Акно было цёмнае. Знутры на яго падала святло ад лямпы, што стаяла на стале, а знадворку клалася густая, шчытная, бы коўдра, цемната. Акно толькі блішчала, а на вуліцы праз яго нічога не было відаць. Грышка сядзеў за сталом, унурыўшыся ў акно. Перад ім ляжаў аркуш паперы і шарыкавая ручка — тоненькая, бы ножка ў апенькі. Цёмна было не толькі на вуліцы, але і на душы ў Грышкі. Зноў няшчасце з Мішам: пажар... Гэтыя дні, як Міша ў бальніцы, Грышка ажно стогне: цяжкая, бы ношка сырой травы, прыгнечанасць абвалілася на яго. І Лісаветка не ходзіць на працу: не можа трываць на тым месцы, каля агрэгата, дзе абгарэў Міша, галосіць.
Галава ў Грышкі была пустая, як порхаўка, нічога не лезла ў яе, ён хадзіў бы непрыкаяны. І хто ведае, ці хутка прыйшла б яму гэтая думка і наогул ці прыйшла б яна, калі б не бяда; ён наважыўся нарэшце напісаць у вобласць: у магазіне перабоі з хлебам, шылам-мылам, усякай драбязою, што трэба пад руку на кожны дзень. Яму ўжо абрыдла выгаворваць магазіншчыцы, Райцы,— хвацкая маладзіца, юрлівая, разводзіць рукамі: «А што я зраблю? Жалуйцеся на райпо...» Тое, што Райка спакойна пачувалася, Грышку яшчэ болей злавала. Ён скурыў не адну папяросу з мужчынамі, абураўся, ды ім хоць у лоб страляй, рагочуць, падколачкі сыплюць, а Ляксей Чубатчышын, той ажно заходзіцца ад смеху: «Ты ў нас, Грыша, пенсіянер, табе няма чаго рабіць, ты і накатай цыдуліну, а мы падпішамся, ха-ха!..»
Грышка пасля такіх слоў крутнецца «на сто восемдзесят» і пойдзе: «Ну і ліха вас бяры!..» На хвіліну яму і праўда смяхоццем здасца ягоны клопат. А ляжа спаць — круцяцца ў галаве думкі, неадчэпныя, ліпкія: «Трэба пісаць! Трэба — раз словы не даходзяць, лопаюць, як тыя бурбалкі...»
Грышка сядзеў за сталом, курыў, уздыхаў. Лісаветка на кухні стукала-грукала: ставіла ў печ на заўтра свінням бульбу. На сцяне каля стала шаптаў рэпрадуктар, Грышка падняўся і выключыў яго зусім. Ён дакурыў папяросу, прыдушыў недакурак у попелцы акурат на дзічыным лычы. Узяў ручку, прыціснуў далонню аркуш і вывеў два словы: «Дарагія таварышы!» — літары атрымаліся крывыя: пальцы былі непаслухмяныя. Дзе яны будуць слухацца, калі прывыклі да цяжкага і таўстога. Папяроса, дык ёю ж арудаваць не трэба: зашчаміў між пальцаў, і яна нячутна там сядзіць, лыпае чырвоным вочкам. Грышка падумаў крыху і закрэсліў напісаныя два словы: не з трыбуны ён гаворыць дый, прызнацца, адзін толькі раз і гаварыў з яе, як перад Міротнікавым апраўдваўся. Можа, проста, без звароту напісаць: «Скарга ад...»
«Мучаешся?..» — Падышла Лісаветка, пад вачыма ў яе чорныя кругі і твар уражвае сваёй нерухомасцю; стала ў Грышкі за спінаю.
«Не лезь ты...— адхіліўся да яе Грышка.— Я, знаеш... дзела праварачаю»,— фанабэрыстасць раптам узыграла зноў, як і тады, калі атрымаў ордэн, але смяяўся і кпіў ён не з жонкі, а з сябе: і праўда, узяўся за гуж... А што, цяпер да скаргаў уважліва ставяцца. Нейкі Марчанок вунь п’яніца і той дабіўся свайго. Грышка з яшчэ большаю зацятасцю схіліўся над папераю. Словы самі паліліся, як проса з дзіравага мяшка, рассыпаліся ў няроўныя радкі, якія ўсё болей крывелі, згіналіся ў дугу, аж пакуль ад паловы аркуша не спаўзлі ў правы ніжні ражок. Стоп! Грышка палажыў ручку, выцер далонню лоб; перачытаў напісанае і міжволі ўсміхнуўся, першы раз за апошнія дні. Склалася пісьмо гладкае і бойкае, хоць і аздоблівалі яго толькі тры кропкі і адна коска. І асабліва Грышку ўсцешылі словы, якія, думалася, зразу ўскалыхнуць усю вобласць: «у вёску нашу рэдка завозяць тавары першай неабходнасці». Тут — факт! — не адмахнешся, ле прапусціш міма вушэй — так сцебануць, што заскачуць лес і горы.
