«Але яны пачнуць распытваць…»
«Мы прыдумаем, што ім расказаць», – сказала яна.
«Мы?»
«А ты думаеш, што кінеш мяне тут? Не, Лёкса. Я хачу стаяць на шыбеніцы побач з табой. Або цэлы тыдзень глядзець на галоўную плошчу з акна цудоўнага дома і назіраць, як вешаюць тых сапраўдных злачынцаў. Але з табой, Лёкса. Каралеўскі вястун, які нясе ў сталіцу такія прыўкрасныя, такія радасныя, такія доўгачаканыя навіны…»
«Што за трызьненьне, – ён ускочыў. – Я не змагу!»
«Я хачу ўратаваць цябе, – сказала яна і легла ў траву. – Проста раскажы мне, што гэта такое – бітва. Раскажы – і пабачыш сам, як лёгка параза робіцца перамогай. Калі ты ведаеш таямніцу словаў».
2
Шмат рознага люду трапляла некалі ў горад праз Паўднёвую браму. Заяжджалі ў яе багатыя купцы з вазамі, поўнымі дзівосных рэчаў, што працавалі самі па сабе, варта было толькі слова сказаць, а за слова трэба было выкласьці некалькі залатых; завітвалі звычайныя гандляры, везучы на продаж тое, што заўсёды можна прадаць у горадзе, бо горад вечна мае ў нечым патрэбу, нават калі яму ўсяго хапае; прыбывалі вандроўнікі ў дзіўных строях, на нізкіх кабылках, самі нізкарослыя ды з хітрымі насамі і вузкімі вачыма, і ніхто ня ведаў, што ў іх за справы ў сталіцы – але прапускалі і іх, бо што за горад без вандроўнікаў і іхных незразумелых гаворак. Прыяжджалі вучоныя і іншаземныя паслы з сваімі слугамі, памочнікамі ды перакладчыкамі. Прыходзілі пехам бадзягі – і простыя людзі. Бываюць такія простыя людзі, на выгляд зусім як мы, але якім часам сьвярбіць у пятках так, што яны зрываюцца з наседжанага месца і рушаць куды вочы глядзяць. Праціскаліся праз Паўднёвую браму вялізныя абозы зброі, якую любіў закупляць кароль, каб пачувацца ў бясьпецы, і фургоны з жывёламі для каралеўскага заапарку. Але часьцей за ўсё празь яе ў горад траплялі сяляне з навакольных вёсак, каб у рыначны дзень выкласьці на галоўнай плошчы тое, што вырашчана, ды выкапана, ды выгадавана, ды забіта, ды засолена, ды завэнджана, ды заўсёды зь любоўю і смакам… Выкласьці, прадаць і ўвечары пакінуць горад – калі ўдасца, вядома, бо былі сярод іх і тыя, хто ішоў у шынок і заставаўся ў горадзе датуль, пакуль не прапіваў усё даастачы.
Брама прапускала ўсіх – а варта сачыла ня надта пільна, бо які ж гэта горад без гандляроў і прайдзісьветаў, махляроў і бадзягаў, п’яніц і мантачоў.
Гэтак было калісьці. Але з таго часу, як кароль выправіўся на вайну, перад брамай перасталі тоўпіцца госьці і гандляры, усё менш народу прыяжджала ў горад, усё часьцей яна стаяла пустая, а то і зусім замкнёная. І ўсё часьцей вартаўнікі сядзелі на вежы цэлы дзень, трывожна ўзіраючыся ў далягляд за ўзгоркам, і ўсё часьцей тых, хто ўсё ж набліжаўся да брамы, каб трапіць у горад, дапытвалі і аглядалі, бо гэта маглі быць шпіёны іншаземных дзяржаваў. І ўсё радзей сяляне прывозілі тавар на рынак, бо людзі ў горадзе бяднелі, а кошты расьлі, дый у саміх сялянаў справы ішлі ня надта добра.
У той вечар вартаўнік Драхман прачнуўся ад стрэлу. Так, ён заснуў, увесь дзень углядаючыся ў трывожны, цёмны лес на даляглядзе, ад якога да брамы ішла паўколам шырокая дарога – і сам не заўважыў, як праваліўся ў сон. Сон быў нядобры: нібы прысеў Драхман па вялікай патрэбе, натужыўся, прыплюшчыў вочы, а калі адплюшчыў: сядзіць ён на слупе, такім высокім, што дух займае, і месца на канцы таго слупа хапае толькі для яго і ягоных расстаўленых ног. Паспрабуй падняцца ці ўхапіцца за што – і паляціш у прорву, толькі й застаецца, што сядзець у такой паставе і не варушыцца.
Таму прачнуцца было для Драхмана вялікай палёгкай. Падхапіўшы піку і асьцярожна вызірнуўшы з вузкай байніцы, ён пабачыў за некалькі крокаў ад брамы босага жаўнера, які, задраўшы галаву, абводзіў злоснымі вачыма гарадзкія муры. У руках жаўнера яшчэ дымілася стрэльба. А побач зь ім, апусьціўшы вочы, стаяла дзяўчына ў сіняй сукенцы і калупала пазногці. Можна было падумаць, што жаўнер напаў адзін на цэлы горад. І быў упэўнены ў сваёй перамозе!
