толькі на другі дзень, калі «прапаведнік» не выйшаў на развод. Потым выявілася, што Малаканаў зусім не Малаканаў, а славуты ў злачынным свеце аферыст, якога шукаюць па ўсёй краіне. Ён здабыў сабе прыстойную «ксіву» (дакумент), павандраваў па Волзе і Каўказе, а калі адчуў, што можа ўліпнуць за ранейшыя буйныя злачынствы, украў нейкую дробязь, так, каб адразу злавілі. Далі яму чатыры гады, і ён схаваўся на нашым лагпункце, каб пераседзець небяспеку. Занудзіўся па сапраўднай «рабоце» і знік, каб пачаць гастролі па асноўнай спецыяльнасці.
Няшчаснага Дарожнага затузаў «кум» за садзеянне ўцекачу, але, відаць, Сяргей неяк разжалобіў упаўнаважанага, што той не павесіў на яго новы артыкул і тэрмін, а выгнаў з цёплага месца ў дахадзяжную брыгаду лесарубаў. Там Дарожны і скіс. А мы патроху акрыялі: зрэдку з дому пачалі прыходзіць пасылкі. Сям’і ў мяне ўжо не было, але дзядзька з Глуска часам прысылаў сухары, рукавок фасолі, кавалак сала і пачак кускавога цукру. Мае сябры мелі добрыя пасылкі ад блізкай радні, але ніхто не жаваў хатнія прысмакі з кулака, усе дзяліліся чым толькі маглі. Павесялела наша брыгада. Не таму, што стала пілаваць звыш нормы, а ўсе навучыліся заганяць «туфту» — па тры разы здаваць адны і тыя ж кубікі.
Дарожны яшчэ не ўцягнуўся ў работу і не засвоіў лагерную прамудрасць, і з волі была малая дапамога ад адзінай слаба забяспечанай сястры. Хадзіў Сяргей маўклівы і змрочны. У лесе не выцягваў на другі кацёл, слабеў з кожным днём і думаў, як вырвацца з лесапавалу. Дачуўся, што недзе ёсць сельскагаспадарчыя лагеры. Яны яму здаваліся збавеннем — і работа лягчэйшая, і першая морквіна ці бульбіна, хоць сырая, перападзе, а там, глядзіш, і гурочак не абміне. I наважыўся пісаць заяву, што ён аграном і просіць скарыстаць яго па спецыяльнасці. Я яго ўгаворваў нікуды не зрывацца ад сваіх, не паслухаўся, адправіў заяву ў Другі аддзел упраўлення. «Які ж ты аграном? Выкрыюць падман і загоняць на штрафны», — ушчуваў я яго. «Хіба я не ведаю, як бульбу саджаць. А выкрыюць — пайду радавым рабочым. Рыдлёўка і капаніца ўсё ж лягчэй за пілу, ды і перападзе якая гародніна, а тут я загнуся галоднай смерцю». Мы бачылі, як ён пакутуе на сваёй маленькай паечцы, дапамагалі як маглі. Напрадвесні яго выклікалі на этап па спецнарадзе. Мы развіталіся каля вахты; я больш ніколі не сустракаў Сяргея і нічога не ведаў пра яго лёс аж да шасцідзесятых гадоў. А лёс склаўся трагічна.
Адправілі Дарожнага ў Камсамольск-на-Амуры. Там, на ўскраіне новага горада, быў вялікі лагер. Пракладвалі дарогі, дзяўблі непадатлівую горную пароду, грузілі баржы і «даходзілі», асабліва на пачатку вайны. Ніякім аграномам Дарожны не стаў. Ён нудзіўся, што адбіўся ад сваіх, сам сябе загнаў у гэты суровы край і ўкалвае мудрэй, чым на павале.
Па афіцыйнай версіі, Дарожны памёр у 1942 годзе ад запалення лёгкіх. Пелагру, дыстрафію, поўнае знясіленне ў лагерных актах аб смерці пераймяноўвалі на больш прыстойныя дыягназы — пнеўманія, сардэчная недастатковасць, рак або язва. Нешта падобнае запісалі і ў апошнім дакуменце асуджанага па артыкулах 72-а і 76 (групавая контррэвалюцыйная агітацыя) Серады Сяргея Міхайлавіча, а на волі пранікнёнага лірыка Сяргея Дарожнага.
У шасцідзесятыя гады ў Камсамольску-на-А муры я ехаў у трамваі каля таго самага лагера, дзе пад шасцізначным нумарам сканаў Сяргей Дарожны, і ўспомніліся яго даўнія радкі: «Зіма, зіма, а снегу па калені, ні сцежак, ні дарог няма». Так, цяпер ні сцежак, ні дарог няма за тыя сопкі, куды звезлі тысячы пакутнікаў з усіх куткоў нашай горкай, знявечанай, абрабаванай здзічэлымі катамі зямлі. Магіл іх няма, і следу не засталося, толькі крываточыць і баліць незагойны рубец памяці нямногіх жывых, што пранеслі цяжкі крыж, каб сведчыць пра здзекі, знявагі чалавечай годнасці, пра масавае знішчэнне лепшых, сумленнейшых сыноў і дачок краіны, за волю і шчасце якой гінулі многія пакаленні самаахвярных летуценнікаў і волатаў духу.
Туфта