Грышка акуратна наслініў брылёк канверта, прыціснуў далонню, бы цаглінаю, да стала, падпісаў адрас. Калі адсылаць, сёння ці заўтра? Каб усё-ткі давесці справу да канца і выпусташыць душу, даць ёй палёгку, трэба ўкінуць канверт у паштовую скрынку сёння. Зараз жа.
Паштовая скрынка вісела на электрычным слупе каля хаты Людкі, малодшай Чубатчышынай дачкі, якая разносіла пошту. Людка жыла за грэбляю, у першай хаце на правую руку. І Грышка ўпоцемках папёрся туды. Ліхтары на слупах не гарэлі, іх паразбівалі з рагатак дзеці, як толькі павесілі. Зорак у небе не было, і адзінаю кропкаю святла была папяроса ў Грышкавых зубах.
Аслабелымі нагамі падышоў да слупа. Пальцы адчулі халодны метал, намацалі, прыпаднялі стрэшку; Грышка ўсунуў канверт у шчыліну, на імгненне заплюшчыў вочы — і апусціў яго. У цемнаце, у цішы канверт гулка бомкнуў на дно скрынкі, быццам у ім быў не ліст паперы, а ўвесь цяжар Грышкавых пакут і перажыванняў, быццам сэрца адарвалася ў грудзях і ўпала разам з тым канвертам.
І дзень, і два, і тры Грышка думаў пра пісьмо, сумняваўся, можа, не трэба пасылаць было, адчайваўся; а потым забыў на яго, і толькі ў самыя спакойныя хвіліны, якіх выпадала зусім мала, успамінаў пра пісьмо. Трывога за дзяцей — як у Мішы, як там Ленка з малым,— грыбаварня, новая хата забіралі яго ўсяго, аж па кончыкі вушэй, і ў кругавароце дзён дробныя даўнішнія клопаты адпадалі, ляцелі далёка ў небыццё, як птушкі ў вырай, пра які ўсе гавораць, але мала хто думае, дзе ён, той вырай.
Бачачы, што Грышка нудзіцца, бурклівы стаў, Лісаветка сказала неяк надвечар: «Ідзі ты, Грышка, тыя карчамяжыны высечы — толку з іх... Канём з-за іх нельга праехаць, лішнюю баразну бульбы пасадзіць...» — «Можа, заўтра?» — «Заўтра заўтрашняе будзе! Трэба сянні».
Пакруціў Грышка галавою: з бабаю лепей не заядацца, калі не гадзіць ва ўсім, то хоць бы выгляд рабіць, што слухаешся. Узяў у кладоўцы тапор, пайшоў на гарод. Падышоў да яблыні, што стаяла бліжэй да град. Ствол таўсты, як гарлач. Голы амаль увесь, дзе-нідзе кара як налепленая. Галіны пасохлі, з аднаго боку нібыта зелянкавасцю аддаюць. Пахітаў Грышка яблыню — цвёрда стаіць. Уздыхнуў, на другую глянуў, на тую, што на плот узваліла сваё галінне, бы стомлены чалавек прыхінуўся. І зноў уздыхнуў Грышка, узяў ямчэй тапор, замахнуўся і... апусціў, у руцэ павіс, як плётка. Не падымалася рука — дзед і бацька садзілі гэтыя яблыні, палівалі-даглядалі, і Грышка, шчанюком малым яшчэ быў, яблыкі з іх грыз.
На гарод выйшла Лісаветка, стала рукі ў бокі; падпяразаная фартухом, на галаве сіняя хустка, і неба такое ж сіняе, незахмаранае. «Ну што ты цацкаешся з імі, як дзіцёнак?» — «Адыдзі ты, баба!..» — злосць раптам апаліла Грышку грудзі, адным узрывам выплеснулася з яго.
У Лісаветкі вочы на лоб палезлі: «Чаго йта ён?..» І гонар жа не прыдавіш каленам — не мяшок з грануламі; страшная штука, бабскі гонар, прэ, бы цеста з дзежкі: «Што, маё слова не закон?» Але сумела скруціць сябе Лісаветка: надта ж раз’ятрана гыркнуў на яе Грышка. Нешта, мабыць, дужа балючае кальнула яго, не камар, канечне. Пашкадавала мужыка: яна заўсягды такая была, і за гэта ласку мела, ніколі сінякоў не насіла, як другія бабы. Што натурыцца, як той карове бадлівай, свой жа чалавек, мужычок родненькі.
Лісаветка завярнула ў двор, і ўсмешка з яе вуснаў не на Грышку пала, а на глухую сцяну хаты — тая, здаецца, аж пасвятлела. І Грышка засвяціў, толькі не ўсмешкаю, а тапаром — у лазню; так засадзіў у бярно, што ледзь вырваў.
* * *
...Якраз перад выхаднымі, у пятніцу раніцаю, па вуліцы прапыліла аўталаўка — сіняя «будка»: павезла ў магазін тавары. І, як заўсягды, жанчыны, гукаючы адна адну, з сумкамі ў руках пабеглі да магазіна, можа, што людскае прывезлі.
