Начамі для большай пільнасці і адказнасці разам з Жанам дзяжурыла вольнанаёмная Дуська. Шчыгаляла яна ў зграбным шыняльку, хромавых ботах і ссунутай на правае вуха пілотцы. Звечара яны паганяюць распусніц, каго-небудзь замкнуць у кандзей, а самі з пачуццём выкананага абавязку па ўмацаванні маралі зняволеных заваляцца ў баковачцы пры ізалятары і спакойна спяць у абдымку да пад’ёму.
Ад брыгадзірак Жану перападалі катушкі нітак, ад кладаўшчыцы ладныя кавалкі тканіны. Усё гэта Дуська заганяла за зонаю, мела сабе капейку і Жану прыносіла кавалак скароміны, а часам і пляшку самагону.
Цырульнік жыў пры лазні, вечарамі ён не замыкаў дзверы. Тады пракрадаліся ў прылазнік Жан з Дуськаю, ведаючы, што пра іх нямы Жора нікому нічога не скажа. Пры ім гаварылі ўсё, што хацелі, кпілі з яго, а ён і вухам не вёў. Калі Жан прыводзіў Жору да начальніка, той жартаваў: «Тры рукі і адзін язык на дваіх».
Тэрмін у Жоры набліжаўся «да званка». Ён старанна збіраўся на волю: выменяў у некага з новенькіх зграбныя карычневыя штонікі, цёмна-сіні пінжак, рабенькую кепачку-васьміклінку. Ён ведаў, што яго не затрымаюць да асобага распараджэння, як «контрыкаў», артыкул і тэрмін у яго быў «дзіцячы», да волі заставаліся лічаныя дні. Ужо загадалі здаць цырульню, афармлялі дакументы на вызваленне, выпішуць на каменданцкім лагпункце пашпарт з мінусамі, і — каці Жора на Чорнае мора.
Без выкліку Жора сам прыйшоў у кантору і пастукаўся ў кабінет начальніка, увайшоў і выразна, трохі асіплым голасам павітаўся. Цокур ускочыў з крэсла, залыпаў вачыма і пасля паўзы прамовіў: «А ядры тваю качалку, дык ты гаварыць навучыўся, га?» — «Не, грамадзянін начальнік, ледзь не развучыўся за тры гады, але затое жыццё выратаваў. На павале даўно б загнуўся. Унь колькі маіх карашкоў вывезлі за вахту. А цяпер даёш Адэсу-маму, а не пусцяць, усё адно на поўдзень махну. Намёрзся, аж душа да рабрын прыстыла». — «Як жа ты тры гады цярпеў і не сказаў ні слова?» — «Думаеце, лёгка было, калі вы пацяшаліся і мужыкі кпілі, а шалашоўкі на нос вешаліся. Аднаго баяўся — загаварыць спрасоння. Калі жыў у бараку, нанач, нібы зубы баляць, ручніком сківіцы падвязваў. Ох і напакутаваўся ж, сам з сабою загаварыць баяўся, язык да крыві прыкусваў, а гэта пакута; але лепш, чым пілаваць табе-сабе-начальніку. Вам вялікі дзякуй — трымалі і падкармлівалі, і што пры вас брыць-стрыгчы налаўчыўся». — «Ну ж і сучы сын! Колькі ж ты нас, дурняў, за нос вадзіў?» Цокур націснуў кнопку званка. У кабінет увайшла дзябёлая сакратарка з эвакуіраваных. «Палюбуйся, Аня, на гэтага мазурыка. Ён не толькі гаварыць, спяваць умее. Ну, урэж, Жора, «С одесского кичмана бежали два уркана». А ў Адэсу цябе не пусцяць. Горад рэжымны». — «Нічога, Крым вялікі, аднаму чалавеку заўсёды месца знойдзецца. Пастараюся сюды болей не залятаць, таварыш начальнік. Цяпер так можна?» Начальнік паляпаў яго па плячы: «Ну, артыст! Давай чашы, як некалі казалі, з Богам». — «А ведаеце, як вас некаторыя завуць? Баця». — «Гэта не падымае мой аўтарытэт. От і ты мяне ашукаў. Ну, давай», — і Цокур падаў яму руку.
Мы развітваліся з Жорам каля вахты. Ён ніяк не мог нагаварыцца, вочы засвяціліся розумам і весялосцю, калі падрабязна расказваў пра сваё развітанне з Цокурам.
