Грыбоў насілі мала, «машыну-цуд» ела ржа, і яна плакала крывавымі слязамі-кроплямі, асабліва з начы. Грышка бачыў гэта, калі прыходзіў уранні з тапаром у руках да зруба. Калі хтосьці нёс грыбы, ішоў, прымаў, увечары варыў іх на цяпле ў катлах. Міша дняваў і начаваў каля агрэгата, Лісаветка насіла яму «тармазкі» — яду.
З Грышкам так ужо бывала ў маладосці: калі шчасце знаходзіла яго, доўгачаканае, сапраўднае, ім самім выпакутаванае і здабытае, яго ахопліваў раптам ні з таго ні з сяго, абкручваў ледзяною вяроўкаю жах: што нешта перашкодзіць нацешыцца ім, гэтым шчасцем, чорнае крыло роспачы змахне адным разам, як баба фартухом пыл з табурэта. Але ішлі дні, жах развейваўся, забываўся, і шчасце не рэзка, як думалася, а памалу сплывала, станавілася звычайнаю будзённаю радасцю, а то і зусім счахала, як вуголле тое ў цяпельцы. І Грышка адно здзіўляўся, за што было перажываць, а потым зусім са скрухаю думаў: «Мабыць, нервы селі, бы тыя Мішавы цеплавыя рэле, што ездзіў мяняць у раён...» Падумаць, аж не верыцца: Грышка сынавымі словамі загаварыў! А што Міша? Хлопец — хоць куды! І там, на Глубцы, не кожны б кінуўся ратаваць каня...
«...а-а-а!..» — пракалоў Малінаўку сполашны крык. Крычалі каля фермы, на таку. Грышка глянуў з вышыні лёсак і ўбачыў дым — чорны, густы. Так гарэлі ў вайну падбітыя ім нямецкія танкі. Пот праняў вобміг Грышку, і па шчоках з-пад шапкі скаціліся буйныя, бы гарошыны, кроплі, бліснулі зорачкамі на плячах: лейтэнант! Грышка кумельгам зляцеў з лёсак і патрухаў вуліцаю да фермы. Завыў, становячыся на заднія лапы і напінаючы ланцуг, Босы.
Гарэў агрэгат вітаміннай мукі. Там Міша, там Лісаветка, там жанчыны... Дым віраваў і клубіўся пад самае неба, аж туды, дзе ляталі вастракрылыя ластаўкі, і зноў Грышку падумалася пра вайну, і апала нешта ўсяродку, і замуціліся вочы... Хваравітая, стрэсеная нечаканасцю душа зноў малявала яму той чорны ядавіты грыб, што нядаўна бачыў у тэлевізары і колісь у кіно ў клубе. А калі б гэта і праўда быў ён... Што рабіць і куды кінуцца? Крышка! І яму, і Мішу, і Лісаветцы, і ластаўкам... Усю Малінаўку ў бочку — і крышка. Ногі ў Грышкі аслабелі, сталі як лазіны, але ён бег, сэрца ледзь не разрывала грудзей; не заўважаў, што з двароў высыпаюць дзеці і бягуць за ім, як кураняты за квактухаю.
Ластаўкі ў небе рабіліся то чорныя, то белыя— куляліся, і Грышка бачыў то іх спінкі, то крыльцы спадыспаду. Дзіўна проста, чаму ў такую хвіліну позірк яго чапляўся за ластавак.
Агрэгат быў спавіты полымем з аднаго краю; з трубы дымасоса вырываўся то белы, то цёмна-сіні дым. Мітусіліся бабы, крычалі, галасілі, як здурнелыя. Воддаль стаяў трактар з нагружаным прычэпам. Агонь быў чырвоны, а твар у Мішы белы, вочы цёмныя, шырока адкрытыя, як не вылузнуцца з-пад ілба, бы тыя спелыя арэхі з чашачак. Міша, з вогнетушыльнікам у руках, гробся па лесвіцы да барабана. Стаў, раскірэчыўшы ногі, і з вогнетушыльніка, як з аўтамата, белаю спіцаю свістануў у полымя струмень. Заклубілася белая пара, ахутала Мішу, як воўнаю. Полымя не спадала, ірвалася, аж бялела, да Мішы — акурат на яго дзьмуў вецер. Ліць на барабан нельга — ашпарыць параю. Прыгнуўся, стаў падбіваць полымя знізу, адсякаць яго ад трансфарматара.
