— Ды які там высокі. Ён маленькі да рабаціністы, — папраўляе на галаве капялюш укормлены бамбіза.
— Параіў бы пану сцішыцца, — уторкваецца ў размову мужчына ў вайсковым мундуры са слядамі аддзёртых пагонаў на плячах. — Пачуюць падсабачнікі — вомігам рукі скруцяць.
— А што я такога сказаў? — бамбіза мелькам азіраецца.
— У НКВД растлумачаць. Мой сусед вякнуў нешта пра Сталіна — таго ж дня апынуўся на рагу Міцкевіча і Ахвярнай, — чалавек у мундуры стрымана кашляе ў жменю.
Тройца кепска саскрэбла старыя плакаты, і з-за сталінскага азадка тырчыць патыліца Рыдз-Сміглага. «Водза Начэльнага» заўважыў не толькі я.
— А дзе Сміглы? — цікавіцца модная кабета.
— У Румынію збег. На пару з Масціцкім, — цэдзіць скрозь зубы чалавек у мундуры і, памаўчаўшы, дадае: — Сволачы.
Усе ўтрапёна глядзяць на вайскоўца.
— Сволачы, — паўтарае той ужо з упэўненасцю ў голасе. — Дзядэк ніколі б не збег. Адстрэльваўся б да апошняга патрона. А гэтым і бяды няма. У іх рахункі ў швейцарскім банку.
— Што ўжо Дзядэка згадваць. Чатыры гады як памёр, — уздыхае модніца і мружыцца на пацямнелую ад імжы газету. — Па-расейску, здаецца. Ві-лен-ская пра-у-да, — чытае цётухна па складах, і я з годнасцю тлумачу:
— Па-беларуску, а не па-расейску.
— А ты што, падшыванец, ведаеш беларускую мову? — настаўляе на мяне падмаляваныя вочы модніца.
Замест адказу пачынаю перакладаць па-польску: «19 верасня раніцай войскі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўступілі ў Вільню. Народ хлынуў на плошчы, пакрыў іх жывым, узрадаваным натоўпам. Усе вітаюць Чырвоную Армію…»
— Лухта нейкая, — перабівае модніца, — паглядзі, ці напісана што пра харчы. Калі ўжо іх падвязуць?
— Як жа… падвязуць. У іх там у саміх галадуха, — абуджаецца жаночы голас.
Ліхаманкава аглядаю газетныя старонкі, знаходжу невялічкую зацемку:
— «Часовая ўправа Віленскай акругі папярэджвае ўсіх уладальнікаў крамаў, складоў, рэстаранаў, што цэны на харчы і тавары павінны заставацца на ўзроўні, які існаваў да прыходу частак Чырвонай Арміі. Усялякае падвышэнне цэн будзе разглядацца як спекуляцыя і варожыя дзеянні, а асобы, вінаватыя ў спекуляцыі, будуць аддадзены пад суд па законах ваеннага часу».
— Вось гэта правільна, — азываюцца колькі галасоў.
Пакуль чытаў, вакол сабралася ладна народу.
— Якая спекуляцыя?.. чым спекуляваць?… крамы і склады пустыя… — бухае, што тая бомба, магутны бас.
Паварочваюся, каб паглядзець, хто там басіць, і бачу маці. Тая стаіць каля пад’езда і шукае мяне вачыма.
Раз на два дні мы ходзім па дровы. Дрывотня знаходзіцца ў глыбіні двара. Такая двухпавярховая спаруда з драўлянай галерэяй на ўзроўні другога паверха. Кожная кватэра мае свой закут. Наш, пад нумарам 13, крайні на першым паверсе.
Дроваў не так і шмат, таму палім на дзень восем паленаў. З апалам у Вільні зусім кепска. Дровы нам прывозіў Ёсель з Рудаміны, цяпер жа саветы перакрылі дарогі, і, каб выехаць ды заехаць у горад на падводзе, трэба мець адмысловы пропуск. Некаторыя цягнуць дровы на сабе, прабіраючыся ляснымі сцяжынамі. Але ці шмат прынясеш на карку?
Іду па засмечаным дзындрай двары і чую малітоўны енк за спінай:
— А свенты Паньсцы!
Наша клець расчынена, а дзверы вісяць наўскасяк, трымаючыся на адной завесе. У клеці, гэта бачна здалёк, не засталося аніводнага палена.
— Познанцы, — вусны матчыны плаксіва закапыленыя. — З’ехалі і дровы прыхапілі.
У крайняй клеці на другім паверсе жылі ўцекачы з Познані. Дзверы там разнасцежаныя, і ў пройме зеўрае шэры прыцемак.
Маці шморгае носам, змахвае слязіну, нядобрым словам згадвае бацьку.
— Змерзнем узімку. А гэты бегае па Вільні, усёршыся, — плаксіва выдае маці «па-простаму». Калі хвалюецца ці плача, маці забываецца на польскую мову і пераключаецца на гаворку родных Лаварышак.