– Ала Анатолеўна Бабылёва? Аднойчы мы ўжо бачыліся. Мяне завуць Андрэй Ільіч Рудкоўскі, і я, калі памятаеце, дабрацінскі ўчастковы інспектар.
Гэта быў той самы малады чалавек, які нядаўна заходзіў на наш двор, каб напіцца.
– Раскажыце, калі ласка, што з вамі адбылося.
Адкрыты, малады, нават яшчэ хлапечы твар, цёмныя валасы па модзе. Раскрыў тэчку, чакае, трохі прыжмурыўшыся.
– А чаму вы рашылі, што нешта здарылася? Хто вас паклікаў?
– Паведамілі з бальніцы. Яны абавязаны паведамляць у міліцыю па месцы жыхарства пра ўсе траўмы, калі ёсць падазрэнне аб нападзе і нанясенні цялесных пашкоджанняў.
Сімпатычны. У яго абліччы няма ні абыякавасці, ні хлуслівасці, якія звычайна на паўметра вытыркаюцца з прысаў начальніцкага панства. Але ці магла я расказаць яму, што адбылося? Я глядзела на яго, а перад маім унутраным зрокам паўставалі іншыя карціны.
…Дзевяцігадовыя, мы з Аксанкай ноччу на могілках. Адзеравянеўшы, чакаем з’яўлення над свежай магілай фосфару – гэтага страху нашага дзяцінства, пачвары таго свету, у існаванні якой мы ніколі не сумняваліся. Мы паспрачаліся з хлопцамі з нашага класа, што не збаімся праседзець на могілках ноч і ўпільнаваць фосфар, які, як мы меркавалі, меўся адыходзіць з магілы памерлага вяскоўца на трэці дзень пасля пахавання.
І мы сапраўды бачылі яго! Белы слуп падняўся з зямлі, пахістаўся ў паветры і крануўся у наш бок. Дзіка віскочучы, мы кінуліся бегчы, а зза агароджы нам азваліся хлапечыя віскі: там чакалі хлопчыкі. Усе яны беглі прэч, і толькі Сярожык Басацкі – чубаты, з вялікімі рабацінкамі на збялелым твары – бег да нас: ратаваць. Потым нашыя неакцябрацкія паводзіны разбіралі на лінейцы, а потымпотым, пасля школы, Аксанка і Сярожык пажаніліся…
…Дзесяцігадовыя, мы з Аксанкай вяртаемся са школы. Завіруха. Замест таго, каб ісці па чыгунцы, мы вырашылі праставаць лесам і, вядома, заблукалі. Я хутка скарылася. Каб не Аксанка, я б замерзла. Але яна не давала мне спыняцца, не давала заснуць. Усю ноч мы хадзілі кругамі каля вёскі, аж пакуль нас не знайшлі. З тае пары і ў мяне, і ў яе абмарожаныя пальцы, баляць на холадзе.
…Поле да гарызонту. Мы з Аксанкай, сагнуўшыся, дзяўбем буракі. І гаворым. Сонца прыпякае ў нашыя спіны, перацягнутыя шнуркамі купальнікаў. Перад намі будучыня, як гэтае поле, – да гарызонту. Не канчаюцца радкі, і не канчаюцца размовы. Нам па пятнаццаць.
Гарызонт наблізіўся. Цяпер у Аксанкі трое дзяцей і два ўнукі.
Не, мілы хлопчык, я не буду табе нічога расказваць. Што ты тут зразумееш, якой справядлівасці даб’ешся? Я разбяруся з усім сама.
– Расказваць няма чаго. Нехта выскачыў зза карча, пхнуў і ўдарыў мяне. Я страціла прытомнасць і больш нічога не памятаю. Ачуняла толькі тут.
– Але, мяркуючы па месцы знаходжання раны, вы не маглі не бачыць таго, хто на вас напаў.
Я паспрабавала паціснуць плячыма і зморшчылася ад болю.
– Не бачыла, не помню.
– Разумееце, калі вы нікога не бачылі, – выразна гледзячы мне ў вочы, з націскам сказаў малады міліцыянер, – нам будзе цяжка знайсці таго, хто вас ударыў. Можа стацца, нам гэта нават не ўдасца.
Я маўчала.
– Такс, – раптам раззлаваўся міліцыянер. – А пра адказнасць за дачу непраўдзівых паказанняў вы ведаеце?
– Ведаю. Але мне сапраўды няма чаго дадаць.
Малады чалавек паглядзеў на мяне з раптоўнай пагардай. Памаўчаў. Ляснуў тэчкай.
– Што ж, папраўляйцеся, – і пайшоў.
Цяпер я знаю, як бывае…
Уся арава заехала да мяне назаўтра з раніцы. Зарніцкая са сваім мужам Алежкам-герантаманам, дзве дарослыя дачкі Зарніцкай – адна з сынулямгадавічком, Ліна з Казікам ды Чапік з Пончыкам, якіх гаспадары ніяк не маглі пакінуць дома і якім дзякуючы шырокім сувязям іх гаспадыні дазволілі прайсці да мяне ў траўматалогію. Апошнія бесперапынна гаўкалі, першыя гаварылі ўсе разам. Выглядала гэта ўнушальна.
– Мы не надоўга, – абвясціла Ленка, заходзячы. – Ужо трэба спяшацца на мяжу, там дамоўлена, дык мусова паспець, пакуль змена не скончылася, а то прыйдзецца тры дні стаяць у чарзе. Слухай, я толькі ў апошні момант успомніла, што табе трэба прывезці адзежу, бо не паедзеш жа ты з Берасця ў той дзяружцы, у якой цябе сюды даставілі. Вось тут мой касцюм. Праз гадзіну па цябе Хведзька заедзе, завязе ў Дабрацічы. І сабак прыхопіць. Ну ўсё, дзеці, пайшлі. Вечарам мы выйдзем да Буга, дамо табе які знак, слухай! Мы вырашылі, што кожны вечар будзем табе «ўжывую» даваць нейкі знак, што ў нас усё ў парадку, каб ты не хвалявалася. І, на прамілы Бог, каб у цябе ўсё было без аніякіх глупстваў! – рэзюмавала Зарніцкая.
Праз гадзіну, калі я выйшла на бальнічны ганак, Хведзька, які ў чаканні мяне самазаглыблена паліў за стырном пікапа, мяне не пазнаў, а калі я падышла да яго, прысвіснуў:
– Ого! Для пацыенткі траўматалогіі ты выглядаеш няблага. Простатакі жанчынавамп. Табе чырвонае да твару.
Што ж, цяпер смела можна сказаць: традыцыйны Ленчын крывавачырвоны пінжак калі і не ператварыў мяне ў вампіршу, то спрычыніўся да маіх далейшых прыгодаў.
Але пакуль што прыгоды пакінулі мяне ў спакоі: мы хутка дабраліся, і дом я знайшла ў поўным парадку.