Джэром гайдануўся ў крэсле:
— Ведаеш, маленькая Андатра… ты маеш рацыю! Няхай коцяцца ў пекла!
Ён матлянуў пярэстым крысом халата, уварваўся ў дом і закрычаў:
— Пайшлі прэч! Прэч! Калі вы яшчэ не нажэрліся, то забірайце ўсё са стала і валіце адсюль!
Бландзінкі перазірнуліся і кінуліся да выхада, прыхапіўшы ў кожную руку па бутэльцы гарэлкі.
— Джэром, ты што? Цішэй! — працягнуў басіст. Джэром выхапіў шпагу і махнуў ёю перад носам смельчака. Той схапіў свае чаравікі і босы выбег за дзверы. Клавішнік і ўдарнік, трымаючыся адно за аднаго, адвесілі Джэрому паклон. У клавішніка з кішэні выпала купюра, той хутка падняў яе і запхнуў назад у кішэню. Парачка знікла за дзвярыма.
Джэром кінуў шпагу на футра і павярнуўся да Аліны, якая моўчкі назірала за працэдурай выгнання васалаў.
— А ты застанешся? Андатра, у мяне засталася толькі ты! Ты застанешся, мы ляжам побач і будзем…
— Не, Джэром. Я ніколі не гаварыла, што стану тваёй сяброўкай і буду ратаваць цябе ад адзіноты, — Аліна з’ела апошнюю аліўку.
— Навошта ж ты прыехала?
— Я? Ты цэніш у мне шчырасць… Я прыехала прасіць грошы. Уяві сабе — першы раз. Мне трэба адразу і многа. Я ўсё вярну.
Джэром апусціўся на канапку. Аліна наліла сабе гарэлкі, пасля наліла Джэрому:
— У мяне нічога няма, Джэром. Акрамя сяброў і вялікай мары. Я хачу, каб маім будучым дзецям і дзецям маіх сяброў не давялося біцца ў тыя сцены, аб якія мы знявечваем свае тварыкі. І я ведаю, як гэта зрабіць — абсалютна легальна, ды яшчэ іншым людзям на радасць. Але мне патрэбны стартавы капітал. Ты першы, да каго я прыйшла, Джэром. Я ўсё вярну. Да капейкі.
У Джэрома не было дзяцей, таму што ён не знайшоў жанчыну, якая была б вартая нарадзіць ад яго.
Джэром, хістаючыся, падышоў да рарытэтнай камоды і дастаў з яе крэдытную картку:
— Вось. Карыстайся. Гэта табе не ад мяне, а ад Жулі. Бяры… і болей не прыходзь. А то ты станеш такой жа, як і яны ўсе!
Аліна моўчкі пакінула пусты катэдж Джэрома. Яна ўжо адышла колькі метраў ад ганка, як раптам пачула:
— А што мне цяпер рабіць? Парай!
Аліна перасмыкнула плячыма і, не азірнуўшыся, крыкнула:
— Едзь да цыганоў! З імі сумна не бывае!
Яна ведала, што назаўтра васалы Джэрома вернуцца, і ён ізноў упусціць іх у дом.
Было шмат іншых сустрэч: дзённых і паўночных, прыемных і напружаных, карысных і бессэнсоўных. Адзінае, чым Аліна магла ганарыцца — яна нікому не засталася вінная. Пра гэтае паклапаціўся малады ўвішны юрыст Міхал Барысавіч.
— Усім маім знаёмцам, хто носіць імёны «Міхал» і «Барыс», жудасна шанцуе ў фінансавых пытаннях! — паўтарала Аліна і пацірала далоні. Было гэта вернай прыкметай таго, што ўсе хваляванні сябе апраўдаюць.
— Аліна Мікалаеўна, не паверыце: у фінансавых пытаннях шанцуе таксама Львам, Раманам, Аўраамам… — смяяўся Міхал. — Мы-такі вязунчыкі, толькі не трэба нас крыўдзіць, а то мы вельмі эфектыўна сябруем супраць крыўдзіцеляў!
