Грышка, каб неяк адагнаць, прыглушыць назойлівыя думкі, сабраўся сысці з двара, адкасіць сена трохі. Яны пайшлі з Лісаветкаю на балота: Грышка з касою на плячы і асялком у кішэні, Лісаветка ўзяла граблі і вяроўку. І калі б яны не пайшлі ў сена, то другі акт камедыі Грышка паглядзеў бы пэўна, а не ён, дык Лісаветка, якая расказаць магла б яшчэ цікавей, чымся было напраўду.
Недзе пасля абеду, калі Грышка, выкасіўшы некалькі лапікаў, сядзеў пад альховым кустом на купіне і дыміў папяросаю, а Лісаветка разбівала граблямі пакосы, па Малінаўцы разнёсся кліч: «Каўбасу і марожаную рыбу даюць!»
Магазіна было не пазнаць: чысціня і на прылаўках усяго поўна, аж гнуцца. Райка, падмаляваная, свеціцца ўся, бы навагодняя ёлка. Можа, чалавек пяць-шэсць адпусціла, і тыя, з цікаўнасці, яшчэ не адышліся, стаялі каля магазіна і, бы сарокі, сакаталі — «столькі ўсяго навезлі!» — калі падкаціў «казёл». Дуктаў першы выскачыў з яго, шырокім узмахам левай рукі (у правай была папка) паказаў на расчыненыя дзверы магазіна: «Калі ласка!» Людзі ў чарзе ўжо глядзелі не на прылаўкі, а на гасцей: на высокага чарнявага мужчыну ў акулярах і жанчыну ў светлым касцюме з дэпутацкім значком на борціку; райпоўца Дуктава яны ўсе ведалі і мала зважалі на яго.
«Вот, калі ласка, глядзіце!..» — Дуктаў распіхваў людзей, каб лепей было відаць, што на прылаўках. Мужчына пакруціў улева-ўправа галавою, жанчына спытала ў чаргі: «Ну як, жыхары Малінаўкі, вы задаволены сваім магазінам, таварамі ў ім?»
Людзі падумалі, што трэба скардзіцца на Райку, а яна запомніць, хто нагаворваў, тады не патыкайся да яе ў выхадны ці познім часам нешта пільнае купіць; прамаўчалі.
«Усё ясна,— сказаў мужчына ў акулярах.— Пляткар, склочнік напісаў. Няма чаго рабіць чалавеку!» — раззлаваўся ён, падштурхнуў пальцам акуляры, якія ўжо спаўзлі яму на дзюбачку тонкага, з сухою гарбінкаю носа. Дастаў з кішэні блакнот, нешта памеціў у ім. Дуктаў падсунуў яму стос папер на папцы, і мужчына пачаў распісвацца ў іх; потым аддаў ручку жанчыне, і яна распісалася на кожнай паперцы (гэта заняло ў яе хвілін пяць).
«У вас і пахі!..— пацягнуў доўгім носам мужчына, як выйшлі на ганак.— Цуд!»
Госці селі ў «казла» і паехалі.
...Як уведаў Грышка пра іх прыезд, кідаўся, бегаў, скакаў, лётаў, але шукай-свішчы ветру ў полі. Нічога не дабіўся. Супакоіўся і чакаў, што будзе далей з таварамі і што за птушка прыляціць яму ў адказ. Адказ павінен быць, раз камісія з праверкаю прыязджала.
Як выдавалася вольная хвіліна, Грышка ішоў у балота, сушыў, зграбаў сена, каб кучней было. Хоць радасць і падагравала сілы, але ўсё роўна шкадаваў, што няма Мішы, няма памочніка, тады, на Глубцы, ён быў яшчэ пацанёнкам, але цягавіты ўжо... Як ён там у бальніцы, сын? Заўчора Лісаветка ездзіла да яго, казала, бытта нейкая дзяўчына глядзіць яго. Што яна можа наглядзець, калі сама хворая? Можа, Лісаветка і натрындзела яму, Грышку, каб не перажываў вельмі: баба і ёсць баба, язык як памяло, абы плямкнуць верхняй губою аб ніжнюю. І чорт ведае што бабе можа здацца. «Іш, загнула,— Грышка пакруціў галавою,— можа, пажэняцца!..»
