— Ты думаеш?
— А тут і думаць не даводзіцца.
— І што рабіцьмем? — бацька хадзіў у адзін бок, цяпер прайшоўся ў другі.
— Перш, чым да вас забегчы, да Антона завітаў. Той параіў напачатку сядзець ціха. А калі што, збегчы ў навакольныя вёскі, а то і ў Ковенскую Літву паспрабаваць перабрацца. Але гэта на крайні выпадак.
— Ну а як возьмуць ды ўсіх гамузам пахапаюць? — бацька выцірае далонню ўпрэлы карак.
— А ты чаго дарослыя размовы слухаеш? — усхопліваецца маці. — Ану ідзі пагуляй троху.
Нацягваю на плечы палітон і ўжо на ганку чую матчын загад: «Далёка не адыходзь!»
Ля тумбы тоўпіцца народ. Там вісіць свежае «Слова», але яго ніхто не чытае. «Саветы… саветы», — адно і чуваць сярод людской гаманы.
— Ну, ты задаволены? — прамаўляюць за спінай. Гэта рыжы Юзік.
— Чым? — мармычу, не павярнуўшыся.
— Саветы ідуць.
— Ды яны ў Менску ўсіх беларусаў прыбралі — каго на той свет выправілі, каго ў Сібір загналі, — кажу былому сябру і толькі тады абарочваюся.
З Юзікавага твару збягае блазнаватая ўсмешка.
— Дзе ты пра гэта пачуў?
— Шмат будзеш ведаць — галава лысай стане, — згадваю матчыну прымаўку і ківаю на трубу, што тырчыць з падвальнага акенца. — Хто гэта вам зрабіў?
— Шмат будзеш ведаць — галава лысай стане, — са злосцю выдае Рыдз, але раптоўна мяняе танальнасць: — Матчын стрыечны брат у шпіталь патрапіў. Дык ён свайго сябра, у плячо параненага, падбіў і яны нам тую печку прыцягнулі. На шпітальным двары валялася. Сталі трубу выводзіць, а тут Скачыляс падбег і пачаў: «Прыбірайце печку і з памяшканне вымятайцеся». А дзядзька Мірэк, брат матчын, слухаў-слухаў дый як гаркне з падвала: «Зараз, тылавы шашок, выйду і шпокну пры ўсім народзе». Скачыляс пабег некуды, нібыта па падмогу, а сам цэлы дзень на вуліцы не з’яўляўся.
— Шкада, што не шпокнуў, — я згадваю, як паліцыянт арыштоўваў бацьку і пры гэтым падступна пасміхаўся. Сын цёткі Юстыны, такі ж паліцыянт, на вайну пайшоў і загінуў, а гэта таўстун толькі тым і займаецца, што людзей ад тумбы адганяе.
Наступнай хвілінай мы з Рыдзам глядзім у неба. Там, раз-пораз губляючыся ў аблоках, ляціць самалёт. Кволае сонца бліскае на срэбных крылах, а з хваста вырываюцца срэбныя аблачынкі. Аблачынкі паволі раздзімаюцца, расцягваюцца даўгім шнуром. «Улёткі!» — гарлае Юзік. Порсткі ветрык гоніць завілы шнур у бок Новага Свету. Мы з Юзікам бяжым, як апараныя, пазіраючы ўгору. Поруч з намі бяжыць тузін такіх жа, як мы, падшыванцаў, і рэха бязладнага тупацення блукае ў вузкіх вулках. Паперыны лётаюць над дахамі, чапляюцца за вершаліны дрэваў, але на зямлю не апускаюцца. Каб першаму схапіць запаветны лісток, сябрук лезе на згалелую ліпу, у вецці якой заблыталася нябесная бібула, і ў гэты момант адна з улётак сядае мне на шапку. Яна надрукаваная па-польску. «Савецкі ўрад лічыць святым абавязкам працягнуць руку дапамогі сваім братам-украінцам ды братам-беларусам… — брыняць уваччу няроўна надрукаваныя літары, — …наша Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія і гэтым разам дэманструе сваю баявую моц…» Юзік, абламаўшы тоўсты сук, скача на зямлю, і мы, хапануўшы ў жменю ўлётак, мелькам іх праглядаем, бяжым дахаты, і ў галаве маёй віхурацца страхотныя словы «вялікі Сталін», «Чырвоная Армія» і «заможныя савецкія калгасы».
— З летака скінулі! — гукаю, зачапіўшыся за парог.
Маці нават не зірнула на паперкі. Скамячыла і кінула ў печку.
…Першы савецкі танк убачылі познім вечарам. Святло ў нас адключылі, і цяжка было разабраць штосьці ў цемры. І толькі гнутыя трубы, што спавівалі вежу, ды кароткая стваліна гарматы сведчылі, што гэта ляскоча савецкі танк.
Усю ноч на гарадскіх ускраінах глуха бухала; па вулцы раз-пораз нехта прабягаў і тады бацька падаваўся да акна і ўглядаўся ў цемру; і на зацягнутым хмарамі небе блукала барвовая палымніца.
Раніцою мяне нібыта тыцкаюць у плячук. Я расплюшчваю вочы і не даю рады даўмецца — што за гукі мітусяцца па кватэры, ад якіх дзынкаюць шыбы на вокнах і якія нахабна лезуць у вушы. І, канчаткова абудзіўшыся, уцямліваю, што шыбы дзынкаюць ад пошчаку конскіх падкоў.
Бацькі, ужо апраненыя, стаяць каля акна, прыціснуўшы насы да халоднай шыбы.
— На ногі што-небудзь насунь ды кашулю надзень! — кажа маці, але мне не да таго.
— Кипучая, могучая, никем не победимая… — спяваюць жаўнеры, і гарадскія вароны абурана гракаюць на іх з высокіх дахаў.
Міма нашага дома, расцягнуўшыся даўжэзным шыхтом, едзе на конях Чырвонае войска, пра якое пісалі ва ўлётцы. Войска тое, аднак, не чырвонае, а шэрае. На жаўнерах даўжэзныя, аж ног не бачна, шынялі, а на галовах цьмяна бліскаюць гламаздаватыя каскі з невялічкім грэбнем на макаўцы.
— А што за грэбні такія? — торкаю бацьку ў бок.
— Вентыляцыйныя адтуліны. А каб вада не патрапляла, пласцінамі закрытыя, у форме грэбня.
— Ага-а, — выдыхаю я, хаця і не цямлю, што такое вентыляцыйныя адтуліны і дзеля чаго яны патрэбныя.