Я ішоў у кантору каля акна начальніка, ён пастукаў у шыбу і загадаў тэрмінова прыслаць да яго Унгурану. Я ведаў, што Жан дзяжурыў ноч і, напэўна, моцна спіць. Дзверы ў яго кабінку адчынены і завешаны ад мух і камароў рудаватаю ўпаковачнаю марляю. На тапчане ў адных сподніках спаў Жан. У пакоі звінелі мухі, біліся ў шыбу, поўзалі па недаедках на стале, а вялікая сіняя гула над змакрэлым ілбом. Як толькі яна садзілася, Жан спрытна леваю рукою зганяў яе. Я глядзеў і не верыў сваім вачам. Гэта ж трэба: толькі што загаварыў глуханямы Жора, а тут паралізаваная рука спрытна зганяе мух.
Я ведаў, як прыдзірліва дактары правяралі Жана, пакуль прызналі інвалідам, — калолі іголкамі, прыпальвалі: не здрыгануўся ніводзін мускул. От гэта вытрымка, каб толькі выжыць. Я разбудзіў яго. Ён пры мне апрануўся адною рукою, а левая зноў целяпалася, як вераўчаная. Я глядзеў і ўсміхаўся. «Ты чаго лыбішся?» — «Кладзешся спаць, прывязвай руку да нагі. Я нічога не бачыў, а ты маю параду запомні». Жан пачырванеў, паціснуў мяне за локаць і хуценька пабег да начальніка.
Трывогі i надзеі
Вайна адкочвалася на захад, і ў бараках ад пад’ёму да адбою не выключаліся чорныя талеркі рэпрадуктараў. Радаваў кожны загад пра вызваленыя гарады, водгулле салютаў хвалявала і абнадзейвала. Мы ж чыталі і чулі толькі пра поспехі і перамогі, пра ахвяры фашыстаў і нічога не ведалі, колькі пралілося і яшчэ пральецца крыві лепшых людзей нашай зямлі.
У зводках мільгалі знаёмыя гарады і паселішчы. Калі назвалі мой Глуск, я не мог стрымаць слёз, нават не ўяўляў, што некалі зноў прайдуся па яго вулачках, паплавах і ўзбярэжжах Пцічы. Самым найвялікшым жаданнем кожнага з нас было заканчэнне вайны: перамога абяцала і нам свабоду. Усіх асуджаных па 58 артыкуле затрымлівалі да «заканчэння вайсковых дзеянняў», а потым «да асобага распараджэння». Затрыманы быў і мой даўні друг Алесь Пальчэўскі. Нас разлучылі да вайны на шостым лагпункце. Доўга мы нічога не ведалі адзін пра аднаго. Выпадкова ад экспедытара даведаўся, што Алесь загадвае інструменталкаю на васемнаццатым лагпункце, і пераслаў яму кароценькую пісульку. Месяцы праз два той жа экспедытар прывёз адказ. Пальчэўскі пісаў, што адбыў свае восем гадоў, затрыманы да канца вайны, заканваіраваны і адпраўлены зноў на павал. От табе і адбыў пакаранне! От табе і в-о-л-я! «Калі зможаш перацягнуць на свой нелесапавальны лагпункт, — прасіў Алесь, — дапамажы і выратуй».
А мне ж так заўсёды яго не хапала, самага надзейнага, шчырага і разумнага старэйшага таварыша. Падцікаваў добры настрой у начальніка і пайшоў упрошваць паслаць нарад на спецыяліста на ўсе рукі Алеся Пальчэўскага. «Ты як той цыган, каня прадаеш. Скажы, што дружка хочаш выручыць». — «Угадалі, грамадзянін начальнік. Чалавек адбыў тэрмін, і на табе, заканваіравалі, пілу — у зубы і пагналі на павал». Цокур памаўчаў, ссунуў з ілба шапку на патыліцу і буркнуў: «Ладна. Прыдумай паперу ў другі аддзел. Падпішу». У той жа дзень заяўка на «выдатнага інструментальшчыка» пайшла ва ўпраўленне.
Тыдні праз два па гразкай, размытай дажджамі дарозе канвой прывёў некалькі чалавек з бальніцы і з імі худога і цыбатага, у кароткім бушлаце, з фанерным чамаданам за плячыма Алеся Пальчэўскага. Мы абняліся і доўга не маглі нагаварыцца, а ўспомніць было што: думалі, што Мяжэвіч з Такарчуком даўно на волі, можа, недзе ваююць, шкадавалі, што не паспелі выклікаць на пераследства нас, бо нічога не ведалі пра трагічны лёс нашых сяброў, якіх заспела вайна ў мінскай турме.
