Грышка кіўнуў на спальню галавою: глядзіце, не разумее баба, што з ахвотаю, а не прымусам яны ўсталі так рана.
На дварэ было свежа. Ядраны халадок зразу ахапіў Мішу з галавы да пятак; але не ядавіты ён, адчуў Міша, гэты халадок, а мятны, прыемны, свойскі, як летная вадзічка ў Сажы. І пахне хораша — яблыкамі і яшчэ нечым тугім і духмяным.
Грышка ўзяў у куце каля пуні лапату, зняў з частаколіны шырокую, як патэльня, бляшанку з-пад салакі. «Пойдзем на пагон, тама ў трэсках заадно і гнаевікоў накапаем». Выйшлі на гарод. Першы мяжою бег сабака, чмыхаў носам і бойка віляў хвастом-мяцёлкаю. Панураны, счарнелы, ужо асуджаны пад касу, стаяў бульбоўнік. Міша плікаў сабе пад ногі ліхтарыкам: на мокрыя мысы кірзавых ботаў наліплі жоўтыя крупкі пырніку.
Тугі, духмяны пах пагусцеў, стаў патыхаць у нос, як з бочкі. «Во! — здагадаўся Міша.— Зруб пахне...» Зруб стаяў у паўзмроку сіняватым ікластым прывідам, быццам дагістарычны дыназаўр вылез і зрывае з ліпы лісце. Міша зябка перасмыкнуў плячыма: ці ад таго, што недарэчна падумалася пра дыназаўра, ці, можа, ад халадку, што смялей браўся за шчокі, шыю, вушы. Заказытаў у носе дым: за спінаю ў Мішы закурыў бацька. Рэдзенькі дымок паплыў над бульбоўнікам лёгкай, празрыстай стужачкаю; а на пагоне каля балотца ляжаў цэлы пласт белага, шчытнага, бы лямец, туману: здаецца, зачапі яго нагою, і ён увесь затузаецца.
На кароценькай пажухлай сашчыпанай гусямі і качкамі траве ляжалі расінкі — сухія, цьмяныя, бы кропелькі парафіну. «Во туды,— паказаў Грышка на цёмны астравок — бадзяк быў высокі, стаяў сцяною, на верхавінках пазавязваліся ў клубочкі сухія кветкі.— Цішэй толькі, не ўкаліся.— Грышка прысеў на дыбкі.— Свяці...» — Лапатаю, нагамі Грышка расхінаў пруткія, цвёрдыя сцябліны, да болю ў вачах углядаўся на зямлю.
«Во ён!..» — не ўтрываў, аж крыкнуў Міша. Бліскучы таўсты, бы аловак, выпаўзень шыўся ў траву. Міша спрытна падчапіў яго пальцам, скінуў у бляшанку, падсыпаў зямлі. «Адзін вокунь ёсць!» — загарэўся і Грышка. «А донкі цэлыя?» — «Цэлыя. Ператрасаў нядаўна...» Іменна перад Мішавым вяртаннем, іменна дзеля яго, Мішы, Грышка пераглядаў рыбацкае прычындалле, але цяпер чамусьці не хацелася гэтым хваліцца.
«І велік мой на хаду?» — «А як жа. Ніхто не чапаў. Я толькі разы два ланцуг салідолам змазваў...»
Выпаўзні круціліся ў бляшанцы, плаўна падымаліся ўгору, лезлі на сценкі — шукалі выйсця. Міша сухой бадылінаю перакрываў ім ход. «Хопіць,— сказаў Грышка.— Цяпер чарвякоў...» Непадалёку ляжалі трэскі: летась па восені Грышка тут карыў, часаў хлысты, высякаў у бёрнах чашкі. «Дай я»,— Міша ўзяў у бацькі лапату. Адгарнуў з краю трэскі. Грышка свяціў. На свежай чорнай зямлі заварушыліся, выцягваючыся ў нітку, рудыя чарвякі-гнаевікі, падобныя на выпаўзняў, але маленькія, дробныя, акурат іх дзеткі. «Ну дос, пайшлі... А то на ранішні жор спознімся»,— сказаў Грышка: задубела спіна, ледзь разагнуўся.
Яны ішлі мяжою, і за імі, апусціўшы хвост, нехаця плёўся Босы: не ўдалося яму пагойсаць уволю, трэба вяртацца дахаты; а туды, куды збіраюцца гаспадар з сынам, яго не возьмуць: там заказнік, што на сабачай мове азначае «нельга!». Босы, канечне, да пары да часу церпіць здзек, от калі-небудзь сарвецца з ланцуга, махне на ўсе гаспадаровы забароны хвастом і прарвецца ў той таямнічы, недаступны заказнік: тады будзе тарараму ды страху зайцам і дзікам.