Прыляцеў на «уазіку» Ягорыч: Ляксей збегаў на ферму ў чырвоны куток, пазваніў у кантору.
«Склады!.. Склады засланяйце!..» — крычаў ён, разводзячы шырока рукі, як займаў усё роўна бычка ў загоне.
Ад фермы беглі даяркі — былі на дзённай дойцы, неслі вёдры, бліскучыя бітоны з вадою.
Міша нічога не чуў і не бачыў: полымя трашчала і гуло, як з фарсункі, пякло рукі і твар, сцягвала скуру, як сшывала іголкаю; і мазгі прапякала, пранізвала адна думка: не даць усхліпнуцца паліўнаму баку. Інакш усё. Канец. Перарваўся струмень у вогнетушыльніку, зашыпелі сінія пырскі. «Амбец!..» — скрыпнуў Міша зубамі і з ярасцю трасянуў вогнетушыльнік: зноў захлястаў струмень.
«Ваду, ваду сюды!..» — Грышка, засланяючыся рукою, стаяў унізе, гатовы ў кожнае імгненне падскочыць і сцягнуць за калышыну сына. Хапіў з рук даяркі вядро і шухнуў яго ўверх, на полымя; другое вядро плескануў на Мішу. Міша аблізнуў вусны. Чырвоны, бы той распалены снарад над акопамі на Вісле, што апёк Грышку грудзі, праляцеў над галавою вогнетушыльнік, і Грышка сцяўся ажно, затуліў далонямі вочы і не бачыў, як вогнетушыльнік пузырыўся на траве белаю пенаю, як храпа ў Белазорага на Глубцы.
«На Мішу, на Мішу ліце!» — крычаў Грышка як звар’яцелы. Міша скінуў з сябе пінжак, махаў ім — збіваў полымя. Прамаслены пінжак зразу зацьмеўся, потым усхліпнуў агнём — сіненькім, празрыстым, як над сухім спіртам. Пот выступіў на твары ў Мішы і вобміг выпарыўся, зашэрхла скура. Міша скочыў, зачапіўся рукамі за востры край транспарцёра. Вісеў, дрыгаючы нагамі, як над безданню,— лопалася на пальцах скура і агаляліся белыя, бы шпагат, сухажыліны.
І раптам па вачах драпнулі вострыя кіпці, услед сыпнула жоўтымі апілкамі, з-пад якіх разляцеліся ва ўсе бакі рудыя куры і чырвоныя пеўні, зрабіліся маленькія і чорныя, бы ластаўкі: разарвала цеплагенератар, і на Мішу хлестанулі вогненныя стужкі бензіну, спавілі па твары, руках і нагах. Міша скаціўся на зямлю, закрычаў як рэзаны. Грышка разгубіўся, а потым упаў на сына, абламваючы аб бетонку ногці, драў і гарнуў пясок. Ляксей выліў на іх вядро вады, хрыпеў: «Дзесяць... сем... пяць... адзін...» З Грышкі ішла пара, а з Мішы — дым; твар у Мішы быў чорны як вугаль, адзенне тлела — Міша стагнаў, курчыўся, як бяроста на агні. Збялелая, упала, не дабегшы да іх, Лісаветка, і бабы лілі ваду ўжо на яе.
Раўла сірэнаю, імчала ад шашы чырвоная, бы груда цэглы, пажарная машына, і белы пыл за ёю падымаўся дугою высока, як дым, асядаў на сосны на магільніку, бяліў вярхушкі.
«Ура-а-а!!!» — як ідыёт, закрычаў Ягорыч; ён стаяў, як і раней, распасцёршы рукі, між агрэгатам і складамі, быццам хацеў пераступіць дарогу полымю.