Алеся ўладкавалі на самую блатную работу — кантралёрам па якасці шавецкай шпількі. Яе з бярозавых цурачак стругалі сцізорыкамі інваліды і здавалі ў канцы дня кантралёру. Мы з Алесем адводзілі душу гаворкамі па-беларуску, успаміналі даўніх сяброў, Дом пісьменніка і не ўяўлялі, хто там астаўся, здавалася, выкарчавалі ўсіх да аднаго.
Пад восень прыбыў этап маладзенькіх дзяўчат з Беларусі. Амаль усе ў зграбных ботах на высокіх абцасіках, у клятчастых хустачках стаўбункамі. Пераважна з мясцін, якія пры нас былі за мяжою: з Баранавіч, Слоніма, Альберціна, Наваградка і Вілейкі. Хлапчукі былі ў аднолькавых шэра-зялёных парцяных фрэнчыках. Пытаюся: «За што вас, дзеткі?» Адказваюць: «СБМ». — «А што гэта такое?» — «Саюз беларускай моладзі. Хто запісаўся, не гналі ў Нямеччыну. А каму ахвота ехаць з дому парабкаваць на немцаў. Вось і пісаліся. А што рабілі? Збіраліся, маршыравалі, спявалі беларускія песні». Расказваў мне прыгожы Лёня Леванчук. Ён быў салістам у хоры Шырмы і ў лагеры стаў любімцам усіх аматараў песні. Асабліва Лёню ўпадабала новая начальніца КВЧ Таццяна Мяркулава, тоўстая, белая, як сыр, і да анекдатычнасці прымітыўная жанчына. Яна часта Леванчука выклікала позна ноччу «на рэпетыцыі і складанне канцэртных праграм». «Рэпеціравалі» яны, пакуль не зацікавіўся оперупаўнаважаны. Мяркулавай далі суровае партыйнае спагнанне, а Лёньку ўпяклі на штрафны лагпункт. Там гэты ласкавы і далікатны сын віленскага святара звязаўся з блатнымі і пайшоў вандраваць з рэжымнымі этапамі з штрафнога на штрафны лагпункт. Чуў я, што трапіў ён у Казахстан і быў «сваім» сярод крымінальнікаў.
Нечакана ў беларускім этапе сустрэлася сястра даўняга друга. Я ведаў яе маленькай беленькай дзяўчынкай, а цяпер пазнаў толькі па прозвішчы. Гэта была прыгнечаная горам, змардаваная астрогамі і этапам жанчына. Адзіны яе брат, апякун і выхавацель, да вайны быў недзе ў Сіблагу. Больш яна нічога не ведала пра яго, а цяпер і яе не абмінуў гэты горкі лёс. У першыя дні вайны яна пехатою па палаючай зямлі з Віцебска дабралася да роднага гарадка, на папялішча бацькоўскай хаты, прытулілася ў стрыечнай сястры, пагаладала без работы і нарэшце пайшла прыбіральшчыцай у кантору «Віршафткаманды». Мыла падлогі, паліла печы, хадзіла замурзаная ў сажу, у кірзавых ботах і старызне, каб нікому не кідацца ў вочы. А дачакалася вызвалення, арыштавалі за «супрацоўніцтва» і прыслалі ў лагер з адзнакаю «следственная». Праз восем месяцаў абвясцілі пастанову тройкі: «Па артыкуле 7–35 за парушэнне пашпартнага рэжыму засудзіць на восем месяцаў і семнаццаць дзён», — роўна столькі, колькі яна адбыла з дня арышту, каб лічылася судзімаю і не плаціць кампенсацыю за вымушаны «прагул». Такіх пастаноў прыходзіла шмат, так «правасуддзе» ахоўвала інтарэсы дзяржавы.
Астатніх дзяўчат з беларускага этапу паслалі на швейную фабрыку, хлопцаў растыкалі па цэхах шырпатрэбу, яны за сваё «эсбээмства» атрымалі па пяць-восем гадоў, а потым яшчэ і высылку ў Казахстан і Сібір.