Грышка быў на двары, каля новай хаты — асаджваў вокны. Доўга глядзеў услед аўталаўцы, тапор выслізнуў з рук і ўпаў на трэскі. Грышка злез з лёсак на зямлю, яго рукі былі ад смалы чорныя, быццам толькі што палупіў кош казлякоў. Зразу бліснула маланкаю ў вачах пісьмо, праясніла думкі. Насцярожвала адно тое, што аўталаўка прыехала ўранні, а не пасля абеду, як звычайна.
Ён бачыў, як выйшла з хаты Лісаветка ў новай кофце і ўтрух пабегла ў магазін. Рукі ў Грышкі дрыжалі: тапор выслізваўся. Грышка ўдзяўбнуў яго ў «лісіцу» — у калодку з прораззю, у якую зашчэмліваў жардзіну, калі часаў. Сам выйшаў на вуліцу, сеў на лавачку і закурыў. Скрозь лісце бэзу прабівалася сонца, зайчыкамі скакала па твары, і Грышка раз-пораз выціраў пот.
Ён выкурыў, можа, тры папяросы, калі ўбачыў, што ад магазіна (стаяў далей ад вуліцы, чымся хаты) выруліла аўталаўка. Праехала міма яго, і ў кабіне Грышка ўбачыў, акрамя шафёра, мужчыну ў шляпе — здаецца, незнаёмы, а можа, Грышка яго ведаў, ды проста не пазнаў.
Грышка сядзеў і чакаў Лісаветку. З пралёту нарэшце паказалася адна, другая жанчына, затым вываліў цэлы натоўп, у ім, бачыў Грышка, мільгала сіняя Лісаветчына хустка. Жанчыны былі ўстрывожаныя, размахвалі рукамі, сакаталі, бы ў ягадах. «Што за чорт?..» — Грышка паціснуў плячыма і пайшоў у двор, схаваўся за хатаю: не хацеў мазоліць жанчынам вочы.
Лісаветка моцна стукнула весніцамі.
«Ну што?» — спытаў Грышка зразу. «Пісанне тваё!.. — сказала Лісаветка.— Хвіндос пад нос!» Грышка, з памярцвелым тварам, глядзеў на жонку. Яна не смяялася — знаць, нешта сур’ёзнае.
Лісаветка паставіла на ганак сумку. «Зачыніла Райка краму, кажа, пакуль нічога не будзе прадаваць...» — «Можа, куды спяшыць?» — Грышка не столькі жонцы, колькі сабе хацеў праясніць, у чым загваздка тут, чаму Райка ўзяла пад замок тавары. «Не, бытта... Сказалі ёй так, кажа...»
«Што за фокусы? — Грышка адчуваў, як цёплая хваля накочваецца на яго, грэе грудзі, спіну, шыецца да ног.— Няўжо намарозіў нешта?..»
Пакуль Грышка з Лісаветкаю стаялі на двары і турлычалі, што ды як, па вуліцы прамчаўся «казёл» і таксама завярнуў да магазіна. «Нешта заварушыліся!..» — першая, кароценькая, тоненькая, бы дроцік, радасная думка кальнула Грышку ў сэрца.
А каля магазіна тым часам разыгрывалася цэлая камедыя.
З «казла» вылез старшыня райпа Дуктаў (гэта Міротнікаў, яго намеснік, сядзеў у кабіне аўталаўкі і знарок прыкрыўся ад Грышкі шляпаю) і дзядзька з мятлою, падпяразаны белым фартухом, у кірзавых ботах. Дуктаў пайшоў у магазін, а дзядзька стаў падмятаць пляц каля магазіна: на траве валяліся цукерачныя абгорткі, трэскі, кавалкі цэглы, бітае шкло; за вуглом, дзе ляжала плазам старая шына з «беларуса», было густа насыпана белых, сініх і ружовых шляпачак з бутэлек. Дзядзька нагортваў кучу смецця і рукамі адносіў яго за магазін у яму, вакол якой сцяною стаяла піжма, свяціла ў неба жоўтым сонцам сваіх тугіх галовак.
А Дуктаў, зачыніўшыся ў магазіне на кручок, гаварыў Райцы, не саромеючыся раз-пораз дакранацца да яе круглага мяккага пляча: «Я пазваню табе і скажу, калі адчыняць магазін... А пакедава раскладзі ўсё па паліцы — хлеб, масла, каўбасу, скрыні з марожанай рыбаю пастаў збоку на прылавак...» Распарадзіўшыся, ён выйшаў з магазіна з крыху асалавелымі вачыма і лёгкаю чырванню на шчоках; выняў з кішэні флакончык адэкалону і непрыметна патрос ім каля ганка, кропля трапіла на шкельца з бутэлькі, заблішчала, як расінка. «Паехалі!» — гукнуў дзядзьку з мятлою. Шафёр не вылазіў з «уазіка», драмаў, адваліўшы галаву на спінку сядзення; з рота ў яго выцякала сліна і капала на руку, на гадзіннік. Дуктаў ледзьве растармасіў шафёра.