Знянацку ўсе паварочваюць галовы ў мой бок. Я застываю ў непаразуменні і азіраюся. Па вулцы валакуцца два рагварды, а за імі чырвонаармеец з вінтоўкай за плячыма. Вінтоўкі ў саветаў даўгія, няўклюдныя, каранаваныя вострымі штыхамі, і я, пазіраючы на чырвонаармейцаў, кожнага разу дзіўлюся — як яны не павыколвалі адзін аднаму вочы.
Патруль падыходзіць да людскога збою, і хтосьці жартам, тэатральна пастаўленым голасам чытае:
— «Лепшыя з лепшых уступаюць у рады Рабочай Гвардыі, каб захоўваць у горадзе рэвалюцыйны парадак. Між тым адзначым, што асобным варожым элементам удалося прабрацца ў Рабочую Гвардыю. Так, у 3-і батальён пралезлі былы сяржант польскай арміі Сасноўскі ды віленскі паліцэйскі Рынкевіч».
Грамада глядзіць на рагвардаў, як бы высвятляючы — ці не Сасноўскі з Рынкевічам стаяць пасярод вуліцы?
У Зарэчча іду не напрасткі, а даю кругаля. Ахвота прайсціся па цэнтры ды зірнуць, што там робіцца.
На Міцкевіча вобмаль мінакоў і зусім няма машын. Машын паменела адразу ж, як пачалася вайна: прыватны транспарт рэквізавалі на карысць войска. Зараз па Вільні сноўдаюць толькі савецкія грузавікі. Адзін з іх, крыты брызентам, стаіць каля гандлёвага дома братоў Яблкоўскіх. Чырвонаармейцы выносяць з магазіна вялізныя скрыні і, азіраючыся, спехам запіхваюць у кодаб. Пяціпавярховы гмах зеўрае на свет сваімі цёмнымі вокнамі. У маленстве я любіў хадзіць сюды з маці і прасіў купіць цацку, а маці цягнула за руку і зацята мармытала: «Як усё дорага». А аднойчы наогул згубіўся ў натоўпе, і па радыё абвясцілі: «Хлопчык у сініх майтках знаходзіцца ў пакоі адміністрацыі». На рагу Міцкевіча і Ахвярнай, дзе месціўся гарадскі суд, цяпер месціцца НКВД. Дома гэтага маці страшэнна баіцца. Ды не толькі яна. Вунь і мінакі, якія ішлі па ходніку, перабягаюць на другі бок вуліцы. Перабягаю і я, краем вока пазіраючы на вайскоўцаў у даўгіх шынялях, якія стаяць каля галоўнага ўвахода.
Над Кафедральным пляцам уздымаецца лёгкі дымок. Гэта чырвонаармейцы расклалі перад саборам вогнішча і вараць у казане сёрбанку. Адзін з чырвонаармейцаў, худы і вузкавокі, памешвае ў казане лыжкай, падміргвае мне мангольскім вокам, і нейкая старая пані, што дыбае поруч, спалохана жагнаецца: «Анёле Божы…»
Па старой завядзёнцы спыняюся на мосце праз Віленку. Рачулка ўсё так жа бруіцца між кустоў і ўсё так жа расчэсвае даўгія космы водарасцяў. А вось Бернардзінскі сад змяніўся. Ліпы скінулі зялёныя шаты і марнеюць на пагорку, счарнелыя і змрочныя, як тыя мніхі з капюшонамі на галовах, якіх бачыў улетку ля Станіслаўскага касцёла. Змяніўся і колер вады ў рэчцы. Дагэтуль рака мела брунатную водцень, а тут раптам прасвятлела, адкрыўшы вачам мазаіку рознакаляровых каменьчыкаў на дне. Я задзіраю голаў. Шчыльная апона хмараў паволі расхінаецца, саступаючы месца ружовай смузе, і ў ружовае акенца зазірае бялёсае сонца. Вада ў Віленцы бруіцца больш імпэтна, мазаіка на рачным дне ажывае, пачынае варушыцца, а на самой вадзе адбіваюцца зырка-змяістыя бліскі. Гэта сонца напярэдадні халоднага кастрычніка, пакінула свой аўтограф.
Паленне ў дзядзькавым двары складзенае пад страхою ў вялізны касцёр, і я паціраю рукі.
Дзверы доўга не адчыняюць, нарэшце бразгае клямка, і ў пройме мільгае ўстрывожаны твар.
— О-о-о, стары сябрук, — басіць гаспадар, і я заходжу ў прыцемныя сені.
Колькі бываю ў гэтай хаце, столькі дзіўлюся колькасці кніг, якія тут сабраныя. Кнігамі забітая шафа, іх стосы мініяцюрнымі небасягамі высяцца на пісьмовым стале, поўняць бамбукавую этажэрку, а важкі фаліянт прымасціўся на краі квадратнай кадзі, у якой лапушыцца «мядзведжая лапа». У нас некалі расла такая, ды ссохла.
— Ну як, спадабалася? — пытаецца дзядзька Янка, пабачыўшы, як я цягну з-за пазухі «У глыбі Палесся». Кніжку я так і не прачытаў. Агораў толькі некалькі старонак.
Неакрэслена перасмыкваю плечукамі.
— Ты хоць прачытаў? Хто там галоўны герой?
— Лабановіч.
— А хто ён такі?
— Вясковы настаўнік, — мармычу хуткагаворкай і, папярэджваючы іншыя пытанні, працягваю бацькаву цыдулку.
Дзядзька разгортвае паперку, упрыкмет насупліваецца.
— І што, усе дровы пакралі?
— Усе, — адказваю, заўважаючы, што дзядзькаў твар праяснеў, як тое неба над Віленкай.
— А шмат іх у вас?
— Каго?
— Цыгарэт.
— Шмат, — я выцягваю з левай кішэні пакамечаны па краях пачак.
— Ух! — выдае дзядзька Янка, прагна нюхнуўшы пачак. — Да вайны «Егіпецкія» паліў, цяпер і «Гурніку» рады.
Дзядзька прыпальвае цыгарэціну, пускае ў столь струмок дыму і тут жа ляпае мяне па плячы: «Хадзем».
Мы выходзім на двор, і дзядзька, не выпускаючы цыгарэты з зубоў, накладае мне ў абярэмак палення.
— Столькі знясеш?
— Як жа я панясу? Дарогі не відаць, — палены накладзены вышэй галавы.