Летам 1944 года расканваіравалі Алю. Яна вяла ўлік тканіны і гатовай прадукцыі на складзе пры выгрузцы і адгрузцы, а вольнаю часінаю мы рознымі сцежкамі сыходзіліся на некалі высечанай дзялянцы. Бярозавыя пні паабрасталі парасткамі, хваёвыя — пакрыліся бурштынаваю смалою, у высокай траве, як жар, чырванелі суніцы. Іх тут не было каму збіраць. Мы лажыліся на траву, перапаўзалі ад куста да куста і губамі лавілі даспелыя салодкія ягады. Над намі было сіняе-сіняе, без адзінай хмурынкі неба, паволі гайдаліся задуменныя сосны, зялёная яшчарка грэлася на пяньку, цішыня, смольны водар і дух разнатраўя вярталі на некалькі гадзін на далёкую і амаль забытую волю. Якое шчасце пабыць сам-насам пасля камернага і барачнага шматлюддзя. Як агідна, нібы пад рэнтгенам, гадамі быць навідавоку соцень чужых людзей.
Часам забягалі на падсобную гаспадарку змрочнага, але шчодрага Бахціна. Ён нам паказваў шматгадовы дзённік надвор’я і амаль дакладна ставіў прагнозы на тыдзень наперад. Развітваючыся, ён ухмыляўся: «Ведаю, ведаю, не пагода вас цікавіць. Есці хочаце» — і засоўваў у кішэню пару гуркоў, пабурэлую памідорыну, некалькі морквін і жменю цыбульнага пер’я.
Бесканвойным часам дазвалялася схадзіць у суседнюю вёску Пруды. Там жылі так званыя кержакі, нашчадкі прыхільнікаў старой веры, уцекачоў ад гневу патрыярха Нікана. Яны сяліліся ў лясных нетрах, па берагах павольнага і паўнаводнага Кержанца. Будаваліся на стагоддзі. Усцяж вуліцы стаялі прасторныя двухпавярховыя дамы з чэсанага смольнага бруса. На першым паверсе былі хлеў і гумно, склеп і кладоўка, некалькі прыступак вялі наверх, у чыстую палавіну. Яна сапраўды была чыстая: неатынкаваныя сцены, як жаўток, зіхацелі смольнымі пражылкамі, вышараваная тоўчанаю цэглаю падлога вабіла свежаю прахалодаю, на шырокіх лавах лапушыліся фікусы, герані і сталетнікі. I людзі жылі тут спагадлівыя і шчырыя, гатовыя падзяліцца з арыштантам апошнім. Бачылі навылёт «варнакоў» і замыкалі ад іх хаты і душы.
На лагпункце была свая невялікая пасека для вышэйшага і тутэйшага начальства. Невялікая хатка і амшанік стаялі на лясной палянцы, зарослай кіпрэем, мядункамі, рамонкамі і густым шыпшыннікам. Гаспадарыў тут патомны пчаляр з 58 артыкулам, з чырвонцам і «наморднікам» (пазбаўленнем правоў) за плячыма, высокі, сухі, як жардзіна, дзед Самсонаў. Раз на тыдзень ён прыходзіў у зону па сухі паёк і адзначацца на вахце. Таму быў рады кожнай жывой душы. Мы з Аляю часам забягалі да яго. На стале з’яўляўся скрыль сотавага мёду і кубачак салодкай медавухі. Самсонаў любіў пагаварыць пра вайну, верыў, што перамога адкрые вароты ўсіх лагераў і змые з нас дзікія абвінавачванні і плямы недаверу.
Лагернікі жылі тым, што ў нешта верылі, суцяшалі адзін аднаго хуткімі амністыямі, прыдумлялі неіснуючыя камісіі па пераглядзе спраў. Гэтыя чуткі чамусьці называлі «парашамі», і яны падтрымлівалі веру і дух знясіленых і змардаваных.
На вахту мы вярталіся паасобку рознымі сцежкамі, вахцёры часам адпускалі непрыстойныя жарцікі, а мы цярпелі і малілі Бога, каб не заканваіравалі і не адправілі на этап. Мне да канца тэрміну заставалася два, а Алі тры гады. Што будзе з намі, ніхто не ведаў. Асабліва «кум» любіў разганяць блізкіх людзей, каб яны ніколі не сустрэліся. Колькі разоў яму хацелася скруціць мяне ў барані рог. Вельмі ж яго цікавіла наша сяброўства з Пальчэўскім. За намі сачылі сексоты, нанятыя за міску баланды, мы іх пазнавалі адразу і асцерагаліся даўгавухіх «прыяцеляў». Мяне заўсёды ратаваў Цокур. Кожная перамога на фронце адзначалася «мабілізуючым» на вытворчыя поспехі мітынгам на лагпункце і ў чырвоным кутку вольнанаёмных. З натхнёнымі прамовамі любіў выступаць начальнік. Ён выклікаў мяне ў кабінет, замыкаў дзверы, клаў пачак «Беламора» і падшыўкі газет, я іх праглядаў і кампіліраваў з артыкулаў Эрэнбурга, Сіманава, Гарбатава ўзнёслыя прамовы для Цокура. У канцы ставіліся задачы лепш працаваць для фронту, для перамогі. Мяне ратаваў мой колішні журналісцкі вопыт адразу дыктаваць на машынку пустапарожнія патэтычныя перадавіцы і артыкулы. Цокура слухалі ўважліва і апладзіравалі дружна.