Сумку з ядою сабралі вобміг. Грышка адрэзаў брусок сала, паклалі з пяток салёных гуркоў, пару цыбулін, круцялёк каўбасы, хлеба. На беразе, як і ў лузе на касьбе, есца добра, гэта Грышка ведае, а цяпер вось, у такую рань, есці зусім не хочацца, колам не ўваб’еш. Але ж рукам ды нагам падмацунак патрэбен, і Грышка ў такіх выпадках (кароў на ранкі трэба гнаць ці ў грыбы ісці) выпівае сырое яйка. Латва: сябе мучыць не трэба — глык, і гатова, і «калёрый» тых, што рукі-ногі просяць, хапае. Міша, праўда, на булку з малаком насеў: Лісаветка вячэрынку знарок пакінула на стале ў гарлачы. «Міша малады,— падумаў Грышка.— Яму давай і давай у нутро, як той вутцы».
Босага Грышка навязаў на ланцуг, пакруціў за вуха, але той, пакрыўджаны, палез пад веранду і лапы схаваў: усе, ідзіце, зладзеі,— вартаўніка няма.
Круцілі педалямі без супынку: сцежка паўз дарогу была гладкая, адно там-сям лучалі пад колы карані ды палкі. «Глядзі, тут будзе пень,— папярэдзіў Грышка: ехаў першы.— І знаю ж, а ўсё роўна не-не дый скаблянуся аб яго».
Вароты ў Дом рыбака былі расчыненыя, і туды вялі дзве белыя вузкія, як вяроўкі, палосы. «Нехта ўжо прыскакаў»,— сказаў Грышка з рэўнасцю ў голасе: што яны не першыя. Каля ганка стаялі два веласіпеды, на іх цьмяна блішчала раса. «Няхай і нашы тута стаяць, адмыкаць хату не будзем,— сказаў Грышка.— Сумку возьмем з сабою... Бяры. Пайду вудзільны з-пад даху дастану».
На беразе Сажа гарэла цяпельца. Каля яго варушыліся дзве постаці: агонь асвятляў іх то спераду, то са спіны, але здалёк не пазнаць было — што за людзі. Дый, зрэшты, якая розніца — хто, факт (і гэта сапсавала Грышку настрой ушчэнт), што рыбакі атабарыліся каля Арэхавага Куста, куды меціў і Грышка: абрывы, кусты, асака... Рыба такія месцы любіць.
«Хто там?» — спытаў у бацькі Міша, зыбаючы вудзільнамі. «Зараз пабачым...»
І каля цяпла, мабыць, ужо згледзелі іх, бо перасталі варушыцца: прысеўшы, застылі нерухома, як валуны. «Го-о-о!.. Во тута хто разбойнічае»,— засмяяўся Грышка метраў за дзесяць ад цяпла: пазнаў Марчанка і яго сына. «А што б ты думаў? Каля бабы, як ты, спіну грэць буду,— Марчанок быў у фуфайцы, у шэрым брылі, вочы ў яго гарэлі, як два жаркія вуглі.— Пару вакушкоў ужо хапанулі! Пакажы, Стась...»
Хлопец адкінуў хапак альховага вецця, і на траве чырвоныя, як медныя пласціны, заблішчалі два вялікія, па лапцю, акуні.
«Добрыя,— пахваліў Грышка.— Зараз і мы расставім донкі...» — «На што спаймалі?» — спытаў Міша ў хлопца, які старанна ўкрываў рыбу веццем. «На сіклу адзін, а длугі на піськіжа».— «У нас выпаўзні...» — «Наўлад ці возьмецца што, малеча абскубае выпаўзня».— «Паспрабуем!» — Міша крэкнуў і сагнуўся разбіраць снасці.
