— У палякаў лепшыя каскі, — бацька адрывае нос ад шыбы.
— А чаму ж немцы Варшаву атачылі, калі ў іх такія добрыя каскі? — падае голас маці.
— У немцаў каскі яшчэ лепшыя, — паўжартам адгукаецца бацька.
На сняданак у нас панцак без масла. Каша захрасае ў горле. Даўлюся ёю, стоячы ля акна. Саветы едуць па двое, не звяртаючы ніякай увагі на месцічаў, што выйшлі іх сустракаць. Адзін конь занаравіўся, і на вулцы ўтварыўся невялічкі затор.
— Я да Антона, — бацька на хаду даядае абрыдлую кашу.
— Паеш як чалавек. Што ты бегаеш як апантаны! — крычыць наўздагон яму маці, і бацька, ужо з калідора, адгукаецца:
— Няма калі!
Мне карціць вылецець з хаты.
— Ма… я на ходніку пастаю. Пагляджу на бальшавікоў.
— Нікуды не пойдзеш, — маці выскрэбвае з рондаля рэшткі падгарэлай кашы, — не хапала, каб на цябе конь наехаў.
Памыўшы посуд, маці сядае на ўслон, хвіліну сядзіць нерухома, спрытна падымаецца на ногі. Ёй і самой не сядзіцца ў хаце. Праз імгненне яна накідвае на плечы пуховую хустку і трасе ўзнятым пальцам, маўляў, на двор не выходзь. Пабегла да цёткі Юстыны — паслухаць апошнія навіны. Чакаю, калі на лесвіцы заціхнуць крокі, і здымаю з вешака палітон.
Паветра працятае непрыемным пахам — ці то поту, ці то дзёгцю, ці то яшчэ нейкай халеры. Людзей на ходніку няшмат. Усе глядзяць на чырвонае войска з акон, пазначаючы цёмныя шыбы бледнымі плямамі твараў.
— Ну і коні, — хмыкае сівы дзядок, што стаіць ля трубы Юзікавай печкі, — адны скабы тырчаць.
Коні ў саветаў і насамрэч нядошлыя ды нізкарослыя.
— Овса им хоть даёте? — па-расейску крычыць дзядок жаўнеру, конь якога спыніўся і задзёр храпу.
— Н-но, блядь! — гракае жаўнер, падганяючы каня, і дзядок ціснецца да сцяны.
— Гляньма, на манголках едуць, — крычаць ад Юстынавага дома.
Станаўлюся на дыбкі і задзіраю падбародак, выглядаючы, што гэта за манголкі такія, і бачу вершнікаў на маленькіх кудлатых коніках.
— Як Хаджа Насрэддзін, — зазначае асмялелы дзядок.
Гляджу на жаўнера, ногі якога траха не кранаюцца бруку, і згадваю фільм, які круцілі летась у «Вандзе». Там Хаджа Насрэддзін ездзіў на ішаку і выцягваў наперад ногі, каб тыя не чапляліся зямлі.
Цікава паглядзець на Чырвонае войска, але тут маці выйшла ад цёткі Юстыны, і я нырцую ў дзверы пад’езда.
II
З шэрага неба ляніва сыпле імжа, і ў непрагледдзі ранішняй смугі кратаюцца нечыя размытыя постаці. Я роспачна пазяхаю, прыкрыўшы зяпу далонню, і пазнаю ў нехлямяжай постаці паліцыянта Скачыляса. Сагнуўшыся склюдам, ён тупае, не разбіраючы дарогі, па лужах, а следам за ім сунуцца двое з чырвонымі павязкамі на рукавах. Гэта рагварды — чальцы рабочай гвардыі, што дзень да ночы сноўдаюць па горадзе. У аднаго з рагвардыстаў у руцэ пісталет.
— Ма, Скачыляса арыштавалі! — крычу, не адводзячы вачэй ад рагвардыста з пісталетам.
Маці хаця і занятая — выцірае ручніком памытыя талеркі, — але падыходзіць да акна.
— Езус Мар’я! Што ён ім кепскага зрабіў?
— Знайшла каго шкадаваць, — я чарговым разам згадваю, як паліцыянт арыштоўваў бацьку і як адганяў людзей ад тумбы. Скачыляс аднойчы і на маці наляцеў. Тая развесіла прасціны ля дрывотні, а гэты загадаў зняць. Бо прасціны выгляд вуліцы псавалі. А дрывотня ж не на вуліцы стаіць, а ў двары.
Тройца хаваецца за рогам будынка, і ў той жа міг з-за рога выкульваюцца яшчэ трое. Першы, высокі і падхорцісты, нясе жалезную скрабалку; другі, нізенькі і плюгавы, трымае пад пахай скрутак плакатаў; а трэці, знаёмы мне расклейшчык газет, цягне вядро з клеем. Тройца падыходзіць да тумбы, аглядае яе з усіх бакоў, пасля чаго расклейшчык становіцца вокрач, падхорцісты даўгяла ўзбіраецца яму на карак і жалезнай скрабалкай здзірае з тумбы рэшткі газет і плакатаў. Пры гэтым чалавек з плакатамі паказвае рукамі, як трэба ўпраўляцца са скрабалкай. Расклейшчык паволі паўзе вакол тумбы, папяровае ашмоцце ляціць яму на голаў, і небарака ўвесь час дзьмухае пад нос, спрабуючы збіць ашмётак, што прыстаў да лабаціны.
На тумбе чырванее вялікі плакат са Сталіным, які паказвае рукой на дом цёткі Юстыны.
— А я не ведала, што пан Сталін такі высокі, — уражана лапоча па-моднаму апраненая цётка. Яна штодня прыходзіць чытаць свежыя газеты.