Прыпякала сонца. Не давалі аддухі вялікія рыжыя, што шэршні, авадні, кружылі вакол Грышкі, адзін сослепу стукнуўся ў грабільна, упаў на сена. На лісці вольхі выступілі празрыстыя, сіняватыя кропелькі. У глыбіні балота буркавала турлачка: ці то ззывала да кучы свой вывадак, ці проста заводзіла песню. Прыгожая птушка, зграбная, быстрая, а голасу не мае, яе песні Грышка не любіў: тугу наганяюць на сэрца.
Грышка ўзяў з-пад альховага куста бітончык з вадою, папіў. Вада пралілася і халоднай жылкаю смыкнула па грудзях. Ён сагнуўся, каб паставіць бітончык зноў у цянёк, і адно цяпер убачыў усыпаны ягадамі атожылак смуроды — сагнуўся і вылез з куста. Ягады былі чорныя, буйныя, як вішні. Грышка адарваў некалькі і ўкінуў у рот — пырснуў кіславата-салодкі сок. «Трэба сказаць Лісаветцы, каб набрала і адвезла Мішу — вітаміны...» — падумаў ён і яшчэ раз глянуў на альховы куст, з якім пабраталася чорная смурода. З задняга боку куст прасвечвала сонца, і ў яго промнях ягады ззялі бы вялізныя барвовыя кроплі.
* * *
Канец снежня нарэшце прынёс зіму і мароз; на кусце бэзу ляжыць снег. Свеціць сонца, і снег пераліваецца мільёнамі фіялетавых пацерак. Па вуліцы праехаў воз з сенам; сена, хоць і сухое, нязвыкла зялёнае ў гэтай белізне і мёртвай сцішанасці. Сена павезла з сабою ўсе забытыя ад лета пахі: пахі травы і кветак. Зімою жывых кветак у вёсцы не знойдзеш, толькі — мёртвыя, з паперы і прапарафіненай марлі.
Лісаветка стаіць перад акном, і святло з яго кладзецца ёй на твар, белымі кропачкамі (маленечкія вокны) скача ў яе задуменных, бліскучых, жывых вачах. Пра кветкі Лісаветцы думаецца не так сабе: з гадзіну назад яна выправіла ў Рэмідоўшчыну сватоў. Міша сам павёз іх на машыне (Ягорыч дазволіў) — Грышку і Ляксея Чубатчышына.
Лісаветка стаяла ўсё яшчэ перад акном, а машына са сватамі пад’язджала да Рэмідоўшчыны. Адсюль, з узгорка, была відаць уся вёска — шырокая вуліца і два рукавы-адросткі, бы клюшні ў рака. За вёскаю звіліста, як пацеркі на нітцы, цямнеюцца кусты: недзе там хліпае пад снегам невялікая рачулка — бяжыць у Сож. На зіму рачулка замярзае, яе заносіць снегам, і адно куцы фіялетавы хмызняк, што расце па берагах, апрымечвае яе.
Міша за рулём, ён зрэдку сам сабе ўсміхаецца ці, можа, жмурыцца ад чыстай белізны снегу, і тады знявечаная левая шчака крывіць яму рот, а знізу левага вока адкрываецца бялок. Грышка з Ляксеем стаяць на кузаве: «Двум весялей і каб на ветры пасвяжэлі галовы». У іх ад марозу чырвоныя насы і вясёлыя вочы. Ляксей пра нешта апавядае, і ў яго бліскаюць зубы, а Грышка моўчкі хітае галавою.
Пару дзён валіў снег, і хаты стаяць сцішаныя, укрытыя таўстою белаю коўдраю, з-пад якой там-сям асцярожна ўецца ружаваты дым — паляць грубкі.
«Дзе тута Барысёнак жыве?» — спытаў з кузава Ляксей, як толькі ўехалі ў вёску і перастрэлі на дарозе жанчыну, абкручаную ў таўстую шэрую пуховую хустку, жанчына ішла з вёдрамі па ваду. Толькі слова пачуў ад яе Грышка — і абамлеў, падкасіліся ногі: «Любка Гранцішына!..»
«Далей... Будзе пошта налева, а тады дзве хаты — і ён... зялёныя вароты»,— тлумачыла жанчына і пільна ўглядалася на кузава, спрабуючы адгадаць, што за людзі і навошта ім спатрэбіўся ўзімку бакеншчык: звычайна яго шукаюць улетку, калі па Сажы пачынаюць хадзіць катэры, баржы, маторныя лодкі. Не хацелася Грышку, каб Любка пазнала яго, затуліўся ў каўнер кажуха, шапку ніжэй на вочы насунуў, адзін нос, чырвоны, як морквіна, тырчыць. Во, ліха! Трэба ж акурат на дарозе патрапілася. Даведаецца, звяне зусім баба: перажываць будзе — чаму, Грышка і сам не ведаў, адно ледзь цеплілася ў ім думка, што, можа, калі прыблукаў бы ён да Любкі, а цяпер — ужо не. Адрэзана яму туды дарога: апошнюю, самую патаемную надзейку забраў у Любкі.