Аліна не мела звычкі крыўдзіць тых, хто быў верны слову і агульнай справе.
Першыя сінглы маладых спявачак патрапілі ў ратацыі і зГанналі свае месцы ў хіт-парадах. Рэжысёр Мікіта і аператар-пастаноўшчык Ася адразу ж узяліся за здымкі кліпаў, музыкі і аранжыроўшчыкі музыцыравалі круглыя суткі бесперапынна. Аліна вядомым адной ёй метадам змагла пераканаць маладых таварышаў, што кожная хвіліна часу, праведзеная не ў працы, адкіне ўвесь цэх на некалькі гадоў назад ад канчатковай мэты. А мэта была ва ўсіх адна — стаць лепшым прадзюсерскім цэнтрам на зямлі, запісаць лепшы ў свеце музычны альбом, зняць лепшае відэа і сабраць поўны ўраджай сусветных музычных узнагарод. Маладыя і амбітныя таварышы думалі не столькі пра адначасовае і хуткае багацце, якое пасыплецца з неба, як кілька ў час урагану, але і пра бясцэнны досвед, пульхныя партфоліа — кожны ў сваёй сферы дзейнасці. Гучнае імя і карысныя сувязі — гэта тое, што неабходна творчай асобе, каб спаць спакойна і не думаць, а ці будуць заўтра новыя праекты. Чым гучнейшае імя, тым здаравейшы сон.
Дакладна гэтак жа лічыў і Мікіта, рэжысёр, намеснік дырэктара цэнтра «MoST» і проста добры сябар Аліны.
Аліна ўзяла Мікіту да сябе працаваць не таму, што той быў яе сябрам, а таму, што ад кончыкаў ускудлачаных валасоў на патыліцы да кіпцікаў на мезенцах ног Мікіта быў сапраўднай творчай асобай. Ён увесь час знаходзіўся ў стане прыдумкі ці напісання чарговага геніяльнага сцэнарыя альбо раскадроўкі. Усе ягоныя ідэі былі багатыя на арыгінальныя вобразы — часам настолькі арыгінальныя, што без пяцідзесяці грамаў каньяку спасцігнуць іх сутнасць было немагчыма. Сам жа Мікіта, хоць і не ўжываў алкаголь, цвярозасцю розуму не вызначаўся, затое вылучаўся рэзкімі зменамі настрою ад слёз да неўтаймаванага рогату, ад маралізатарства — да натуральнага шаленства. У дадатак да ўсяго, Мікіта не ўмеў лічыць грошы: ён быў «вышэй за самыя ніжэйшыя праявы чалавечае сутнасці». Аліна ставілася да ўсяго гэтага вельмі спакойна, адзінае, што яе раздражняла — ягоная бародка ды тое, што Мікіта заўсёды насіў рудыя швэдры: Аліна не любіла руды колер.
І вось, пакуль Аліна аддавалася ўспамінам у цёмнай хацінцы пасярод лесу, Мікіта поўным ходам працаваў над мантажом відэароліка для аднаго малавядомага, але, па запэўніванні неспакойнай сяброўкі, дужа перспектыўнага гурта. «Дужа перспектыўных» музыкаў Аліна знайшла ў пераходзе метро. Яна мела слабасць да разнастайных «свабодных майстроў» — гарманістаў, флейтыстаў, скрыпачоў і бубначоў, якімі літаральна кішэлі пераходы. Музыкі ў пераходах гралі не для вялікіх мюзік-холаў за неймаверныя ганарары, а для душы, якой хацелася крыху піва і палёту.
— Не магу зразумець: чаму ты захапляешся гэтымі пілігрымамі-абадранцамі? — пытаўся Мікіта і напускаў на свой прыгожы твар грымасы гідлівасці.