Курыны статак спалохана забіўся пад бэз, калі Хведзька вывеў з пікапа сабак. Чатыры пародныя белыя пітбультэр’еры мелі змрочны выгляд пустыннікаў, што да адыходу ў пустэльню добра зведалі свет. Яны зналі, чаго ад свету чакаць. Джына, Джыда, Джым і Джэк. Сківіцы і маленькія чырванаватыя вочы маглі застрашыць любога. Пакуль Хведзька нацягваў драты, па якіх сабакі будуць бегаць па перыметры хаты, яны спакойна сядзелі ля ганка і незаўважна азіраліся.
– Зараз гаспадыня вас пакорміць, – Хведзька гаварыў з імі такім самым тонам, як і са мной. – Тут будзеце жыць, я вам казаў. Вартаваць гаспадыню, – Хведзька садануў малатком па пальцы і ціха заскуголіў. Сабакі далікатна адвярнулі морды.
– Зараз дай ім паесці, – распарадзіўся Хведзька, трасучы параненым пальцам. – Ды не бойся ты! Цябе яны не пакусаюць. І нікога з нармальных гасцей не пакусаюць. Разумныя. Людзей наскрозь бачаць, псіхолагі. Зарніцкая ж выхоўвала.
Я з недаверам узяла з рук Хведзькі чатыры міскі з мясам і, пад яго падбадзёрванне, пападсоўвала пад ружовыя сабачыя насы.
Хведзька тым часам на кожным рагу хаты паставіў нешта накшталт партатыўных будак.
– Ну, усё! Паводзь сябе спакойна. Не хлусі ім – яны фальшу страх як не любяць, вось за гэта могуць і грызануць. Калі будуць пытанні – райся з імі, а не – звані мне. Бывай! – і зялёны Хведзькаў пікап знік за хвоямі.
– Прывітанне вам, сабакі! – сказала я, разбіраючы павадкі, каб адвесці іх па месцах службы. – Кажу вам шчыра, без ценю фальшу: не ведаю, каго я цяпер баюся больш – таго, ад каго вы мяне павінны вартаваць, ці вас, вартаўнікоў. Страх перад сабакамі на ўсё жыццё быў загнаны мне пад скуру зубамі вашых калегаў. Дабрацінскія сабакі псіхолагамі, відаць, не былі. А можа, таксама не пераносілі фальшу і наперад бачылі, якой наскрозь фальшывай істотай я зраблюся потым – усе мы зробімся потым, лепш сказаць. І калі Мухтар зрываўся з ланцуга, усё жывое, што магло схавацца, хавалася. Дык скажыце мне адразу, сабакі, як вы ставіцеся да алкаголікаў, бо, зноў-такі скажу шчыра, зараз я хачу трошкі выпіць, то вы хоць не супраць?
Джына, якую я якраз навязвала, падняла цяжкую морду і коратка гаўкнула.
Сабакі з маўклівай цікавасцю назіралі, як я карміла сваю жывёльную каманду (свіння выклікала ў іх асаблівы інтарэс, і яны ажыўлена забразгалі ланцугамі, калі я адчыніла хлеў), насіла ваду, хадзіла ў лёх. Нарэшце з ладнай талеркай яечні са скваркамі і кубкам усё таго ж віскі я прыладзілася ля стала на дварэ.
Гавораць, каб пераадолець цягу да алкаголю, трэба перш-наперш усвядоміць: я алкаголік. Не маю такога жадання. Ну як без алкаголю я перажыла б гэтыя дні? Я палуднавала, прысёрбваючы віскі, і адчувала, як паступова напятае ў грудзях распускаецца. Шумелі над галавой бар’які. Парывы і павевы ветру, рух разнародных малекулаў праз зялёныя шапкі ігліцы, абапал магутных бронзавых камлёў – у любую спёку на вогкі, воглы, сыры гук «ш», вечны гук, арытмічнае дыханне часу. Адна. Раптам я падумала: як жа ж даўно я не была вось так адна, сама з сабой, пад бар’якамі. Адчуванне адзіноты, як некалі даўно адчуванне маладосці, знянацку паднялося з цьмянай сярэдзіны і запоўніла мяне ўсю. Гэта было як вяртанне ў рай, балотны рай адвечнай адзіноты. На чорнай спарахнелай лаўцы, лаўцы нябачных прамінулых гадоў, нарэшце сядзела не дачка, не жонка, не згарэлая маці, не пакупніца і не пакутніца, не кліентка, не грамадзянка, нават не аматарка абсенту – тут сядзела я, галава – два вухі, тахкала маё сэрца, цякла ў цемры кроў, недзе там крылася таксама душа і, бясспрэчна, бесперапынна ішоў працэс атлянення… Не хачу я ні пра што думаць, ні пра смерць бабулі, ні пра Івана Мітрыча, ні пра Аксанку. Да яснай халеры гэта ўсё, а то не вытрымаю.