Усё-такі Любка пазнала Грышку, як ні круці, дужа доўга глядзела ўслед машыне, нават хустку расхінула: мабыць, хацела ўверыцца, ці стане машына каля Барысёнка.
Грышка Рэмідоўшчыну збольшага ведаў, а людзей, што ў ёй жылі, канечне, усіх не ведаў: ну, Любку само сабою, ды яшчэ чалавек шэсць-сем — тых, з якімі недзе сутыкаўся, ці далёкіх сваякоў па лініі маці, продкі якой аднекуль з гэтых краёў.
Па вуліцы Міша вёў машыну асцярожна, аглядаўся на бакі. Проці хаты з зялёнымі варотамі яму пастукалі кулаком па кабіне. Ён спыніўся. Грышка і Ляксей злезлі з кузава. Грышка ўзяў з кабіны напакаваную сумку, Ляксей абвязаўся даўгім белым ручніком з вышытымі па канцах чырвонымі пеўнямі.
У Барысёнка хата не тое што ў Любкі, скляпаная «ў лапу», на высокім падмурку, крытая шыферам; веранда, сенцы, паветка, сад. Цэлы маёнтак: адразу відаць, што Барысёнак будаваўся няспешна, трывала, на вякі. Як у горадзе прывыклі ацэньваць чалавека па вонкавым шыку, адзенні, так у вёсцы — па двары. Іменна па ім, па двары, Грышка сам сабе зазначыў, што Барысёнак чалавек, не які-небудзь замухрышка, гультай, а гаспадар, і з ім няблага будзе парадніцца.
Госці-сваты зайшлі ў хату, прынеслі з сабою зябкі холад, а ў душы весялосць, жарты і крыху натужную зухаватасць. Іх тут чакалі: усюды — зразу кінулася ў вочы — было прыбрана, падмецена; нідзе нічога лішняга, зіхацяць люстры, вазы, мэбля. І пах у хаце ўрачысты, лёгкі, свежы. Іх сустрэў гаспадар — Антонавіч, высокі лысаваты мужчына, валасы каля макаўкі ў яго тырчаць, як рожкі; быў ён у сіняй кашулі, у цёмных штанах; твар чыста паголены, аж свеціцца, але ўсё роўна відаць, што брытва па ім не часта ходзіць.
«О-о! — усклікнуў ён, быццам госці ў доме аб’явіліся зусім нечакана.— Хто да нас! Заходзьце, госцейкі, заходзьце...»
«Ну дык што вы тута нам прыбераглі?» — спытаў Ляксей, смела ступаючы ў другую палову хаты. Пасярод вялікай залы стаяў накрыты стол, каля якога (але не за ім) сядзелі маці з дачкою. Яны абедзве пачырванелі, асабліва Ліда, усталі насустрач гасцям. Міша з Лідаю пераміргнуліся.
Гаспадыню звалі Тацяна, а па пашпарце — Тацяна Іванаўна; яе цёмныя валасы былі гладка прычасаныя і адкрывалі каля вушэй, на шыі белую скуру, якая нязвыкла рознілася ад загарэлага да чарнаты твару.
«Ну праходзьце, людзі добрыя, садзіцеся...— Тацяна паказала на канапу, крэслы каля стала.— На машыне прыехалі? — спытала яна, каб не даць патухнуць гаворцы.— Мы і чакалі вас каля абеду...» — «Жаніх нас раней цягнуў,— Ляксей страсянуў за плячо Мішу.— У дзесяць, дзевяць, восем... Так ці не? Дачакацца не мог... І я зараз бачу, чаго ён так ляцеў!»
Лідаю і праўда можна было залюбавацца. Яна была ў ружовым плацці з белым каўнерыкам. Валасы распусціла, ляжалі хвалямі на плячах. Бровы і вейкі былі трошкі падмаляваныя. Ліда, мабыць, пахудзела за апошнія дні, бо нават Мішу, які бачыў яе шмат разоў, вочы здзівілі сваёй велічынёю і нейкай сумнай нерухомасцю.