У яго недзе на Урале жыла даўняя каханая Галя. Яны некалі працавалі ў адной школе, але лёс чамусьці разлучыў іх. Аднойчы Цокур папрасіў мяне напісаць ёй прачулы лірычны ліст у «сьціхах». Такі-сякі вопыт рыфмавання ў мяне быў, і я даволі хутка «накатаў» пасланне ў стылі: «Ты помнишь наши встречи и вечер над рекой». Я стаў неафіцыйным сачыніцелем дакладаў, прамоў і лірычных лістоў пры начальніку. З павагаю ён ставіўся да палкоўніка Матуля, часта раіўся з ім, прыслухоўваўся да яго парад, і кожны вечар удвох разбіралі ваенныя зводкі. Не крыўдзіў Цокур Гускіна і Арцем’ева, шанаваў адукаваных і таленавітых людзей. Цокур быў выключэннем, рэдкасцю сярод мноства лагерных вурдалакаў у блакітных фуражках і лейтэнанцкіх пагонах.
Пасля вызвалення Матуль узначаліў авіяцыйны завод на Урале.
Калі скончылася вайна, па амністыі вызвалілі вайскоўцаў і ровенскіх баптыстаў. Але да Перамогі было яшчэ далёка, і ўсе цягнулі лямку, не ведаючы, што іх чакае заўтра.
Старонкі з дзённіка
Нашу мазанку ўпадабаў начальнік рэжыму Гарбушын і загадаў «аслабаніць памяшчэнне». Я знайшоў прытулак у катушку дзесятніка па будаўніцтве, былога начальніка пагранзаставы Сцёпы Падгурскага. З намі разам жыў бухгалтар і днявальны ўчастка, былы протаіерэй з вёскі Істок на Разаншчыне, зямляк і колішні таварыш славутых народных артыстаў, братоў Піраговых. Калі яны спявалі па радыё, айцец Іосіф станавіўся на табурэтку, прыкладаў вуха да чорнай талеркі рэпрадуктара, яго вузенькая казліная бародка трэслася ў такт песні, а па шчоках спаўзалі слёзы.
Палкоўнік Матуль пасяліўся ў кабінцы бухгалтэрыі, Байрамаў недзе на каменданцкім лагпункце прымаў прадукты для нашай капцёркі і «вольнага» ларка. Да прыезду пасцель яго і скрутачак з рэчамі закінулі на гарышча мазанкі. Прыехаў ён ноччу, прайшоў праз вахту, разгрузіўся і некуды знік. Вахцёры і наглядчыкі асабліва пільна цікавалі яго: у экспедытара можна было здабыць пачак «Беламора», а то і чацвярцінку са скрынкі, прывезенай у іх ларок. Кінуліся шукаць — нідзе няма. Думалі, заскочыў у жаночы барак да сваёй Лідкі Нікалаевай, аж — ні яго, ні яе. Правялі аператыўную нараду ў сваім новым «штабе», дзе шукаць парушальнікаў маралі, абшасталі ўсю зону, нават праверылі астылыя печы цагельні і нідзе не знайшлі.
Пасля паверкі Байрамаў ішоў з накладнымі ў «вольны» ларок. Наглядчыкі ўчынілі яму сапраўдны допыт: «Дзе быў?» — «Спаў у бараку. Вы ж нас выселілі, вось і бадзяюся абы-дзе». — «А дзе была Нікалаева?» — «Гэта вы спытайце ў яе». Як толькі ноччу прыязджаў Байрамаў, наглядчыкі кідаліся шукаць яго і Лідку, і ўсё дарэмна. Каго яны толькі не распытвалі, дзе ні шукалі, ніхто не ведаў. Яны доўга раіліся ў мазанцы, намячалі маршруты, бралі ліхтары і зноў шасталі па ўсіх закутках.