Мы з маці не паспяваем дайсці да пад’езда, як зноўку, ужо з шалёнай натугай, пачынае завываць сірэна…
Увечары да нас забягае цётка Юстына.
— Людзі на пахаванне сабраліся, а немец па іх з кулямёта паласнуў. На Дамініканскай каля пякарні хлеб чакалі, а гэты паскуда на іх бомбу кінуў. І вязніцу бамбануў. А зладзеі, што там сядзелі, пахапалі торбы ды разбегліся. Нам вайна гора, а зладзеям радасць…
Сёння пахмурна і дажджыста. Выходжу з пад’езда і перш-наперш заўважаю: падвальнае акенца забітае не падгнілай фанерай, а бліскучай бляхай, з якой тырчыць крывая труба. Няйначай, у падвале паставілі жалезную печку. Дым з трубы не ідзе, значыць, Юзік з маткай пайшлі ў пральню. Мне раптам становіцца шкада сябра. Дарма ляснуў яго кніжкай. Ды тут жа схамянаюся, мацаю гузак на макаўцы. Ён па-ранейшаму шчыміць і крывавіць. Правільна зрабіў, што ляпнуў, — супакойваю сябе. Не будзе больш на беларусаў плявузгаць. Дзядзька Янка кажа, што ўсе нашы бядоты ад таго, што мы, беларусы, занадта рахманыя і самі сябе не паважаем.
Народу каля тумбы няшмат. Пры гэтым мінакі моўчкі праглядаюць газетныя старонкі і, не сказаўшы ні слова, адыходзяць. Я сунуся да тумбы. Цікава, ці пішуць там што пра Бжэсьць-над-Бугем.
Свежую газеціну наляпілі наўскасяк, закрыўшы плакат з выяваю Рыдз-Сміглага. Ад «начэльнага водза» засталіся вуха ды край рагатыўкі.
«Безнадзейнае становішча нямецкага флоту»; «У Славаччыне недахоп збожжа»; «Ваенныя аркестры авіятараў», — мільгацяць уваччу тлустыя загалоўкі.
— Як і вайны няма, — басавіта прамаўляюць за спінай.
— А пра што пісаць? Пра тое, што немцы Варшаву атачылі? — азываецца цётухна з лісіным каўняром на плячах. Каўнер той, як бачна, даядае ўвішная моль.
Леваруч з-пад газеціны вытыркаюцца дзве таўшчэзныя гарматныя стваліны, і я ў думках маракую: куды гарматы патрапяць, калі раптам стрэляць?
— Эй, хлопец, дзе тут жыве пані Юстына Мікалайчык? — пытаецца жаўнер, што спыніўся непадалёку.
Жаўнер толькі што з фронту. На ім выцвілая шапка і такі ж выцвілы мундур, прычым правае рукаво да локця абпаленае.
Паказваю на Юстынін дом.
— Вунь яе акно, з альвасам на падаконні.
Жаўнер глядзіць на акно, задуменна перабірае пальцамі лямку рэчмяшка, расшпільвае і зноў зашпільвае верхні гузік мундура. Яму, відаць, не надта ахвота ісці да цёткі Юстыны.
Здушаны лямант спыняе сэрца. Усе, хто таўчэцца каля тумбы, зацкавана глядзяць на акно з альвасам. «Сына, відаць, забілі… Якога сына? Ну Тадэка…» — гамоняць ля тумбы. Я адступаю, спінай наперад. Урэшце, чапляюся за нешта, падаю і, прыхапіўшыся на ногі, лячу дадому, каб распавесці пра цётчына гора. У пад’ездзе сутыкаюся з Рыдзам. Той на мяне нават не зірнуў. «Чорт з табой, — думаю я, узбягаючы па сходах, — цяпер будзеш паважаць беларусінаў».
Наступнай раніцы ўсёй сям’ёй п’ём гарбату з зёлкамі, і маці, шторазу ўсхліпваючы, распавядае, як учора ўвечары хадзіла да Юстыны.
— Той жаўнер казаў, што і да фронту не даехалі. За Беластокам немец наляцеў і цягнік разбамбіў. Прынёс Тадэкавы дакументы… а яны ўсе крывёю запэцканыя, — маці гучна шморгае носам, і буйная слязіна ціўкае ў кубку гарбаты.
Хтосьці нецярпліва і ўпарта стукае ў дзверы.
— Паліцыя, — шапоча маці.
— Адчыніце! Свае! — гучыць за дзвярыма знаёмы голас.
— Здарылася што? — у голасе бацькавым гучыць трывога.
— Здарылася, браток, — дзядзька Янка ўвальваецца ў хату, плюхаецца на крэсла, зморана пераводзіць дых. — Саветы ідуць.
— Як ідуць? Куды? — маці спалохана жагнаецца.
— Куды-куды… да нас, вядома, — дзядзька Янка сёрбае гарбаты з матчынага кубка. — Раніцою перадалі: «Савецкі ўрад даў загад Чырвонай арміі перайсці мяжу ды ўзяць пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі».
— А можа, да нас не дойдуць? — маці дрыжачымі рукамі падлівае з імбрыка гарбаты, і тая праліваецца на абрус.
— Як жа… не дойдуць. Ад Радашкавічаў да Вільні рукой дастаць. Так што сустракайце дарагіх гасцей.
Маці ўсхліпвае і жагнаецца.
— Будзе вялікая вайна, — бацька ўсхвалявана, па прыкладу сябра, шнуруе вакол стала. — Нямецкае войска прэ з захаду, савецкае — з усходу, дзе-небудзь пад Гораднам сутыкнуцца і пачнуць кіямі рэбры мацаць.
— Не пачнуць, — дзядзька адкідваецца на прыслон крэсла. — Нездарма ж у жніўні Рыбентроп у Маскву гойсаў. Там аб усім і дамовіліся: дакуль саветы даходзяць, дакуль немцы.