Плятуся дадому і бачу Юзіка. Той стаіць, наваліўшыся плечуком на бляшаную рыну, і грызе зялёны яблык.
— У вас што, забілі некага?
— Дровы скралі.
— Такой бяды. Мая матка штодня са шпіталя пару паленаў прыносіла, — няўцямна, чвякаючы яблыкам, заўважае сябар, — а пазаўчора каля шпіталя вартаўніка паставілі. Нічога не вынесеш. Адзін санітар хацеў прасцірадлу прысабэчыць, дык злапалі і ў камендатуру завезлі.
Юзік адкідвае агрызак.
— У цябе малаток ёсць?
«Няйначай, хоча якія замкі пазбіваць, — я гляджу на вераб’ёў, што ўзяліся дзяўбсці яблычны агрызак, — патрапіш у тым Юзікам у гісторыю… таксама ў камендатуру завязуць».
— Ды не хвалюйся ты, — гугнявіць Юзік, выціраючы яблычны сок з падбароддзя, — пойдзем дровы нарыхтоўваць.
Як і мінулым разам, кіруем у бок чыгункі. Яшчэ зусім нядаўна на перакрыжаваннях стаялі савецкія танкі, цяпер іх няма, і толькі каля шпіталя вуркоча рухавіком бронеаўтамабіль. Мінакоў на вуліцах стала больш. Але крамы спрэс зачыненыя. Міжволі спыняюся каля шырокай, з памутнелымі кутамі, вітрыны, углядаюся ў крамнае нутро. Мясная лаўка Шварца. Зачынілася на пачатку вайны. Рыдз натыкаецца на маю спіну.
— Каўбасу тут куплялі, — паведамляю з уздыхам і, згадаўшы пах «Кракаўскай», глытаю густую асцу.
Хлебная крама Ліўшыца, у якую мы ходзім па хлеб, таксама зачынена. Тут сабралася ніштаватая гурма. «Пякарня ад раніцы працавала! Павінны падвесці!» — крычаць у натоўпе.
Ля рэкламнай тумбы — рыхтык такой, як і ля майго дома, — віруе народ, і нехта зычна чытае распараджэнні ды загады.
— «Катэгарычна забараняецца склікаць сходы і нарады, арганізоўваць дэманстрацыі і друкаваць любыя матэрыялы без дазволу Часовай управы», — народ ля тумбы ўражана гамоніць, хтосьці гучна чхае, і ўсе аціхаюць. — «Свабоднае хаджэнне дазваляецца да 8 гадзін вечара. З раніцы хаджэнне па вуліцах…» — калі можна хадзіць ад ранку, не пачулі, бо народ бязладна загаманіў. — «Грамадзянам, якія прыбылі ў Вільню пасля ўступлення Польшчы ў вайну, належыць вярнуцца на месцы сталага жыхарства. Грамадзяне, месцы жыхарства якіх занятыя нямецкім войскам, мусяць перасяліцца ў сельскія паселішчы Віленскай акругі».
— Мусяць перасяліцца… — мармыча Рыдз. — Куды ж нам перасяляцца? У якія такія паселішчы?
— «Нармальныя заняткі ў школах павінны пачацца…»
— У падвале сядзім, і адтуль выкідваюць, — бубніць Юзік, я торгаю пальцам, каб той аціх, але калі пачнуцца заняткі, так і не пачуў.
— Давядзецца ў школу ісці, — я мацаю свярблівую макаўку: гузак дагэтуль не сышоў.
— А я ў школу не пайду, — адзываецца сябар. — Падручнікі са сшыткамі згарэлі, а новых ніхто не дасць.
Навыперадкі ўздыхаем — я таму, што мушу цягнуцца ў школу, а Юзік таму, што саветы могуць выселіць яго і маці з падвала.
— Ну, дзе твае дровы? — мы выходзім на Каляёвую. Наперадзе вялікі, фарбаваны зялёнай фарбай плот, за якім гучна пыхкае паравоз.
— Ты што, дроў не бачыш?
Толькі цяпер заўважаю: дошкі ў плоце шмат у якіх месцах адарваныя, і праз шчыліны бачныя паравозныя колы і таварныя вагоны. Леваруч плот наогул павалены, і там, пад’ехаўшы задам да пралому, вуркоча маторам крыты брызентам грузавік.
— Учора запрыкмеціў — дзядзькі дошкі цягаюць. Не грэх і нам разжыцца.
— А як спытаюць, дзе ўзялі? Што скажам?
Рыдз азіраецца і, мрукнуўшы: «Што-небудзь скажам», лезе ў шчыліну і пачынае грукаць малатком.
Раз за разам адцягваю дошкі ад плота і раптам застываю з цяжкой дылёўкай на плячы. Брызент на машыне варушыцца, з кодаба скачуць чырвонаармейцы, а яшчэ адзін вайсковец, відаць камандзір, вылазіць кабінкі.
— Эй, давай сюды, — вымалёўваецца ў праломе заклапочаны Юзікаў твар.
Пералажу на другі бок плота. Трое чырвонаармейцаў сцягваюць з кодаба старое, з разнымі ўпрыгожаннямі люстра, а трэці рассоўвае непадатныя вагонныя дзверы. Запіхнуўшы люстра ў вагон, жаўнеры цягнуць з машыны музейнага выгляду канапу з абабітым залацістай тканінай прыслонам, потым піяніна, і ў гэты момант заўважаем што камандзір зыркнуў у наш бок і штосьці сказаў падначаленаму. Даём нырца ў пралом, падбягаем да дошак, прыхоўваемся за кустамі.
Дошкі валачэм дварамі, пакідаючы на зямлі завілыя барозны. З абодвух канцоў дылёвак тырчаць іржавыя цвікі. Хацеў іх загнуць, але Рыдз адгаварыў. Загнеш, а потым цяжка будзе выбіваць. Вось яны і скрабуць зямлю. Шыбую, не падымаючы вачэй, і бачу заляпаныя глінай чаравікі без забарсаў. Перада мной стаіць, шырока рассунуўшы ногі, чарнявы рагвард.
— Адкуль цягнем? — пытаецца «гвардзеец».