«Няхай тама хлопцы ставяць вудкі, а мы пакуль...» — Марчанок выцягнуў з арэхавага куста паўлітровы слоік, у якім нешта мутнаватае боўталася. «Учора мы вячэралі, так сказаць...— Грышка адвярнуў нос.— З сынам».— «А-а, ета твой той!..» — здагадаўся Марчанок, гэтым той укалоўшы Грышку ў самае сэрца: усе ведаюць пра Мішу. Марчанок зняў са слоіка капронавае вечка. «Атруту ету піць... Ну яе!» — са злосцю сказаў Грышка. «А вось і не атрута! Ета ў мяне лякарства, горла прамочваць... бярозавік. Ячменем заквасіў, чэснае слова! — засмяяўся Марчанок, і было не зразумела, жартуе ён ці праўду гаворыць.— Не дзяцінься, Грыша, ты ж не на рабоце!..» — «Чаму так? — не згадзіўся Грышка.— Дом жа рыбака па-ранейшаму на мне, і ключы ў кішэні...» — «Ну, глядзі! Я ўжо знаю, цябе не перапрэш,— нечакана хутка адступіўся Марчанок.— Калі будзе добра кляваць, дык я заначую...» — Ён наліў у маленькую блакітную, бліскучую кружачку, выпіў. Грышка дастаў з сумкі салёныя гуркі; запахла кропам.
«Бяры кісленькае. Начуй, мне што... Ключы няхай потым хлопец прывязе».— «А можа, смагу прагоніш? — Марчанок страсянуў слоікам. Грышка закруціў галавою.— Я на цябе крыўды не нашу,— з нейкаю апраметнаю шчырасцю сказаў Марчанок,— я не злапомны, як другія. Ну, не пусціў дык не пусціў. Ты-та ўсё па правілах рабіў...»
Грышка тады, як не пусціў Марчанка ў Дом рыбака, хоць і апраўдваў сябе, сваю цвёрдасць, але яшчэ доўга насіў у душы нейкую брыдкую каламуць: вось быццам узяў ён ды напаскудзіў чалавеку — ні за што. На чалавечую душу, думаў ён не адзін раз, і так хапае ўсякай атруты, хвароб, дык навошта яшчэ і сваёй мярзоты падліваць. Тым болей што месяцы праз два ўсё змянілася, як кажуць, стала на сваё месца. А як і чаму, няхай распавядае сам Марчанок:
«Правілы правіламі, але крыўда мяне заела. Не злосць, Мацвеевіч, а крыўда...— Марчанок ледзь не плакаў.— Чалавек я граматны... сем класаў у мяне цвёрдых. Любыя задачкі ў школе як арэхі во,— паказаў пальцам угору, на арэхавы куст,— шчоўкаў. Падумаў: ета я так не спушчу... на злосць чалавек не мае права, а на крыўду мае. Паеду ў раён, ядроны корань, і раскажу! Зайшоў у райвыканком. Прыняў мяне чалавек... такі прадставіцельны, пад гальштукам. «Што ў вас?» Я і расказаў, як ты мяне загрудкі браў, ну й астатняе... Мне было ўсё адно, ты там быў ці хто іншы. Я і не называў цябе,— гаварыў стораж. Дзве гадзіны... можа, трохі меней, пасядзелі мы з ім у кабінеце. «Добра,— кажа ў канцы,— разбярэмся і рэзультат вам паведамім». Я, папраўдзе, струхнуў, думаю, можа, наламаў дроў, што цяпер за жыццё не расхлябаюся... страх за жыццё ў нас са сталінскіх часоў сядзіць. Не-а! Праз месяц недзе вызываюць і кажуць... асабіста мне: «Ідзіце, Пётр Данілавіч, у Дом рыбака і лавіце рыбу». Я чалавек граматны, мяне за рубель дваццаць не возьмеш!..— Гонар, да якога падмешвалася і пыха, зноў, як і тады, каля Дома рыбака, пачаў распіраць Марчанка.— Я табе скажу, на сваім трэба настойваць... да канца! Іначай толькі аплявухі і будзеш хапаць».
Грышка моўчкі слухаў Марчанка, раз-пораз ківаў галавою: не таму, што ва ўсім згаджаўся з Марчанком, а таму, каб засяродзіцца на сваіх думках. Ён, Грышка, зразу ўведаў пра вэрхал, які падняў Марчанок. Выклікалі яго ў раён, не ўшчувалі, не лаялі, не папракалі, а толькі сказалі, каб у Дом рыбака «пускаў усіх, хто туды захоча». Грышка спярша здзівіўся, канечне, адале зразумеў, што нейкі там «упраўляючы з вобласці злоўжываў службовым становішчам». Потым дачуўся Грышка, што і Міротнікаву далі трохі па шапцы — аб’явілі вымову... Дзіва што, круцель такі!
Грышка перш трохі пабойваўся, што клопату яму прыбавіцца, трэба будзе ноч і дзень тырчаць у тым доме, аж не: раз гараджане-грыбнікі папрасіліся, другі раз маладая парачка пад выглядам рыбакоў на двое сутак зашылася, ды Марчанок во самы часты госць. Аднаго і боязна, што калі-небудзь папяросу незатушаную кіне на дыван, і тады ўжо яму, Грышку, нездабраваць, гэта — факт.