Пажарныя брандспойты ўдарылі з шалёнаю, цвёрдаю сілаю — чорны дым адарваўся ад агрэгата і паплыў у бок фермы; з агрэгата паваліла густая белая, як пыл, пара.
Падляцела лёгкая, бы чаіца, «хуткая дапамога» — заскрыпелі тармазы. Мішу паклалі на насілкі, аднеслі ў машыну, і «хуткая», бліскаючы сіняю мігалкаю, ірванула з месца. Засталася маладзенькая дзяўчына ў белым халаце і блакітных туфлях-лодачках, мабыць, медсястра; прысела каля Лісаветкі, дрыготкімі рукамі ўстаўляла іголку ў шпрыц. Лісаветка хрыпела, і сінія, мала не чорныя вусны яе дрыжалі. Грышка стаяў над ёю знямелы і аглушаны. Неяк па-жаночы захліпіста войкаў Ягорыч: можа, і яго лізнула полымя, а можа, і так чаго.
Калі трохі суматоха апала, прыехалі на матацыкле Васіль Муранкоў і лейтэнант у ваеннай форме, інспектар Дзяржпажнагляду Самусеў — невысокі таўсты бялявы, бы колас, дзяцюк. Твар у Васіля быў строгі, бровы аселі на вочы. Ён кіўком пальца падазваў да сябе Ляксея, нешта ў яго спытаў; Ляксей закруціў галавою. Потым яны ўдвух пайшлі да трактара.
«Іскрагасільнік стаіць,— сказаў Васіль Самусеву, вярнуўшыся.— Ану дыхні!» —Васіль нахіліўся да Ляксея. «Ды ён не п’е ў нас!» — сказаў Ягорыч і са злосцю штурхануў Васіля. «Ведаю, але закон, закон, Ягорыч! Для акта...— І панюхаў у Ляксея каля рота. Убачыў згорбленага Грышку, падышоў.— Міша моцна абгарэў? Вечна ён улезе! — З надрыўным адчаем выдыхнуў Васіль, падбадзёрыў Грышку: — Не паражывайце, дзядзька, усё будзе добра».
«Лёгка табе...» — падумаў Грышка, гледзячы ўслед жанчынам, якія пад рукі павялі дахаты Лісаветку; у Лісаветкі гнуліся, падломваліся ногі.
«І сетка пнеўматранспартных камунікацый спраўная,— сказаў Самусеў: пакуль Васіль размаўляў з Грышкам, ён «абнюхаў» агрэгат.— Мабыць, травяны пыл загарэўся...» — «А тэмпературнае рэле што паказвае?» — спытаў Васіль. «Норму паказвае — семсот».— «Ну дык пры чым тут пыл? Часткі, якія труцца, добра змазаны?» — «Масла капае...» — «Во!» — «Мо ўсё-ткі іскра з трактара?» — «Ты што? Ідзі сам правер.— Васіль і блізка не дапускаў, што прычынаю пажару мог паслужыць недагляд па ягонай, даішнай, лініі.— Ануча якая ці палка разам з травою трапіла ў барабан...» — «Трэба расследаваць.— І Самусеву не хацелася браць на сябе віну.— Можа, і пад суд каго...»
«Ч-чор-рт!.. Зноў пад суд!..» — абамлеў Грышка. Васіль павярнуўся, узяў Грышку пад локаць. «Я ж зваў яго да сябе ў міліцыю — не захацеў. А думаеце, так проста да нас уладкавацца? Пайшоў бы, і нічога такога не было б»,— гаварыў Васіль, і Грышку гэта яшчэ болей растраўляла: што цяпер рассусольваць...
З-за лесу падымалася чорная, як сажа, хмара, а можа, дым туды сплыў і цяпер кудлаціцца, не хоча раставаць. Не, усё-ткі, відаць, хмара, бо паветра пасвяжэла як быццам. А можа, яно здаецца такім пасля пажару. Як бы ні было, не пашкодзіў бы дождж — жыта зжалі. А траву можна падаваць у агрэгат і мокрую. Вось толькі трэба хутчэй яго наладзіць, але — ужо без Мішы. Будуць шукаць другога рэманцёра.
