Аліна ўбачыла на здымку Жулю ў шыкоўным ашыйніку, аздобленым крыштальнымі шкельцамі «Свароўскі».
— Ведаеш, Джэром… Жуля была самай вернай з усіх твах сук! — прамовіла Аліна і паставіла фота па цэнтры стала.
Джэром пацалаваў яе ў каленку.
— Так, Андатра, як ты ўсё разумееш. Я нават напісаў песню пра Жулю. Дакладней, мы з таварышамі: яны мяне так падтрымліваюць!
Удзельнікі музычнага калектыву «МАТ» таропка заківалі галовамі і затарахцелі:
— Гэта страта, якую немагчыма аднавіць! Вялікае гора для Джэрома і для ўсіх нас! Фатум, лёс, злы рок! Жуля была яго святлом і любоўю!
— Хочаш паслухаць песеньку? — спытаўся Джэром.
Аліне зусім не хацелася слухаць песню пра Жулю, але яна не магла адмовіць Джэрому і згодна кіўнула:
— Канешне, давай!
— Так-так! — усклікнуў бас-гітарыст калектыву. — Мы ўжо тройчы сёння слухалі гэтую песню, цяпер твая чарга!
Джэром непаслухмянымі пальцамі знайшоў на пульце ад дамашняга кінатэатра патрэбную кнопку, і на ўвесь катэдж загучала песня пра слаўнае жыццё і трагічную гібель псіны, чые розум і прыгажосць залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю жыцця яе гаспадара. Песню суправаджаў кліп, складзены з кадраў хатняга відэаархіва: Жуля гуляецца з мячыкам, Жуля грызе цукраную костачку, яна ж адрывае кавалак мяса ад цялячага сцягна, кусае за лытку бамжа…
Джэром глядзеў на экран і плакаў. Худы, як лазіна, клавішнік моўчкі паглынаў салату з труфелямі. Дзяўчаткі ляскалі залатымі бранзалеткамі і падпявалі: «Не, не бандытская куля… збіла сабачку з ног… не ўпільнаваў маю Жулю… засланы фраерок…» Тоўсты ўдарнік выстукваў рытм песні відэльцамі на століку і шаптаў:
— Яшчэ невядома, па кім я так буду тужыць… у мяне і сабакі няма…
На рэфрэне: «Ах, Жуля, дзе ты, залатая, ад болю я ў зямлю ўрастаю…» — Джэром ускочыў і выйшаў на веранду. Бландзінкі пераглянуліся і пакруцілі пальцамі каля скроні, адна з іх сказала:
— Так убіваецца па дварняжцы. Ненармальны. У мяне тры марскія свінкі здохлі, я іх таксама любіла — і што? А ён тут ужо і вены сабе рэзаў, калі мы першы раз песню слухалі!
Клавішнік пакінуў салату і пачаў налягаць на бараніну. Ударнік і басіст заспрачаліся пра тое, ці правільная ў песні гармонія.
Аліна пайшла да Джэрома, які сядзеў у гойданцы і глядзеў у начное зорнае неба вачамі, поўнымі слёз. Ён быў непрыгожы, няўклюдны і лічыў, што ўсё на свеце можна купіць, асабліва — каханне.
— Добра, што ты прыйшла, Андатра. Ты адзіная з маіх знаёмцаў, каму ніколі ад мяне не трэба грошы, і таму ты мне не хлусіш. Скажы, чаму я такі няшчасны?
Аліне зрабілася сорамна. Першы раз яна прыйшла прасіць у Джэрома фінансавай дапамогі — і аказалася не дарэчы. Заява Джэрома пра яе шчырасць паставіла Аліну ў няёмкае становішча, але яна хруснула пальцамі і адказала:
— Ты няшчасны, Джэром, таму што думаеш, што можаш падкупіць і смерць, і сумленне, і здраду.
— А што, не магу?
— Як мог бы — то Жуля была б жывая і весела гаўкала побач з табой. Падкуплены здраднік усё роўна здрадзіць табе: здрада — яго наркотык. А сумленне — у табе самім, унутры. Як можна падкупіць самога сябе? Шапіто, Джэром!
— Смелая. Ты мяне не баішся?
— Не. Мне цябе шкада!
— Не трэба шкадаваць мяне, траціць свае пачуцці.
— Джэром, шкадобы да людзей ува мне з лішкам, я не збяднею, калі пашкадую яшчэ і цябе.
— Яны, — Джэром хітнуў у той бок, дзе падымалі чаровы тост і весела смяяліся ягоныя начныя госці, — яны мяне не шкадуюць. Яны ядуць за мой кошт, ездзяць на аўто, што я ім падарыў, і пяюць мне дыфірамбы.
— Яны не вінаватыя, Джэром. Магчыма, спачатку яны мелі спагаду і маглі табе паспачуваць, але ты задужа шчодра плаціў ім за гэта. Цяпер яны прымаюць твае падарункі як паўсядзённасць. Яны больш не сябры. Яны — васалы.
— Акрамя іх, у мяне больш нікога няма.
— Гані іх, пакуль яны не выдаілі з цябе ўсё да кропелькі. Толькі так можна праверыць, ці засталося ў іх хоць нешта чалавечае. Сапраўдныя сябры вернуцца, нават калі ты іх прагоніш назаўсёды. Вернуцца, каб спытацца, як твае справы.