«Эх, зараз бы пляшачку!» — стукнуў далонямі Марчанок, паварушыў палкаю дровы ў цяпельцы — іскры падняліся ўгору звілістымі аранжавымі шнуркамі. «Часта ж ты на рыбу ходзіш»,— сказаў Грышка так, каб расцвяліць Марчанка і паслухаць, што ён скажа. «Хвароба мая, разумееш? І часу ў мяне цяпер во пасюлечка»,— паказаў на горла. «А ты што?» — «З трактара мяне папёрлі... Ускорасці пасля таго як скардзіцца ездзіў. Сам я вінаваты: абярнуўся ў кювет, ледзь не раздушыла...— Марчанок нечакана асекся: мабыць, жаль да самога сябе сціснуў яму сэрца.— А мо і адпомсцілі — хто знае?»
Каля Сажа пад абрывам бліскаў ліхтарык: Міша са Стасем ставілі донкі. Плюхала пад нагамі вада. Хлопцы глуха, як пад зямлёю, гаманілі. Кацілася над цемнавата-шкляною паверхняю Сажа пара, хавала далёкі бераг. За Лысай гарою светлаю гіганцкаю сыраежкаю азарылася неба, дыхала, сачылася ружовым колерам. Счахала цяпельца, хутка на змену яго кволай ірванай зыркасці прыйдзе роўнае, шырокае і вечнае святло ад сонца. Няма чалавека на зямлі, у якога б не заныла сэрца ад сустрэчы з гэтымі цнатлівымі, раннімі промнямі, якія мякка, пяшчотна кладуцца, дробяцца ў расу, на зямлю, усю такую даверлівую, шчырую і мірную, як далонь маці пад шчакою соннага дзіця.
Мужчыны нейкі час маўчалі. Марчанок, хоць і балбатун, ведаў у гаворцы лад і чакаў цяпер, калі Грышка пачне ў яго пытаць, а Грышка думаў, ці варта наогул лезці да Марчанка, сыпаць на рану соль. І Грышка не спытаў, ці працуе цяпер Марчанок, а той — во! — аж пакрыўдзіўся, што Грышка такі абыякавы, бо ледзь трываў, каб не рассыпацца пахвальбою.
«Я, брат, цяпер начальнік! — сказаў нарэшце Марчанок, калі адчуў, што маўчанне здоўжылася, а Грышка сядзіць скамянелы і не рыпаецца.— Большы, чым ты... Да мяне ўсе, як адзін: «Данілавіч, Данілавіч...» Во дажыўся Марчанок! На пілараме я!..— ледзь не крыкнуў Марчанок, каб уразіць Грышку. А Грышку і праўда аж цяплом пракаціла паміж лапатак: апошнія дні адно і думаў, як завезці ды папіліць калодкі. Калі трохі астыў, падумаў: «На лаўца і звер бяжыць». «Хо-о! — узрадаваўся ён.— Дык я жыву!.. Мне якраз дошкі на франтон трэба».
Марчанок закапыліў нос, пахмыкаў: моў, не так усё проста, думаеш, я кінуся зразу табе насустрач, да начальніка падходчык трэба, патанцаваць каля яго, унізіцца, і то не ўсягды дабром канчаецца... Сам жа, Грышка, дарагі, муштраваў мяне. Праўду казалі нашы дзяды: не плюй у калодзеж... «Ну. прывозь, будзем глядзець»,— ужо без пыхі сказаў Марчанок, і Грышка падумаў, што пашэнціла, без валакіты папілуе яму калодкі Марчанок: папілуе-то папілуе, але і няпэўнасць нейкая, макулінка неспакою засталіся ў душы, з якіх уначы няйначай вырасце аж чарада трывог.
Міша караскаўся на абрыў, хапаючыся рукамі за цвёрдыя, сухія камякі глею, тонкія жоўтыя каліўцы лазы. На беразе на траве дрыгаўся акунь. Міша падняў яго, прынёс да цяпельца. «Во!» — кінуў пад ногі бацьку акуня. «Пайшло дзела! — засмяяўся Марчанок.— Паплюй на яго». Міша нечакана і праўда ўзяў у рукі акуня і тры разы фукнуў на яго, ды яшчэ і слоўцамі абагрэў: «Лавіся, рыбка, вялікая і малая!»