Міша, мабыць, сваё адрэманцёрыў, самога трэба рамантаваць. Ён усё жыццё быў як агонь, гарэў, во і згарэў. Міша ніколі не мудраваў, ён быў адкрыты, шчыры хлопец; ён ніколі не спатыкаўся, каб спыніцца і падумаць; у яго не было на дарозе тых камоў-валуноў, што сеюць сабе пад ногі хітруны-прайдохі; ён лёгка ішоў па жыцці і лёгка пайшоў на рызыку, нават блізка не думаючы, на што ідзе; ён дыхаў, а значыць, ішоў. Таго, хто часта спатыкаецца, называюць у наш час рацыяналістам — у яго шлях да рызыкі цяжкі і пакутлівы, бо галава шлях прадаўжае нярэдка да бясконцасці, а сэрца скарачае да імгнення. Толькі на імгненнях можна праверыць чалавечую сутнасць — на імгненнях, з якіх складаецца вечнасць. І ніколі не трэба чалавека на сметнік — так яшчэ Грышку думалася, калі ён сядзеў у Оршы на вакзале на лавачцы пад бэзам...
* * *
Як бывае ў цішыні, раптам ні з таго ні з сяго ўсхопіцца вецер, закруціць-завіхурыць, падніме ўвысь апалае сухое лісце і панясе яго з шэлестам і бязвольнаю асуджанасцю над зямлёю. Так і ў бальніцы, дзе з самай раніцы стаяла цішыня, калі не лічыць рэдкага рыпу маснічын пад нагою нянечкі ці медсястры ды нечакана едкага бразгату шпрыца на дно металічнае скрыначкі, раптам перад абедам прашыўся ў палаты шумок. Застукалі дзверы, загаманілі хворыя і дактары, калідор напоўніўся крокамі, шорганнем растоптаных бальнічных тапак.
Нехта сказаў, што прывезлі моцна абгарэлага маладога хлопца. Ліда пачула пра гэта ад прачкі, Сямёнаўны, далёкай сваячкі, якая кожны дзень прыходзіла па некалькі разоў у іх палату, бо ў ёй ляжала і яе родная сястра Люба. Маладзейшая гадоў на пятнаццаць, але змарнелая ад пароку сэрца, яна выглядала калі не старэйшаю, то, ва ўсякім выпадку, равесніцаю Сямёнаўны; ляжала на ложку нерухома, і Сямёнаўна прыходзіла яе павярнуць на другі бок.
Ліда была «хадзячая» хворая, у яе балела галава — спераду, пад ілбом: нахіляешся чытаць ці пісаць, і тады акурат цяжкія гарачыя свінцовыя шарыкі падкочваюцца да вачэй, ціснуць, аж сыплюцца слёзы. «Падазрэнне на двухбаковы востры гаймарыт», — сказаў ёй урач. Хто ведае, можа, дзе і прахапіла скразняком: у друкарні раённай газеты, дзе Ліда працуе наборшчыцаю, фортачкі заўсёды адчыненыя і дзверы ляп ды ляп; стаіць цяжкі дух фарбы, пахне вокісам свінцу, у нос лезе папяровы пыл, круціць, як бураўчыкамі.
Ліда выйшла ў калідор. У самым канцы, каля стала, ужо сабраўся натоўп. Ліда пачула голас Вані, вясёлага хлопца з суседняй палаты, ад якога толькі і чуеш: бу-бу-бу. Ваня ўлучаў момант, каб курнуць, і за гэта на яго сварыліся медсёстры і нянечкі. І цяпер з шырокага рукава ягонай выцвілай сіняй байкавай куртачкі сачыўся дым, падымаўся над галавою і плыў у прачыненую фортачку на двор. За акном імжэў дробны дождж, ліпнуў да шкла, як пыл, і паветра за шклом здавалася густым, шызаватым, як усё роўна бальніца стаяла ў тумане. З гадзіну таму схавалася сонца, і калі б не Ваневы анекдоты, у калідоры, мусіць, было б змрочна.