Карацей, нічога не зразумела.
«Ты хто такі? – крыкнуў Драхман. – Ты страляў? Я табе зараз стрэлю!»
«Што, наклаў у штаны? – адгукнуўся жаўнер. – Думаў, вайна? Не, браце, вайна скончылася. З чым цябе і віншую! Адчыняй! Ды хутчэй варочай сваім тоўстым задам!»
Разважаючы, чаму той жаўнер так размаўляе – мае, пэўне, права? – Драхман спусьціўся да брамы, але адчыняць ня стаў. Паглядзеў у акенца, спытаў сувора:
«А ці ведаеш ты, што бывае за абразу каралеўскай варты? Я вартаўнік Драхман, я такіх, як ты, маю права адразу ў турму! Зараз арыштую імем караля – і табе на галоўнай плошчы бізуноў прапішуць! Ды столькі, што ні сесьці, ні ўстаць ня зможаш! А ну кажы, што табе трэба – і пакладзі сваю гармату!»
«Каму што прапішуць, гэта мы яшчэ пабачым! – дзёрзка адказаў жаўнер. – Пакуль мы ля Чорнай Скалы з басурманамі біліся, ты, Драхман, тут на вежы сядзеў, моцна спаў, добра жор! Калі ты яшчэ не дапёр, тоўстая скаціна, я – каралеўскі вястун Лёкса Шпуль! Яго Вялікасьць адправілі мяне з данясеньнем, а ты дрыхнеш тут, пакінуўшы горад без аховы, балбочаш, ды яшчэ пагражаеш. І ўсяляк замінаеш мне перадаць высокім асобам найважнейшую вестку! Раскажу ў палацы, як ты мяне перад брамай трымаў – і пойдзеш гаўно вазіць, замест таго каб на вежы сядзець спакойна на ўсім гатовым! Дзе гэта хто бачыў, каб каралеўскі вястун мусіў гадзіну ў браму грукаць і марнаваць порах, толькі каб цябе, тлустую асталопіну, пабудзіць!»
«Даруй, дружа! – замітусіўся Драхман, круцячы іржавае жалезнае кола, з дапамогай якога адчынялася брама. – Не пазнаў! Не падобны ты на вестуна, вось і даў я маху! Давай, давай сюды, заходзь!»
«А да каго ж я падобны? – злавесна засьмяяўся Лёкса Шпуль. – Вельмі цікава!»
«Ну… – разьвёў рукамі Драхман, прапускаючы вестуна і дзяўчыну. – Ходзяць тут усялякія. Кажуць, што ў горад могуць прабрацца шпіёны!»
«Шпіёны? – зарагатаў Лёкса Шпуль, ды толькі вочы ягоныя зусім не сьмяяліся. – Шпіёны зусім інакш выглядаюць, дурачыла. Шпіёну б ты адразу браму адчыніў, ды яшчэ пакланіўся б. Бо шпіёны з выгляду – самыя сапраўдныя паны. Шпіён бы на карэце прыехаў, з тройкай белых коней, ды ў золаце ўвесь. Ды з падробленым пашпартам. Шпіёны босыя ня ходзяць, запомні гэта, служака!»
«Дык што там? – спытаў успацелы Драхман, ад нецярплівасьці аж пачырванеўшы. – Мы іх? Скажы, ня муч! Ці яны нас? Не… Па вачах бачу, што – мы іх!»
І ён уважліва паглядзеў на Лёксу – нібы правяраў. Вястун зноў засьмяяўся.
«Ну ясна, што мы іх, – паблажліва зірнуў на вартаўніка Лёкса. – Перамога! Поўная! Як кавалерыя з флянгу ўдарыла – пабеглі гэтыя сабакі, падціснуўшы хвасты! Слава нашаму каралю! Нялёгка было, нічога не скажу. Але кароль слаўна прыдумаў! Розумам іх узялі. Дый сіла на нашым баку была. Пакрышылі мы іх, як капусту! Яшчэ тыдзень-два, і вернуцца нашы, і Яго Вялікасьць на чале! Вось зажывем тады!»
«Ну нарэшце! – расьцьвіў Драхман. – Ну вы малойцы! Слава нашаму каралю! Значыць, пакрышылі? Як капусту? Эх, вось бы зараз дамоў, ды ўсім на нашай вуліцы расказаць! А гэта хто з табой, што за дзеўка?»
І ён паказаў тоўстым пальцам на дзяўчыну ў сіняй сукенцы, якая стаяла за сьпінай у вестуна і так ні разу не ўсьміхнулася.
«Ты чаму перамозе не радуешся? – падміргнуў ёй Драхман. – А, паненка?»
«А гэта адтуль, – сказаў важна Лёкса Шпуль. – Мая здабыча! Што ж ты, думаеш, я з пустымі рукамі дамоў вярнуся? Толькі таму, што кароль мяне вестуном прызначыў? Не, няма дурных. Усе з сабой здабычу цягнуць, дык хай і мне штосьці дастанецца».
«Ты б яе вяроўкай прывязаў, ці што, – азіраючы дзяўчыну з усіх бакоў, сказаў Драхман. – Уцячэ яшчэ. Па ёй відаць – уцячэ! Дзікая!»