Я павольна абышла вакол хаты, дала сабакам па скварачцы і вярнулася на лаўку. І тут, як працяг песні, якую я чула ўсярэдзіне, зза дрэваў данеслася:
Тепер я знаю, як буває в осені…
Я чекав. Може, чув, а може ні…
Два галасы, вельмі нізкія, магутныя і, безумоўна, жывыя. Сабакі прыўзнялі галовы, куры замёрлі.
Тут даўно ўжо ніхто так не выспеўваў. Тыя шматгалоссі, што я чула ў дзяцінстве штовечар ля кожнай хаты, калі сонца сядала за Буг, а людзі спявалі, пасеўшы на ганках, аднесены ўжо ветрам гісторыі ў няведамыя выраі. Апошні раз жывую песню я чула два гады таму, калі спраўляла юбілей Ярашыха: на вечаровым дызелі ад’ехала ў Брэст расейская частка радні, пачырванела неба на захадзе і пасінела на ўсходзе, а тыя, хто застаўся, спявалі, здолеўшы, як некалі, падзяліцца на некалькі галасоў. Першы голас цягнулі бабуля, Лёніха і Ярашыха. Ярашыха глядзела ў зямлю, а бабуля некуды ў аблокі, не бачачы іх, а толькі слухаючы, уся ператварыўшыся ў слых і памяць… Здаецца, тады яна спявала апошні раз. Так, апошні раз яна спявала, калі ёй было 95; тады ад яе пачуццяў ужо амаль нічога не засталося… А я не спявала ніколі, калі не лічыць урокаў спеваў у школе.
І сёння песня зноў чулася ад Ярашысінай хаты. Адным глытком дапіўшы віскі, я пайшла на гукі.
Два шыкоўныя хлопцы (мускулы, брытыя галовы з асяледцамі, шырокія худыя твары, шырэзныя джынсы, шырэзныя майкі без рукавоў, ланцугі да жывата) стаялі пасярод двара адзін да аднаго спінамі і выводзілі руляды, ад якіх трапятала лісце вінаграду над іх галовамі. На плоце, на які я сперлася, звінелі глечыкі і слоікі.
Ярашыха бокамбокам, каб не трапіць у камеру, на якую здымаў іх спевы трэці хлопец, падышла да мяне.
– Здарова была! У вас адна курка закульгала, чы ты бачыла?
– Бачыла, цётка. Дзякуй вам, што скорую выклікалі… Каб ня вітэ, мяне б, можа, ужэ й не было б на свеце… І што за хатаю глядзелі… Я аддзячу…
– Заходзь на двор, сядай вуньдзега, паслухай, як хлопцы спяваюць! Аддзячу – яшчэ што выдумай. Яшчэ хабару мне дай!
Ярашыха зноў бокамбокам некуды сышла. Мне спадабалася, што яна не стала распытваць, што са мною адбылося.
Песня скончылася, і да мяне падышоў Мішык.
– Здароў! Ну, як ты пачуваешся?
Я прамармытала нешта.
– Гэта мае сябры, гурт «Ї» з Луцка. На фестываль прыехалі ў Брэст – фестываль сучаснай песні, каб ты ведала.
– Цудоўна спяваеце, – сказала я хлопцам. – Першае месца абавязкова будзе за вамі.
– Ала Бабылёва, – прадставіў мяне Мішык.
– Ні, пані Ала, фестиваль вже скінчився, – сказаў адзін з іх, працягнуўшы мне моцную руку. – В нас – приз глядацкіх симпатій. А перше місце – в білоруски… До слова, продюсер Антон Бабыльов – ваш чоловік? От його протеже якраз і зайняла перше місце.
Я моўчкі глядзела на ўкраінца. Антон заняўся прадусарствам спявачак? Нешта новае. Але ж не выпадае гаварыць, што не ведаеш, чым там займаецца твой родны муж, таму я толькі кіўнула з разумным выглядам.