— Ад чыгункі, — тлумачыць сябрук. — Жаўнеры плот павалілі, каб машына магла пад’ехаць. А камандзір загадаў нам дошкі прыбраць.
— А навошта іх прыбіраць?
— Бо цвікі могуць скаты прабіць.
Рабочы гвардзеец мацае востры цвік, маракуючы, ці даваць веры Юзікавым словам, — і торгае галавой. Маўляў, цягніце.
«Усё ж такі языкасты гэты Юзік. З такім языком не прападзеш», — захоплена думаю я.
— А калі б рагвард вырашыў праверыць — скралі мы дошкі ці іх нам далі? — я пакутліва крыўлю рот: цвікі непрыемна шоргаюць па бруку, цвелячы і без таго напружаныя нервы.
— Папёрся б да чыгункі, пабачыў машыну і назад вярнуўся.
— А калі б у камандзіра спытаў?
— Якога камандзіра… ды гэтыя рагварды баяцца саветаў больш, чым мая матка.
— Хто вам дазволіў дошкі браць? — сустракае каля дрывотні буркатлівы бацькаў воклік. Бацька навешвае на дзверы новы замок.
Мы страшэнна змучаныя, у далонях стрэмкі, а ў мяне да крыві прабіты цвіком мезены палец.
— Камандзір дазволіў, — кажу, злізваючы кроў з мезенца.
Бацька дакорліва трасе чупрынай, выносіць з закута аднаручную пілу.
Пілуем з Юзікам тоўстыя дылі да самага прыцемку. Піла тупаватая, таму яе грабежнікі і не прыхапілі, а да таго ж Рыдзу трэба распілоўваць на маленькія аскабалкі, бо даўгія не залезуць у печку.
Вячэру гатуем на крадзеных дошках. Яны добра гараць — высахлі на ветры і сонцы, — але ад іх застаецца кіслы дух і непрыемны пах.
— Фарба смярдзіць, — бацька шуруе качаргой у печцы, паварочваецца да мяне: — Дзе нагледзелі?
— Ля чыгункі, на Каляёвай. Саветы плот павалілі, каб машына магла да цягніка пад’ехаць.
— Ці не муку ў цягніку прывезлі?
— Ды не, з машыны старую канапу сцягнулі ды ў вагон закінулі. А потым піяніна.
— Сёння каля Габрэйскага музея ішла, дык саветы адтуль скрыні выносілі. На мітынгах гарлаюць, што яны вызвольнікі, а насамрэч звычайныя рабаўнікі, — на рондалі трывожна ляскоча накрыўка. — Ну добра, спалім мы тыя дошкі. А што далей? Зіма на носе, а ў нас за душой ні палена.
Бацька з робленай роспаччу ўскудлачвае валасы на скронях. Заўсёды так робіць, калі хоча пасмяяцца з маці.
— Смейся-смейся. Паглядзім, што ты рабіцьмеш, як маразы прыціснуць. У кастрычніку прымаразкі абяцаюць, — маці, пырскаючы кроплі на распаленыя колцы, памешвае лыжкай у рондалі.
— У дзядзькі Янкі цэлая гара дроў. Пасярод двара ляжыць, — уключаюся я ў размову.
— Ці мала ў каго што ляжыць, — матчын голас па-ранейшаму незадаволены. — За грошы нічога не возьмеш. Злотымі толькі печку паліць. Дый тых няма.
— А калі абмяняць на цыгарэты? Дзядзька за іх што хочаце аддасць.
Маці застывае з лыжкаю ў руках. Яна даўно ходзіць на Завальную — мяняць цыгарэты на харчы.
— А гэта ідэя, — жвавее бацька. — Зараз напішу яму цыдулку. Аднясеш зранку.
Раніцай, як заўжды, іду да тумбы. Там прыляпілі свежую газету, якую чытаюць услых, прычым уразнабой, у тры глоткі.
— «Народ са слязьмі на вачах сустракаў Чырвоную Армію — армію-вызваліцельніцу». — «На скурзаводзе Штэйна адбыліся выбары ў Рабочую Гвардыю». — «Жыхары Заходняй Беларусі зазналі шчасце жыць пад залатымі промнямі Сталінскай Канстытуцыі…»
— Чулі гэтыя казкі пра райскую канюшыну! — гукае нехта. — Ці пішуць што пра газу ды вугаль? На мітынгу абяцалі падвезці, і хвастом накрыліся.